А́НГЛА-АФГА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

каланіяльныя войны Англіі супраць Афганістана. У першую англа-афганскую вайну (1838—42) англ. войскі занялі (1839) гарады Кандагар, Газні, Кабул. У выніку партыз. вайны, якая перарасла ў нар. паўстанне (1841), акупац. армія была знішчана. У 1842 Англія прызнала паражэнне і пакінула Афганістан. У час другой англа-афганскай вайны (1878—80) англ. войскі занялі г. Кандагар. Эмір Якубхан заключыў з Англіяй Гандамакскі дагавор, які выклікаў у 1879 нар. паўстанне. У 1880 пад Майвандам (каля Кандагара) афганцы разбілі англ. брыгаду. Англія адмовілася ад намеру заваяваць Афганістан, аднак дамаглася свайго кантролю над яго знешняй палітыкай. Трэцяя англа-афганская вайна пачалася ў маі 1919 пасля абвяшчэння Афганістанам незалежнасці. Паражэнне англ. войскаў у выніку паўстання пуштунскіх плямёнаў, а таксама ўздым рэв. руху ў Індыі змусілі Англію заключыць у чэрв. 1919 перамір’е, у жн. 1919 — прэлімінарны мірны дагавор.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШКІ́РСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 17—18 ст.,

выступленні супраць феад., нац. і рэліг. прыгнёту, захопу зямель рус. памешчыкамі.

Паўстанне 1662—64 ахапіла амаль усю Башкірыю, асабліва яе паўд.-ўсх. ч., але было раздробленае і не мела агульнага кіраўніцтва. Штуршком да паўстання 1681—83 з’явілася прымусовая хрысціянізацыя башкіраў. Пачалося восенню 1681, да лета 1682 ахапіла ўсю Башкірыю, праходзіла пад лозунгам «свяшчэннай вайны» супраць рускіх. Нар. масы, якія напачатку прымалі актыўны ўдзел у паўстанні, адышлі ад яго, што і вырашыла зыход паўстання. Антырус. накіраванасць мела і паўстанне 1705—11. Самае буйное — паўстанне 1735—40, яго непасрэдная прычына — буд-ва ў Башкірыі горных заводаў і крэпасцяў і прысваенне зямель башкіраў. Пацярпела жорсткае паражэнне. Паўстанне 1755 — супраць царскай адміністрацыі і мясц. Феад. знаці. Было выклікана ўзмацненнем феад. прыгнёту, прымусовай хрысціянізацыяй. Ахапіла б.ч. Башкірыі. Нягледзячы на паражэнне, паўстанне мела станоўчы вынік — прыгнёт у Башкірыі быў паслаблены.

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІНЬЁНСКАЕ ПАЛАНЕ́ННЕ ПА́ПАЎ,

«вавілонскі палон», перыяд у гісторыі папства, калі рымскія папы трапілі ў паліт. залежнасць ад франц. караля і вымушаны былі перанесці сваю рэзідэнцыю ў 1309—77 (з перапынкам 1367—70) з Рыма ў Авіньён (Францыя). Сведчыла пра паражэнне папства ў барацьбе з феад. манархіямі Еўропы за паліт. ўплыў.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТО́Н II (Otto; 955—7.12.983),

кароль і імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» з 973. Сын Атона I. У Германіі ўмацоўваў створаную бацькам епіскапальную сістэму, задушыў сепаратысцкі мяцеж герцага Баварскага (976). Імкнучыся захапіць паўд. Італію, пацярпеў паражэнне ад Візантыі і арабаў (982). Пры ім б.ч. палабскіх славян у выніку паўстання 983 надоўга вызвалілася ад герм. панавання.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧА́К,

хан полаўцаў у 2-й пал. 12 ст. Аб’яднаў полаўцаў і стварыў моцную ваен. арг-цыю, вёў упартую барацьбу супраць Кіева. Здзейсніў шэраг паходаў у Пераяслаўскую зямлю (1174, 1178, 1183), у 1185 нанёс паражэнне Ігару Святаславічу і паланіў яго. Паходы Ігара і інш. рус. князёў супраць К. апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым».

т. 8, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́Д-ШАХ ДУРАНІ́ (каля 1721—1773),

заснавальнік незалежнай афганскай дзяржавы (Дуранійскай дзяржавы). Служыў у іран. шаха Надзір-шаха, пасля смерці якога (1747) на чале афг. Атрадаў пайшоў у Афганістан, дзе аб’яднаў усе афг. плямёны. З 1747 шах Афганістана. У 1748—57 заваяваў Пенджаб, Кашмір, Сірхінд, Сінд, Харасан, Балх, Белуджыстан, у 1761 у бітве пры Паніпаце нанёс паражэнне маратхам.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКА́РСКАЯ БІ́ТВА 1402,

адбылася паміж войскамі сярэднеазіяцкага эміра Цімура і тур. султана Баязіда I пад Анкарой 28 (або 20) ліпеня. Цімуру ўдалося зайсці ў тыл тур. войскам, якія займалі абарону ў гарах, і акружыць Анкару. Атакі ўдвая меншага тур. войска, якое падышло да горада, былі адбіты. Пераход на бок Цімура анаталійскіх беяў паскорыў паражэнне Баязіда. Зыход бітвы прывёў да часовага распаду Турцыі.

т. 1, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРЫЯ́Т (Viriathus; ? — 139 да н.э.),

кіраўнік паўстання плямён лузітан у стараж. Іспаніі супраць Рыма. Зачэпкай да паўстання быў загад рым. прэтара Гальбоя забіваць ці ператвараць у рабоў няўзброеных лузітан. Умела выкарыстоўваючы тактыку партыз. барацьбы, паўстанцы неаднаразова наносілі паражэнне рым. легіёнам. У 141 быў прызнаны ў Рыме незалежным правіцелем.

Па-здрадніцку забіты сваімі прыбліжанымі, якіх падкупілі рымляне. Пасля гэтага Лузітанія была канчаткова заваявана Рымам.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУРСА́НА (1722—57),

адзін з уладарных князёў Айрацкага ханства, дзеяч антыманьчжурскага вызв. руху ў Манголіі ў 1750-я г. Пасля няўдалай спробы захапіць ханскі прастол у 1754 уцёк у Пекін. Маньчжурскія войскі пад выглядам дапамогі Амурсана ў 1755 акупіравалі і ліквідавалі ханства. Падмануты Амурсана ў 1755 далучыўся да стыхійнага антыманьчжурскага руху і стаў яго правадыром. Пацярпеўшы паражэнне, у 1757 уцёк у Расію.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫ́ГАС ((Artigas) Хасе Хервасіо) (19.6.1764, Мантэвідэо — 23.9.1850),

уругвайскі ваенны і паліт. дзеяч, нац. герой Уругвая. Служыў у ісп. калан. войсках. У 1811—14 узначальваў нар. паўстанне Усх. берага (сучасны Уругвай) супраць ісп. панавання. Выступаў за незалежнасць Уругвая, супраць далучэння яго да Аргенціны. У 1816—20 вёў барацьбу супраць браз. агрэсіі. У 1820 пацярпеў паражэнне ад партуг.-браз. войскаў і інтэрніраваны ў Парагваі.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)