АСНЕ́ЖЫЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад Пінска, 173 км ад Брэста, на аўтатрасе Гомель—Брэст. 1197 ж., 367 двароў (1995). Забудоўваюцца паводле праекта планіроўкі 1968 (БелНДІдзіпрасельбуд; карэкціроўка 1980, аўтар забудовы арх. Н.​Нядзелька, інж. В.​Хандогін). Гал. вось кампазіцыі — шырокі бульвар, які звязвае асн. ўезд у вёску з боку Пінска з цэнтр. плошчай, дзе знаходзяцца адм. будынак, гандл. цэнтр, Дом культуры з залай на 600 месцаў. Цэнтр вёскі забудоўваецца 2—3-павярховымі 8-12-кватэрнымі секцыйнымі і 2—4-кватэрнымі жылымі дамамі з кватэрамі ў 2 узроўнях. Унутрыквартальная прастора азялененая і добраўпарадкаваная, мае малыя арх. формы — пляцоўкі для адпачынку і інш. У паўн. частцы вёскі сканцэнтравана індывід. забудова сядзібнага тыпу, на ПнЗвытв. зона. На У ад цэнтр. плошчы створаны парк з зонамі адпачынку і спорту. Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

Цэнтральная вуліца вёскі Аснежыцы.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Пінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на З ад Пінска, 155 км ад Брэста, 9 км ад чыг. ст. Малоткавічы, на аўтадарозе Гомель—Брэст. 738 ж., 309 двароў (1995). Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Малітоўны дом адвентыстаў 7-га дня. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1878).

т. 3, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБРЭ́ХТАЎСКІ СТЭАРЫ́НАВА-СВЕ́ЧАЧНЫ І МЫЛАВА́РНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1836—1910 у маёнтку Альбрэхтава Пінскага пав. (цяпер у межах Пінска). Вырабляў стэарынавыя свечкі, мыла, алеін, гліцэрын. У 1862 за суткі выраблялася 50—60 пудоў (каля 1 т) свечак. У 1876—77 працавалі 213 рабочых, у 1900 — 66 чал. На Усерасійскіх выстаўках 1861, 1865 і 1870 вырабы з-да адзначаны сярэбранымі медалямі.

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЧЫЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Пінскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Піна, за 18 км на ПдЗ ад Пінска. Пл. 0,51 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 8,3 м, даўж. берагавой лініі каля 3,1 км. Схілы катлавіны выш. да 2 м, разараныя, на З і У пад хмызняком. Берагі ўчасткамі забалочаныя. Злучана каналам з р. Піна.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКАЛЕ́НКА (Якаў Раманавіч) (2.3.1922, в. Вял. Аўцюкі Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 18.3.1966),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мазырскае педвучылішча (1940). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, у 1942—43 у 2-й Калінкавіцкай партыз. брыгадзе, з чэрв. 1944 на фронце. Радавы М. вызначыўся ў чэрв. 1944 у час дэсантнай аперацыі пры вызваленні Пінска. Пасля вайны на прафсаюзнай рабоце.

Я.Р.Маскаленка.

т. 10, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ ((Bykowski) Якса Пётр) (31.1.1823, с. Якушынцы Вінніцкай вобл., Украіна — 3.6.1889),

польскі пісьменнік, збіральнік і даследчык бел. нар. песень і абрадаў. Скончыў Кіеўскі ун-т (1843). З 1858 жыў у Камянцы, з 1866 у Варшаве. Аўтар аповесцяў пра мінулае польск. шляхты. У працы «Абрадавыя песні рускага насельніцтва з ваколіц Пінска» (1878) апісаў куставы і вясельны абрад на Піншчыне, апубл. сямейна-, каляндарна-абрадавыя і пазаабрадавыя бел. нар. песні.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РАЎ (Францішак) (10.12.1731, Аршанскі р-н Віцебскай вобл. — 30.7.1802),

бел. архітэктар, прадстаўнік архітэктуры барока; педагог. Праф. архітэктуры. У 1754 уступіў у ордэн езуітаў. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Оршы і Пінска, архітэктуры — у Полацку ў Г.​Лянкевіча. З 1769 выкладаў філасофію і матэматыку ў Полацкім езуіцкім калегіуме (у 1772—74 заг. кафедры архітэктуры, з 1786 рэктар). У 1779—86 рэктар езуіцкага калегіума ў Оршы. Кіраваў буд-вам езуіцкага касцёла ў Полацку.

т. 8, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБА́БА Антон, кіраўнік казацка-сялянскага атрада на Беларусі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. Родам з г. Карастышаў Кіеўскага ваяв. (цяпер у Жытомірскай вобл., Украіна). Летам 1648 атрад (загон) Н. дзейнічаў на тэр. ўздоўж р. Прыпяць, граміў маёнткі шляхты і каталіцкага духавенства. У вер. 1648 далучыўся да паўстаўшых гараджан Пінска, разам з імі 5—9.10.1648 абараняў горад ад войск ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім. Больш дакладных звестак пра лёс Н. не выяўлена.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНШТЭ́ЙН (Іосіф Гдалевіч) (17.7.1904, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.2.1966),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1921—24 рабочы запалкавай ф-кі ў Пінску. Удзельнічаў у арганізацыі забастовак, узначальваў работу прафсаюзаў Пінска. З 1927 чл. Пінскага гаркома і акругкома КПЗБ, з 1931 — інструктар ЦК КПЗБ па Беластоцкай і Віленскай акр. На пач. 1934 сакратар Віленскага акругкома КПЗБ. За рэв. дзейнасць не аднойчы быў арыштаваны, больш за 10 гадоў правёў у турмах. У 1944—52 на гасп. рабоце ў Пінску.

В.​П.​Ласковіч.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА РАМА́НАВІЧ (1199—1271; паводле інш. звестак 1203—69),

князь уладзіміра-валынскі; канчаткова замацаваўся на гэтай пасадзе ў 1241. У паліт. справах выступаў разам з братам Данілам Раманавічам. У 1246 і 1247 яны разбілі каля Пінска атрады Літвы, якія нападалі на Валынскую зямлю. У 1249 войска Васількі Раманавіча ўдзельнічала ў паходзе на Новагародскую зямлю праз Ваўкавыск, у 1251 на Новагародак і Гарадзен (Гродна). У 1258 Васілька Раманавіч разам з татарскім ваяводам Бурундаем ваяваў Літоўскую (верхняе Панямонне) і Нальшчанскую (ПнЗ Беларусі) землі. У 1264 войска Васількі Раманавіча дапамагала кн. Войшалку ў заваяванні Дзяволтвы і Нальшчанаў.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)