ПАЎЛУ́ЦКІ, Паўлоцкі Зміцер Іванавіч (?, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — сак. 1747), расійскі падарожнік бел. паходжання, даследчык Чукоткі. Яго бацька з ліцвінаў, што перайшлі ў рас. падданства. Служыў у войску, капітан. У 1727 узначаліў экспедыцыю (400 казакаў, 10 матросаў) на Камчатку і інш. землі Д. Усходу. Паводле загаду П. судна «Св. Гаўрыіл» пад камандаваннем І.Фёдарава выйшла з Анадыра (на Чукотцы) і 31.8.1732 дасягнула «Вялікай Зямлі» (узбярэжжа сучаснага амер. штата Аляска ў раёне м. Прынца Уэльскага), якую геадэзіст М.С.Гвоздзеў упершыню нанёс на карту. Т.ч. была адкрыта паўн.-зах. ўскраіна Паўн. Амерыкі. П. на чале экспедыцыі (215 казакаў і 220 абарыгенаў) даследаваў Чукотку; прайшоў чукоцкім узбярэжжам Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў ад Чаўнскай губы да Анадыра (2000 вёрст), некалькі разоў перасек увесь край па розных маршрутах. Даў першыя звесткі па геаграфіі, араграфіі, гідраграфіі і этнаграфіі Чукоткі. Загінуў у сутычцы з чукчамі.

Літ.:

Ермоленко В.А. Д.​И.​Павлуцкий (? — 1747) // Вест. Бел. гос. ун-та. Сер. 2. 1997. № 3.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 12, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́НСЕН ((Nansen) Фрыцьяф) (10.10. 1861, Осла — 13.5.1930),

нарвежскі акіянолаг, даследчык Арктыкі, грамадскі дзеяч. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1898). У 1880—82 вучыўся ва ун-це ў Осла, з 1897 праф. гэтага ун-та. У 1888 перасек Грэнландыю (на лыжах), вызначыў характар яе ледавіковага покрыва. У 1893—96 на судне «Фрам» дрэйфаваў ад Новасібірскіх а-воў да в-ва Шпіцберген. Даказаў наяўнасць вял. глыбінь у Арктыцы, даследаваў структуру і паходжанне яе водных мас, адкрыў уплыў вярчэння Зямлі на рух ільдоў. У 1900 вывучаў цячэнні ў Паўн. Ледавітым ак. У 1923 праплыў уздоўж берагоў Расіі да вусця р. Енісей, падарожнічаў на Пд Усх. Сібіры і Д. Усходу. Імем Н. названы падводны хрыбет, праліў, востраў, катлавіна ў Паўн. Ледавітым ак., гара на п-ве Таймыр. Нобелеўская прэмія міру 1922.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. Л., 1937-40.

Літ.:

Нансен-Хейер Л. Книга об отце: Пер. с норв. 2 изд. Л., 1986.

Ф.Нансен.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУ́МБ (лац. Columbus, італьян. Colombo, ісп. Colon) Хрыстафор (29.10.1451, г. Генуя, Італія —20.5.1506), мараплавец, адкрывальнік Новага Свету. У 1476—84 жыў у Лісабоне і на партуг. а-вах Мадэйра і Порту-Санту. Склаў праект зах. марскога шляху (найкарацейшага на яго погляд) з Еўропы ў Індыю. У 1485 пераехаў у Кастылію, дзе праз 7 гадоў дамогся ад ісп. ўрада арганізацыі акіянскай экспедыцыі пад сваім кіраўніцтвам. Першую экспедыцыю ажыццявіў у 1492—93 на 3 суднах («Санта-Марыя», «Пінта» і «Нінья»), перасек Атлантычны ак., дасягнуў Багамскіх а-воў 12.10.1492 (афіц. дата адкрыцця Амерыкі), Кубы і Гаіці. Другую экспедыцыю (1493—96; 17 суднаў) К. узначаліў у чыне адмірала, на пасадзе віцэ-караля новых зямель; адкрыў некалькі астравоў з групы Малых Антыльскіх, а-вы Пуэрта-Рыка, Ямайку. У выніку 3-й экспедыцыі (1498—1500; 6 суднаў) адкрыў в-аў Трынідад і ч. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі. У час 4-й экспедыцыі (1502—04) адкрыў усх. ўзбярэжжа Цэнтр. Амерыкі. Плаванні К. адносяцца да Вялікіх геаграфічных адкрыццяў.

Літ.:

Магидович И.П. Христофор Колумб. М., 1956;

Путешествия Христофора Колумба: Дневники, письма, документы: Пер. с исп. М., 1961.

Х.Калумб.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАТО́ВІЧ (Аляксандр Ксавер’евіч) (8.10.1870, г. Арол? — 6.12.1919),

падарожнік, дыпламат, рэліг. публіцыст. Правадз. чл. Рус. геагр. т-ва. З патомных дваран Гродзенскай губ. Скончыў Аляксандраўскі ліцэй у Пецярбургу (1891), паскораны курс 1-га ваен. Паўлаўскага вучылішча (1902). У 1896—1900 тройчы пабываў у Эфіопіі. Рабіў здымку недаследаваных паўд.-зах. і зах. раёнаў, прасачыў цячэнне р. Ома, першы з еўрапейцаў перасек вобласць Кафа. Па просьбе эфіопскага імператара Мэнеліка II даследаваў стан зах. мяжы краіны, прапанаваў праграму мерапрыемстваў па рэарганізацыі арміі і дзярж. апарату Эфіопіі. Зрабіў важныя адкрыцці ў гідраграфіі і араграфіі краіны, сабраў значны матэрыял па этнаграфіі, праблемах рабства і сац. структуры эфіопскага грамадства. За падарожжа да воз. Рудольф з ваен. экспедыцыяй (1897—98) адзначаны вышэйшай эфіопскай узнагародай — залатым шчытом з шабляй (1898), рас. ордэнам Станіслава 2-й ступені (1898), малым сярэбраным медалём імя П.​П.​Сямёнава Рус. геагр. т-ва (1901). У 1900—01 у Порт-Артуры. У 1906 прыняў манаства, пад імем Антоній жыў на гары Афон (Грэцыя). У 1911 зноў пабываў у Эфіопіі. У 1-ю сусв. вайну ў 1914—17 іераманах атрада Чырв. Крыжа ў дзеючай арміі. Забіты рабаўнікамі.

Тв.:

Моя борьба с имяборцами на Святой горе Иеросхим. Пг., 1917;

С войсками Менелика II. М., 1971;

Третье путешествие по Эфиопии. М., 1987.

Літ.:

Кацнельсон И., Терехова Г. По неизведанным землям Эфиопии. М., 1975.

Г.​Р.​Усцюгава.

А.К.Булатовіч.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)