СЫТА́,

у многіх народаў засалоджаная мёдам вада. Спажывалі С. як посную закрасу да кашы, куцці, кісялю, асабліва на Каляды. На памінкі, дзяды гатавалі абрадавую страву — канун (у С. крышылі хлеб). Самастойна С. спажывалі ў дні посту. Вядома па ўсёй Беларусі. Пчаляры выкарыстоўвалі С. для падкормкі пчол і прываблівання раёў у пустыя вуллі і вабікі. Рабілі С. вадкую і густую. Вадкая змяшчала адну частку мёду і 2—3 часткі вады; яе выкарыстоўвалі вясной і раннім летам для стымуляцыі яйканоскасці матак і павелічэння расплоду. С. гатавалі і з 2—3 частак мёду і адной часткі вады, яе выкарыстоўвалі для веснавой падкормкі пчол пры недахопе ў вуллі мёду пасля зімы.

Г.​Ф.​Вештарт, С.​Ф.​Цярохін.

т. 15, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)