ДАНІ́ЛА РАМА́НАВІЧ

(1201—64),

князь галіцкі і валынскі. Сын Рамана Мсціславіча. З 1211 княжыў у Галічы (у 1212 выгнаны), з 1221 — на Валыні. У 1229 завяршыў аб’яднанне валынскіх зямель, у склад якіх былі ўключаны Бярэсце, Кобрын, Камянец, Бельск, Драгічын; яму падпарадкоўваліся таксама тураўскія і пінскія князі. У 1223 удзельнічаў у бітве супраць мангола-татар на р. Калка, разбіў ням. рыцараў у Драгічынскай бітве 1238. У 1238 канчаткова авалодаў Галічам, у 1239 — Кіевам. Заснаваў гарады Львоў, Холм (зрабіў яго сталіцай княства), Угровеск і інш. Ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі (1245), літ. князёў, прымусіў яцвягаў плаціць даніну. Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татар, у 1254 прыняў ад рымскага папы карону караля галіцкага, каранаваўся ў Драгічыне. У 1259 вымушаны прызнаць залежнасць ад манголаў. У перыяд яго княжання Галіцка-Валынскае княства дасягнула эканам. і паліт. росквіту, пашырыўся яго ўплыў на бел. землі.

А.П.Грыцкевіч.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца св. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.Хадкевіча. У 1623 Я.Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял. Айч. вайны.

А.А.Ярашэвіч.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЫКА́Н

(Vaticano),

Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.

Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл. Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.

Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд. дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш. Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.

Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш. перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).

Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-т св. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.

У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.

Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.

Літ.:

Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;

Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].

Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).

т. 4, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЗА́НІЙ (Тустаноўскі) Стафан

(сапр., верагодна, Куколь; каля 1570, с. Пацеліч Львоўскай вобл., Украіна — ?),

бел. педагог, пісьменнік-палеміст, царк. прапаведнік 16 — пач. 17 ст. Брат Л.Зізанія. Выкладаў у Львоўскай (з 1586, з 1592 рэктар; адзін з яе заснавальнікаў) і Віленскай (1593—99) правасл. брацкіх школах. У 1595 у Вільні выдаў «Катэхізіс» на бел. і польск. мовах (не збярогся), які на правасл. саборы ў Навагрудку (1596) асуджаны як ерэтычны. З. пазбаўлены духоўнага сану і адлучаны ад царквы; апраўданы Брэсцкім царк. саборам 1596. Аўтар рэліг.-філас. твораў «Лист Іеремеи патріархи константинопольскаго напоминалный» (1596), «Казанье святого Кирилла патріаръхи іерусалимъскаго...» (Вільня, 1596; перавыд. ў Маскве пад назвай «Книга Кириллова», у Гродне 1786, 1791 пад назвай «Кириллова книга»). У буквары Л.Зізанія 1596 змешчаны твор З. «Изложеніе о православной вѣрѣ» — маленькі катэхізіс пытанняў і адказаў. Творы З., скіраваныя супраць каталіцкага духавенства і папы рымскага, варожа сустракаліся і правасл. артадоксамі. Характэрнай для яго светапогляду была ерэтычная ідэалогія сярэдневякоўя, ён імкнуўся даць сваю інтэрпрэтацыю Бібліі, прапаведаваў верацярпімасць, рацыяналістычна падыходзіў да ацэнкі з’яў прыроды і навакольнага свету. З 1599 у Троіцкім правасл. манастыры ў Вільні, дзе прыняў імя Сільвестра. У выніку барацьбы з уніятамі быў вымушаны тэрмінова пакінуць Вільню.

Літ.:

Алексютович Н.А. Культурно-просветительская деятельность братьев Зизаниев // Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962.

М.Б.Батвіннік.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДСЛАЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 16—1-й пал. 19 ст. ў в. Будслаў (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Упершыню ўпамінаецца ў дакументах у 1504, калі вял. кн. ВКЛ Аляксандр даў віленскім бернардзінцам 6 тыс. маргоў лесу ў Мінскім пав. Манахі жылі па 2—4 чал. ў шалашах («будах»), мелі капліцу. У 1591 пабудаваны драўляны касцёл Наведання Марыяй Елізаветы, у якім знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, прывезены ў 1598 Я.Пацам з Рыма (дар папы Клімента VIII) і ў 1613 перададзены ў храм. У 1643 пабудаваны новы касцёл, у 1750 — жылы корпус кляштара. 29.6.1767 закладзены новы касцёл, у яго аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўвайшоў як бакавая капліца касцёл св. Варвары, пабудаваны ў 1643. У 1783 касцёл асвячоны ў гонар Успення Маці Божай. На працягу 2-й пал. 18 ст. прыбудаваны розныя кляштарныя памяшканні. З 1756 пры кляштары працавала муз. школа (15 вучняў), у 1793—1842 — 2-класная школа (15 вучняў) і шпіталь, у 1731—97 у духоўнай школе кляштара 7—10 слухачоў вывучалі маральную тэалогію і рыторыку. Манахаў было 4—17 чал. Пасля закрыцця кляштара (1852) некаторыя яго манахі (Г.Т.Вольскі, Манстовіч, П.Багдановіч, Загорскі, Маркевіч) бралі ўдзел у паўстанні 1863—64. Касцёл захаваўся як парафіяльны (гл. Будслаўскі касцёл бернардзінцаў). Побач з ім захаваўся будынак плябаніі 19 ст.

А.А.Ярашэвіч.

т. 3, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КЦЫЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ,

сукупнасць свецкіх арг-цый вернікаў-католікаў, дзейнасць якіх каардынуе Ватыкан. Пачалі стварацца ў 19 ст. дзеля захавання ўплыву каталіцкай царквы і магчымасці непасрэднай паліт. дзейнасці духавенства. Арганізацыйна аформілася пасля 1922 па ініцыятыве папы Пія XI, які вызначыў яе паліт. мэты: спрыяць укараненню ў грамадстве асн. ідэй каталіцкай сац. праграмы, папскіх энцыклік (пасланняў), пашыраць грамадскую базу каталіцкай царквы, актыўна ўплываць на паліт. асяроддзе. У час парламенцкіх выбараў арг-цыі акцый каталіцкіх вядуць агітацыю пераважна за прадстаўнікоў каталіцкіх партый. Некаторыя з гэтых партый (ХДП у Італіі, ХДС/ХСС у Германіі, СХП у Бельгіі, АНП у Аўстрыі і інш.) прыходзілі да дзярж. улады. У залежнасці ад рэгіёна і гіст. умоў дзейнасць акцый каталіцкіх набывае спецыфічныя рысы: у 1929—43 у Італіі ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі яна падпарадкоўвалася рэжыму Мусаліні; у Германіі дзейнічае пры епархіях як сістэма камісій па наглядзе за выхаваннем у школе, а праз сродкі масавай інфармацыі — за «маральным станам нацыі». У 1925—39 акцыя каталіцкая (пераважна суполкі пры касцёлах) дзейнічала ў Зах. Беларусі. Старшыні і сакратары гэтых суполак падпарадкоўваліся Віленскаму епархіяльнаму «Інстытуту акцыі каталіцкай», які ў сваю чаргу нёс адказнасць перад Ватыканам. Члены акцыі каталіцкай спалучалі прапаганду каталіцкіх ідэй з культ.-асв. работай. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) арг-цыі акцыі каталіцкай як антысав., а іх арганізатары і кіраўнікі ў 1949—52 рэпрэсіраваны.

Літ.:

Ковальский Н.А. Международные католические организации. М., 1962.

А.А.Цітавец.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСІ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,

нацыянальна-рэліг. барацьба чэш. народа за рэформу каталіцкай царквы, супраць ням. засілля і іншаземнай інтэрвенцыі ў 1-й пал. 15 ст. Прычынай Гусіцкіх войнаў стаў крызіс, які ахапіў каталіцкую царкву на мяжы 14—15 ст. і выклікаў падзенне яе аўтарытэту. Вышэйшае чэш. духавенства сканцэнтравала ў сваіх руках велізарныя багацці, жыло ў раскошы, чым выклікала да сябе нянавісць у народзе. З рэзкай крытыкай царквы і існуючых у ёй парадкаў выступіў мысліцель і прапаведнік Ян Гус, асуджэнне якога Канстанцкім царк. саборам і спаленне выклікалі абурэнне ва ўсёй Чэхіі і сталі штуршком да Гусіцкіх войнаў. 30.7.1419 пражскія гусіты (назва ўсіх прыхільнікаў ідэй Гуса) на чале з Я.Жэліўскім узнялі паўстанне і захапілі ўладу ў горадзе. Пасля смерці караля Вацлава IV (1419) паўстала ўся Чэхія, народ распраўляўся з патрыцыятам (у асноўным нямецкім) і каталіцкімі прэлатамі, граміў кляштары. Ужо ў першыя месяцы вайны адбылося размежаванне сярод гусітаў. Дробнае рыцарства і бюргерства ўтварылі памяркоўнае крыло гусітаў — чашнікі (чаша — сімвал царк. рэформы), якія задачы рэфармацыі каталіцкай царквы вызначылі ў Пражскіх артыкулах 1420. Гар. нізы і сялянства ўтварылі радыкальнае крыло, што атрымала назву табарыты (ад гары Табар). Табарыты патрабавалі рэфармацыі, заклікалі да ліквідацыі феад. парадкаў. Вясной 1420 пераемнік Вацлава IV Сігізмунд І арганізаваў супраць гусітаў крыжовы паход і ўзяў у аблогу Прагу. На дапамогу гораду прыйшлі гусіцкія атрады на чале з Я.Жыжкам і 14.7.1420 разграмілі крыжакоў на Віткавай гары. Земскі сейм (1421) пазбавіў Сігізмунда І чэш. прастола і стварыў часовы ўрад. Восенню 1421 Сігізмунд І арганізаваў 2-і крыжовы паход, захапіў Маравію і частку Усх. Чэхіі. У студз. 1422 крыжакі двойчы былі разбіты гусітамі каля Кутна-Гары і Нямецкі-Броду. У пошуках саюзнікаў супраць крыжакоў чашнікі прапанавалі чэш. карону вял. кн. ВКЛ Вітаўту. Замест сябе Вітаўт паслаў кн. Жыгімонта Карыбутавіча, які на чале 5-тысячнага бел.-літ. войска ў маі 1422 увайшоў у Прагу і быў каранаваны чэш. сеймам. Але з-за пазіцыі рымскага папы Вітаўт вымушаны быў адклікаць Жыгімонта Карыбутавіча. Пасля смерці Я.Жыжкі (1424) войска табарытаў узначаліў Пракоп Вялікі (Голы). На чале з ім табарыты і чашнікі 16.6.1426 каля Усці-над-Лабай разбілі войска папы і ням. курфюрстаў (3-і крыжовы паход). 4-ы крыжовы паход таксама скончыўся паражэннем крыжакоў пад Тахавам у жн. 1427. З гэтага моманту перавага гусітаў была неаспрэчнай. У 1427—33 гусіты здзейснілі паспяховыя паходы ў Аўстрыю, Баварыю, Маравію, Сілезію, Саксонію і інш. У 1431 папскі нунцый Дж.Чэзарыні арганізаваў 5-ы, самы буйны крыжовы паход; 14.8.1431 каля Домажліцы крыжакі панічна адступілі ў ням. землі. Супярэчнасці паміж чашнікамі і табарытамі ў 1434 выліліся ў ваен. супрацьстаянне. 30.5.1434 войска чашнікаў у бітве пад Ліпанамі разбіла табарытаў. 5.7.1436 у Іглаве чашнікі заключылі мір з Сігізмундам І і Базельскім саборам і падпісалі т.зв. кампактаты (пагадненні), у якіх са значнымі агаворкамі была легалізавана гусіцкая царква, праведзена секулярызацыя царк. маёмасці. У ходзе Гусіцкіх войнаў чэш. гарады пашырылі свае правы, б. каралеўскія гарады дамагліся поўнага самакіравання. Гусіцкія ідэі сталі правобразам еўрап. Рэфармацыі.

Дз.М.Чаркасаў.

т. 5, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫБА́ЛЬДЗІ (Garibaldi) Джузэпе

(4.7.1807, г. Ніцца, Францыя — 2.6.1882),

нацыянальны герой Італіі, адзін з гал. дзеячаў Рысарджымента. Генерал (1849). З 14-гадовага ўзросту плаваў на караблі бацькі, потым служыў на флоце Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1832 пазнаёміўся з Дж.Мадзіні. За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання мадзіністаў у Генуі завочна прыгавораны да пакарання смерцю (1834). Эмігрыраваў у Паўд. Амерыку. У Браз. імперыі ўдзельнічаў у барацьбе рэспубліканцаў з манархістамі (узначальваў флатылію паўстанцаў рэспублікі Рыу-Гранды), у т.зв. Вялікай вайне 1839—52 Аргенціны супраць незалежнага Уругвая ў складзе уругвайскіх войск камандаваў італьян. легіёнамі. Вярнуўся ў пач. Рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. На чале атрадаў валанцёраў удзельнічаў у аўстра-італьян. вайне 1848—49. Ініцыятар стварэння Рымскай рэспублікі 1849. Пасля яе падзення, не здолеўшы прабіцца на дапамогу Венецыі, з вял. стратамі дасягнуў П’емонта, адкуль высланы ўладамі. З 1849 жыў у Амерыцы. У 1854 вярнуўся ў Італію. У час Аўстра-італа-франц. вайны 1859 камандаваў добраахвотніцкім корпусам альпійскіх егераў. У час Рэвалюцыі 1859—60 у Італіі ўзначальваў паход «Тысячы». На чале корпуса добраахвотнікаў удзельнічаў у аўстра-італьян. вайне 1866. У 1862 і 1867 намагаўся ўзбр. шляхам вызваліць Рым ад панавання папы. Па просьбе часовага рэв. ўрада Францыі ўзначаліў Вагезскую армію ў франка-прускую вайну 1870—71. Пасля 1871 жыў на в-ве Капрэра, дзе і памёр Яго імем наз. батальён італьян. інтэрнацыяналістаў, які ўдзельнічаў у Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 (гл. Гарыбальдзі батальён), і італьян. партыз. атрады ў 2-ю сусв. вайну (гл. Гарыбальдзійскія брыгады).

Тв.:

Рус. пер. — Мемуары. М., 1966.

У.Я.Калаткоў.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Віленская дыяцэзія,

Віленскае біскупства, царкоўна-адм. адзінка рымска-каталіцкай царквы, найстарэйшая на тэр. Літвы і Беларусі. Цэнтр — г. Вільнюс (Вільня). Утворана паводле прывілея вял. кн. ВКЛ Ягайлы ад 17.2.1387, зацверджана папам рымскім у 1388. Падпарадкоўвалася спачатку папству, у 1418—1795 гнезненскаму арцыбіскупу. Ахоплівала амаль усе парафіі ў Літве і на Беларусі (акрамя парафій Брэсцкага ваяв., якія ўваходзілі ў Луцкую епархію). Першы біскуп — Андрэй. У 1700 са складу епархіі вылучылася Магілёўская епархія. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 Віленская рымска-каталіцкая епархія скасавана і замест яе ўтворана Інфлянцкая каталіцкая епархія з цэнтрам у Вільні. У 1798 Віленская епархія адноўлена. У яе склад увайшлі Літ. і Курляндская губ. У канцы 1840-х г. епархія засталася толькі ў межах Віленскай і Гродзенскай губ. У канцы 1860-х г.—1883 у яе склад уваходзіла тэр. скасаванай Мінскай каталіцкай епархіі. У 1918 епархія падзелена польска-літ. граніцай, большая частка з г. Вільня адышла ў 1921 да Польшчы. Булай папы Пія XI ад 28.10.1925 атрымала статус архіепархіі (арцыбіскупства) Польскай рымска-каталіцкай царквы, у яе ўваходзілі тэр. Віленскага, палова Навагрудскага і частка Беластоцкага ваяв. Пасля 1939 тэр. Віленскай епархіі апынулася ў розных дзяржавах: асн. частка на тэр. БССР, меншая з Вільняй у Літве, з 1944 зах. частка зноў у Польшчы. Пасля 2-й сусв. вайны епархія намінальна засталася ў складзе Польскай каталіцкай царквы, з 1945 рэзідэнцыя біскупа знаходзілася ў Беластоку. У 1991 у сувязі з рэарганізацыяй каталіцкіх епархій у адпаведнасці з нац.-дзярж. граніцамі, Віленская рымска-каталіцкая епархія афіцыйна пераведзена ў юрысдыкцыю Літ. каталіцкай царквы, атрымала статус мітраполіі.

Літ.:

Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie... Wilno, 1912.

В.Л.Насевіч, А.М.Філатова.

т. 4, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ННЯ

(Bologna),

горад на Пн Італіі, на р. Рэна, каля падножжа Паўн. Апенінаў. Адм. ц. правінцыі Балоння і вобласці Эмілія-Раманья. Ва ўзгорыстай мясцовасці з высокаразвітой сельскай гаспадаркай (сады і вінаграднікі). 395 тыс. ж. (1993). Займае выгаднае трансп. становішча на шляхах з Паўн. Італіі на Пд. Вузел чыгунак, аўтадарог; аэрапорт; злучаны суднаходным каналам з р. По. Машынабудаванне (у тым ліку дакладнае), чорная металургія, хім., керамічная (вырабы з маёлікі), фармацэўтычная, лёгкая, харч., паліграф. прам-сць. Цэнтр атамных даследаванняў.

З канца 6 ст. да нашай эры Балоння (Фельсіна) сталіца этрускаў. У 4 ст. да нашай эры захоплена племем бояў (адсюль сучасная назва). З 189 да нашай эры Балоння — рым. калонія Банонія. На пач. 8 ст. захоплена лангабардамі, пазней была пад уладай франкаў, папы рымскага. У 1114 дамаглася статуса гар. камуны. У канцы 11 ст. засн. Балонскі універсітэт. У 1506—1860 (з перапынкам у 1796—1815) Балоння ў складзе Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства. У 2-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.

Абрысы сярэдневяковай Балонні (вузкія прамыя вуліцы, дамы з аркадамі на 1-м паверсе, фасады гатычных палацаў) склаліся ў 11—15 ст. У цэнтры горада — плошчы Маджорэ і Нептуна з царквой Сан-Петроніо (14—17 ст.), «Палацам караля Энца» (1246), Палацца Камунале (13—15 ст.), Палацца дэль Падэста (13—15 ст.) і фантанам «Нептун» (1566). Комплекс раманскіх цэркваў 11—13 ст. Сан-Стэфана; нахіленыя дамы-вежы Торэ Гарызенда (1110), Торэ Азінелі (1009—1119); цэрквы Сан-Франчэска (13 ст.) і Сан-Даменіка (13—18 ст.); рэнесансавыя і барочныя дамы. Музеі: Нац. пінакатэка, Гар. музей, Галерэя сучаснага мастацтва. Захаваліся шматлікія некропалі этрускаў 6—4 ст. да нашай эры

Літ.:

Rubbi P. E. Guida alla Bologna d’oggi. Bologna, 1975.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)