БАЙКО́Т (англ. boycott),

1) поўная ці частковая адмова ад падтрымання адносін з пэўнай асобай, арг-цыяй ці дзяржавай, каб прымусіць іх задаволіць тыя ці інш. эканам. або паліт. патрабаванні. Можа ажыццяўляцца і па рашэнні Савета Бяспекі ААН.

2) Адмова ад выканання функцый ці ад карыстання пэўнымі правамі ці чыімі-н. паслугамі з тымі ж мэтамі (адмова ад удзелу ў выбарах, адмова рабочых наймацца на работу да прадпрымальніка як пратэст супраць яго дзеянняў і гэтак далей).

3) У пераносным сэнсе — спыненне адносін з пэўнай асобай у знак пратэсту.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТРА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

песні батракоў, парабкаў, наймітаў у памешчыцкіх або кулацкіх гаспадарках; сацыяльна-бытавая нар. пазаабрадавая лірыка. Змест іх — скарга на гаротнае жыццё, цяжкую працу, здзекі гаспадара, сац. пратэст. Глыбінёй пачуцця вылучаюцца песні парабчанкі-сіраты, вымушанай жыць на «служэбным хлебе», што ела «ў сенцах за дзвярмі, аблівалася слязьмі», і наогул найміткі, бо яе хлеб таксама горкі («хто яго ўкусіць, той плакаці мусіць»). Батрацкія песні ўвабралі ў сябе больш раннія бурлацкія і некаторыя прымацкія песні, блізкія да іх сац. гучаннем.

Літ.:

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНЫ ЗВОН»,

газета, орган Цэнтральнага саюза беларускіх культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза). Выдавалася з 10.10 да 16.12.1930 у Вільні на бел. мове. Апублікавала адозву гал. выбарчага к-та Цэнтрасаюза да выбаршчыкаў у сувязі з выбарамі ў польск. сейм і сенат восенню 1930, «Наказ» кандыдатам у дэпутаты як праграму дзеянняў. Акцэнтавала ўвагу на барацьбе за паляпшэнне сац.-эканам. становішча насельніцтва і бел. асветы ў Зах. Беларусі ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму ў Польшчы. Змясціла інфармацыю пра арышты дэфензівай вучняў Клецкай бел. гімназіі, пратэст Цэнтрасаюза супраць арыштаў работнікаў навукі і культуры ў БССР. Выйшла 7 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЗДНАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1861,

выступленне сялян Казанскай губ. Расіі ў адказ на сялянскую рэформу 1861.

Пачалося ў в. Бездна Спаскага пав. пад кіраўніцтвам селяніна А.​Пятрова (А.​П.​Сідарава), які абвясціў сялянам, што ўся зямля належыць ім і што яны не павінны больш працаваць на паноў. Хваляванні ахапілі больш як 75 вёсак. Каля 10 тыс. чалавек адмовіліся адбываць паншчыну, выконваць распараджэнні адміністрацыі, забіралі панскае збожжа. 12 крас. ў Бездну прыбыў карны атрад і пачаў страляць у натоўп сялян. Было забіта і паранена больш за 350 чал., многія арыштаваны, пакараны розгамі. Пятрова расстралялі. Расправа над удзельнікамі Безднаўскага выступлення выклікала пратэст дэмакр. колаў у Расіі і за мяжою.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛАПІ́КАЛА ((Dallapiccola) Луіджы) (3.2.1904, г. Пазін, Славенія — 17.2.1975),

італьян. кампазітар, піяніст, педагог. Чл. Міжнароднага музычнага савета. Скончыў кансерваторыю ў Фларэнцыі (клас фп., 1924; кампазіцыі, 1931), у 1934—67 выкладаў у ёй (прафесар), а таксама ў ЗША (1951—57), на летніх курсах Моцартэума ў Зальцбургу (1963—64). З 1930 канцэртаваў. У пач. творчасці схіляўся да італьян. неакласіцызму, потым выкарыстоўваў дадэкафонію, серыйную тэхніку, не адмаўляючыся ад дыятонікі і напеўнай мелодыкі. У многіх творах выяўляў свабодалюбныя памкненні асобы, пратэст супраць насілля (оперы «Начны палёт», 1940, «Вязень», 1948, «Уліс», 1968; кантата «Песні вязняў», 1941). З інш. твораў: балет «Марсій» (паст. 1948), містэрыя «Іоў» (1950), кантаты, хары, інстр. канцэрты.

т. 6, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЁНСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1831 і 1834,

узброеныя выступленні рабочых і рамеснікаў, занятых у шаўкаткацкай вытв-сці г. Ліён (Францыя) у перыяд Ліпеньскай манархіі. Паўстанне 1831 пачалося 21 ліст. ў адказ на адмову ўладальнікаў мануфактур павысіць заработную плату і прыняць новыя расцэнкі. 23 ліст. паўстанцы авалодалі горадам, але 1—3 снеж. былі пераможаны ўрадавымі войскамі. Паўстанне 1834 мела пераважна рэсп. характар, было накіравана на заваяванне дэмакр. свабод і абарону правоў працоўных. Пачалося 9 крас. як пратэст супраць забароны рабочых асацыяцый і расправы ўлад над удзельнікамі стачкі (лют. 1834). Праходзіла пад кіраўніцтвам Аб’яднанага к-та рэсп.-дэмакр. арг-цый на чале з Ш.​Лагранжам. 15 крас. жорстка задушана войскамі.

т. 9, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСІМІ́, Насімі (сапр. Сеід Імадзеддзін; каля 1369, г. Шэмаха, Азербайджан — 1417),

азербайджанскі паэт; пачынальнік азерб. літ. мовы. Вывучаў тэалогію, матэматыку, логіку, астраномію. Падарожнічаў па краінах Б. Усходу. Прыхільнік пантэізму. Пакараны царквой як ерэтык. Пісаў на азерб., араб. і перс. мовах. Майстар жанраў газелі, рубаі і туюг (чатырохрадкоўяў). У містычнай форме выказваў пратэст супраць сац. прыгнёту з боку феадалаў і духавенства, асуджаў рэліг. перажыткі, прымхлівасць. Паэтызаваў зямныя радасці, услаўляў розум чалавека, імкнуўся распазнаць таямніцы жыцця. Творы Н. адметныя багаццем паэт. сродкаў, метафарычнасцю мовы, дакладнасцю метрыкі, гуманіст. зместам.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. лирика. Т. 1—2. Баку, 1973—76;

Лирика. М., 1973.

Літ.:

Араслы Г.Т. Имадеддин Несими. Баку, 1973.

т. 11, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЮЦЬ (Алесь) (Аляксандр Макаравіч; 6.10.1908, в. Скорычы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 26.10.1944),

бел. паэт. Удзельнік Айч. вайны, загінуў на фронце ва Усх. Прусіі. Друкаваўся з 1928 у зах.-бел. прэсе. Асн. матывы творчасці — пратэст супраць сац. і нац. несправядлівасці, заклік да грамадзян. актыўнасці і салідарнасці прыгнечаных, паэтызацыя маральнага самаўдасканалення чалавека, апяванне хараства роднага краю. Пасля 1939 у вершах і артыкулах услаўляў новае жыццё.

Тв.:

У кн.: Мы іх не забудзем. Мн., 1949;

У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965;

У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1967.

Літ.:

Багдановіч І. Лёс, апалены вайной: Бел. паэт Алесь Мілюць, ураджэнец вёскі Скорычы // Першыя і Другія карэліцкія краязнаўчыя чытанні: Да 600-годдзя Карэліч і Міра. Карэлічы;

Мн., 1995.

А.Мілюць.

т. 10, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЗІ, Ады (Ady) Эндрэ (22.11.1877, с. Эрміндсент, Венгрыя — 27.1.1919), венгерскі паэт, публіцыст. Вучыўся ў Дэбрэцэнскім ун-це. Першы зб. «Вершы» (1899). У зб-ках «Новыя вершы» (1906), «Кроў і золата» (1907), «Хацеў бы, каб мяне любілі» (1909), «На чале мерцвякоў» (1918), прасякнутых рэв.-рамант. сімволікай, вытокі якой у фалькл. і біблейскіх вобразах, — непрыняцце тагачаснай рэчаіснасці, душэўная драма і пакуты чалавека 20 ст., трагізм венгерскай гісторыі, пратэст супраць сусв. вайны і адначасова вера ў ачышчальную сілу дэмакр. рэвалюцыі. У вершах традыцыі класічнай венг. паэзіі цесна перапляталіся з мадэрнісцкімі павевамі. Пасмяротны зб. «Апошнія караблі» (1923). На бел. мову асобныя яго вершы перакладалі М.​Аўрамчык, М.​Калачынскі, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, М.​Хведаровіч.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1975;

[Стихи] // Венгерская поэзия, XX век. М., 1982.

Э.Адзі.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕЛА́ЙЦІС ((Donelaitis) Крысціёнас) (1.1.1714, в. Лаздзінеляй, Усх. Прусія, цяпер Калінінградская вобл., Расія — 8.2.1780),

літоўскі паэт, заснавальнік жанру байкі ў літ. л-ры. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1740). З 1743 святар лютэранскага прыхода. Найб. значны твор — паэма «Поры года» (1765—75, апубл. 1818; перакладзены на многія мовы свету). У ёй шматгранна і рэалістычна паказаў працу, побыт, нар. звычаі, маляўнічую прыроду Літвы, раскрыў сац. супярэчнасці, стварыў яркія самабытныя характары. У яго байках (захавалася 6, апубл. ў 1824) крытыка чалавечых заган, пратэст супраць сац. і нац. прыгнёту. На бел. мову асобныя творы Д. пераклаў А.​Зарыцкі.

Тв.:

Бел. пер. —Чатыры пары года. 2 выд. Мн., 1983;

Рус. пер. — Времена года: Басни. Л., 1960.

Літ.:

Довейка К. Кристионас Донелайтис: Пер. с лит. Вильнюс, 1963.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)