СТЭ́НЛІ (Stanley) Генры Мортан [сапр. Роўлендс
(Rowlands) Джон; 28.1.1841, г. Дэнбі, Вялікабрытанія — 10.5.1904], англійскі падарожнік і журналіст, даследчык Афрыкі. Як карэспандэнт амер. газеты ў 1871—72 адправіўся на пошукі Д.Лівінгстана і разам з ім даследаваў воз. Танганьіка. У 1874—77 перасек Афрыку з У на З да вусця р. Конга; вызначыў абрысы воз. Вікторыя, адкрыў азёры Джордж і Эдуард, горны масіў Рувензоры, даследаваў р. Кагера; дасягнуў вярхоўяў р. Луалаба (удакладніў, што яна з’яўляецца вытокам р. Конга),
спусціўся па р. Конга да вусця і пазначыў на карце яе сярэднюю частку. У 1879—84 па даручэнні бельг. караля прымаў удзел у захопе зямель у бас. р. Конга, адначасова адкрыў азёры Маі-Ндомбе і Тумба. У 1887—89 кіраваў англ. экспедыцыяй, якая перасекла Афрыку з З на У, даследаваў р. Арувімі, выявіў, што воз. Эдуард належыць да сістэмы р. Ніл. Яго імем названы вадаспады на р. Конга (з 1983 — Баёма).
т. 15, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)