ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦКІ ДАХО́Д,
плата, якую атрымлівае прадпрымальнік за свае арганізатарскія здольнасці па аб’яднанні і выкарыстанні эканам. рэсурсаў (звычайна капіталу), гасп. ініцыятывы (інавацыі), магчымыя рызыкі страт. Утвараецца з часткі прыбытку, што застаецца ў распараджэнні прадпрымальніка пасля выплаты працэнтаў за капітал, узяты ў пазыку. Частку атрыманага прыбытку ён аддае ўласніку капіталу (крэдытору) у выглядзе пазыковага працэнта. У выніку прыбытак ад выкарыстання капіталу распадаецца на 2 часткі: працэнт і П.д. Такі падзел прыбытку спачатку распаўсюджваецца на пазыковы капітал, а з развіццём рыначных адносін — і на ўласны капітал. У эканам. тэорыі П.д. падзяляюць на нармальны і эканам. прыбытак. Да нармальнага адносяць т.зв. гарантаваны даход прадпрымальніка (заработную плату), да эканам. прыбытку — плату за рызыку, інавацыі, манапольную ўладу. Велічыня П.д. вагаецца часцей за кошт эканам. прыбытку. У рыначных умовах, калі пераважае акцыянерная форма ўласнасці, асн. формай П.д. можа быць дывідэнд.
У.Р.Залатагораў.
т. 12, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБА́ЎЛЕНАЯ ВА́РТАСЦЬ,
частка прыросту вартасці; вартасць прададзенага прадукту за вылікам вартасці вырабаў (матэрыялаў), што куплены і выкарыстаны для яго вытв-сці. Дабаўленая вартасць роўная выручцы, якая ўключае заработную плату з адлічэннямі на сац. страхаванне, арэндную плату, рэнту, банкаўскі працэнт, прыбытак, амартызацыйныя адлічэнні, расходы на рэкламу і інш. У многіх высокаразвітых краінах служаць асновай ускоснага падаткаабкладання.
т. 5, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СІ́МЕНС»
(Siemens),
буйная транснацыянальная карпарацыя Германіі па вырабе электроннага, энергасілавога, электратэхнічнага, мед., вайск і інш. абсталявання. Засн. Э.В.Сіменсам у Берліне ў 1847. На 1.1.2001 на прадпрыемствах «С.», якія знаходзяцца ў 190 краінах свету, працавала больш за 440 тыс. чал. У 1999/2000 фін. годзе грашовае абарачэнне карпарацыі склала 78,4 млрд. еўра, прыбытак — 3,4 млрд. Каля 70% даходу атрымана ад аперацый, якія вядуцца за межамі Германіі.
т. 14, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕФІ́С (ад франц. bènèfice прыбытак, карысць),
спектакль, увесь збор ад якога (поўны бенефіс) ці частка яго (паўбенефіс) ідзе на карысць аднаго ці некалькіх акцёраў-бенефіцыянтаў (за вылікам расходаў на спектакль). Узніклі ў Францыі ў 1735. У Расіі ўвайшлі ў практыку з 1783 (да 1809 дазваляліся таксама драматургам і кампазітарам). У СССР у 1925 бенефіс скасаваны. На Беларусі вядомыя з сярэдзіны 19 ст. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі аднаўляцца.
т. 3, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́ТНЫ КАПІТА́Л,
частка пастаяннага прадукцыйнага капіталу, вартасць якога ў працэсе яго вытв. расходавання цалкам пераносіцца на прадукт і цалкам вяртаецца да прадпрымальніка ў грашовай форме ў канцы кожнага кругаабароту капіталу. Да абаротнага капіталу адносіцца капітал, авансаваны на куплю сыравіны, паліва, дапаможных матэрыялаў і інш. прадметаў працы, а таксама пераменны капітал. Абаротны капітал абарачаецца хутчэй за асноўны капітал. Чым большая доля абаротнага капіталу ў авансаваным капітале, тым меншы час абароту ўсяго капіталу і большы прыбытак.
т. 1, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВІДЭ́НД (ад лац. dividendus падлеглы падзелу),
частка агульнай сумы чыстага прыбытку акц. т-ва, што размяркоўваецца паміж акцыянерамі ў адпаведнасці з акцыямі, якія ў іх ёсць. Даходы акцыянерам выплачваюцца наяўнымі грашамі або акцыямі. Памеры Д. вар’іруюцца для звычайных і застаюцца фіксаванымі для прывілеяваных акцый. Калі становішча кампаніі пагаршаецца, яна можа выплачваць Д. з атрыманых раней даходаў. Лічба, што паказвае, у колькі разоў прыбытак кампаніі перавышае суму Д., якую яна выплачвае, называецца пакрыццём па д.
т. 6, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ РЭ́НТА,
дадатковы прыбытак, які ствараецца ў выніку затрат працы на сярэдніх і лепшых зямельных участках пры павышэнні прадукцыйнасці ці дадатковых укладанняў капіталу і прысвойваецца ўласнікам зямлі; адна з форм зямельнай рэнты. Крыніца яе — лішак прыбавачнай вартасці, што ствараецца працай с.-г. наёмных рабочых над сярэднім прыбыткам, і ўзнікае праз больш высокую прадукцыйнасць працы на адносна лепшых зямельных участках (больш урадлівых ці размешчаных бліжэй да месца збыту або ў якія ўкладзены дадатковы капітал).
т. 6, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕТРО́БРАЗ»
(Petróbraz),
дзяржаўная нафтагазавая і нафтахім. кампанія Бразіліі. Праводзіць геолага-разведачныя работы, здабычу, перапрацоўку і збыт нафты і газу ўнутры краіны, а таксама знешнегандлёвыя аперацыі з гэтымі таварамі. Засн. ў 1954. Мае 87 даччыных і асацыіраваных кампаній, 11 нафтаперапр. з-даў, сетку нафтаправодаў, нафтасховішчы і танкерны флот. Вядзе пошукі на нафту ў Лівіі, Конга, Індыі, Іране, Анголе і інш. Аб’ём продажу 14,8 млрд. дол. ЗША, чысты прыбытак 765 млн. дол., занята 67 тыс. чал. (канец 1980-х г.).
т. 12, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НІЁР ((Senior) Насаў Уільям) (26.9.1790, г. Комптан, Вялікабрытанія — 4.6.1864),
англійскі вучоны-эканаміст. Скончыў юрыд. ф-т Оксфардскага ун-та (1815), у 1825—30 і 1847—52 праф. эканомікі у гэтым ун-це. Працаваў у шэрагу ўрадавых камісій па пытаннях працы ў прам-сці. Гал. твор — «Асноўныя пачаткі палітычнай эканоміі» (1836). Аўтар тэорыі «ўстрымання», паводле якой прыбытак з’яўляецца ўзнагародай за адмаўленне ад расходавання сродкаў на непрадукц. мэты. Аналізуючы сцвярджэнні Р.Мальтуса, даказваў, што рост дабрабыту павінен аўтаматычна забяспечваць кантроль росту насельніцтва.
т. 14, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р ПАСТА́ЎКІ,
пагадненне, у адпаведнасці з якім арганізацыя-пастаўшчык абавязваецца паставіць арганізацыі-пакупніку прадукцыю (тавары) ва ўстаноўлены тэрмін, па ўзгодненай цане і ў адпаведнасці з узгодненымі тэхн. патрабаваннямі. У дагаворы пастаўкі вызначаецца наменклатура (асартымент), колькасць і якасць прадукцыі (тавараў), тэрміны пастаўкі і цана, а ў доўгатэрміновым дагаворы па працяглых прамых гасп. сувязях — найменне, групавая наменклатура (асартымент) і колькасць прадукцыі, парадак і тэрмін узгаднення і прадастаўлення спецыфікацый. Пры адсутнасці гэтых умоў дагавор пастаўкі лічыцца незаключаным. За парушэнне абавязкаў дагавора пастаўкі плаціцца няўстойка (штраф, пеня) і кампенсуюцца страты (панесеныя расходы і неатрыманы прыбытак).
т. 5, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)