СЕ́ТКАВАЕ ПЛАНАВА́ННЕ,

метад планавання, кантролю і рэгулявання вытв. дзейнасці, засн. на выкарыстанні графічнай мадэлі вытв. працэсу (сеткавага графіка). Дае магчымасць выявіць сувязь паміж асобнымі тэхнал. аперацыямі, паслядоўнасць і залежнасць работ, час іх выкарыстання і г.д. Выкарыстоўваецца пры буд-ве і рэканструкцыі аб’ектаў, у праектна-канструктарскіх і н.-д. работах, арганізацыі выпуску новых відаў прамысл. прадукцыі і г.д. Упершыню пачаў прымяняцца ў ЗША.

т. 14, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́РНАЕ ПЛАНАВА́ННЕ,

упарадкаванне ў часе работ пэўнага аб’екта (напр., прадпрыемства), якія выконваюцца пры абмежаванасці рэсурсаў. Грунтуецца на раскладаў тэорыі; для рашэння задач К.п. выкарыстоўваюць таксама метады лінейнага, цэлалікавага і дынамічнага праграмавання. Мэта К.п. — стварэнне плана-графіка, які устанаўлівае найлепшую паслядоўнасць выканання работ у адпаведнасці з зададзенымі крытэрыямі аптымальнасці (гл.

Аперацый даследаванне, Аптымізацыі задачы і метады). На Беларусі даследаванні па праблемах К.п. праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. эканам. ун-це.

В.​С.​Гардон.

т. 7, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНАВА́ННЕ СЯМ’І́,

добраахвотнае рэгуляванне дзетараджэння ў сям’і. Дапамагае вызначыць колькасць дзяцей у сям’і, нарадзіць жаданых дзяцей у найб. спрыяльных умовах, выбраць час дзетараджэння з улікам узросту бацькоў і сац.-эканам. умоў, рэгуляваць інтэрвалы паміж цяжарнасцямі, пазбегнуць непажаданай цяжарнасці. П.с. — важны фактар захавання здароўя маці і дзіцяці, зніжэння мацярынскай і ранняй дзіцячай смяротнасці, частаты абортаў. Уключае таксама дзейнасць арг-цый, якія ствараюць умовы для дасягнення сям’ёй пажаданай колькасці дзяцей шляхам розных адм., сац., эканам. і прапагандысцкіх сродкаў. Напр., у Еўропе найб. шырока праграму П.с. з 1, 2, 3 дзецьмі праводзіць Францыя. У Азіі, Афрыцы, Лац. Амерыцы праграмы П.с. накіраваны на зніжэнне нараджальнасці (Індыя, Кітай і інш.). На Беларусі існуе сістэма матэрыяльнай дапамогі па падтрымцы сям’і: выплачваюцца розныя віды дапамогі, у залежнасці ад колькасці і ўзросту дзяцей сем’ям дадзены розныя падатковыя льготы.

Дз.​М.​Кудзелка.

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСАВАЕ ПЛАНАВА́ННЕ,

сістэма мер, якія забяспечваюць рух фін. рэсурсаў і адпаведных фін. адносін. Аб’ектам Ф.п. з’яўляецца фін. дзейнасць дзяржавы, асобных рэгіёнаў, галін, прадпрыемстваў, устаноў па фарміраванні і выкарыстанні фондаў грашовых сродкаў для задавальнення агульнадзярж., калектыўных і асабістых патрэб членаў грамадства. Прадугледжвае распрацоўку перспектыўных, бягучых і аператыўных фін. планаў на ўсіх узроўнях кіравання, якія аб’ядноўваюцца ў цэнтралізаваныя, або агульнадзярж. планы (дзярж. бюджэт, фін. план дзярж. маёмаснага і асабістага страхавання, бюджэт сац. страхавання, баланс фін. рэсурсаў дзяржавы) і дэцэнтралізаваныя планы (фін. планы прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый, ведамстваў, мін-ваў). Фін. планы адлюстроўваюць даходы і расходы кожнага звяна і распрацоўваюцца на аснове вытв. паказчыкаў і нарматываў. З іх дапамогай вызначаюцца фін. магчымасці дзяржавы, галіны і іх пярвічных звёнаў, устанаўліваюцца параметры іх фін. дзейнасці і канчатковыя вынікі, узгадняецца рух фін. і матэрыяльных каштоўнасцей. Ва ўмовах перабудовы эканомікі арганізацыя Ф.п. дэмакратызуецца, расшыраюцца правы рэгіянальных органаў улады і прадпрыемстваў у складанні фін. планаў і выкарыстанні іх рэсурсаў. Асновай для іх распрацоўкі становяцца кантрольныя лічбы, ліміты, нарматывы.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Планаванне народнай гаспадаркі 1/397; 2/504; 4/229, 332, 363; 5/579; 7/410; 8/459—460

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́НЦЫЯ ПЕРАЛІ́ВАННЯ КРЫВІ́ (СПК),

установа аховы здароўя, якая ажыццяўляе нарыхтоўку крыві, яе перапрацоўку на кампаненты і прэпараты, выраб кровазаменных вадкасцей, забеспячэнне імі лячэбна-прафілакт. устаноў. Праводзіць планаванне і ўлік донараў, агітацыю і прапаганду донарства, кантроль якасці кансерваванай крыві і інш.

Э.​В.​Вальчук.

т. 15, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЬБІН Якаў Абрамавіч (н. 1.7.1925, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1970), праф. (1976). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1949). З 1949 у Дзяржплане БССР. У 1950—94 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. Даследуе праблемы эканомікі ліцейнай вытв-сці, прадукцыйнасць працы. Аўтар прац «Пытанні эканомікі ліцейнай вытворчасці» (1960), «Планаванне і рэзервы ліцейных цэхаў» і інш.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЫКА-САНІТА́РНАЕ АБСЛУГО́ЎВАННЕ,

сістэма мерапрыемстваў па вырашэнні праблем аховы здароўя насельніцтва. Асн. функцыі: умацаванне і прафілактыка (у т. л. вакцынапрафілактыка) здароўя насельніцтва; лячэнне і рэабілітацыя хворых, правядзенне сан.гігіенічных мерапрыемстваў, ахова здароўя маці і дзіцяці, планаванне сям’і, сан. адукацыя, забеспячэнне насельніцтва рацыянальным і дабраякасным харчаваннем, пітной вадой, лек. сродкамі і інш. Ажыццяўляецца сістэмай лячэбна-прафілактычных устаноў (бальніцы, паліклінікі, дыспансеры, санаторыі, прафілакторыі, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, цэнтры здароўя, дэзінфекц. станцыі, аптэчныя ўстановы і інш.).

Э.​А.​Вальчук.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ ААН (ЕЭК),

орган ААН, створаны ў 1947 у мэтах садзейнічання эканам. адраджэнню разбураных вайной краін Еўропы. Статус пастаяннага органа ААН набыла ў 1951. Членамі ЕЭК з’яўляецца большасць еўрап. дзяржаў, у т. л. Беларусь і Расія. ЕЭК садзейнічае развіццю гандлю і навук.-тэхн. супрацоўніцтва, ажыццяўляе доўгатэрміновае эканам. планаванне, накіроўвае і каардынуе работу сваіх дапаможных органаў. ЕЭК узначальваецца выканаўчым сакратаром. Кіруючым органам ЕЭК з’яўляецца чарговая сесія, якая праводзіцца штогод. Месцазнаходжанне сакратарыята ЕЭК — г. Жэнева (Швейцарыя).

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМАЛО́ЎСКІ Валянцін Васілевіч (н. 15.2.1924 в. Гослеў Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1968). Праф. (1969). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1951). З 1954 прарэктар Крыварожскага гарнаруднага ін-та. З 1972 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі (да 1987 прарэктар). Навук. працы па арганізацыі і кіраванні вытворчасцю. Адзін з аўтараў дапаможнікаў для ВНУ «Арганізацыя, планаванне і кіраванне дзейнасцю прамысловага аб’яднання (прадпрыемства)» (1984), «Эканоміка прамысловасці СССР» (1984), «Тэорыя аналізу гаспадарчай дзейнасці» (1989).

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)