ПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ ЗМЯНЕ́ННІ ГУ́КАЎ,

фанетычныя змяненні гукаў, якія залежаць ад месца гука адносна пачатку ці канца слова або націску ў слове. Супрацьстаяць камбінаторным змяненням гукаў. Вызначаюць наступныя П.з.г.: узнікненне пратэз (прыстаўных гукаў) на пачатку слова («леў — ільва», «вуліца»), аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова («род» [рот]), рэдукцыю ненаціскных галосных («малако» [мълʌко]). У бел. мове пашырана ўзнікненне пратэтычных гукаў, змена звонкіх зычных на канцы слова, колькасная рэдукцыя ненаціскных галосных. Пазіцыйныя змяненні зычных з’яўляюцца асновай амафонаў.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГО́Е СЕ́РБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1815,

нацыянальна-вызваленчае, супраць тур. панавання ў Сербіі; гл. ў арт. Сербскія паўстанні пачатку 19 стагоддзя.

т. 6, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗБЯРУ́К Уладзімір Міхайлавіч (н. 29.8.1923, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1963). Скончыў БДУ (1949). Настаўнічаў. З 1955 выкладаў у Полацкім пед. ін-це. У 1959—93 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1954. Даследуе бел. л-ру стараж. перыяду, 19 — пач. 20 ст., праблемы бел. рамантызму, бел.-польскія літ. сувязі, творчасць Я.​Коласа, Ф.​Багушэвіча, Ф.​Скарыны, А.​Гаруна, К.​Каліноўскага, Г.​Пельгрымоўскага, мітрапаліта Кіпрыяна і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), даследаванняў па гісторыі Беларусі.

Тв.:

Якуб Колас (жыццё і творчасць). Мн., 1962;

Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX ст. Мн., 1972;

Ступені росту: Бел. літ. канца XIX — пачатку XX ст. і традыцыі пол. пісьменнікаў. Мн., 1974;

Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле слав. традыцый. Мн., 1979;

Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1982;

Рамантычны пошук: Назіранні над бел. рамантызмам пачатку XX ст. Мн., 1983;

Светлай волі зычны звон: Алесь Гарун. Мн., 1991.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНАПКО́ЎСКАЯ Святлана Валянцінаўна (н. 20.11.1954, Мінск),

бел. гісторык і педагог. Д-р гіст. н. (1999), праф. (2000). Скончыла БДУ (1979) і з 1980 працавала ў ім. У 1992—2001 заг. лабараторыі гісторыі адукацыі і этнапедагогікі Нац. ін-та адукацыі, адначасова ў 1997—2000 заг. кафедры педагогікі і псіхалогіі Бел. дзярж. ін-та ўдасканалення ўрачоў, з 2000 у Бел. пед. ун-це імя М.​Танка. Даследуе гісторыю палітыкі царызму ў галіне адукацыі на Беларусі, педагогікі і асветы Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. — 1917. Адзін з рэдактараў калект. прац «Асвета і педагагічная думка на Беларусі: Бібліягр. паказ» (ч. 1—3, 1995—2001), «Народная педагогіка беларусаў» (1996).

Тв.:

Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі: З гісторыі школы і пед. думкі Беларусі канца XIX — пачатку XX ст. Мн., 1995;

Шляхі развіцця школы на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX ст. Мн., 1997;

Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стст. Мн., 1998;

Гісторыя адукацыі і педагагічнай думкі Беларусі (60-я гг. XIX—пачатак XX ст.). Мн., 2001.

т. 15, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЬЕ́ТКА (франц. vignette),

упрыгожанне ў кнізе або рукапісе; невял. малюнак або арнамент на пачатку (застаўка) ці ў канцы (канцоўка) тэксту.

Віньеткі з выданняў Ф.​Скарыны.

т. 4, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРЭ́ВІЧ Аляксандр Мікалаевіч (н. 24.2.1963, в. Леніна Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, педагог. Д-р філал. н. (2001). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1984), працуе ў ім (цяпер Магілёўскі ун-т; з 2001 заг. кафедры). Даследуе гісторыю жанравага і стылявога развіцця бел. прозы 19—20 ст., выкладанне бел. л-ры па сістэме перспектыўных ліній. Аўтар манаграфій «У розных стылявых плынях: Праблема жанру і стылю ў апавяданнях 20-х гадоў М.​Гарэцкага і Ц.​Гартнага» (1995), «Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе XIX — пачатку XX ст.» (1999), сааўтар падручніка «Гісторыя беларускай літаратуры XIX — пачатку XX ст.» (1998), аўтар метадычных дапаможнікаў і інш.

т. 18, кн. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯФА́ГІНА Галіна Львоўна (н. 4.7.1952, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

бел. літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1999), праф. (2001). Скончыла БДУ (1975), з 1978 працуе ў ім. Даследуе стылёвыя плыні рус. прозы і драматургіі 20 ст., а таксама бел. л-ру. Аўтар кн. «Маральна-філасофскія праблемы прозы 70-х—80-х гадоў» (1989, з Дз.​Фёдаравым), «Руская проза другой паловы 80-х — пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя», «Дынаміка стылёвых плыняў у рускай прозе 1980—1990-х гадоў» (абедзве 1998), «Паэтыка рускай мадэрнісцкай прозы (тыпалогія стыляў пачатку і канца XX стагоддзя)» (1999), «Руская проза канца XX стагоддзя» (2003), навуч. дапаможнікаў і інш.

т. 18, кн. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМО́ЎНЫ ЛІК,

рэчаісны лік, меншы за 0, напр., -2; -0,5 і г.д. На лікавай прамой адлюстроўваецца пунктамі злева ад пачатку адліку (ад 0). Гл. таксама Дадатны лік.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДА́ТНЫ ЛІК,

рэчаісны лік, большы за нуль, напр. 1, 2, 6, 5. На лікавай восі адлюстроўваецца пунктамі, размешчанымі ўправа ад пачатку адліку (ад нуля). Гл. таксама Адмоўны лік.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)