невялікая пчаліная сям ’я, якую фарміруюць для ўтрымання маладой няплоднай маткі да яе спароўвання з трутнем і часовага захоўвання запасной плоднай маткі. Складаецца з маладых нялётных пчол ад моцнай сям’і, расплоду пчол і падсаджанай няплоднай маткі або яе спелай кукалкі (з пачаткам адкладання яец іх замяняюць на новых) ці запасной плоднай маткі. Пазней Н. аб’ядноўваюць у новыя сем’і ці падсільваюць імі слабыя сем’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТАЧНАЕ МАЛАЧКО́,
сакрэт слінных залоз маладых рабочых пчол (карміцелек); пастападобная белая маса са спецыфічным пахам і вострым горка-кіслым смакам. Сухое рэчыва мае 40—58% бялку, 5—18% тлушчу, каля 26% цукру, 2,3—3,3% мінер. солей, вітаміны і інш. біялагічна актыўныя рэчывы, якія вызначаюць развіццё лічынак і яечнікаў маткі. Пчолы кормяць М.м. лічынак матак увесь перыяд іх развіцця (5 сут), лічынак рабочых пчол і трутняў першыя 3 сут, матку ў перыяд яйцакладкі (вясна і лета). Прэпарат з М.м. (апілак) выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЫ,
зборная назва надсям. джалячых насякомых атр. перапончатакрылых, за выключэннем пчол і мурашак. Да восаў належаць надсямействы: блішчанкі, дарожныя восы, рыючыя восы, сапраўдныя восы, немкі, сколіі, найб. пашыраныя на Беларусі, і інш. У сусв. фауне больш за 20 тыс. відаў, пашыраных на ўсіх мацерыках, найб. у трапічнай і субтрапічнай зонах.
Лічынкі бязногія, маларухомыя, кормяцца павукамі, насякомымі і іх лічынкамі, нектарам і пылком раслін, некаторыя — паразіты інш. насякомых. Зрэдку восы шкодзяць лясной (абгрызаюць маладую кару ў дрэўцаў) і сельскай (шэршні знішчаюць меданосных пчол) гаспадарцы. Карысныя як апыляльнікі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРЧА́ЛКІ, кветкавыя мухі (Syrphidae),
сямейства насякомых падатр. караткавусых круглашыўных атр. двухкрылых. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Найб. трапляюцца каля вады на кветках, травяністых раслінах, лісці дрэў і інш. На Беларусі найб. вядомыя Ж.: бугрыстая (Eumerus tuberculatus), цыбульная (E. strigatus), чмелявідка празрыстая (Volucella pelluceus), шараноска (Sphaerophoria scripta).
Даўж. 5—15 мм, радзей да 25 мм. Цела часта ярка афарбаванае; многія вонкавым выглядам нагадваюць джалячых перапончатакрылых — пчол, вос, чмялёў. Крылы празрыстыя з 3 радыяльнымі жылкамі. Вусікі 3-членікавыя. Вочы самцоў пераважна судакранаюцца, самак падзелены лбом. Добра лётаюць. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі жывуць у сцёкавых водах, гнаі, у гнёздах пчол, мурашак і інш. Лічынкі — драпежнікі, дэтрытафагі, расліннаедныя. Дарослыя кормяцца нектарам кветак. Апыляльнікі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́ННЕ,
адлёт з вулля маткі з часткай пчол для ўтварэння новай сям’і; прыроднае размнажэнне пчаліных сем’яў. Бывае ў 1-й пал. лета (на Беларусі ў 1-й пал.чэрв.), калі пчаліная сям’я мае вял. колькасць расплоду і лішак рабочых пчол.
Перад Р. пчаліная сям’я будуе матачнікі для маладых матак, пчолы-разведчыкі знаходзяць новае жыллё. У гэты час яйцаноскасць і маса маткі значна зніжаецца, памяншаецца аб’ём яе яечнікаў, выпростваюцца паветраныя мяшкі ў брушку. і яна набывае здольнасць да палёту. Пры Р. з вулля вылятаюць пчолы з маткай, «прышчэпліваюцца» (збіваюцца ў кучу) на галінцы дрэва, потым пералятаюць і робяць новае гняздо. Ад адной пчалінай сям’і можа аддзяліцца некалькі раёў. У штучных умовах аддзяляюць ч. пчалінай сям’і і падсаджваюць да іх плодную матку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯДЗЕ́НАЎСКАЕ КО́СЦІШЧА,
ахвярнае месца (4 ст. да н.э. — 10 ст.н.э.) паблізу стараж. гарадзішча каля в. Глядзенава Пермскай вобл., Расія. Глядзенаўскае косцішча — узгорак з мноствам дробных касцей і чарапамі ахвярных жывёл. Знойдзена шмат вотыўных дароў (у асн. медных): фігуркі вершнікаў, людзей, птушак, жывёл, пчол, пацеркі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛЯ́РСТВА,
галіна сельскай гаспадаркі па развядзенні пчол меданосных з мэтай атрымання мёду, пчалінага воску, пропалісу, пчалінага яду, матачнага малачка, пяргі, таксама для апылення с.-г. культур.
На тэр. Беларусі дзікае П. (паляванне за мёдам і воскам з дуплаў дрэў) вядома задоўга да нашай эры. У 1 ст.н.э. ўзнікла бортніцтва (гадаванне пчаліных сем’яў у штучных дуплах — борцях), пашырылася ў 10—17 ст., а ў 18 ст. змянілася калодным П. (развядзенне пчол у неразборных перасоўных калодах і дуплянках). З 1814 развіваецца рамачнае П., у 1846 у Мінскай губ. было 117 тыс. вулляў (больш як адзін на кожнае падвор’е).
На Беларусі П. мае апыляльна-мядовы кірунак. Разводзяць пераважна карпацкую пароду пчол. У 1999 гадавалася каля 450 тыс.пчаліных сем’яў (90% у пчаляроў-аматараў). Вытв-сць мёду — 7 тыс.т за год. Дзейнічаюць Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі пчолагадавальнікі. Найб. пчолапрадпрыемствы — Мастоўскае і Шчучынскае (Гродзенская вобл.).
П. развіта на ўсіх кантынентах свету, асабліва ў Еўропе, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. У 1999 у сусв. П. зарэгістравана каля 50 млн. пчаліных сем’яў, вытв-сць мёду каля 900 тыс.т за год. Найб. буйныя вытворцы і экспарцёры прадуктаў П. — Кітай (6 млн. пчоласем’яў; да 150 тыс.т мёду штогод), ЗША (4 млн. пчоласем’яў; да 90 тыс.т мёду), Расія (каля 3,5 млн. пчоласем’яў; 50 тыс.т мёду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙКІ (Meloë),
род жукоў сям. шпанак. Каля 130 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Аўстраліі і Паўд. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў, найб. трапляюцца М. звычайная, або чорная (M. proscarabaeus), М. фіялетавая, або сіняя (M. violaceus), М. зменлівая, або стракатая (M. variegatus), занесеная ў Чырв. кнігу Беларусі. Жывуць на палях, лугах, узлесках.
Даўж. да 50 мм. Самцы меншыя за самак, самкі з шырокім брушкам. Афарбоўка звычайна чорная або цёмна-сіняя, з метал. бляскам. Крылы неразвітыя. Лічынкі (трыунгуліны) маюць 3 стадыі, кормяцца мёдам, паразітуюць у гнёздах пчол, знішчаюць іх патомства, часам выклікаюць гібель свойскіх пчол. Жукі шкодзяць усходам палявых культур. Яйцы адкладваюць на зямлю. Развіццё з гіперметамарфозам. Характэрная асаблівасць М. — наяўнасць у целе (асабліва ў крыві) ядавітага рэчыва кантарыдзіну, якое надае жукам непрыемны пах і едкі смак, таму большасць насякомаедных (акрамя курэй, ластавак, вожыкаў) іх не паядаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁД,
салодкае, сіропападобнае рэчыва, якое пчала меданосная выпрацоўвае з нектару кветак; прадукт харчавання, корм для пчол. Падзяляюць на натуральны (кветачны, падзевы мёд), экспрэсны, які пчолы выпрацоўваюць з цукр. сіропу ці натуральнага М. з лек. дабаўкамі) і штучны (без удзелу пчол; шляхам інвертавання цукрозы сернай к-той пры выпарванні соку кавуна, дыні, гарбуза, цукр. буракоў, вінаграду). У залежнасці ад меданосных раслін бывае ліпавы, грэчкавы, верасовы і інш. Каларыйнасць М. 315—335 ккал на 100 г. У спелым кветачным М. ў сярэднім да 20% вады, 75% вугляводаў (30—40% фруктозы, 25—37% глюкозы, 0,4—1,3% цукрозы) і каля 5% інш. рэчываў [амінакіслоты, ферменты, мінер. рэчывы, вітаміны (B2, PP, C, B6 і інш.), антыбактэрыяльныя рэчывы]. Пры захоўванні крышталізуецца, пры гэтым харч. і лек. якасці зберагаюцца. Бывае алергія да М.; магчымы атручэнні, калі пчолы сабралі нектар з кветак ядавітых раслін (напр., аканіту, багуну). Ужываецца ў лек. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РТНІКІ,
пчаляры, якія займаліся бортніцтвам. Лакальныя назвы на Беларусі — барцялазы, вотчыны. Бортнікі рабілі новыя борці (дуплы ў дрэве) і засялялі іх пчоламі (бароўкамі), рыхтавалі прынаду для раёў, чысцілі борці, выбіралі мёд, ахоўвалі пчол ад неспрыяльнага надвор’я і шкоднікаў. Умельства Б. пе-. радавалася з пакалення ў пакаленне і ў шмат якіх сем’ях бортніцтва было спадчынным на працягу стагоддзяў.