БУКЛЕ́Т (ад франц. bouclette кольца),

від выдання, зробленага на адным аркушы паперы, сфальцаваным звычайна ў некалькі згібаў, без шыцця (кароткія даведнікі, рэкламныя праспекты і інш.).

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНЯ́НАЯ МА́СА,

валакністая маса, якую атрымліваюць мех. сціраннем балансавай драўніны ў дэфібрэрах ці трэсак у дэфібратарах. Выкарыстоўваюць як паўфабрыкат у вытв-сці паперы, кардону, драўнянавалакністых пліт.

т. 6, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУКАВА́ЛЬНАЯ ПРЫЛА́ДА ў вылічальнай тэхніцы,

перыферыйная прылада для пераўтварэння выхадных даных ЭВМ, лічбавых вымяральных або інш. прылад і іх аўтам. друку на носьбіце інфармацыі (пераважна на паперы) у выглядзе літар, лічбаў і інш. сімвалаў. Забяспечвае атрыманне дакументаў з вынікамі апрацоўкі даных у форме, зручнай для ўспрымання чалавекам: тэкст, табліцы, графікі і інш.

Работа Д.п. заснавана на мех. (ударны запіс на носьбіце з дапамогай фарбавальнага элемента) і немех. (з дапамогай светлавога промня, імпульсаў эл. току, струменяў фарбавальнага рэчыва і інш.) спосабах рэгістрацыі інфармацыі. Д.п. бываюць знакадрукавальныя (напр., алфавітна-лічбавыя) і знакасінтэзавальныя (прынтэры, знакі фарміруюцца з асобных элементаў — кропак, рысак і інш.; даюць магчымасць выводзіць любыя сімвалы і графічную інфармацыю); пасімвальныя (знакі выводзяцца паасобку, як у пішучай машынцы), парадковыя (знакі аднаго радка друкуюцца адначасова) і пастаронкавыя (друкуецца цалкам старонка); аркушавыя (інфармацыя запісваецца на асобныя аркушы паперы) і рулонныя (на рулон паперы, які потым разразаецца на аркушы).

М.П.Савік.

т. 6, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НСАВАЯ ДРАЎНІ́НА, баланс,

круглы лесаматэрыял з лісцевых і хвойных дрэў у выглядзе адрэзкаў ствала (даўж. 0,75—3 м, дыям. 6—40 см). Выкарыстоўваецца як сыравіна на выраб паперы і цэлюлозы.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РКУШ (польскае arkusz),

1) стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і інш. 2) Адзінка вымярэння ў паліграфіі і выдавецкай справе. Адрозніваюць аркуш аўтарскі, улікова-выдавецкі, папяровы друкаваны і ўмоўна-друкаваны.

Аўтарскім аркушам вымяраюць аб’ём літ. твора (рукапіснага і надрукаванага). У бел. паліграфіі роўны 40 тыс. друкаваных знакаў (з прагаламі паміж словамі), ці 700 вершаваным радкам, ці 3 тыс. см² надрукаванага ілюстрацыйнага матэрыялу. Улікова-выдавецкі аркуш — аб’ём друкаванага твора, колькасцю знакаў роўны аўтарскаму, але акрамя аўтарскага тэксту ўключае тытул, рэдакцыйную прадмову, змест, рэкламу, калонтытулы і інш. тэкставы і графічны матэрыял. Служыць для выдавецкага планавання, вызначэння кошту выдання і інш. Папяровым аркушам вызначаюць колькасць выкарыстанай на выданне паперы. Друкаваны аркуш паказвае аб’ём (плошчу) выдання і раўняецца палове папяровага пры стандартных фарматах. Умоўны друкаваны аркуш — адзінка ўліку выдавецкай прадукцыі: папяровы аркуш фармату 60 × 90 см, надрукаваны з аднаго боку. Аб’ём выданняў, надрукаваных на паперы інш. фарматаў, для параўнання паказчыкаў пералічваюць ва ўмоўныя друкаваныя аркушы.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДБІ́ТАК,

адлюстраванне тэксту, графічнай інфармацыі на паперы, кардоне і інш. матэрыяле, атрыманае з друкарскай формы. Адрозніваюць адбіткі пробныя (для кантролю якасці) і тыражныя (прадукцыя, якая атрымліваецца з друкарскай машыны). Параўн. копія.

т. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУКА́РСКАЯ МАШЫ́НА паліграфічная,

машына для шматразовага атрымання аднолькавых адбіткаў тэксту, ілюстрацый і інш. на паперы (або інш. матэрыяле) з адпаведнай друкарскай формы. Асн. вузлы Д.м.: друкавальны і фарбавальны апараты, прыстасаванні для падачы паперы і перамяшчэння яе ў машыне, вываду гатовай прадукцыі.

Адрозніваюць Д.м.: высокага друку, глыбокага друку і плоскага друку, у т. л. афсетнага друку тыгельныя (да плоскай друкарскай формы папера прыціскаецца плоскасцю т.зв. тыгля), плоскадрукавальныя (да плоскай формы папера прыціскаецца цыліндрам) і ратацыйныя (форма і прыціскальная паверхня цыліндрычныя, верцяцца з аднолькавай скорасцю). Папера можа падавацца аркушамі (аркушавая Д.м.) або з рулона (рулонныя). Найб. прадукцыйныя ратацыйныя рулонныя Д.м. Першая Д.м. (плоскадрукавальная) створана ням. вынаходнікам Ф.Кёнігам у 1811, машыны розных тыпаў пачалі выкарыстоўвацца ў пач. і сярэдзіне 19 ст. ў Германіі, Англіі, ЗША і інш.

Літ.:

Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства. Ч. 2. М., 1982.

Адна з першых друкарскіх машын (прэс): 1 — дэкель для ўкладкі паперы; 2 — талер (металічная пліта) для ўстаноўкі друкарскай формы; 3 — друкарская форма; 4 — вінтавы прэс.
Схемы друкавальных прыстасаванняў друкарскіх машын: а — тыгельнай; б — плоскадрукавальнай; в — ратацыйнай; г — афсетнай; 1 — друкарская форма; 2 — плоская аснова — талер (або формны цыліндр); 3 — тыгель (або друкавальны цыліндр); 4 — папера; 5 — дэкель; 6 — перадатачны (афсетны) цыліндр.
Схема рулоннай афсетнай кніжна-часопіснай друкарскай машыны: 1 — рулон паперы; 2 — трохцыліндравыя аднафарбавыя друкавальныя секцыі; 3 — штангі для пераварочвання папяровага палатна; 4 — фальцавальны апарат.

т. 6, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМАГРА́ФІЯ (ад грэч. nomos закон + ...графія),

раздзел вылічальнай матэматыкі, які вывучае метады графічнага адлюстравання функцыянальнай залежнасці з дапамогай намаграм. Метады Н. дазваляюць кампактна і наглядна адлюстраваць на паперы шырокі клас залежнасцей з многімі пераменнымі.

т. 11, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУР’Е́Р (франц. courrier ад лац. curro бягу),

1) службовая асоба, якая развозіць спешныя даручэнні. Дыпламатычны К. — супрацоўнік Міністэрства замежных спраў, які перавозіць дыпламатычную пошту.

2) Пасыльны ва ўстанове, які разносіць службовыя паперы. Напр., К. рэдакцыі.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЖЭ́ЛЬСКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1825—61 у маёнтку Бражэльцы Лідскага пав. (цяпер вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл.). Вырабляла за год пісчай паперы да 1500 стосаў на 12 907 руб., працавала да 72 чалавек (1850).

т. 3, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)