ПАНТЫФІКА́Т (ад лац. pontificatus),

у каталіцкай царкве ўлада і час праўлення папы рымскага. Адзін з тытулаў папы з 5 ст.вярх. пантыфік.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКЛА́Ў (ад лац. conclave зачынены пакой),

сход кардыналаў, які збіраецца для выбрання папы рымскага пасля смерці яго папярэдніка. Парадак правядзення К. ўстаноўлены ў 1274 на 2-м Ліёнскім саборы папам Грыгорыем X. Адбываецца праз 18 дзён пасля смерці папы ў ізаляваным ад навакольнага свету памяшканні закрытым галасаваннем. Для выбрання папы патрабуецца ​2/3 галасоў удзельнікаў (колькасць не павінна перавышаць 120) плюс 1 голас. К. называецца таксама памяшканне Сіксцінскай капэлы, дзе адбываюцца выбары.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫНА́Л (ад лац. cardinalis галоўны),

у царкоўнай іерархіі каталіцкай царквы 2-і пасля папы рымскага чын. Бліжэйшыя саветнікі і памочнікі папы па кіраўніцтве царквой, маюць сан епіскапа. Назначаюцца са згоды кансісторыі — сходу кардынальскай калегіі. На канклаве з К. выбіраецца папа рымскі.

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НТЫЯ (ад сярэднягрэч. mantion пакрывала, плашч),

доўгая шырокая адзежына ў выглядзе плашча, якая надзяваецца на інш. вопратку; парадная вопратка цароў, папы рымскага, вышэйшых служыцеляў правасл. царквы. У некаторых краінах М. надзяваюць суддзі і адвакаты, ва ўрачыстых выпадках — члены навук. т-ваў і акадэмій.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́Н МСЦІСЛА́ВІЧ (пасля 1160—19.6.1205),

першы галіцка-валынскі князь [1199—1205]. Сын уладзіміра-валынскага і кіеўскага князя Мсціслава Ізяславіча і Агнесы, дачкі польскага князя Баляслава III. Бацька Данілы Раманавіча. У 1168—70 кн. наўгародскі. Пасля смерці бацькі з 1170 кн. Уладзіміра-Валынскага княства (уключала бел. Берасцейскую зямлю). У 1199 авалодаў таксама прастолам суседняга Галіцкага княства, у выніку чаго пад яго ўладай утварылася адзінае Галіцка-Валынскае княства. У 1202—03 падпарадкаваў сабе Кіеўскае княства і стаў наймацнейшым князем Паўд.-Зах. Русі. Ваяваў з полаўцамі, летапіснай Літвой і яцвягамі. Адмовіўся ад прапановы рым. папы Інакенція III, які абяцаў яму каралеўскую карону пры ўмове прыняцця каталіцтва. Забіты ў час міжусобнай вайны ў Польшчы, дзе падтрымліваў кн. Лешку.

Да арт. Раман Мсціславіч. М.​В.​Неўраў. Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III. 1875. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІНЬЁНСКАЕ ПАЛАНЕ́ННЕ ПА́ПАЎ,

«вавілонскі палон», перыяд у гісторыі папства, калі рымскія папы трапілі ў паліт. залежнасць ад франц. караля і вымушаны былі перанесці сваю рэзідэнцыю ў 1309—77 (з перапынкам 1367—70) з Рыма ў Авіньён (Францыя). Сведчыла пра паражэнне папства ў барацьбе з феад. манархіямі Еўропы за паліт. ўплыў.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЛО́Н (франц. doublon ад ісп. doblon),

іспанская залатая манета. Змяшчала каля 7,5 г золата. У 1537 выпушчаны эскуда, двайны эскуда называўся пістоль, або «іспанскі Д.». У еўрап. гандлі двайны пістоль атрымаў назву Д. Існаваў да 1868. Д. з’яўляўся стараж. залатой манетай Швейцарыі, у 15—16 ст. яго чаканілі рым. папы.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТО́Н I (Otto; 23.11.912 — 7.5.973),

германскі кароль з 936, імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» з 962. З Саксонскай дынастыі. У 951 падпарадкаваў Ламбардыю і прыняў тытул італьян. караля. У 955 перамог венграў на р. Лех, прыпыніўшы іх наступленне на захад. У 961 пад выглядам дапамогі выгнанаму жыхарамі папу Іаану XII ажыццявіў паход на Рым. Атрыманая з рук папы імператарская карона (2.2.962) дала пачатак «Свяшчэннай Рымскай імперыі».

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РМСКІ КАНКАРДА́Т,

кампраміснае пагадненне паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрыхам V і рым. папам Калікстам II, якое завяршыла барацьбу за інвестытуру. Падпісана 23.9.1122 у г. Вормс (Германія). Паводле пагаднення імператар захаваў кантроль за выбарамі і зацвярджэннем епіскапаў у Германіі, а ў Італіі і Бургундыі епіскапы павінны былі выбірацца і зацвярджацца са згоды папы. У выніку Вормскага канкардата скончылася т.зв. «епіскапальная палітыка» (апора на духавенства) герм. імператараў, пачатая Атонам I.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПІ́НІ ((Carpini) Джавані дэ Плана) (1182, г. Перуджа, Італія — 1252),

італьянскі падарожнік, манах-францысканец. У 1245 па даручэнні папы Інакенція IV здзейсніў падарожжа з г. Ліён (Францыя) у Манголію з мэтай устанаўлення з ёй дыпламат. зносін. Яго шлях прайшоў праз Чэхію, Кракаўскае ваяв., Кіеў, нізоўі Волгі, узбярэжжа Аральскага м., Сямірэчча, пустыні і горы Цэнтр. Азіі. У творы «Гісторыя манголаў» апісаў прыроду, гаспадарку, гісторыю і дзярж. лад краін, якія наведаў.

т. 8, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)