РЫКСДА́Г (швед. riksdag),
аднапалатны парламент у Швецыі. Выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Прымае законы, устанаўлівае падаткі, выбірае кіраўніка ўрада, валодае шырокімі правамі ў розных галінах жыцця краіны.
т. 13, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧАРД II (Richard; 6.1.1367, г. Бардо, Францыя — 14.2.1400),
кароль Англіі [1377—99]. Апошні з дынастыі Плантагенетаў. Уступіў на трон у 12-гадовым узросце (краінай правіў савет). З 1389 правіў самастойна, абапіраючыся на парламент і ч. знаці. Заключыў мір з Францыяй (1397). З 1397 усталяваў аднаасобнае праўленне, падпарадкаваў сабе парламент, выгнаў з краіны свайго брата Генрыха IV Ланкастэрскага і пазбавіў яго спадчынных правоў. Сваіх б. праціўнікаў караў штрафамі і канфіскацыяй іх маёмасці, што выклікала мяцеж буйных феадалаў. У 1399 скінуты, у 1400 забіты ці памёр ад голаду ў зняволенні. Герой гіст. драмы У.Шэкспіра «Рычард П» (1595).
т. 13, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЖЛІ́С (араб. сход),
назва вышэйшага заканад. органа ў шэрагу мусульманскіх краін (напр., Іран, Мальдывы), у некат. краінах СНД (Азербайджан, Туркменістан). М. часам называюць Вял. нац. сход (парламент) Турцыі.
т. 10, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХПАЛА́ТНАЯ СІСТЭ́МА,
у дзяржаўным праве наяўнасць у складзе прадстаўнічага органа дзвюх палат — верхняй і ніжняй, якія дзейнічаюць раздзельна. Узнікла ў 13 ст. ў Англіі, парламент якой меў палату лордаў і палату абшчын. У практыцы парламентарызму фарміраванне палат адбываецца па-рознаму: верхняя палата фарміруецца пераважна шляхам назначэння ці спадчынна (палата лордаў у Вялікабрытаніі) або шляхам непрамых выбараў (сенат у Францыі); ніжняя — шляхам прамых выбараў насельніцтвам У Рэспубліцы Беларусь з ліст. 1996 заснаваны парламент — Нацыянальны сход, які складаецца з дзвюх палат: Палаты прадстаўнікоў, якая выбіраецца насельніцтвам на аснове ўсеагульнага выбарчага права, і Савета Рэспублікі — палаты тэр. прадстаўніцтва, члены якога выбіраюцца на мясц. Саветах дэпутатаў (па 8 ад кожнай вобласці і г. Мінска) і прызначаюцца Прэзідэнтам дзяржавы (8 членаў). Гл. таксама Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь.
т. 6, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБДУ́Л-ХАМІ́Д II (21.9.1842—10.2.1918),
турэцкі султан [1876—1909]. Пад націскам Мідхата-пашы ў 1876 увёў канстытуцыю, аднак неўзабаве распусціў парламент і ўстанавіў дэспатычны рэжым. Інспіраваў армянскія пагромы, разню грэкаў на Крыце і інш., за што атрымаў мянушку Крывавы султан. Пасля Младатурэцкай рэвалюцыі 1908 быў вымушаны аднавіць канстытуцыю 1876. 27.4.1909 арыштаваны младатуркамі за ўдзел у контррэв. перавароце. Памёр у стамбульскай турме.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЛАМЕНТАРЫ́ЗМ,
сістэма дзярж. улады, пры якой выразна размяжоўваюцца функцыі яе заканадаўчых і выканаўчых органаў пры прызнанні прыярытэтнай ролі парламента як вышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа. У рамках П. парламент фарміруе адказны перад ім урад, які ён кантралюе і можа адправіць у адстаўку. Менавіта парламенту належаць функцыі заканатворчасці. Пры П. паўнамоцтвы манарха або прэзідэнта звычайна носяць пратакольна-прадстаўнічы характар.
т. 12, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНЕГА́МБІЯ (Senegambia),
1) пашыраная назва раёна Зах. Афрыкі ў міжрэччы Сенегала і Гамбіі з 1-й пал. 17 ст., калі еўрапейцы пачалі пранікненне ўглыб афр. кантынента.
2) Канфедэрацыя Сенегала і Гамбіі ў 1982—89. Прэзідэнтам С. быў прэзідэнт Сенегала, віцэ-прэзідэнтам — Гамбіі; існавалі канфедэратыўныя савет міністраў, парламент і суд. Аднак супярэчнасці паміж Сенегалам і Гамбіяй прывялі да распаду канфедэрацыі.
т. 14, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАДАТУРЭ́ЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1908,
рэвалюцыя ў Турцыі супраць дэспатычнага рэжыму султана Абдул-Хаміда II, за ўсталяванне ў краіне канстытуцыйнага ладу. Пачалася з ўзбр. выступлення 3.7.1908 у Македоніі войск на чале з афіцэрамі — членамі тайнай арг-цыі младатуркаў Ніязі і Энверам пад заклікам аднаўлення канстытуцыі 1876. Султан вымушаны прыняць гэта патрабаванне 24.7.1908. На выбарах у парламент б.ч. месцаў атрымала партыя младатуркаў. У крас. 1909 султан распусціў парламент і скасаваў дзейнасць канстытуцыі. У адказ верныя младатуркам войскі занялі сталіцу, скінулі Абдул-Хаміда II і абвясцілі султанам Мехмеда V. Быў ажыццёўлены шэраг рэформ, у т. л. рэарганізацыя арміі і паліцыі. Аднак з 1910 пад лозунгамі панцюркізму і панісламізму пачаліся ганенні на нетур. народы. У 1912 улада перайшла да ліберальнай арг-цыі «Свабода і згода». Пасля паражэння Турцыі ў 1-й Балканскай вайне (гл. Балканскія войны 1912—13) уладу зноў захапілі младатуркі. З 1914 у краіне фактычна ўсталявалася дыктатура трыумвірату Энвер-пашы, Талаат-пашы і Джэмаль-пашы.
Літ.:
Шпилькова В.И. Младотурецкая революция 1908—1909 гг. М., 1977.
У.У.Куніцкі.
т. 10, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕМА́Н ((Allemane) Жан) (25.8.1843—1935),
французскі сацыяліст. У перыяд Парыжскай камуны 1871 старшыня 5-га легіёна Нац. гвардыі. Пасля паражэння камуны сасланы на пажыццёвую катаргу на в-аў Новая Каледонія (амнісціраваны ў 1880). У 1882 далучыўся да пасібілістаў, у 1890 на чале Рабочай сацыял-рэв. партыі (гл. Алеманісты). У 1901, 1906 і 1910 выбіраўся ў парламент. Пасля паражэння на парламенцкіх выбарах 1914 адышоў ад паліт. дзейнасці.
т. 1, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТУМ (ад лац. votum жаданне, воля),
рашэнне, меркаванне, выказанае галасаваннем. У парламентах некаторых краін найб. пашырана галасаванне аб давер’і (вотум давер’я) або недавер’і (вотум недавер’я) ураду. Паводле заканадаўства гэтых краін пры неатрыманні ўрадам вотуму давер’я ён выходзіць у адстаўку або кіраўнік дзяржавы распускае парламент і прызначае датэрміновыя парламенцкія выбары. У некаторых зах. краінах існуе плюральны вотум — права выбаршчыка карыстацца некалькімі галасамі ў залежнасці ад цэнзаў выбарчых.
т. 4, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)