ПРЫВІЛЕ́Й 1434,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Жыгімонтам Кейстутавічам у Троках 6.5.1434 у час Свідрыгайлы паўстання 1432—39. Быў накіраваны на з’яднанне ўсіх феадалаў вакол Жыгімонта. Ураўнаваў саслоўныя, маёмасныя і асабістыя правы літ., бел. і ўкр. князёў і баяр, забяспечваў асабістую свабоду і недатыкальнасць феадалаў, гарантуючы ім разгляд іх спраў у судзе на падставе законаў. Пацвярджалася права князёў і баяр свабодна распараджацца сваімі спадчыннымі маёнткамі, вызваленне іх падданых ад усіх падаткаў, данін, дзякла і павіннасцей на карысць велікакняжацкага скарбу, акрамя павіннасці будаваць і рамантаваць велікакняжацкія замкі і дарогі. Бел. і ўкр. князям і баярам дазвалялася карыстацца гербамі і інш. знакамі шляхецтва. Пашырыў саслоўныя правы ўсіх феадалаў ВКЛ і аб’яднаў іх у адзінае саслоўе з агульнымі саслоўнымі і класавымі інтарэсамі. Правасл. бел. і ўкр. баяры атрымалі магчымасць без абмежаванняў уваходзіць у склад кіруючага ўладнага органа — Рады Вялікага княства Літоўскага. Напісаны на лац. мове.
А.П.Грыцкевіч.
т. 13, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВЕ́ДСКА-НАРВЕ́ЖСКАЯ УНІЯ 1814—1905,
дзяржаўна-прававое аб’яднанне Швецыі і Нарвегіі на падставе рэальнай уніі. Навязана Нарвегіі Швецыяй у выніку швед.-нарв. вайны 1814, набыла сілу 4.11.1814 з выбраннем каралём Нарвегіі швед. караля Карла XIII.
Адносіны бакоў у уніі рэгуляваў «Дзярж. акт» (Rikzakt) ад 6.8.1815, прыняты парламентамі абедзвюх дзяржаў. Швецыя і Нарвегія мелі агульнае дыпламат. ведамства, кожная з іх захоўвала свае законы, кіраванне, суды, царкву. Нарв. армія (афіцэры — толькі нарвежцы) знаходзілася пад камандаваннем караля, але яе выкарыстанне па-за межамі Нарвегіі патрабавала санкцыі нарв. сторцінга (парламента). Прызначэнне каралём членаў нарв. ўрада праводзілася паводле рэкамендацыі сторцінга, які захаваў таксама права распараджацца фінансамі краіны і даваць нарв. грамадзянства. 7.6.1905 сторцінг, які абапіраўся на моцны антышвед. рух у краіне і падтрымку ўрадаў Расіі і Вялікабрытаніі, абвясціў аб разрыве уніі. За яе спыненне амаль аднагалосна выказаліся ўдзельнікі плебісцыту ў Нарвегіі (13.8.1905). Скасаванне уніі аформлена швед.-нарв. Карльстадскімі пагадненнямі 1905.
т. 17, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛО́ПЫ,
асабіста залежная ад феадалаў і найб. эксплуатуемая частка насельніцтва ў Кіеўскай Русі ў 9—13 ст. і ў Расіі да пач. 18 ст. Паводле прававога становішча набліжаліся да рабоў. Тэрмін «Х.» ўпершыню сустракаецца ў летапісе пад 986. У 11—12 ст. ужываўся для абазначэння розных катэгорый залежнага насельніцтва. Паводле «Рускай праўды» поўнымі (абельнымі) Х. станавіліся: палонныя; самазапраданыя пры сведках; тыя, хто ажаніўся з халопкаю (рабою); свабодныя жанчыны, якія выходзілі замуж за Х.; дзеці Х.; даўжнікі. Уладальнік мог неабмежавана распараджацца асобай Х.: забіць, прадаць, аддаць за даўгі і інш. Ён таксама нёс адказнасць за ўчынкі Х.: знявагу вольнага чалавека, кражу і г.д. Асн. частка Х. працавала ў сельскай гаспадарцы, некаторыя былі рамеснікамі, хатнімі і ваеннымі слугамі, выконвалі функцыі ніжэйшай адміністрацыі ў маёнтках. У Расіі ішоў працэс зліцця Х. з асн. масай прыгонных. У ВКЛ найб. залежныя ад феадалаў людзі наз. чэлядзь нявольная.
Літ.:
Зимин А.А. Холопы на Руси. М., 1973.
т. 16, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОСТ-І́НДСКАЯ КАМПА́НІЯ Англійская
(англ. East India Company),
прыватная кампанія (1600—1858) для гандлю з Ост-Індыяй, Паўд.-Усх. Азіяй і Кітаем. У 1-й пал. 17 ст. гэта аморфная арг-цыя лонданскіх купцоў, якія перыядычна аб’ядноўвалі капіталы для гандл. экспедыцый у Ост-Індыю. З 1657 акц. кампанія з пастаянным капіталам. Пасля працяглай барацьбы з канкурэнтамі (Партугаліяй, галандскай і франц. Ост-Індскімі кампаніямі) і інд. правіцелямі ў 17 ст. стварыла ў Індыі 7 факторый і некалькі ўмацаваных пунктаў. Атрымала ад англ. ўрада права абвяшчаць вайну і заключаць мір у Ост-Індыі (1661), чаканіць манету, ствараць ваенна-палявыя суды, распараджацца сваёй арміяй і флотам (1686), манапольнае права на гандаль з Ост-Індыяй (1708). Пасля 1757 захапіла Бенгалію і шэраг інш. тэрыторый, да 1849 падпарадкавала ўсю Індыю, да 1852 — Ніжнюю Бірму. Англ. парламент, незадаволены бескантрольнасцю кампаніі, прыняў шэраг актаў (1773, 1784, 1813, 1833, 1853), якімі падначаліў яе каралеўскаму Кантрольнаму савету. У 1813 адменена манаполія О.-І.к. на гандаль з Індыяй, з 1833 яе гандл. дзейнасць забаронена. У 1858 у час Індыйскага народнага паўстання 1857—59 кампанія ліквідавана.
т. 11, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА», Паўлаўская «Рэч Паспалітая»,
маёнтак Паўлава (Мерач) у Віленскім пав. (цяпер у Літве), дзе ў 2-й пал. 18 ст. былі праведзены кардынальныя сац.-эканам. рэформы. Уладальнік Паўлава (маёнтак атрымаў найменне ў 1767 ад імя гаспадара) П.К.Бжастоўскі (гл. ў арт. Бжастаўскія) ажыццявіў комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні становішча сялян, якое рэгулявалася статутамі 1769 і 1791. Сялянам дадзена асабістая вольнасць, яны атрымалі ў вечнае карыстанне вял. гаспадаркі, з якіх неслі павіннасці, права на вольнае карыстанне пушчай, права распараджацца маёмасцю, займацца рамёствамі і гандлем. Было ўведзена шырокае сял. самакіраванне на ўзор парламента з 2 палат, сял. суд і войска, ашчадна-пазыковая каса, дзе сяляне маглі атрымаць пазыку грашыма, збожжам і жывым інвентаром; пабудаваны школа, аптэка. Сяляне П.«р.» ўдзельнічалі ў паўстанні 1794. Не маючы магчымасці трымаць маёнтак пад рас. уладай, у канцы 1794 Бжастоўскі прадаў яго, аднак асн. палажэнні статута маёнтка захоўваліся. Праведзеныя ў духу Асветніцтва рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст., грашовых адносін у сял. гаспадарцы, павышэнню дабрабыту насельніцтва. Рэформы Бжастоўскага сустрэлі варожыя адносіны большасці землеўласнікаў і ўхваляліся перадавымі коламі Рэчы Паспалітай.
В.С.Пазднякоў.
т. 12, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСАЛІТЭ́Т (франц. vassalité ад позналац. vassallus васал, vassus слуга),
сістэма адносін асабістай залежнасці адных феадалаў (васалаў) ад іншых (сеньёраў або сюзерэнаў) у Зах. Еўропе. Упершыню склаўся ў позняй Франкскай імперыі пры Карле Вялікім (768—814), далейшае развіццё атрымаў у Германіі, Францыі, Англіі. На Беларусі ў класічным выглядзе не аформіўся, спец. тэрміна для яго абазначэння не было, аднак сістэма васальнай залежнасці існавала. У часы Кіеўскай Русі князі ўступалі паміж сабой у васалітэт, калі адзін з іх пагаджаўся лічыцца «сынам» другога (пры раўнапраўных адносінах князі звалі адзін аднаго «братамі»). Баяры былі васаламі таго князя, якому служылі і ад якога за службу мелі маёнткі. У 11—12 ст. у найбуйнейшых баяр з васалаў 3-га ўзроўню з’явіліся асабістыя дружыны. У ВКЛ у 13—14 ст. сістэма кіравання асобнымі землямі (княствамі) будавалася на васальнай залежнасці князёў ад вял. князя ВКЛ. Адначасова кожны князь меў васалаў з баяр, некаторыя з іх былі васаламі непасрэдна вял. князя ВКЛ. У канцы 14—15 ст. юрыд. правы непасрэдных васалаў вял. князя ВКЛ замацаваны ў шэрагу прывілеяў. Шляхта атрымала права распараджацца сваімі ўладаннямі. Васальныя адносіны гэтай групы феадалаў з вял. князем звяліся да абавязку ваен. службы і права падлягаць суду вял. князя ВКЛ ці яго намеснікаў.
В.Л.Насевіч.
т. 4, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЛЬСКАЯ У́НІЯ 1413,
саюз ВКЛ з Польшчай, юрыдычна замацаваны ў 3 граматах (прывілеях) 2.10.1413 у замку Гарадле на р. Зах. Буг. 1-я грамата выдадзена ад імя 47 польск. феадалаў, якія надзялялі 47 феадалаў-католікаў ВКЛ сваімі гербамі і тым самым прымалі іх у сваё гербавае брацтва. У 2-й грамаце феадалы-католікі ВКЛ прымалі гербы польск. феадалаў і абяцалі быць з імі ў вечнай дружбе і саюзе. У выпадку смерці вял. князя Вітаўта яны абяцалі не выбіраць сабе князя без парады і згоды польск. феадалаў. Тыя, у сваю чаргу, у выпадку смерці караля Уладзіслава II (Ягайлы) таксама не павінны былі выбіраць новага караля без парады і згоды Вітаўта і феадалаў ВКЛ. У 3-й грамаце (т.зв. Гарадзельскі прывілей 1413) Ягайла і Вітаўт абяцалі назначаць на дзярж. пасады феадалаў-католікаў, якія прынялі польск. гербы, і дазволіць ім свабодна распараджацца маёмасцю ў маёнтках, даць ільготы каталіцкай царкве. У грамаце абвяшчалася аб’яднанне ВКЛ з Польшчай, аднак гарантавалася захаванне адасобленасці і нязменнасці ўлады вял. князя, тым самым захоўвалася самастойнасць ВКЛ. Гарадзельская унія ўмацоўвала сілы ВКЛ і Польшчы ў барацьбе з замежнай агрэсіяй, а таксама мела на мэце задобрыць рымскую курыю, якая была занепакоена паражэннем Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве 1410.
І.А.Юхо.
т. 5, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́СЦЕ,
форма феад. зямельнага ўладання ў Расіі, пры якім уладальнік абавязаны несці ваенную ці інш. службу дзяржаве. Пашырана ў 15 — пач. 18 ст. Масавая раздача П. феадалам пачата ў канцы 15 ст. ў Наўгародскай і інш. землях. Юрыд. статус П. вызначаны Судзебнікам 1497. Уладальнікі П. — памешчыкі, або дваране. У адрозненне ад вотчыны П. даваліся дваранам на пэўны час, уладальнік не мог яго прадаць, перадаць па спадчыне. З сярэдзіны 16 ст. памешчыкі атрымалі права перадаваць П. ў спадчыну і распараджацца імі. Пасля ўказа Пятра I аб адзінаспадчыннасці (1714) П. зліліся з вотчынамі ў адзіны від зямельнай уласнасці феадалаў — маёнтак. У 18 — пач. 20 ст. тэрмін «П.» ўжываўся як адна з назваў маёнткаў буйных землеўладальнікаў. Ліквідаваны Кастр. рэвалюцыяй 1917.
На Беларусі першыя звесткі пра раздачу зямлі пры ўмовах службы адносяцца да сярэдзіны 13 ст. Зямельныя ўладанні («имения»), якія феадалы-васалы атрымлівалі ад вял. князя ці паноў за ваен. і інш. службу, называліся «даніна» або «выслуга». Землі даваліся ў часовае («дачаснае») і ў пастаяннае («вячыстае») уладанне. З павелічэннем паліт. ролі шляхты і аслабленнем улады вял. князя ў 15—16 ст. адбываўся працэс пераўтварэння дачасных данін у вотчыны, якія сталі пануючай формай феад. зямельнай уласнасці. Да сярэдзіны 16 ст. большасць зямельнага фонду ВКЛ стала ўласнасцю шляхты. Неабмежаваныя правы шляхты на маёнткі замацаваны шэрагам прывілеяў, а таксама Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588.
М.Ф.Спірыдонаў.
т. 12, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА ЎЛА́СНАСЦІ,
сукупнасць прававых норм, якія замацоўваюць прыналежнасць маёмасці пэўным асобам, устанаўліваюць аб’ём і змест правоў уласніка, спосабы і межы іх ажыццяўлення, а таксама гарантуюць ахову і абарону правоў і інтарэсаў уласніка. Побач з паняццем П.ў. як сукупнасці юрыд. норм (П.ў. ў аб’ектыўным сэнсе) існуе паняцце П.ў. ў суб’ектыўным сэнсе як устаноўленая заканадаўствам мера дазволеных паводзін уласніка па валоданні, карыстанні і распараджэнні маёмасцю. Уласнік правамоцны ажыццяўляць у адносінах маёмасці, што яму належыць, любыя дзеянні, якія не супярэчаць заканадаўству, грамадскай карысці і бяспецы, не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю, гіст.-культ. каштоўнасцям і не ўшчамляюць правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў інш. асоб. Ён мае права адчужаць сваю маёмасць ва ўласнасць інш. асоб, перадаваць ім права валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, застаючыся ўласнікам, аддаваць маёмасць у залог, распараджацца ім іншым чынам. Уласнік нясе цяжар утрымання маёмасці, што яму належыць, і рызыкі выпадковай яе гібелі або псавання, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або дагаворам. Змест правамоцтваў уласніка вызначаецца цывільным, канстытуцыйным, зямельным, фінансавым і інш. галінамі права. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь замацоўвае 2 формы ўласнасці: дзярж. і прыватную. Суб’ектамі права дзярж. уласнасці выступае Рэспубліка Беларусь (рэсп. ўласнасць) і адм.-тэр. адзінкі (камунальная ўласнасць). Законам вызначаюцца віды маёмасці, якая можа знаходзіцца толькі ў дзярж. уласнасці. Суб’ектамі права прыватнай уласнасці з’яўляюцца фіз. і недзярж. юрыд. асобы. Правы ўсіх уласнікаў абараняюцца аднолькава. Дзяржава гарантуе стабільнасць адносін уласнасці.
І.П.Кузьміч.
т. 12, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛА́СНАСЦЬ,
прысваенне, набыццё нечага ў сваю прыналежнасць і ўладу; сістэма аб’ектыўных адносін паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену, спажывання, якія характарызуюць прысваенне сродкаў вытв-сці і прадметаў спажывання. Адносінам У. ў грамадстве належыць галоўная роля, бо аснову эканам. жыцця складае працэс вытв-сці, што адбываецца ў пэўнай гіст. форме. У. на сродкі вытв-сці і ў першую чаргу на сродкі працы як іх актыўную частку характарызуе сутнасць сац.-эканам. адносін, якія пануюць у дадзеным грамадстве. Заканадаўства ўстанаўлівае прававыя нормы, што рэгламентуюць грамадскія адносіны, звязаныя з валоданнем, карыстаннем, распараджэннем маёмасцю, якая належыць розным асобам або дзяржаве. Т.ч. эканам. адносіны набываюць форму юрыд. адносін, а суб’екты У. надзяляюцца правам У. Размеркаванне аб’ектаў У. паміж суб’ектамі залежыць ад вынікаў грамадскага ўзнаўлення. К.Маркс разглядаў У. у сувязі з адносінамі да прадметаў, «як да сваіх уласных». У Кодэксе Напалеона (Цывільны кодэкс Францыі) сцвярджалася, што «ўласнасць ёсць права карыстацца і распараджацца рэчамі найбольш абсалютным чынам». У Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з яе Канстытуцыяй і цывільным кодэксам прызнаюцца і гарантуюцца раўнапраўныя формы дзяржаўнай і прыватнай У. Дзяржава дае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гасп. і інш. дзейнасці (акрамя забароненай законам) і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм У. Нетры, воды, лясы з’яўляюцца выключнай У. дзяржавы. Землі с.-г. прызначэння таксама знаходзяцца ва У. дзяржавы. Законам могуць быць вызначаны і інш. аб’екты, якія знаходзяцца толькі ва У. дзяржавы, або ўстаноўлены асобы парадак пераходу іх у Прыватную У.
Г.А.Маслыка.
т. 16, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)