ЭФТАЛІ́ТЫ, белыя гуны,
аб’яднанне ўсх.-іранскіх плямён (5—6 ст.), якія ўтварылі дзяржаву — т.зв. Эфталіцкае царства на тэр. Сярэдняй Азіі, Афганістана, Паўн.-Зах. Індыі і Усх. Туркестана (цяпер тэр. Кітая). Асн. тэр. іх дзяржавы, верагодна, знаходзілася ва Усх. Афганістане і Тахарыстане. У пач. 5 ст. Э. разгарнулі ваен. дзеянні супраць Сасанідаў дзяржавы, якую прымусілі плаціць сабе даніну, у 460-я г. пакарылі Паўн.-Зах. Індыю. Эфталіцкае аб’яднанне было нетрывалым і распалася пад ударамі войск інд., сасанідскіх і цюркскіх правіцеляў: у Індыі ў 530-я г., у Сярэдняй Азіі і Афганістане ў 560-я г.
т. 18, кн. 1, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКО́ЛЬ,
від кароткатэрміновага крэдыту, які выдаецца банкам на няпэўны тэрмін з прадастаўленнем пазычальніку права выкарыстоўваць гэты крэдыт паступова. Выдаецца па першым патрабаванні крэдытора. Выкарыстоўваецца банкамі для падтрымання неабходнага ўзроўню іх ліквіднасці. Анколь, як правіла, забяспечваецца залогам тавараў, вэксаляў і каштоўных папер. Ад звычайнай пазыкі адрозніваецца тым, што сума доўгу і сума забеспячэння маюць бягучы характар і па патрабаванні кожнага з бакоў у любы момант можа быць спынены. Пазычальнік плаціць банку працэнты толькі за фактычна ўзятыя сумы. У знешнім гандлі анколь прадугледжвае пастаўку тавару з фіксацыяй цаны, якая вызначаецца на аснове каціроўкі адпаведнай біржы ў выбраныя пакупніком дні.
Г.І.Краўцова.
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАГАНДЛЁВЫ СТАТУ́Т 1667,
закон пра ўнутр. і знешні гандаль, выдадзены ў Расіі па ініцыятыве кіраўніка Пасольскага прыказа А.Л.Ардына-Нашчокіна. Меў на мэце папаўненне дзярж. казны і падтрымку рас. купецтва. Н.с. развіваў нормы гандл. статута 1653, уніфікаваў пошліны, абмяжоўваў гандаль іншаземцаў. Замежныя купцы абавязваліся гандляваць оптам у памежных гарадах, а пры праездзе ў глыб краіны плаціць акрамя мытнай дадатковыя пошліны з тавару і за праезд, што разам у 4 разы перавышала зборы з рас. купцоў. Іншаземцам забаранялася на тэр. Расіі гандляваць паміж сабой. Найб. высокімі пошлінамі абкладаліся прадметы раскошы, віны, цукар і інш. Н.с. 1667 — тыповы прыклад правядзення дзярж. палітыкі пратэкцыянізму.
т. 11, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗРА́ІЛЬСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава (каля 928—722 да н.э.) у Паўн. Палесціне. Узнікла пасля распаду адзінага Ізраільска-Іудзейскага царства і аб’ядноўвала 10 з 12 ізраільска-іудзейскіх плямён. Першы цар — Іераваам I [928—907 да н.э.]. Сталіцы — г. Сіхем (сучасны Наблус), пасля 876 да н.э. — Самарыя. Аснова эканомікі — земляробства, рамёствы і гандаль (праз Палесціну праходзілі шляхі міжнар. гандлю). Падтрымлівала эканам. і культ. сувязі з Фінікіяй, Егіптам і інш. краінамі. Бесперапынныя войны з суседзямі, у т. л. з Іудзейскім царствам, аслаблялі дзяржаву. Найб. трывалае становішча І.ц. было пры цару Омры [882—871 да н.э.] і яго пераемніках у 871—842 да н.э. Цар Йеху [841—814 да н.э.] быў вымушаны плаціць даніну Асірыі. У 722 да н.э. заваявана асірыйскім царом Сарганам II.
т. 7, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ГАР (?—945),
вялікі князь кіеўскі ў 912—945. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сын Рурыка (гл. Рурык—Сінявус—Трувор). У 913 прымусіў драўлян і улічаў плаціць даніну Кіеву. У 915 заключыў мір з печанегамі, у 920 ваяваў з імі. У 941 здзейсніў з войскам марскі паход супраць візант. правінцый у М. Азіі, але пацярпеў паражэнне ад візант. палкаводца Феафана. У 944 з дапамогай варагаў і печанегаў ажыццявіў на лодках і конным строем вял. паход да нізоўяў Дуная, чым прымусіў візант. ўрад прапанаваць яму даніну ў абмен на мір. Паводле рус.-візант. дагавора 944 гарантавалася бяспека рус. паслам, купцам і воінам, якія прыбывалі ў Візантыю. У 945 1. пры спробе (насуперак звычаю) узяць другі раз за год даніну з драўлян забіты імі.
Літ.:
Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986.
т. 7, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЗА́РСКІ КАГАНА́Т,
дзяржаўнае ўтварэнне, створанае хазарамі ў 7 ст. Напачатку сталіцай каганата быў г. Семендэр у Дагестане, пасля яго разгрому арабамі ў 735 — г. Ітыль на ніжняй Волзе. У час свайго росквіту ў 8—9 ст. уключаў Паўн. Каўказ, Прыазоўе, б.ч. Крыма, стэпавыя і паўстэпавыя тэр. да р. Дняпро; многія ўсх.-славянскія плямёны, у т. л. радзімічы, севяране, вяцічы, былі вымушаны плаціць Х.к. даніну. З 1-й пал. 8 ст. ў Х.к. пачалося пашырэнне іудаізму, які ў канцы 8 — пач. 9 ст. абвешчаны дзярж. рэлігіяй. У канцы 9 ст. Паўн. Прычарнамор’е захапілі печанегі, у выніку чаго пачаўся заняпад каганата. У 960-я г. кіеўскі князь Святаслаў Ігаравіч зрабіў паход на Волгу і зруйнаваў найважн. цэнтры Х.к. Да канца 10 ст. каганат спыніў існаванне.
Літ.:
Артамонов И.И. История хазар. 2 изд. СПб., 2001;
Гумилев Л.Н. Открытие Хазарии. М., 2001.
т. 16, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЎЧАНКА Сяргей Усеваладавіч (н. 13.5.1949, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1971). З 1971 акцёр Нац. акад. т-ра імя Я.Купалы. Яго творчасці ўласцівы майстэрства пераўвасаблення, здольнасць да пошуку адметных фарбаў і адценняў характарыстыкі вобразаў.
Сярод значных роляў: Данілка («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Драгун, Дамаш («Парог», «Князь Вітаўт» А.Дударава), Захар («Апошні шанц» В.Быкава), Арнольд («Шрамы» Я.Шабана), Нешчасліўцаў («Лес» А.Астроўскага), Мядзведзенка («Чайка» А.Чэхава), Растанёў («Вечны Фама» У.Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага), Карыцын («Жыццё Карыцына, або Урокі хірамантыі» А.Паповай), Бачана («Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе), Люнгстран («Жанчына з мора» Г.Ібсена), Машу́ («Месье Амількар, альбо Чалавек, які плаціць» І.Жаміяка), Аўторак («Беласнежка і сем гномаў» Л.Усцінава і А.Табакова), Бацька, Шавец («Карлік-Нос» В.Гаўфа) і інш.
А.В.Усцінава.
т. 18, кн. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛА РАМА́НАВІЧ (1201—64),
князь галіцкі і валынскі. Сын Рамана Мсціславіча. З 1211 княжыў у Галічы (у 1212 выгнаны), з 1221 — на Валыні. У 1229 завяршыў аб’яднанне валынскіх зямель, у склад якіх былі ўключаны Бярэсце, Кобрын, Камянец, Бельск, Драгічын; яму падпарадкоўваліся таксама тураўскія і пінскія князі. У 1223 удзельнічаў у бітве супраць мангола-татар на р. Калка, разбіў ням. рыцараў у Драгічынскай бітве 1238. У 1238 канчаткова авалодаў Галічам, у 1239 — Кіевам. Заснаваў гарады Львоў, Холм (зрабіў яго сталіцай княства), Угровеск і інш. Ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі (1245), літ. князёў, прымусіў яцвягаў плаціць даніну. Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татар, у 1254 прыняў ад рымскага папы карону караля галіцкага, каранаваўся ў Драгічыне. У 1259 вымушаны прызнаць залежнасць ад манголаў. У перыяд яго княжання Галіцка-Валынскае княства дасягнула эканам. і паліт. росквіту, пашырыўся яго ўплыў на бел. землі.
А.П.Грыцкевіч.
т. 6, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЯ́НЕ (польск. ziemianie ад ziemia зямля), зямляне,
1) катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва ВКЛ, частка феад. саслоўя. У 15—16 ст. назва З. пашырылася сярод шляхты ў зах. землях ВКЛ, што тлумачацца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 дакладна адрознівае почты (ваен. атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка З. злівалася са шляхтай, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вял. князем ВКЛ ці феадаламі. З. павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну. У адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў сейміках. Да пач. 18 ст. былі ўсвяцкія З. (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) З. былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі.
2) Назва буйных землеўладальнікаў у ВКЛ пераважна ў 17 ст.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 7, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКА вытворчая,
выява, якая індывідуалізуе прадукцыю (тавары) і яе вытворцу. Змяшчаецца на вырабах, упакоўцы, тары. Уключае поўную або скарочаную назву прадпрыемства-вытворцы, звесткі аб яго месцазнаходжанні, гатунку і кошце вырабу, стандарце, тэхн. умовах і інш. За пастаўку прадукцыі без вытворчай М. пастаўшчык павінен плаціць штраф. Існуе таксама М. гандлёвая — назва, тэрмін, знак, сімвал, малюнак або іх камбінацыі для ідэнтыфікацыі прадукту прадаўца або групы прадаўцоў і адрознення іх ад прадуктаў канкурэнтаў. Уключае марачнае імя (частка М. ў выглядзе літар, слоў і іх камбінацый) і марачны знак (частка М., якая ўяўляе сабой сімвал, малюнак, каляровае або шрыфтавое афармленне). У залежнасці ад таго, пад якой М. рэалізуецца прадукт, адрозніваюць М. вытворцы, або нацыянальную М. (М., створаная вытворцам або ўзятая ў арэнду ў інш. вытворцы), і прыватную М. (пасрэдніцкую, М. дыстрыб’ютэра, дылера). Вытворчая і гандлёвая М. выкарыстоўваюцца незалежна ад таварнага знака і ў адрозненне ад яго не належаць рэгістрацыі і прававой ахове.
т. 10, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)