ПАЎЛО́ЎСКІ (Зянон Станіслававіч) (27.7.1917, в.Прылукі Мінскага р-на — 12.8.1977),
бел. жывапісец. Скончыў Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1943). Працаваў пераважна ў жанры партрэта. Стварыў рэаліст. вобразы нар. паэта Беларусі Я.Коласа, партызанкі Н.Хахалінай (абодва 1943), Герояў Сав. Саюза В.І.Казлова (1946), І.П.Ціткова (1945), Е.С.Зяньковай (1957), камандзіра партыз. брыгады А.І.Шубы, мастака А.Мазалёва (абодва 1945), нар. артыста СССР Б.В.Платонава (1950), прэзідэнта АН Беларусі В.Ф.Купрэвіча (1960), нар. пісьменніка Беларусі М.Лынькова (1962), Героя Сац. Працы настаўніцы А.І.Казей (1968) і інш. Аўтар групавых кампазіцый «Беларускія пісьменнікі ў Я.Купалы ў гады вайны» (1947), «Сустрэча сяброў» (1952) і інш. Творам уласцівы глыбокае раскрыццё ўнутр. свету асобы, тонкасць выяўл. сродкаў. Працаваў таксама ў галіне сатыр. малюнка, станковай скульптуры.
украінская паэтэса. Скончыла Адэскі водны ін-т (1941). Друкавалася з 1935. Любоў да Радзімы, каханне, мацярынскае шчасце, героіка ваен. і мірных гадоў — асноўныя тэмы яе паэт. творчасці (зб-кі вершаў «Новыя берагі», 1950; «Дарогі дружбы», 1953; «Песня і хлеб», 1961; «Незабудкі», 1966; «Бераг надзеі», 1974; «Кіеўская гара», 1982, і інш.). Аўтар п’ес «Вяселле ў Цярнах» і «Ружы на камені» (абедзве 1963), драм. і ліра-эпічных паэм «Цярновы лёс» (1961), «Маруся Чурай» (1968), «Раксалана» (1971), «Леся Украінка» (1973), раманаў «Там, за ракою — маладосць» (1970), «Софія Кіеўская» (1982), аповесцей «Крылы Арсена Дораша» (1968), «Спаленне мадонны» (1989), кніг вершаў для дзяцей «Калі я вырасту» (1975), «Сеяльшчыкі» (1984). Пераклала на ўкр. мову кн. В.Віткі «Птушыная школа», паасобныя творы Э.Агняцвет. На бел. мову творы З. пераклалі Агняцвет, М.Аўрамчык, А.Бялевіч, В.Вярба, Х.Жычка, К.Камейша і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛКІН (Барыс Яўсеевіч) (26.1.1908, г.Прылукі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1972),
бел. мастак тэатра, графік. Скончыў Кіеўскую вышэйшую школу мастацтва (1929). У 1929—36 працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі. Аформіў спектаклі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Партызаны» (1938) і «Мілы чалавек» (1945) К.Крапівы, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы, «Позняе каханне» А.Астроўскага (усе 1944), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Пані міністэрша» Б.Нушыча (1956), «Востраў Афрадыты» А.Парніса (1960); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Ірынка» К.Чорнага (1941); у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі — «Аб сябрах-таварышах» У.Маса і М.Чарвінскага (1948), «Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні і «Шалёныя грошы» Астроўскага (абодва 1951), «Ад казкі да казкі» (1970). Аўтар ілюстрацый да паэмы Я.Купалы «Над ракою Арэсай» (1936), зб. «Выбраныя творы» Цёткі (1967), серый «Па слядах вайны» (1942—44), «Цырк» (1960-я г.), «Рыга» (1962), і інш.
Б.Малкін. Ілюстрацыя да зб. «Выбраныя творы» Цёткі. 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ 1863,
узброеныя фарміраванні Мінскай паўстанцкай арганізацыі 1863 у перыяд паўстання 1863—64. Агульны план узбр. выступлення, прызначанага на 19.4.1863, распрацаваны членам арг-цыі паручнікам С.Ляскоўскім, які ўзначаліў найбольшы на Міншчыне Ігуменскі паўстанцкі атрад. Паводле загаду арг-цыі 19 крас. некалькі соцень мінчан тайком выйшлі з горада і з’явіліся на загадзя намечаныя зборныя пункты. Атрад пад камандай А.Трусава сабраўся каля Халяўшчыны. У баі 28.4.1863 каля в. Пятровічы ён быў разбіты ўрадавымі войскамі. Другі атрад пад камандаваннем ваен. кіраўніка Мінскага пав. П.Дыбоўскага (са жн. Л.Рамішэўскага) сабраўся каля в.Прылукі і дзейнічаў каля Слуцкага тракту. У жн. 1863 атрад вытрымаў бой з урадавымі войскамі каля Навасёлак, але хутка быў распушчаны. У Пінскім пав. Мінскай губ. ў розныя часы дзейнічалі паўстанцкія атрады Р.Рагінскага, Р.Траўгута, Я.Ваньковіча. Атрад Слуцкага пав. на чале з У.Машэўскім быў разбіты 21.4.1863 каля в. Азярцы. Пасля паражэння навагрудскіх паўстанцаў 7.4.1863 ва ўрочышчы Белыя Імхі навагрудскі атрад сфарміраваўся нанава ў Налібоцкай пушчы. Гэты атрад на чале з В.Міладоўскім удзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863 на Слонімшчыне, а пасля вярнуўся ў Навагрудскі пав. Некалькі паўстанцкіх груп Барысаўшчыны, Лепельшчыны, Магілёўшчыны аб’ядналіся ў Барысаўскім пав., але былі разбіты 7.5.1863 каля в. Падбярэззе. На Вілейшчыне змагаліся атрады Ю.Бакшанскага, В.Козела, Г.Чаховіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ РАЁН.
Размешчаны ў цэнтры Мінскай вобл. Утвораны 29.6.1934 (у сучасных межах з 1959). Пл. 2 тыс.км-. Нас. 127,8 тыс.чал. (1998), гарадскога 6,5% (без Мінска). Сярэдняя шчыльн. 64 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Мінск; г.Заслаўе, г.п.Мачулішчы, 368 сельскіх населеных пунктаў, Мачулішчанскі пасялковы Савет і 19 сельсаветаў: Астрашыцка-Гарадоцкі, Бараўлянскі, Гаранскі, Ждановіцкі, Каладзішчанскі, Крупіцкі, Лашанскі, Лугаваслабодскі, Міханавіцкі, Навадворскі, Папярнянскі, Пятрышкаўскі, Рагаўскі, Самахвалавіцкі, Сеніцкі, Хацежынскі, Цнянскі, Шчомысліцкі, Юзуфоўскі.
Большая ч.тэр. раёна на Мінскім узвышшы, паўд.-ўсх. ўскраіна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пераважна ўзвышаная, 92% яе на выш. 180—250 м, найвыш. пункт 342 м (Лысая гара). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф, Ждановіцкая мінер. крыніца. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб. рэкі: Свіслач (з прытокамі Вяча, Чарняўка, Волма), Пціч, Усяжа. Вадасховішчы: Заслаўскае вадасховішча, Дразды, Крыніца, Вяча, Воўчкавіцкае, Астрашыцкі Гарадок, ч.Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (69,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,3%). Пад лесам 31,2% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пн. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, трапляюцца асінавыя, альховыя, дубовыя і інш. Штучныя насаджэнні (каля 20% пл. лесу) пераважна хваёвыя і яловыя. Пад балотамі 2,4% тэр. раёна, 7,7 тыс.га асушана. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны — Прылуцкі, біял. — Лебядзіны і Кайкаўскі; мясц. значэння: ахоўваемыя тарфянікі — Гайдукоўскае, Янапольскае, Гарадоцкае; біял. — Крыніца, Маяк. Помнікі прыроды рэсп. значэння: геал. агаленне Заслаўе, валун «Камень кахання» паміж в. Чаромуха і в. Гуры, дуброва каля в. Шчомысліца, парк камянёў (музей валуноў) на паўн.-ўсх. ускраіне Мінска, дуб і хвоя каля в. Ждановічы і парк Ігнацічы каля в. Кацягі. Зоны адпачынку: Мінскае мора, Пціч, Зялёны Гай, Вяча, Чараўніца, Раўбічы, Стайкі, часткова Вязынка, Вясёлка. Агульная пл.с.-г. угоддзяў 102,2 тыс.га (51,7%), з іх асушаных 10,9 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 12 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка; аграфірма «Рассвет», аграгандл. фірма «Ждановічы», Бел. занальная доследная станцыя па птушкагадоўлі, племптушкарэпрадуктар «Праўда», птушкафабрыкі імя Н.К.Крупскай, «1-я Мінская», «Дубаўляны», рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі ў пас. Ратамка, эксперым. базы «Курасоўшчына», «Анопаль», «Русінавічы», вучэбная гаспадарка імя М.В.Фрунзе, с.-г. прадпрыемства «Усход», доследная гаспадарка Бел. машынна-доследнай станцыі. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, вырошчванне бульбы і агародніны. Прадпрыемствы гарбарнай (Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне), металаапр. (перапрацоўка металалому), хіміка-фармацэўтычнай (ветпрэпараты), лясной (вырабы з драўніны), харч. (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы), буд. матэрыялаў, мэблевай, паліграф. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Гомель; аўтадарогі Брэст—Масква, Вільнюс—Мінск. Мінск—Бабруйск—Гомель, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Слуцк—Мікашэвічы, Мінск—Гродна. У раёне 34 сярэднія, 6 базавых, 11 пач. школ, раённая шматпрофільная школа для дзяцей з павышаным узроўнем інтэлекту і разумовага развіцця, гімназія, 8 муз., спарт. школы, 3 школы-інтэрнаты, дзіцячы дом, Навапольскі с.-г. тэхнікум, Сеніцкі с.-г. каледж, 54 дашкольныя ўстановы, 6 цэнтраў культуры, 34 дамы культуры і клубы, 38 б-к, 8 бальніц, 22 урачэбныя амбулаторыі, 3 паліклінікі, 10 фельч.-ак. пунктаў. На тэр. раёна размешчаны: абл. клінічная бальніца (пас. Лясны), абл. тубдыспансер (в. Лескаўка), шпіталь інвалідаў вайны і працы (пас. Лясны), рэсп. псіхіятрычная клінічная бальніца «Навінкі» (в. Навінкі) і інш.; НДІ: бульбаводства, агародніцтва, пладаводства (в. Самахвалавічы), аховы раслін (в.Прылукі), эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага (в. Кунцаўшчына), анкалогіі і мед. радыялогіі (пас. Лясны); курорт «Ждановічы» (санаторыі «Беларусь», «Крыніца»), дзіцячы санаторый «Астрашыцкі Гарадок», 9 санаторыяў-прафілакторыяў, спарткомплексы «Раўбічы» і «Стайкі», водна-спарт. база «Воўчкавічы». Музеі: Бел. дзярж музей нар. архітэктуры і побыту ў в. Строчыца, Музей бел.нар. мастацтва (філіял Нац.маст. музея) у в. Раўбічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 18 ст. — 1-я пал. 19 ст.) у в. Анопаль, царква і капліца (19 ст.) у в. Астрашыцкі Гарадок, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в.Прылукі, касцёл (1858—62) і спарт. комплекс «Раўбічы» (1973) у в. Раўбічы, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Сеніда, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Сёмкава, Троіцкі касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Сёмкаў Гарадок. Помнік ахвярам фашызму (1963) каля в. Вялікі Трасцянец на месцы Трасцянецкага лагера смерці, на тэр. Бараўлянскага с/с урочышча Курапаты. Выдаецца газ. «Наша жыццё».
Літ.:
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мінскага р-на. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГАНЕ́Ц (Карусь) (сапр.Кастравіцкі Казімір Карлавіч; 10.2.1868, г. Табольск, Расія — 10.5.1918),
бел. пісьменнік, перакладчык, мастак, мовазнавец. Сын удзельніка паўстання 1863—64, сасланага ў Сібір. З 1874 на Беларусі, у в. Засулле каля Стоўбцаў і Прымагілле каля Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Вучыўся ў Мінскім гар. вучылішчы, Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Працаваў у Мінску, Рызе, Лідзе, Вільні, фальварку Жортай на Барысаўшчыне. Адзін з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады. За рэв. агітацыю сярод сялян быў зняволены ў мінскую турму (1905—06, 1910—11). Друкаваўся з 1893. Паэзія К. агітацыйная, блізкая да нар. песні. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, прасякнута нац. матывамі («Пра пана Ленскага», «Наша доля маладзецка», «На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»), Цэнтр. герой яго лірыкі — кабзар, лірнік («Кабзар»), Проза К. — апрацоўкі мясц. легенд і паданняў («Прылукі», «Навасадскае замчышча», «Вітаўка»), Аўтар гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) і бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», нап. 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», нап. 1910, апубл. 1919) драм. Дасюль папулярная яго камедыя «Модны шляхцюк» (паст. 1910 у Вільні і Полацку Першай бел. трупай І.Буйніцкага), у якой высмеяў бел. выраджэнца, які адракаецца ад усяго роднага. Гэта модны шляхцюк Пранцішак Карчэўшчык — папярэднік Адольфа Быкоўскага ў «Паўлінцы» Я.Купалы. Апрацоўваў нар. казкі, паданні; пісаў навук.-папулярныя нарысы для дзяцей. Выступаў як публіцыст. Адзін з аўтараў «Беларускага лемантара, або Першай навукі чытання» (Пб., 1906, выд. ананімна). На бел. мову пераклаў навук.-папулярную брашуру «Гутаркі аб небе і зямлі» (1907, з С.Шаўлоўскім). Шмат увагі аддаваў мове, навук. тэрміналогіі (працаваў над «Беларускай граматыкай», не закончана). З твораў выяўл. мастацтва зберагліся графічныя малюнкі «За сахою», «На ростаньках», паліт. карыкатуры; ляпіў з гліны, выразаў з дрэва і косці, афармляў кнігі (вокладка «Другога чытання для дзяцей беларусаў» Я.Коласа, Пб., 1909). На магіле К. ў в. Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. пастаўлены помнік.
Тв.:
Творы. Мн., 1979.
Літ.:
Каспяровіч М. Карусь Каганец // Маладняк. 1928. № 10;
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979;
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 107—110, Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы Мн., 1985. С. 69—82;
Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986. № 1;
Біч М. Ад родных ніў. Грамад.-паліт. погляды Каруся Каганца // Полымя. 1988. № 3;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2. С. 375—379;
Станкевіч Л.І. Рукапісы Каруся Каганца ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І.Леніна // Кніжная культура Беларусі: Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ ЖАНР,
1) у літаратуры мастацкае ўзнаўленне канкрэтна-гіст. зместу пэўнай эпохі, а таксама вобразаў вядомых гіст. асоб. Ідэйна-эстэт. каштоўнасць твораў гістарычнага жанру вызначаецца глыбінёй пранікнення ў гіст. тэму, характары і псіхалогію людзей мінулага, грамадска-паліт., культ.-быт. і інш. сферы іх жыцця. Важнейшыя задачы гістарычнага жанру: стварэнне гіст. каларыту, суаднесенасць дакумент. фактаў і маст. вымыслу, гіст. герояў і народа.
Пра з’яўленне ўласна гістарычнага жанру ў л-ры можна гаварыць, пачынаючы з творчасці В.Скота. Сярод празаікаў, якія пісалі ў жанры гіст. рамана, таксама класікі франц. (П.Мерымэ, А.Дзюма), ням. (Т.Ман, Л.Фейхтвангер), бельг. (Ш. дэ Кастэр), рус. (А.Пушкін, Л.Талстой, А.М.Талстой), польскай (Г.Сянкевіч, Б.Прус), укр. (Т.Шаўчэнка, П.Заграбельны, І.Лэ) і інш. літаратур.
У бел. л-ры вытокі гістарычнага жанру ў стараж. летапісах, хроніках і жыціях, прадмовах Ф.Скарыны, у «Песні пра зубра» М.Гусоўскага і інш. Этапным у развіцці гіст. тэмы стаў пач. 20 ст., калі вобразы з гісторыі, легенд і нар. песень інтэрпрэтаваныя ў вобразы нар. герояў (паэмы «Курган», «Бандароўна» Я.Купалы, «Максім і Магдалена» М.Багдановіча, апавяданні «Прылукі», «Навасадскае замчышча» К.Каганца, «Лірныя спевы» і «Рунь» М.Гарэцкага).
У 1920—30-я г. да гістарычнага жанру звярталіся Е.Міровіч (драма «Кастусь Каліноўскі»), М.Грамыка («Скарынін сын з Полацка»), С.Хурсік («Францішак Скарына»), М.Гарэцкі (раман-хроніка «Віленскія камунары»), М.Танк (паэма «Каліноўскі»), Аднак гіст. дакладнасць і эпічная шматпланавасць у іх часам падмяняліся дэкларацыйнасцю і героіка-рэв. рамантызацыяй. Першай спробай у бел. л-ры па-мастацку аб’ектыўна і рэалістычна ўзнавіць гісторыю Беларусі пач. 19 ст. быў раман Б.Мікуліча «Адвечнае». Найб. набыткі ў гістарычным жанры звязаны з творчасцю У.Караткевіча («Сівая легенда», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зброя» і інш.).
Інтэнсіўна развіваецца гістарычны жанр у пасляваен. час. Напісаны раманы на гіст.-рэв. тэматыку («Сустрэнемся на барыкадах» П.Пестрака, «Засценак Малінаўка» і «На парозе будучыні» М.Лобана, «Петраград—Брэст» І.Шамякіна), дакумент.-маст. творы пра лёс бел. інтэлігенцыі 19 — пач. 20 ст. («На струнах буры» і «Стану песняй» Л.Арабей, «Кастусь Каліноўскі» А.Якімовіча, «Пры апазнанні — затрымаць» В.Хомчанкі, «На шырокі прастор» С.Александровіча, «Як агонь, як вада...» А.Лойкі, «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун, «Жыццё і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» Я.Міклашэўскага). Створаны ўзоры нац.гіст. паэмы «Хамуціус» А.Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.Танка), гіст. п’есы (трылогія «Георгій Скарына» М.Клімковіча, «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі» і «Маці ўрагану» У.Караткевіча, «Напісанае застаецца», «Русь Кіеўская» і «Прарок для Айчыны» А.Петрашкевіча, «Прымак» І.Чыгрынава, «Купала» А.Дударава, «Татры» А.Бажко, «Настасся Мякота» Я.Дылы, «Дыярыуш Мацея Белановіча» Б.Сачанкі). Пашыраюцца тэматычныя, прасторавыя і часавыя далягляды твораў гэтага жанру. Л.Дайнека даследуе вытокі станаўлення бел. дзяржаўнасці, гісторыю ўтварэння ВКЛ («След ваўкалака», «Меч князя Вячкі», «Жалезныя жалуды»). Да старонак нац. гісторыі звяртаюцца В.Іпатава («Чорная княгіня», «Давыд Гарадзенскі»), У.Арлоў («Кроніка Лаўрына Баршчэўскага», «Місія папскага нунцыя», «Пяць мужчын у леснічоўцы»), В.Чаропка («Храм без бога»), К.Тарасаў («Пагоня на Грунвальд»), Асобнае месца ў гістарычным жанры належыць творам былых рэпрэсіраваных пісьменнікаў («У кіпцюрах ГПУ» Ф.Аляхновіча, «Раман Корзюк» М.Сяднёва, «Споведзь» Л.Геніюш, «Зона маўчання», «Такія сінія снягі» С.Грахоўскага, «Забітае — не забытае» В.Хомчанкі, «Яжовыя рукавіцы» П.Пруднікава і інш.). Гіст. тэма ў сучаснай бел. л-ры развіваецца ў кірунку паглыблення дакументалізму, філасафічнасці, нац. спецыфікі.
2) У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны гіст. падзеям і дзеячам, значным з’явам у гісторыі грамадства. Цесна звязаны з партрэтам, бытавым жанрам, пейзажам, асабліва з батальным жанрам.
Творы з адлюстраваннем гіст. падзей вядомы з глыбокай старажытнасці (скульптура, рэльефы і размалёўкі Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Стараж. Грэцыі). Антычнасці найб. ўласціва міфалагічнае і паэтычнае ўспрыняцце гіст. жыцця народа. Больш адасоблена ад міфалагічнага жанру і канкрэтна асэнсавана выступіў гістарычны жанр у стараж.-рымскім мастацтве. Гіст. сюжэты сустракаюцца ў сярэдневяковых размалёўках і рэльефах Індыі, Інданезіі, Бірмы, Камбоджы, у 7 ст. ў кітайскім, у 11—12 ст. у японскім жывапісе, у 15—16 ст. у мініяцюрах Ірана, Азербайджана, Сярэдняй Азіі, Індыі. Як самастойны жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння. Італьян. мастакі 15 — пач. 16 ст. звярталіся да ант. мінулага як да ідэалу (П.Учэла, Д.Гірландайо, А.Мантэнья, П’ера дэла Франчэска). У 16 ст. Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль услаўлялі чалавека як гіст. асобу, спалучалі гіст. рэальнасць з фантазіямі і алегорыямі. Асабліва яскравага росквіту гістарычны жанр дасягнуў у Венецыі (П.Веранезе, Тыцыян, Я.Тынтарэта). З 16 ст.гіст. сюжэты сустракаюцца ў мініяцюрах стараж.-рус. абразоў. Развіццё гістарычнага жанру звязана з творчасцю буйнейшых мастакоў 17 ст.: Н.Пусэна (Францыя), Д.Веласкеса (Іспанія), П.П.Рубенса (Фландрыя), Рэмбранта (Галандыя). Для 18 ст. характэрны пампезныя гіст.-алегарычныя кампазіцыі, эфектныя манум.-дэкар. вырашэнні: гіст. тэмы Ш.Лебрэна (Францыя), Дж.Цьепала (Італія), парадныя дакументальна-дакладныя кампазіцыі А.Зубава і І.Нікіціна (Расія). У перыяд класіцызму гістарычны жанр заняў важнае месца ў творчасці Ж.Л.Давіда, А.Гро і Ж.Гудона (Францыя), А.Ласенкі, Р.Угрумава, І.Мартаса (Расія), Дж.Рэйналдса (Англія), Дж.Трамбала (ЗША). У гістарычным жанры 19 ст. акрэсліліся дзве процілеглыя тэндэнцыі: успрыняцце мінулага як сучаснасці або гераізацыя і ўзвышэнне сучаснасці да ступені гіст. факта. Значныя і трагічныя моманты гісторыі знайшлі адлюстраванне ў творах Ф.Гоі (Іспанія), Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.Дам’е (Францыя), А.Рэтэля, К.Лесінга (Германія), К.Брулова, А.Іванава (Расія), Я.Матэйкі (Польшча), М.Мункачы (Венгрыя). У канцы 19 ст. Гістарычны жанр вылучаўся цікавасцю да духоўнай атмасферы эпохі, узнятасцю над быт. канкрэтыкай, сімволікай абагульненняў, дэкар. стылізацыяй вобразаў: творы А.Радэна, П.Пюві дэ Шавана (Францыя), Ф.Ходлера (Швейцарыя), С.Выспянскага, К.Дунікоўскага (Польшча), І.Мештравіча (Харватыя), М.Несцерава, М.Урубеля, М.Рэрыха, А.Бенуа, К.Сомава, В.Сярова (Расія). Вял. ўклад у развіццё гістарычнага жанру зрабілі перасоўнікі, у творах якіх дакладнасць і пераканаўчасць бытавых характарыстык спалучалася з увагай да сац. калізій (кампазіцыі А.Апсіта, В.Васняцова, В.Верашчагіна, М.Ге, М.Неўрава, І.Рэпіна, В.Сурыкава, скульптура М.Антакольскага). Гістарычны жанр 20 ст. адметны сац. і паліт. ангажыраванасцю. Побач з канкрэтна-гіст. пашыранай стала сімволіка-алегарычная маст. інтэрпрэтацыя гісторыі ў творах О.Дзікса, Г.Грундыга, Ф.Крэмера, О.Нагеля (Германія), П.Пікасо, А.Фужэрона (Францыя), Р.Гутуза (Італія), Ф.Ходлера (Швейцарыя), А.Забранскага, К.Покарні (Чэхія), Н.Тоніцы, Б.Караджы (Румынія), С.Русева, Э.Баяджыева (Балгарыя), Дж.Андраевіч-Куна (Сербія), Г.Коса (Славенія), А.Аўгусцінчыча (Харватыя), Ф.Каварскага (Польша), Э.Даманоўскага (Венгрыя), К.Пятрова-Водкіна, К.Юона, Б.Кустодзіева, А.Дайнекі, Б.Іагансона, М.Грэкава, Я.Вучэціча, У.Фаворскага (Расія), Д.Рыверы, Х.К.Ароска, Д.Сікейраса (Мексіка), У.Ядамсурэна (Манголія), Сінсай Какую, Марукі Іры (Японія).
У бел. мастацтве гіст. сюжэтамі напоўнены мініяцюры Радзівілаўскага летапісу (15 ст.). Сустракаюцца яны ў манум. размалёўках (замкавая капліца ў Любліне, 15 ст. выканана бел. мастакамі), у кніжных гравюрах 16 ст. Ф.Скарыны і інш. У 17—18 ст.гіст. тэма прадстаўлена ў размалёўках царквы Куцеінскага манастыра, Мікалаеўскай царквы і ў Станіславаўскім касцёле ў Магілёве, касцёле кармелітаў у Мсціславе, гравюрах Т.Макоўскага, творах А. ван Вестэрфельда і А.Віта, дэкар.-прыкладным мастацтве (шпалеры карэліцкай, нясвіжскай, слонімскай, гродзенскай мануфактур).
У 18—19 ст. гістарычны жанр вельмі пашыраны ў свецкім жывапісе (І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, К.Альхімовіч, Я.Дамель, Я.Сухадольскі, В.Дмахоўскі, К.Бароўскі, Я.Траяноўскі, Я.Манюшка, І.Трутнеў, А.Ромер), графіцы (М.Падалінскі, Т.Кіслінг, М.Андрыёлі, М.Кулеша, Ф.Дмахоўскі, А.Гротгер), скульптуры (Г.Дмахоўскі, Я.Астроўскі).
У 1920—40-я г. гістарычны жанр развіваецца ад дакладнага «сухога» адлюстравання гіст. падзей, наіўнай сімволікі і алегорый да разгорнутых маст.-дакументальных эпічных кампазіцыйных панарам. Ён пераважна звязаны з падзеямі недалёкага мінулага, рэв. падзеямі, 1-й сусв. і грамадзянскай войнамі: М.Філіповіч, В.Волкаў, І.Ахрэмчык, Я.Кругер, М.Эндэ, У.Хрусталёў, К.Касмачоў, С.Андруховіч, М.Гусеў, Я.Красоўскі, І.Давідовіч, З.Мірынгоф, П.Сергіевіч, А.Шаўчэнка, Х.Ліўшыц, М.Манасзон, А.Мазалёў — у жывапісе; А.Грубэ, А.Бразер, М.Манізер, А.Бембель, М.Керзін, З.Азгур, А.Глебаў, А.Жораў — у скульптуры; І.Гембіцкі і інш. — у графіцы. У канцы 1940 — пач. 70-х г. у творах гістарычнага жанру пераважае ваенна-рэв. тэматыка, ідэалізацыя гісторыі сав. часу, гераізацыя і рамантызацыя гіст. вобразаў, апавядальнасць вобразных рашэнняў. Падзеі 1-й і 2-й сусв. войнаў, рэвалюцый 1905—07 і 1917 знайшлі адлюстраванне ў творах Я.Зайцава, Г.Бржазоўскага, Я.Ціхановіча, З.Паўлоўскага, А.Шыбнёва, У.Сухаверхава, І.Стасевіча, Н.Воранава, Ф.Бараноўскага, А.Гугеля, П.Явіча, М.Савіцкага, П.Крахалёва, Л.Рана, В.Цвіркі, Л.Асядоўскага, А.Малішэўскага, У.Стальмашонка, Б.Аракчэева, Ф.Дарашэвіча, І.Белановіча, М.Аўчыннікава, В.Сахненкі, У.Гоманава, М.Данцыга, М.Залознага (станковы жывапіс), Б.Няпомняшчага, В.Мігаль, І.Рэя, У.Крываблоцкага (манум. жывапіс), А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава, Азгура, А.Анікейчыка, Г.Мурамцава, У.Слабодчыкава, М.Канцавога, А.Курачкіна, М.Палякова (скульптура), А.Кашкурэвіча, П.Дурчына, С.Геруса, А.Дзямарына, Э.Агуновіч, В.Волкава, П.Драчова, Р.Маліноўскага, Л.Асецкага, І.Раманоўскага, Г.Паплаўскага, С.Раманава, Ю.Герасіменка-Жызнеўскага (графіка).
У 1970—90-я г. больш увагі ў гістарычным жанры аддаецца падзеям стараж. гісторыі, вобразам яе дзеячаў, нац.-вызв. барацьбе, помнікам культуры: кампазіцыі Р.Кудрэвіч, П.Сергіевіча, Л.Дударанкі, А.Марачкіна, Ф.Янушкевіча, Г.Вашчанкі, У.Пасюкевіча, Л.Шчамялёва, У.Ткачэнкі, У.Тоўсціка, А.Цыркунова, У.Мінейкі, І.Бархаткова, Я.Ждана, В.Маркаўца, В.Барабанцава, В.Шматава (у жывапісе); Бембеля, С.Вакара, Л.Гумілеўскага, Анікейчык, Э.Астаф’ева, І.Міско, М.Рыжанкова, А.Глебава, У.Церабуна, В.Янушкевіча, А.Фінскага, А.Шатэрніка (у скульптуры); Я.Куліка, М.Купавы, У. і М.Басалыгаў, М.Селешчука (у графіцы) і інш.
Л.І.Прашковіч (гіст. жанр у літаратуры), М.І.ЦыбульскіМ.Л.Цыбульскі.
Да арт.Гістарычны жанр. Д.Веласкес. Здача Брэды. 1634—35.Да арт.Гістарычны жанр. Э.Дэлакруа. Свабода, якая вядзе народ. 1830.Да арт.Гістарычны жанр. А.Апсіт. Ваенны савет у Дрысе 1 ліпеня 1812. 1912.Да арт.Гістарычны жанр. В.Сурыкаў. Раніца стралецкай кары. 1881.Да арт.Гістарычны жанр. П.Сергіевіч. Каліноўскі і Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. 1959.Да арт.Гістарычны жанр. І.Трутнеў. Рэвалюцыя 1905 года ў Вільні.Да арт.Гістарычны жанр. І.Стасевіч. У беларускіх балотах. 1958.