машына для часання валакністых прыродных (бавоўна, воўна, лён) і хім. матэрыялаў пры падрыхтоўцы да прадзення. На грэбенечасальнай машыне з дапамогай стальных грабянёў вычэсваюць кароткія і пашкоджаныя валокны, раслінныя прымесі і вузельчыкі, раз’ядноўваюць, выпростваюць і паралелізуюць доўгія валокны ў атрыманай стужцы. Адрозніваюць грэбенечасальную машыну перыядычнага (найб. пашыраны) і бесперапыннага (пераважна для доўгай грубай воўны) дзеяння. З грэбенечасальнай машыны стужка паступае на стужачную машыну, потым на роўнічную, дзе вырабляецца слабаскручаная нітка — роўніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖГУ́ЦІКАВЫЯ, жгуціканосцы (Mastigophora),
падтып прасцейшых тыпу саркамастыгафор, па інш. сістэме — кл. тыпу прасцейшых, якія маюць жгуцікі. 2 кл. (падкл.) — раслінныя Ж., або фітамастыгіны (Phytomastigina), і жывёльныя Ж., або зоамастыгіны (Zoomastigina). 13 атр., каля 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных, таксама ў марскіх водах і часткова ў глебе. Ёсць паразіты жывёл і чалавека. Найб. вядомыя Ж.: апаліны, лейшманіі, лямбліі, трыпанасомы, трыхаманады, эўгленавыя водарасці, вальвоксы, хламідаманады.
Даўж. цела ад 2—5 мікраметраў (лейшманіі) да 1 мм (некат. апаліны). Форма цела верацёна-, яйца-, шарападобная, цыліндрычная і інш. Цела ўкрыта пелікулай, хіцінападобным панцырам ці абалонкай з клятчаткавых пласцінак. Жгуцікаў ад 1—8 (на пярэднім канцы) да некалькіх тысяч (па ўсім целе); даўж. іх ад некалькіх да дзесяткаў мікраметраў. Клетачнае ядро пераважна адно, ёсць двух- (лямбліі) і мнагаядзерныя (апаліны). Некат. ўтвараюць калоніі (вальвокс). Размнажэнне ў асн. бясполае (падоўжаным дзяленнем папалам). Палавы працэс па тыпу капуляцыі гамет. Паводле спосабу кармлення — аўтатрофы, гетэратрофы, міксатрофы. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, працэсах самаачышчэння вады. Індыкатары забруджвання вод. Некат. выклікаюць хваробы (напр., лейшманіёз, лямбліёз. сонную хваробу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі ў Бел. Панямонні, на верхняй Прыпяці, ПнУ Польшчы і ПдЗ Літвы. Культура сфарміравалася на мясц. мезалітычнай аснове (гл.Нёманская мезалітычная культура). У развіцці Н.к. вылучаюць 3 этапы: ранні (дубічайскі), сярэдні (лысагорскі) і позні (дабраборскі). Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у познім неаліце — земляробствам і жывёлагадоўляй. Мела наземныя жытлы на берагах вадаёмаў. Для ранняга этапу характэрна вастрадонная слабапрафіляваная кераміка з расліннымі дамешкамі ў гліне, у сярэднім этапе гаршкі мелі выразную шыйку, раслінныя дамешкі ў гліне спалучаліся з жарствой; на познім этапе форма посуду захоўвалася ранейшая, але ў гліне зніклі раслінныя дамешкі. У арнаменце Н.к. ўжываліся гарыз. паясы грабеньчатых адбіткаў, насечкі, праколы, пракрэсленыя рыскі, адбіткі лінейнага штампа, тэкстылю. У Н.к. адбываўся росквіт крамянёвай індустрыі, былі пашыраны дасканала рэтушаваныя наканечнікі стрэл і дзідаў, паявіліся сякеры са звужанымі абушкамі і прышліфоўкай на лязе. Найб. значныя помнікі Н.к. на Беларусі Кругліца, Камень, Добры Бор, Моталь і інш.
М.М.Чарняўскі.
Да арт.Нёманская культура. Посуд з паселішча Лысая Гара каля в. Кругліца Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. (1) і паселішча каля в. Русакова Слонімскага раёна Гродзенскай вобл. (2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКО́ВЫЯ КАРМЫ́,
кармы расліннага і жывёльнага паходжання з вял. колькасцю пратэіну. Асн. крыніца пратэіну для большасці с.-г. жывёл — раслінныя кармы: зялёная трава, сена, збожжа і збожжапрадукты, макуха, шроты і інш. Сярод зялёных кармоў найб. сырога пратэіну ў маладой траве бабовых — у канюшыне, кармавым бобе; багатыя пратэінам таксама зерне бабовых культур (гарох, віка, боб, соя), макуха, шроты, піўныя, пякарскія і кармавыя дрожджы, мясная і рыбная мука, сухая кроў (ад 200 да 600 г на 1 кармавую адзінку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БЫЯ КАРМЫ́,
сухія раслінныя кармы (сена, салома, мякіна, сянаж, травяная мука, галінкавы корм) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў. Маюць вады менш за 40%, сырой клятчаткі больш за 19%. Пажыўнасць 1 кг грубых кармоў — 0,1—0,65 карм. адзінкі. Скормліваюць жвачнай с.-г. жывёле, часам трусам. Грубыя кармы — неабходны кампанент зімовых рацыёнаў траваедных жывёл, спрыяюць нармальнаму страваванню і засваенню пажыўных рэчываў, адрозніваюцца хім. саставам і пажыўнасцю. Найб. значэнне мае сена, у якім ёсць амаль усе неабходныя для жывёлы пажыўныя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГА́ЛКАасенняя,
звычайная Ж. (Stomoxys calcitrans), насякомае сям. сапраўдных мух атр. двухкрылых. Пашырана ўсюды. Трапляецца ў непасрэднай блізкасці ад свойскіх жывёл (у памяшканні, на пашы). Дарослыя — крывасмокі, пераносчыкі ўзбуджальнікаў многіх інфекцый: сібірскай язвы, тулярэміі, анаплазмозу буйн. раг. жывёлы і інш.
Цела даўж. 5,5—7 мм, шэра-чорнае, плямістае. Хабаток доўгі і цвёрды. Плоднасць 300—400 яец. Адкладвае яйцы ў гной, на раслінныя рэшткі, зрэдку ў раны жывёл і чалавека, дзе развіваюцца лічынкі. Колькасць Ж. павялічваецца ў канцы лета — пач. восені (мухі становяцца «лютымі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЦО́ЎКА ГЛЕ́БЫ,
прыёмы мех. ўздзеяння на глебу, якія павышаюць яе ўрадлівасць і ствараюць лепшыя ўмовы для росту і развіцця раслін. Сукупнасць паслядоўных прыёмаў уздзеяння складаюць сістэму апрацоўкі глебы. Адрозніваюць сістэмы асн. і перадпасяўной апрацоўкі, а таксама зямель, схільных да эрозіі. Ва ўмовах Беларусі найб. выкарыстоўваюцца дыскаванне, ворыва, культывацыя, баранаванне, выраўноўванне, прыкочванне, міжрадковая апрацоўка. Пры апрацоўцы глебы ствараецца рыхлы дробнакамякаваты ворны слой, паляпшаюцца водны, паветраны і цеплавы рэжымы глебы, знішчаюцца пустазелле, шкоднікі, узбуджальнікі хвароб раслін, загортваюцца ў глебу ўгнаенні, дзярніна, іржышча і інш.раслінныя рэшткі, ствараюцца найлепшыя ўмовы для сяўбы і прарастання насення. Гл. таксама Агратэхніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЗЕ́Р’Е,
гідралагічны заказнік на тэр. Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. Створаны ў 1968 як заказнік рэсп. значэння для захавання ў натуральным стане балотнага масіву з тыповай для міжрэччаў стратыграфіяй тарфянікаў. Пл. 4286 га (1997). Размешчаны на Цэнтральнабярэзінскай раўніне і займае ч. Друць-Бярэзінскага міжрэчча. Размешчаны на вярховым балоце. У цэнтры пераважаюць хваёва-кусцікавыя раслінныя асацыяцыі, у паўн.ч. — градава-багнавыя комплексы расліннасці. На ўскраінах пашыраны хваёва-бярозава-пушыцава-сфагнавыя асацыяцыі. На мінер. участках пераважаюць бярозава-асінавыя лясы. У флоры заказніка каля 100 відаў раслін, у т. л. ахоўныя чубатка пустая і зубніца клубняносная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВЕНГУК ((Leeuwenhoek) Антані ван) (24.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1723),
нідэрландскі біёлаг-натураліст, заснавальнік мікраскапіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1680). Зрабіў лінзы, якія павялічвалі ў 150—300 разоў. З іх дапамогай назіраў і замалёўваў бактэрыі (1683), эрытрацыты, прасцейшых, раслінныя і жывёльныя клеткі, будову мышцаў і інш. часткі і органы больш за 200 відаў раслін і жывёл. Адкрыў сперматазоіды чалавека (1677); лічыў, што ў сперматазоідзе ўтрымліваецца сфарміраваны зародак, а яйцо служыць сілкавальным матэрыялам. Апісаў партэнагенез у тлей. Адзначыў розніцу ў будове адна- і двухдольных раслін. Назіранні апісваў у лістах (каля 300), гал. чынам Лонданскаму каралеўскаму т-ву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУМІЁ,
прыродны смалападобны прадукт біял. паходжання. Трапляецца ў гарах Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі, на Каўказе. Уяўляе сабой бясформенныя кускі з нераўнамерна-ячэістай ці гладкай паверхняй, цвёрдай або пругкай кансістэнцыі, з характэрным бальзамічным пахам. Састаў М. з розных месцаў паходжання мае падобныя фіз. і хім. ўласцівасці і адрозніваецца суадносінамі асобных кампанентаў. Мае вял. колькасць арган. і неарган. рэчываў, гіпуравую і бензойную к-ты, амінакіслоты, смолы і воскі, камедзі, раслінныя рэшткі. Адрозніваюць М. т.зв. залатое (чырв. колеру), сярэбранае (белага), меднае (блакітнага ці сіняга) і жалезнае (чарнавата-карычневага; найб. пашыранае). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне больш як 2 тыс. гадоў.