ПІСТАЛЕ́Т-КУЛЯМЁТ,

індывідуальная аўтаматычная зброя высокай скарастрэльнасці, прызначаная для паражэння жывой сілы ў блізкім баі. Спалучае партатыўнасць пісталета і бесперапыннасць кулямётнага агню. Калібр 7,62—11,43 мм. Сілкаванне ад магазінаў скрыначнага (25—35 патронаў) або барабаннага (71 патрон) тыпу; тэмп стральбы 450—1000 стрэлаў/мін.

Створаны італьянцам А.​Рэвелі (1915), у Расіі — У.Р.Фёдаравым (1916), у СССР — Ф.В.Токаравым (1927). На ўзбраенні Чырв. Арміі П.-к. канструктараў В.А.Дзегцярова (ПКД-40), Г.С.Шпагіна (ПКШ-41), А.І.Судаева (ПКС-43) і інш.; у герм. арміі — МР-38-40, амер. — МЗ, брыт. «Стэн», фінл. «Суомі». Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну; звычайна наз. аўтаматамі.

На ўзбраенні сучасных армій шэрагу краін амер. «Інгрэм», італьян. «Берэта», аўстр. «Штэер», ізраільскі «Узі» і інш. У арміях краін СНД больш пашыраны аўтаматы сістэмы М.Ц.Калашнікава і інш., якія выкарыстоўваюцца замест П.-к.

Літ.:

Гл. пры арт. Зброя.

Пісталеты-кулямёты: 1 — ПКС (Расія); 2 — «Берэта» (Італія); 3 — «Хеклер і Кох» (Германія).

т. 12, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНТО́ЎКА,

індывідуальная агнястрэльная зброя з вінтавой нарэзкай у канале ствала. Нарэзка надае кулі вярчальны рух, які забяспечвае яе ўстойлівы палёт, большую далёкасць і трапнасць стральбы. Калібр вінтоўкі ад 5,6 да 7,62 мм.

Першыя вінтоўкі з’явіліся ў 16 ст. У Расіі наз. пішчалямі, штуцэрамі, з 1856 — вінтоўкамі. У 1868 прынята на ўзбраенне вінтоўка пад метал. патрон — бярданка, у 1891 — трохлінейная (г. зн. калібру 7,62 мм) магазінная (на 5 патронаў) вінтоўка С.​І.​Мосіна (з нязначнымі мадэрнізацыямі была на ўзбраенні больш за 60 гадоў). Яе скарастрэльнасць 10—12 стрэлаў за мінуту, прыцэльная далёкасць да 2 км. У 1907 на яе аснове створаны карабін. Пасля 2-й сусв. вайны выкарыстоўваюцца пераважна аўтам. вінтоўкі (з ёмістасцю магазіна да 50 патронаў, скарастрэльнасцю да 200 стрэлаў за мінуту, прыцэльнай далёкасцю да 500 м), карабіны (у т. л. самазарадныя), снайперскія вінтоўкі (з аптычнымі і начнымі прыцэламі). Сучасныя вінтоўкі звычайна маюць штык і прыстасаванні для стральбы (да 500 м) вінтовачнымі гранатамі. Пашыраны таксама спарт. вінтоўкі.

Аўтаматычныя вінтоўкі: 1 — M16A1 (ЗША); 2 — FA MAS (Францыя); 3 — FN (Бельгія).

т. 4, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАЎРО́Т,

1) самапрадка, прылада для механізаванага прадзення лёну, пянькі і воўны ў хатніх умовах. Прыйшоў на змену верацяну. Вынайдзены каля 1530 Юргенсам у Германіі. На Беларусі К. з’явіліся ў 16 ст. на мануфактурных прадпрыемствах. У сял. побыце выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст. Вядомы 2 тыпы К. — стаяк (больш характэрны для зах. раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах).

2) Найпрасцейшае грузападымальнае прыстасаванне — вярчальны барабан (вал) з ручкай, на які намотваецца канат (ланцуг, вяроўка) з грузам на свабодным канцы. Бываюць дыферэнцыяльныя К. са ступеньчатым барабанам. Намаганне, якое прыкладаецца да ручкі пры вярчэнні К., у столькі разоў меншае за сілу цяжару грузу, у колькі разоў плячо ручкі большае за радыус барабана.

3) Прыстасаванне для вярчэння ўручную свердлаў, адвёртак і інш. інструментаў пры свідраванні адтулін, закручванні шруб, гаек і інш. Бывае К. з трашчоткай, якая можа ўключацца на правае і левае вярчэнне; выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўны абарот ручкі немагчымы.

Калаўрот: а — грузападымальнае прыстасаванне (1 — барабан радыусам г, 2 — рукаятка з плячом R, Q — сіла цяжару грузу, P — намаганне); б — прыстасаванне для вярчэння (1 — націскная галоўка, 2 — каленчаты стрыжань, 3 — ручка, 4 — кольца-пераключальнік, 5 — храпавы механізм, 6 — патрон).

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)