ПРА́ВА ЎЛА́СНАСЦІ,

сукупнасць прававых норм, якія замацоўваюць прыналежнасць маёмасці пэўным асобам, устанаўліваюць аб’ём і змест правоў уласніка, спосабы і межы іх ажыццяўлення, а таксама гарантуюць ахову і абарону правоў і інтарэсаў уласніка. Побач з паняццем П.ў. як сукупнасці юрыд. норм (П.ў. ў аб’ектыўным сэнсе) існуе паняцце П.ў. ў суб’ектыўным сэнсе як устаноўленая заканадаўствам мера дазволеных паводзін уласніка па валоданні, карыстанні і распараджэнні маёмасцю. Уласнік правамоцны ажыццяўляць у адносінах маёмасці, што яму належыць, любыя дзеянні, якія не супярэчаць заканадаўству, грамадскай карысці і бяспецы, не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю, гіст.-культ. каштоўнасцям і не ўшчамляюць правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў інш. асоб. Ён мае права адчужаць сваю маёмасць ва ўласнасць інш. асоб, перадаваць ім права валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, застаючыся ўласнікам, аддаваць маёмасць у залог, распараджацца ім іншым чынам. Уласнік нясе цяжар утрымання маёмасці, што яму належыць, і рызыкі выпадковай яе гібелі або псавання, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або дагаворам. Змест правамоцтваў уласніка вызначаецца цывільным, канстытуцыйным, зямельным, фінансавым і інш. галінамі права. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь замацоўвае 2 формы ўласнасці: дзярж. і прыватную. Суб’ектамі права дзярж. уласнасці выступае Рэспубліка Беларусь (рэсп. ўласнасць) і адм.-тэр. адзінкі (камунальная ўласнасць). Законам вызначаюцца віды маёмасці, якая можа знаходзіцца толькі ў дзярж. уласнасці. Суб’ектамі права прыватнай уласнасці з’яўляюцца фіз. і недзярж. юрыд. асобы. Правы ўсіх уласнікаў абараняюцца аднолькава. Дзяржава гарантуе стабільнасць адносін уласнасці.

І.​П.​Кузьміч.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСПЛО́ДНАСЦЬ, бясплоддзе,

няздольнасць дарослага арганізма даваць жыццяздольнае патомства. Пры адсутнасці цяжарнасці на працягу года і болей пры рэгулярным палавым жыцці без засцярогі шлюб лічаць бясплодным. Пры відавочнай паталогіі мужа ці жонкі дыягназ бясплоднасць правамоцны і раней. Бясплодны шлюб (паводле даных многіх краін складае 10—30%, у сярэднім 15%; 1995) — медыка-дэмаграфічная праблема дзярж. значнасці. Рост бясплоднасці можа абумоўлівацца ўздзеяннем паталогіі экалагічных фактараў, некаторых кантрацэптываў, міграцыяй насельніцтва, нездаровым ладам жыцця, абортамі і інш. Яна выклікае больш хуткае старэнне арганізма, павышаную схільнасць да захворванняў (пухліны), скарачае працягласць жыцця.

Адрозніваюць бясплоднасць: першасную і другасную, абсалютную і адносную, прыроджаную і набытую, часовую і пастаянную, фізіял. і паталагічную, функцыян. і арган., добраахвотна ўсвядомленую і насільна вымушаную. Агульныя прычыны бясплоднасці: парушэнне сперматагенезу, аагенезу, працэсаў зачацця — апладнення і перамяшчэння аплодненай яйцаклеткі да імплантацыі. Першасная бясплоднасць (да 70—80%, дзетанараджэнне немагчыма з пачатку палавога жыцця) абумоўлена эндакрыннай паталогіяй, другасная (20—30%, былі цяжарнасці і роды, фактары бясплоднасці выявіліся пазней) — запаленчымі хваробамі. Прычыны бясплоднасці ў жанчын (да 70% ад усіх выпадкаў бясплоднасці) — трубныя, перытаніяльныя, эндакрынныя, матачныя і шыйкавыя фактары (няправільнае развіццё ўсяго арганізма, палавых органаў, парушэнні дзейнасці яечнікаў і інш. залоз унутр. сакрэцыі, недахоп у арганізме вітамінаў, хранічныя запаленчыя хваробы і пухліны, спайкавыя працэсы і інш.). Да 30% выпадкаў бясплоднасці ў мужчын звязаны з паталаг. зменамі семя або хваробамі і недахопамі развіцця семявывадных шляхоў (наяўнасць, жыццяздольнасць і рухомасць сперматазоідаў, марфалогія і характар семянной плазмы); бывае пасля ганарэі і туберкулёзу. Лячэнне накіравана на ліквідацыю прычыны бясплоднасці — тэрапеўтычнае і хірургічнае, а таксама штучнае апладненне спермай мужа (ШАМ) ці донара (ШАД), штучнае экстракарпаральнае апладненне (ЭКА).

У жывёл бясплоднасць бывае прыроджаная і набытая. Бясплоднай лічаць маладую самку, што не апладнілася праз месяц пасля дасягнення фізіял. спеласці (у цялушак пасля 18 месяцаў, у кабыл 3 гады, у ярак 12 месяцаў, у свінак 8—9 месяцаў), і самку, што праз месяц пасля родаў была асемянёна, але не апладнілася. Бясплоднымі могуць быць і самцы. Асн. прычынамі, што парушаюць палавую функцыю ў жывёл, лічаць недастатковае ці залішняе кармленне с.-г. жывёл, недахоп вітамінаў (A, E, D, B і інш.), мінер. рэчываў (кальцыю, фосфару) і мікраэлементаў (ёду, кобальту, медзі, марганцу, цынку), перакормліванне канцэнтраванымі кармамі, недастатковае кармленне цяжарнай жывёлы і той, што расце. Пры бясплоднасці, выкліканай парушэннямі правіл штучнага асемянення або злучкі, змен у палавых органах не ўстанаўліваюць. Прычынай бясплоднасці могуць быць захворванні палавых органаў, паталагічныя роды, затрымка паследу, субінвалюцыя маткі, захворванні на трыхаманоз, кампілабактэрыёз, бруцэлёз і інш.

І.​У.​Дуда (бясплоднасць у чалавека).

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)