імя каралёў Грэцыі ў 20 ст. з дынастыі Глюксбургаў.
Канстанцін I (2.8.1868, Афіны — 11.1.1923), кароль у 1913—17 і 1920—22, военачальнік. Сын Георга I, бацька Георга II (гл.Георг), Аляксандра і Паўла I. Камандаваў грэч. арміяй у грэка-тур. вайну 1897 і ў час Балканскіх войнаў 1912—13. Выступаў за нейтралітэт Грэцыі ў 1-ю сусв. вайну, пад націскам вярх. камісара Антанты ў г. Салонікі (з кастр. 1915 акупіраваны англа-франц. войскамі) у чэрв. 1917 адрокся ад прастола на карысць сына Аляксандра. Зноў правіў пасля смерці Аляксандра. Канчаткова адрокся ад улады пасля паражэння Грэцыі ў грэка-турэцкай вайне 1919—22.
Канстанцін II (н. 2.6.1940, каля Афінаў), кароль у 1964—74. Сын Паўла I (правіў у 1947—64). Скончыў арыстакратычны каледж Анаўрыта і Афінскі ун-т. Ваен. падрыхтоўку набыў у вучылішчах Грэцыі (1956—58). Абвешчаны каралём пасля смерці бацькі. Пасля няўдалай спробы ў снеж. 1967 спыніць устанаўленне ваен. дыктатуры на чале з палк. Г.Пападопуласам эмігрыраваў. Пазбаўлены ўлады пасля падзення ваен. дыктатуры (ліп. 1974) і правядзення рэферэндуму аб скасаванні манархіі. Алімп. чэмпіён па парусным спорце (Рым, 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ТНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (28.6.1930, Масква — 9.10.1994),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1993). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Сярод твораў: оперы «Тыль Уленшпігель» (1984), «Містэрыя апостала Паўла» (1986), балеты «Геолагі» (паст. 1963), «Ваніна Ваніні» паводле Стэндаля (паст. 1961), «Малы Цахес, празваны Цыноберам» паводле Э.Т.А.Гофмана (паст. 1970); «Пяць духоўных песнапенняў» (1970); 5 сімфоній (1950—69); камерна-інстр. ансамблі; канцэрт для духавых інструментаў (1968); фп. п’есы; апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫШЧАПЁНАК (Валерый Георгіевіч) (15.11.1921, г. Омск, Расія — 7.11.2000),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1955). З 1955 саліст ансамбля песні і танца БВА, у 1956—58 і ў 1968—81 саліст хору Бел. тэлебачання і радыё, у 1958—68 — Дзяржтэлерадыё Беларусі. Рэпертуар складаўся з песень і рамансаў бел. кампазітараў, бел.нар. песень. Выканаў партыі Паўла, Андрэя, Шата ў радыёмантажах опер «Павел Карчагін» П.Падкавырава, «Андрэй Касценя» М.Аладава, аперэты «Алазанская даліна» Ю.Бяльзацкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛАЎ (Герасім) (Гераська),
разьбяр па дрэве 17 ст. Нарадзіўся ў г. Дуброўна Віцебскай вобл. Майстэрству разьбы вучыўся ў Куцеінскім Богаяўленскім манастыры пад Оршай. З 1654 працаваў у Іверскім (пад Ноўгарадам), з 1658 у Нова-Іерусалімскім (пад Масквой) манастырах. У 1666 пераведзены ў Аружэйную палату Маскоўскага Крамля. У 1667—68 удзельнічаў у аздабленні царскага Каломенскага палаца. Адзін са стваральнікаў разьбяных іканастасаў 3 цэркваў у Ізмайлаўскай сядзібе цара Аляксея Міхайлавіча. У 1686 удзельнічаў у стварэнні іканастаса царквы Пятра і Паўла ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТ ((Barth) Карл) (10.5.1886, г. Базель, Швейцарыя — 10.12.1968),
швейцарскі пратэстанцкі тэолаг, адзін з заснавальнікаў дыялектычнай тэалогіі. Ставіў задачу адраджэння евангелічнай традыцыі на аснове рэфарматарскіх ідэй М.Лютэра і Ж.Кальвіна. У працы «Пасланне апостала Паўла да рымлян» (1918; выкарыстаны ідэі С.К’еркегора) боскае і чалавечае трактуе як несувымерныя велічыні: прадмет боскага адкрыцця і чалавечых ведаў розны, вера ёсць адважны скачок у няведанне. Сфарміраваныя ім прынцыпы пратэстанцкай неартадоксіі падтрымалі тэолагі Э.Брунер, Р.Бультман, Р.Нібур, П.Тыліх і інш. Прыхільнік хрысц. сацыялізму, натхніцель хрысц. супраціўлення фаш. рэжыму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЕ́ ((Gillet) Нікала Франсуа) (2.3.1709, г. Мец, Францыя —7.2.1791),
французскі скульптар. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (да 1745), у Франц. акадэміі ў Рыме (1746—52). Выкладаў ў Пецярб.АМ (1758—77), значна паўплываў на развіццё рас. скульптуры; сярод вучняў Ф.І.Шубін, М.І.Казлоўскі, Ф.Ф.Шчадрын, Х.П.Пракоф’еў і інш. Удзельнічаў у аздабленні Зімняга палаца ў Пецярбургу (1758—77). У 1778 вярнуўся ў Парыж. Працаваў у станковай і арнаментальна-дэкар. скульптуры, дзе спалучаў рысы ракако з асобнымі элементамі класіцызму («Парыс з яблыкамі», 1757, партрэт вял.кн.Паўла Пятровіча, 1765, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГУ́ШКІ,
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Паходзілі ад Фёдара Альгердавіча (? — каля 1431), які меў сына Сангушку (памяншальны варыянт імя Аляксандр, Васіль або Сямён), родапачынальніка С. Валодалі маёнткамі ў асн. на Валыні. Ад сыноў Сангушкі Аляксандра і Міхаіла пайшлі лініі Сангушкі-Кашырскія і Сангушкі-Ковельскія. У 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. пасады ў ВКЛ і Польшчы. Напачатку вызнавалі праваслаўе, з 16 ст. пераходзілі ў каталіцтва. З Беларуссю найб. звязаны:
Васіль (?—1557?), сын Міхаіла Сангушкавіча. У 1543 перадаў каралеве Боне Ковельскі маёнтак узамен за Горваль каля Рэчыцы, Смаляны і Абольцы ў Віцебскім ваяв., стварыўшы буйную латыфундыю С. на Беларусі; трымаў Свіслацкую дзяржаву. Андрэй Міхайлавіч (?—4.10.1560), сын Міхаіла Аляксандравіча, маршалак гаспадарскі ў 1522—53, спраўца Кіеўскага ваяв. ў 1540—42, староста луцкі ў 1542—59. Аляксандр (каля 1508—1565), сын Андрэя Міхайлавіча, дзяржаўца гомельскі ў 1535—36, маршалак гаспадарскі з 1547. Раман (каля 1537—12.5.1571), сын Фёдара, староста жытомірскі з 1557, ваявода брацлаўскі з 1566, адначасова гетман дворны (польны) ВКЛ з 1569, староста рэчыцкі з 1568. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569. Самуэль Сямён (Шыман Самуэль; ? — ліст. 1638), сын Андрэя, маршалак аршанскі ў 1620, кашталян мсціслаўскі ў 1620—21 і віцебскі ў 1621—26, ваявода віцебскі з 1626. У Смалянах пабудаваў замак Белы Ковель (гл.Смалянскі замак). Казімір Антоній (1677—30.5.1706), сын Гераніма, маршалак дворны ВКЛ у 1702—03 і маршалак вялікі ў 1703. Павел Кароль (1680—14/15.4.1750), сын Гераніма, стольнік ВКЛ у 1708—09, падскарбі дворны ў 1711—13, маршалак дворны ў 1713—34 і маршалак вялікі з 1734. У 1733 прэтэндэнт на трон Рэчы Паспалітай. Януш Аляксандр (5.5.1712—13.9.1775), сын Паўла Караля, мечнік ВКЛ у 1735—50, маршалак дворны ў 1750-60. Юзаф Паўлін Ян Адам (20.6.1740—12.5.1781), сын Паўла Караля, староста крамянецкі ў 1752—80, маршалак дворны ВКЛ у 1760—68 і вялікі з 1768. Геранім Януш (4.3.1743—4.9.1812), сын Паўла Караля, ген.-паручнік войска ВКЛ (1775), мечнік ВКЛ у 1775, ваявода валынскі з 1775. Выступаў супраць Канстытуцыі 3 мая 1791. Далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і атрымаў чын ген.-паручніка рас. арміі (1793). Удзельнічаў у паўстанні 1794, у Гродне прыняў камандаванне над войскам ВКЛ і прывёў яго на абарону Варшавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НІНЫ,
расійскія дзярж. і ваен. дзеячы. Мікіта Іванавіч П. (29.9.1718, г. Гданьск, Польшча — 11.4.1783). Служыў у коннай гвардыі. У 1747 пасланнік у Даніі, у 1748—60 — у Швецыі. У 1760—73 выхавальнік вял.кн.Паўла Пятровіча (гл.Павел I). Удзельнічаў у звяржэнні Пятра III і ўзвядзенні на прастол Кацярыны II. Старэйшы чл. (фактычна кіраўнік) Калегіі замежных спраў у 1763—81, саветнік імператрыцы па пытаннях знешняй палітыкі. Распрацоўваў і праводзіў у жыццё план «Паўн. акорда» — саюзу Расіі, Прусіі, Даніі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Рэчы Паспалітай супраць Францыі, Аўстрыі і італьян. дзяржаў. Напачатку прыхільнік захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай. Склаў праект стварэння дысідэнцкіх канфедэрацый: пратэстанцкай Тарунскай і пратэстанцка-правасл.Слуцкай канфедэрацыі. Пасля акупацыі Аўстрыяй ч. Польшчы (1769) удзельнічаў у падрыхтоўцы першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), за што атрымаў ва ўласнасць сялян і землі ў Полацкай прав. Знаходзіўся ў тайнай, але пастаяннай апазіцыі да Кацярыны II і яе фаварытаў (Р.Р.Арлова і інш.). У пач. 1770-х г. узначальваў змову (брат Пётр Іванавіч П., драматург Дз.І.Фанвізін, які ў 1773 склаў праект канстытуцыйнага абмежавання манархіі, інспірыраваны П. і інш.) на карысць Паўла Пятровіча. Быў пазбаўлены ўсіх пасад і ў 1781 пад націскам царадворцаў падаў у адстаўку. Пётр Іванавіч П. (1721, с. Вязоўка Калужскай вобл. — 26.4.1789), ген.-аншэф (1762), граф (1767). Брат Мікіты Іванавіча П. На ваен. службе з 1735. Удзельнік рас.-тур. вайны 1735—39. У Сямігадовую вайну 1756—63 ген.-маёр, з 1759 ген.-паручнік; вызначыўся ў бітвах супраць прускіх войск пры Грос-Егерсдорфе (1757), Цорндорфе (1758) і Кунерсдорфе (1759), удзельнічаў ва ўзяцці Берліна (1760). З 1762 рас. ген.-губернатар Усх. Прусіі, камандуючы рас. войскамі ў Памераніі і Гольштэйне. У рас.-тур. вайну 1768—74 камандуючы 2-й арміяй, узяў штурмам крэпасць Бендэры (1770), але пры гэтым меў значныя страты і дапусціў шэраг стратэг. пралікаў, за што звольнены ў адстаўку. Разам з братам Мікітам Іванавічам П. адзін з лідэраў апазіцыі ўраду Кацярыны II. У чэрв. 1774 — жн. 1775 галоўнакамандуючы войскамі пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 1775 зноў у адстаўцы. Разам з П.А.Румянцавым адзін са стваральнікаў лёгкай пяхоты (егераў) у рас. арміі. Мікіта Пятровіч П. (28.4.1770, г. Харкаў, Украіна — 13.3.1837), сын Пятра Іванавіча. З 1791 на ваен. і прыдворнай службе. У 1796 (пасля падзелу Рэчы Паспалітай) гал. камісар рас. боку па ўстанаўленні мяжы паміж Расіяй і Прусіяй. Са снеж. 1796 чл. Калегіі замежных спраў. З ліп. 1797 надзвычайны паўнамоцны міністр Расіі ў Прусіі. З 1799 віцэ-канцлер. Выступаў супраць лініі Паўла I на збліжэнне з Францыяй, першы прапанаваў вял.кн. Аляксандру Паўлавічу (гл.Аляксандр I) план адхілення Паўла I ад улады. У 1800 звольнены і сасланы ў Маскоўскую губ. Пры Аляксандру I чл. Калегіі замежных спраў, фактычны кіраўнік рас. знешняй палітыкі, у 1801 з прычыны рознагалоссяў з царом зноў звольнены. З 1804 да канца жыцця ў афіц. апале з забаронай наведваць сталіцы. Жыў у маёнтку Дугіна Смаленскай губ., дзе займаўся музыкай (напісаў оперы «Гарбуны» і «Модная крама»).
Літ.:
Гаврюшкин А.В. Граф Никита Панин: Из истории рус. дипломатии XVIII в. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 1797—1917 (з перапынкам у 1812—15) у Віцебску. Першае выданне «Пахвальная песня пры ўступленні на прастол... імп. ўсёй Расіі Паўла Пятровіча Першага...» надрукавана ў 1799 на рус. мове грамадз. шрыфтам. Друкавала афіц. цыркуляры, газ.«Витебские губернские ведомости» (з 1838), «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы...» (вып. 1—32, 1871—1906), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885), «Віцебскую даўніну» (т. 1, 4, 5, 1883, 1885, 1888) і інш. Усяго надрукавана больш за 250 назваў кніг (большасць з іх адбіткі з «Витебских губернских ведомостей»), больш за 400 друкаваных выданняў
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЛАНДА́ЙО (Ghirlandaio; сапр.ды Тамаза Бігордзі; di Tommaso Bigordi) Даменіка
(1449, г. Фларэнцыя, Італія — 11.1.1494),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы. Вывучаў помнікі ант. мастацтва, зазнаў уплыў нідэрл. жывапісу 15 ст. У час знаходжання ў Рыме 1481—82 выканаў фрэску апосталаў Пятра і Паўла ў Сіксцінскай капэле Ватыкана. Лепшыя творы Гірландайо сталага перыяду (цыклы размалёвак у капэле Сасеці царквы Санта-Трыніта, 1483—86, і ў царкве Санта-Марыя Навела, 1485—90, у Фларэнцыі) адзначаны архітэктанічнай яснасцю кампазіцыі, спакойнай апавядальнасцю, падрабязным паказам фларэнційскага быту, яркімі партрэтнымі вобразамі (партрэт старога з унукам).
Д.Гірландайо. Святы Хрыстафор і дзіця Хрыстос. 1475.