НА́ЎПЛІУСЫ (ад грэч. nauplios жывёла з панцырам),

планктонныя лічынкі розных ракападобных. Цела не сегментаванае; прыдаткаў 3 пары: спераду рота аднагалінастыя адчувальныя антэнулы, ззаду — двухгалінастыя антэны і жвалы жавалы* (мандзібулы), якія выкарыстоўваюцца пры плаванні. Маюць няпарнае (наўпліяльнае) вока. Паміж жваламі жаваламі* і анальнай адтулінай знаходзіцца зона росту, у якой па меры развіцця ўзнікаюць т.зв. постнаўпліяльныя сегменты з канечнасцямі.

Наўпліусы: 1 — прэснаводнага рачка цыклопа; 2 — дзесяціногага рака трахіпенеуса.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛЬВА́ТЭРНАЯ КАЛО́НА,

строй караблёў (суднаў), пры якім яны ідуць адзін за адным у адной лініі на ўстаноўленай паміж імі адлегласці. Выкарыстоўваецца пры плаванні па фарватэрах, праз мінныя загароды і інш. Трансп. судны ў гады 1-й і 2-й сусв. войнаў звычайна станавіліся ў некалькі паралельных К.к. У эпоху паруснага флоту К.к. была асн. баявым парадкам злучэння караблёў і наз. лініяй баталіі, а тактыка іх дзеяння — лінейнай тактыкай.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЙВІС ((Davis) Джон) (каля 1550, Сандрыдж, каля г. Дартмут, Вялікабрытанія — 29.12.1605),

англійскі мараплавец. Здзейсніў 3 плаванні (1585—87) з мэтай адшукання паўн.-зах. праходу з Атлантычнага ак. ў Ціхі, але знайсці гэты шлях ён не змог. Д. адкрыў праліў на З ад Грэнландыі, названы яго імем (Дэйвіса праліў), даследаваў зах. бераг Грэнландыі (да 73° паўн. ш.) і ўсх. бераг п-ва Лабрадор. У 1591—92 камандаваў караблём у экспедыцыі англ. карсара Т.​Кавендыша, у час якой зрабіў пачатак адкрыццю Фалклендскіх а-воў.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАКО́ВА (дзявочае Бязніцкая) Ларыса Віктараўна

(н. 11.7.1953, в. Вугалеўшчына Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. спартсменка (веславанне на байдарках і каноэ). Скончыла Рэсп. школу трэнераў (1976). Засл. майстар спорту СССР (1973). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1973). Чэмпіёнка свету і Еўропы ў веславанні на байдарцы-чацвёрцы (1973, г. Тамперэ, Фінляндыя), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1974, Мехіка), чэмпіянату свету і Еўропы (1975, Бялград) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 500 м. Чэмпіёнка СССР (1972, 1974), Спартакіяды народаў СССР (1975) на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м. З 1973 інструктар Спорткамітэта Беларусі. Да 1997 — трэнер па плаванні.

В.​Л.​Працкайла.

т. 7, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНЫЯ МЯШКІ́ ў жывёл,

паветраносныя поласці, спалучаныя з дыхальнымі шляхамі, ротавай поласцю або страваводам, дзе газаабмен не адбываецца. Да П.м. належаць галасавыя мяшкі бясхвостых земнаводных, лёгачныя вырасты паўзуноў. У птушак сістэма П.м. (5 пар), аб’ём якіх мяняецца пры дыханні, прызначана для аэрацыі лёгкіх (асабліва ў час палёту), тэрмарэгуляцыі арганізма, змены шчыльнасці цела пры плаванні і ныранні. Вырасты П.м. заходзяць і ў поласці касцей (пнеўматызацыя шкілета). У млекакормячых П.м. характэрны для некат. няпарнакапытных, даманаў, самцоў паласатага цюленя і маржа, кашалота. У раслін узнікаюць у зернях пылку пры разыходжанні слаёў экзіны (у многіх ветраапыляльных раслін, пераважна хвойных).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦЭБУ́ (Ота Яўстафіевіч) (30.12.1788, Талін — 15.2.1846),

расійскі мараплавец. Капітан 1-га рангу. У 1803—06 удзельнічаў у кругасветным плаванні на караблі «Надзея» пад кіраўніцтвам І.Ф.Крузенштэрна. У 1815—18 кіраваў марской экспедыцыяй на караблі «Рурык», якая адкрыла шэраг астравоў у архіпелагу Туамоту, у групе Маршалавых а-воў, заліў на З Аляскі, устанавіла прысутнасць 2 асн. ланцугоў Ратак і Ралік у Маршалавых а-вах. У 1823—26 узначаліў кругасветную экспедыцыю, якая адкрыла новыя а-вы ў архіпелагу Туамоту, Самоа і інш., правяла акіянаграфічныя даследаванні. Імем К. названы заліў (гл. Кацэбу заліў) і населены пункт на Алясцы.

Тв.:

Путешествие вокруг света. 2 изд. М., 1948;

Новое путешествие вокруг света в 1823—1826 гг. М., 1959.

т. 8, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗАРАЎ (Міхаіл Пятровіч) (14.11.1788, г. Уладзімір, Расія — 23.4.1851),

рускі мараплавец, даследчык Антарктыкі. Адмірал (1843). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1803). Ажыццявіў тры кругасветныя плаванні: у 1813—16 на судне «Сувораў» (адкрыў атол Сувораў); у 1819—21 камандзірам шлюпа «Мірны» і памочнікам нач. экспедыцыі Ф.Ф.Белінсгаўзена (удзельнічаў у адкрыцці Антарктыды і шматлікіх астравоў); у 1822—25 камандзірам фрэгата «Крэйсер». Камандзір лінкора «Азоў», які вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827. У 1833—50 гал. камандзір Чарнаморскага флоту і партоў Чорнага мора. Імем Л. названы: атол у групе а-воў Расіян у Ціхім ак., мысы ў Амурскім лімане і ў паўн. частцы в-ва Унімак, востраў у Аральскім м., мора каля берагоў Усх. Антарктыды і інш.

М.П.Лазараў.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ТА ((Otto) Крысцін) (н. 7.2.1966, г. Лейпцыг, Германія),

нямецкая спартсменка (плаванне). Чэмпіёнка XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул, Рэспубліка Карэя) на дыстанцыях 50 і 100 м вольным стылем, 100 м на спіне і батэрфляем, у эстафетах 4 × 100 м вольным стылем і камбінаванай. Чэмпіёнка свету (1982 — на дыстанцыі 100 м на спіне і ў эстафетах 4 × 100 м вольным стылем і камбінаванай; 1986 — на дыстанцыях 100 м вольным стылем, 200 м у комплексным плаванні, у эстафетах 4 × 100 м вольным стылем і камбінаванай), сярэбраны прызёр на дыстанцыях 50 м вольным стылем і 100 м батэрфляем. Чэмпіёнка Еўропы (1983) у эстафетах 4 × 100 м і 4 × 200 м вольным стылем.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЭНЦ (Barents, Barentsz) Вілем (каля 1550, в-аў Тэрсхелінг, Нідэрланды — 20.6.1597), галандскі мараплавец. У 1594—97 здзейсніў 3 плаванні па Паўн. Ледавітым ак. ў пошуках Паўн.-ўсх. праходу з Атлантычнага ў Ціхі ак. 1-я экспедыцыя дасягнула паўн. ўзбярэжжа Новай Зямлі, 2-я — в-ва Вайгач; у час 3-й (1596—97) паўторна (пасля нарманаў і рус. памораў) адкрыў а-вы Мядзведжы і Шпіцберген. Непраходныя льды прымусілі экспедыцыю зімаваць на паўн. ўзбярэжжы Новай Зямлі. Барэнц склаў карту Новай Зямлі, упершыню правёў гадавы цыкл метэаралагічных і акіянаграфічных назіранняў у моры, якое пазней было названа яго імем. У час зваротнага падарожжа памёр, пахаваны на Новай Зямлі. У гонар Барэнца названы таксама адзін з а-воў Шпіцбергена, пасёлак і порт Барэнцбург на в-ве Зах. Шпіцберген.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́МПІР ((Dampier) Уільям) (8.6.1652, Іст-Кокер, Вялікабрытанія — сак. 1715),

англійскі мараплавец, пірат. Здзейсніў 3 кругасветныя плаванні. Некалькі гадоў правёў на в-ве Тарцю (на Пн ад Гаіці) у Вест-Індыі (гал. база піратаў у Атлантыцы), удзельнічаў у рабаванні ісп. гарадоў і паселішчаў на берагах Амерыкі. Плаваў да берагоў паўн.-зах. Аўстраліі, дзе адкрыў шмат невял. астравоў, у т. л. архіпелаг Дампір. Склаў апісанне і карты для паўд. раёнаў Ціхага ак. На аснове сваіх дзённікаў напісаў шэраг кніг, у якіх прывёў звесткі пра велічыні магн. нахілу ў розных пунктах Сусветнага ак., салёнасці марскіх вод, сувязі паміж пануючымі цячэннямі і вятрамі. Яго імем названы п-аў Дампіра Зямля у Аўстраліі, некалькі астравоў і праліваў у паўд.-зах. ч. Ціхага ак. і ў Малайскім архіпелагу.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)