ІЛЮ́ЗІІ (ад лац. illusio падман, памылковы погляд),
скажонае ўспрыманне рэчаіснасці, падман успрымання. 1) І. ўспрымання абумоўлены псіхал. фактарамі, оптыкай вока, дзеяннем асаблівых умоў назірання і інш.; уласцівыя ўсім людзям. Найб. шматлікія зрокавыя І. (падманы зроку), якія ўзнікаюць пры адлюстраванні некат. прасторавых уласцівасцей прадметаў (даўжыні адрэзкаў, велічыні прадметаў і вуглоў, адлегласцей паміж прадметамі, формы) і руху. Зрокавыя І. шырока выкарыстоўваюцца ў жывапісе і архітэктуры.
2) І., абумоўленыя асаблівым станам псіхікі (напр., страхам, стомленасцю, трывожна-прыгнечаным настроем); часцей сустракаюцца ў людзей з вострымі і хранічнымі псіхічнымі расстройствамі; наяўнасць аб’екта, які ўспрымаецца памылкова, адрознівае І. ад галюцынацый.
3) Надзеі на што-небудзь, пазбаўленыя рэальных падстаў; мары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН ((Kahn) Герман) (15.2.1922, г. Беён, ЗША — 7.7.1983),
амерыканскі сацыёлаг, адзін з заснавальнікаў футуралогіі. У 1948—61 супрацоўнічаў з карпарацыяй РЭНД па распрацоўцы пытанняў вайск. стратэгіі ЗША (працы «Аб тэрмаядзернай вайне», 1960; «Аб эскалацыі: метафары і сцэнарыі», 1965, і інш.). Арганізатар і кіраўнік (з 1961) Гудзонаўскага ін-та, які стаў міжнар. цэнтрам па распрацоўцы сац., паліт., эканам., тэхн. і інш. прагнозаў. У футуралагічных працах «Год 2000-ы» (1967), «Наступныя 200 гадоў» (1976) і інш. (напісаны ў сааўтарстве з супрацоўнікамі Гудзонаўскага ін-та) выступаў прыхільнікам канцэпцыі постіндустрыяльнага грамадства. Станоўчы погляд К. на будучыню сучаснага чалавецтва заснаваны на тэхнал. аптымізме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСКО́ (Алесь) (Аляксандр Канстанцінавіч; н. 10.12.1951, в. Чудзін Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1976). Працаваў у рэдакцыі газ. «Сельская праўда» ў г. Жабінка Брэсцкай вобл., з 1984 у Брэсце на абл. студыі тэлебачання, у абл. аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1968. У нізцы вершаў «Вестка» (зб. «Нашчадкі», 1979), паэт. зб-ках «Скразная лінія» (1982), «Набліжэнне» (1989); «Час прысутнасці» (1994, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1995), «45» (1996) шчырая захопленасць роднымі краявідамі, роздум пра мінулае і аптыміст.погляд на будучыню свайго краю. Піша для дзяцей. Творчасць адметная філасафічнасцю, багатай вобразнасцю, тэхн. дасканаласцю. Перакладае з рус., укр., польскай, македонскай моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КВАДРА́Т»,
бел.маст. аб’яднанне ў Віцебску ў 1987—94. Створана мастакамі розных відаў, жанраў і кірункаў мастацтва (А.Малей, М.Дундзін, А.Дасужаў, А.Слепаў, В.Чукін, В.Шылко, В.Шчасны, да 1990 — В.Міхайлоўскі, Т. і Ю. Рудэнкі) як альтэрнатыва афіц. плыні ў мастацтве (т. зв. сацрэалізму). За гал. канцэпцыю дзейнасці «К.» былі ўзяты ідэі К.Малевіча і аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», права на творчы эксперымент і самаст.погляд на праблемы мастацтва. Вял. увагу аддавалі адраджэнню духоўнасці, правядзенню маст. акцый і акцый-выставак («Эксперымент», прысвечаная 110-годдзю Малевіча, 1988, Віцебск, і інш.), у т. л. сумесных з мастакамі інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПЕ́КТ (ад лац. aspectus погляд, выгляд),
1) пункт погляду, з якога разглядаюцца прадметы, паняцці, з’явы; разуменне чаго-н. у пэўнай плоскасці.
2) У экалогіі — знешні выгляд расліннага згуртавання (фітацэнозу) у залежнасці ад пары года і відавога складу раслін. Ствараецца з агульнага фону расліннасці. Адрозніваюць аспект сезонны (па сезонным стане расліннасці) і аспект прыватны (паводле віду пераважных раслін, якія цвітуць або пладаносяць). Аспект наз. звычайна па афарбоўцы раслін, якія пераважаюць (напр., блакітны Аспект незабудкі, залаціста-жоўты аспект адонісу, буры аспект лісця высахлай асакі). Звычайна аспекты фітацэнозаў пастаянныя на працягу шэрагу гадоў і парушаюцца толькі ў гады масавага цвіцення або плоданашэння асобных відаў. Змена аспектаў рэгіструецца метадам каляровай фатаграфіі з зямлі або з космасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІ́Р ХАСРО́Ў (Абу Муін) (1004, Кубадзіян, каля г. Балх, Афганістан — пасля 1072),
таджыкскі і персідскі паэт, філосаф, рэліг. дзеяч. У 1046—52 знаходзіўся ў Егіпце, свае ўражанні апісаў у «Кнізе падарожжа» («Сафар-наме»), Прыхільнік ідэалогіі ісмаілітаў. Пасля вяртання на радзіму праследаваўся як ератык і апошнія гады жыцця правёў у выгнанні ў гарах Паміра. Пісаў касыды панегірычнага, элегічнага, сатыр., рэліг. характару, любоўныя вершы, дыдактычныя паэмы. Захаваліся рэліг.-філас. трактаты, дыван (12 тыс. бейтаў — двухрадкоўяў), дыдактычная паэма «Раўшанайі-наме» (1053), у якіх асуджае прыдворную паэзію, выказвае спачуванне беднякам, абвінавачвае артадаксальнае духавенства, якое, на яго погляд, перашкаджала развіццю навук. і філас. думкі.
Тв.:
Рус.пер. — Лирика. М., 1979.
Літ.:
Ашуров Г. Философские взгляды Носири Хисрава. Душанбе, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́НІН (Міхаіл Сяргеевіч) (18 ці 29.12. 1787, С.-Пецярбург — 15.12.1845),
расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. 3 дваран. У 1803—15 на ваен. службе. Удзельнічаў у Аўстэрліцкай бітве 1805, Прускім паходзе 1807, вайне 1812 і замежным паходзе рус. арміі 1813—14; за бітву пры Барадзіно ўзнагароджаны залатой шпагай з надпісам «За храбрасць». У 1816—17 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Сен-Сімонам, перайшоў у каталіцтва. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», адзін з заснавальнікаў «Саюза працвітання» (1818), чл. Паўночнага т-ва (1820). Прыхільнік рэспублікі, у праграму прапанаваў царазабойства. З 1822 зноў на ваен. службе (у Ружанах, Слуцку), з 1824 падпалкоўнік лейб-гвардыі Гродзенскага гусарскага палка, ад’ютант вял. князя Канстанціна Паўлавіча ў Варшаве. 9.4.1826 арыштаваны і асуджаны па 2-му разраду (паліт. смерць і вечная катарга, пазней скарочана да 10 гадоў). Адбываў пакаранне ў турмах (1826—28), у Сібіры на катарзе (1828—35) і ў ссылцы (1836—41). У сак. 1841 зноў арыштаваны паводле даносу і зняволены ў Акатуйскую турму (Чыцінская вобл.), дзе і памёр пры нявысветленых абставінах. У 1836—41 напісаў і часткова распаўсюдзіў у рукапісах творы нелегальнай л-ры: «Пісьмы з Сібіры» (абгрунтоўваў гіст. слушнасць дзекабрысцкага руху), «Погляд на рускае тайнае таварыства з 1816 да 1826 года» (першая гісторыя дзекабрызму), «Дослед гістарычны» (крытыка нарманскай тэорыі, падкрэслена роля літоўскіх князёў у вызваленні ад татарскага ярма), «Погляд на польскія справы...» (прысвечаны паўстанню 1830—31), «Грамадскі рух у Расіі...» (бесцэнзурная гісторыя краіны ў 1825—40) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́Р’ЕЎ (Апалон Аляксандравіч) (каля 1.8.1822, Масква — 7.10.1864),
рускі літаратурны крытык і паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1842). У 1850—56 вядучы крытык час. «Москвитянин». Напачатку яго артыкулам характэрна рамантызацыя патрыярхальнага ўкладу (асабліва прыхільна ставіўся да твораў А.М.Астроўскага), пазней — гістарызм крытычнага метаду («Погляд на рускую літаратуру пасля смерці Пушкіна», 1859; «Пасля «Навальніцы» Астроўскага», 1860; «Аб развіцці ідэі народнасці ў нашай літаратуры» 1861—62; «Вершы М.Някрасава», 1862). Лірычны герой паэт. твораў Грыгор’ева — рамант. асоба лермантаўскага тыпу з высокімі і стыхійнымі страсцямі (драма «Два эгаізмы» і паэма «Алімпій Радзін», абедзве 1845; зб. «Вершы», 1846; цыкл «Барацьба», 1857). Аўтар апавяданняў, аўтабіягр. аповесцей.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1990.
Літ.:
Носов С.Н. Аполлон Григорьев: Судьба и творчество. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ БЕЛЕ́ ((Du Bellay) Жаашэн) (1522, Лірэ, каля г. Шале, Францыя — 1.1.1560),
французскі паэт. Адзін з кіраўнікоў літ. групы «Плеяда», у маніфесце якой «Абарона і праслаўленне французскай мовы» (1549) сфармуляваў шляхі абнаўлення франц. паэзіі — заснаванне новых жанраў, узбагачэнне моўных сродкаў, наследаванне ант. паэтам і інш. Аўтар зб. санетаў «Аліва» (1549—50) і зб. од «Лірычныя вершы» (1549). У 1553—57 жыў у Рыме, дзе стварыў свае лепшыя зб-кі санетаў «Старажытнасці Рыма» і «Шкадаванні», зб. од і элегій «Сельскія гульні» (усе апубл. 1558), якія перадаюць італьян. ўражанні паэта — яго адмоўнае стаўленне да каталіцкага Рыма, погляд на гісторыю развіцця чалавецтва, асуджэнне войнаў, туга па радзіме.