адна з трох сусв. рэлігій (разам з хрысціянствам і ісламам). Узнік у 6 ст. да н.э. як рэакцыя стараж.-інд. насельніцтва на брахманізм і каставы падзел грамадства, дзе дасягненне канчатковай мэты рэліг. практыкі залежала ад брахманаў і было недасягальнае для ніжэйшых кастаў. Заснавальнікам будызму лічыцца інд. прынц Сідхартха Гаўтама, празваны Будам. У цэнтры будызму вучэнне пра 4 высакародныя ісціны: існуе жыццё-пакута; прычына пакут у жаданнях; паглыбляючыся ў нірвану, можна спыніць пакуты; метад дасягнення нірваны — «васьмярычны шлях» (складаецца з сапраўдных поглядаў, рашучасці, намагання, засяроджвання; кантролю над мовай; з праведных дзеянняў, жыцця, намераў). У будызме выказваецца думка пра адмаўленне і ад крайнасцей, звязаных з рытуаламі брахманізму, і ад аскетызму; ён вядомы як «сярэдні шлях». Першапачаткова будызм быў хутчэй філас.-этычным вучэннем, пазней пашырыўся за межы Індыі, набыў рысы рэлігіі. Дактрына будызму распрацавана ў працэсе стварэння будыйскіх школ і кірункаў. На мяжы 1—2-га тыс.н.э. перастаў адыгрываць адметную ролю ў гісторыі і культуры Індыі, як сусв. рэлігія фарміраваўся за яе межамі.
Літ.:
Щербатской Ф.И. Избранные труды по буддизму. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІЁНЫ (італьян. passione ад лац. passio пакута),
страсці, рэлігійнае дзейства, заснаванае на евангельскіх тэкстах пра пакуты і смерць Ісуса Хрыста. Як асобная літургічная цырымонія П. выкарыстоўваліся хрысц. царквой з 4 ст. У каталіцкім набажэнстве суправаджалася ўрачыстым спяваннем паводле спец. выпрацаваных для гэтай мэты рэчытатыўных формул (тонаў). Адбывалася ў час мес Вербнай нядзелі, серады, чацвярга і пятніцы перадвелікоднага тыдня. Першапачаткова П. рэчытаваліся салістам (дыяканам), з 13 ст. ёсць звесткі пра драматызаванае, падзеленае на ролі (апавядальнік, Хрыстос, хор іудзеяў і інш.) выкананне. З 15 ст. распаўсюдзіліся рэспансарыяльныя (манадыйныя эпізоды чаргаваліся з поліфанічнымі) і матэтныя (увесь тэкст быў апрацаваны поліфанічна) П. У 17 ст. ўзнік новы тып П. — аратарыяльны, у якім біблейскі тэкст дапаўняўся вершамі і гімнамі, а муз. трактоўка (эмацыянальны рэчытатыў саліста замест традыц. псалмодыі, арыі, вак. ансамблі, інстр. эпізоды) адпавядала барочнай стылістыцы (А.Скарлаці). Росквіт П. звязаны з пратэстанцкай традыцыяй («Страсці па Іаану», 1724, «Страсці па Матфею», 1729, І.С.Баха). П. ў правасл. набажэнстве («Страсці Хрыстовы») фіксуюцца ў слав. рукапісах з 12 ст. Яны выконваліся ў час ютрані Вял. пятніцы і ўключалі 12 урыўкаў з Евангелляў, вял. колькасць спеваў (антыфонаў, трапароў, стыхір і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАБУ́ДКА (Myosotis),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 80 (па інш. звестках каля 50) відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, у гарах трапічнай Паўд. Афрыкі, на Новай Гвінеі, у Аўстраліі і Новай Зеландыі, некат. — у Амерыцы. На Беларусі 7 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя Н.: балотная, нар. назвы жабіныя вочкі, палявая разета (M. palustris), дзірваністая (M. caespitosa), драбнакветная (M. micrantha), лясная (M. sylvatica), палявая (M. arvensis). Культывуецца Н. альпійская (M. alpestris). Трапляюцца ў лясах, балотах, на лугах.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—50 см. Сцёблы галінастыя, тонкія, звычайна апушаныя. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пераважна блакітныя ў прадаўгаватых завітках. Плод 4-арэшак. Меданосныя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.
В.В.Маўрышчаў.
Незабудка.
«НЕЗАБУ́ДКА» («Niezabudka»), літаратурны штогодні альманах. Выдаваўся ў 1840—44 у Пецярбургу на польск. мове Я.Баршчэўскім пры ўдзеле бел. і польск. студэнцкай моладзі. Выйшла 5 кніг. Меў сталае кола аўтараў — пераважна ўраджэнцаў Віцебскай губ. Публікаваў рамант. вершы Г.Шапялевіча, паэт. і празаічныя творы Г.Рэута, артыкулы С.Ляховіча, Л.Плашчынскага. Асн. месца ў «Н.» займалі творы Баршчэўскага: балады «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы» (1842, кн. 3), «Партрэт», «Зарослае возера», «Рыбак», «Помста» (1843, кн. 4), заснаваныя на бел. паданнях, санеты «Кветкі», «Пакута» (1842, кн. 3), «Ноч», «Дзень», «Развітанне», «Час усё знішчае» (1843, кн. 4), «Летняя ноч у Фінляндыі», «Нява», «Тры сонцы», «Жалезны век» (1844, кн. 5) і інш., аповесць з кн. «Шляхціц Завальня» — «Драўляны дзядок...» (1844, кн. 5), вершаваныя прысвячэнні, вершы. Шырока распаўсюджваўся на Беларусі. Сярод падпісчыкаў былі В.Дунін-Марцінкевіч, Р.Падбярэскі, І.Храпавіцкі.