ГРЫБ (Кузьма Пятровіч) (1911, в. Сінск Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). З чэрв. 1943 на Зах. і Паўд.-Зах. франтах. Камандзір стралк. ўзвода мал. лейтэнант Грыб вызначыўся ў 1943 у баі каля в. Куцавалаўка Кіраваградскай вобл. (Украіна): адзін з першых фарсіраваў Дняпро, уварваўся ў сяло, на захопленым плацдарме паранены адбіваў контратакі ворага, пакуль не загінуў.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯПО́ЛЕ,

электрамагнітнае поле, якое ствараецца жывым арганізмам і мае здольнасць уздзейнічаць на інш. жывыя істоты і прадметы. Жывыя істоты (іх клеткі, тканкі і інш.) узаемадзейнічаюць з эл.-магн. палямі Зямлі. Узаемадзеянне гэтых палёў вывучаецца; відавочна іх вял. роля ў жыцці прыроды, але навук. яе абгрунтаванне застаецца пакуль на ўзроўні гіпотэз і меркаванняў. Паняццем «біяполе» без пранікнення ў сутнасць з’явы часта карыстаюцца прадстаўнікі экстрасенсорыкі, парапсіхалогіі, тлумачальнікі палтэргейста.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗУ́МПЦЫЯ НЕВІНАВА́ТАСЦІ ў крымінальным праве,

палажэнне, паводле якога абвінавачаны лічыцца невінаватым, пакуль яго віна не будзе даказана ўстаноўленым законам парадкам. П.н. — адна з найважнейшых дэмакр. прыкмет крымін. працэсу, забяспечвае ахову правоў асобы, выключае неабгрунтаванае абвінавачанне і асуджэнне. Можа быць абвергнута толькі шляхам даказвання ўстаноўленымі працэсуальным законам сродкамі і выключна пры наяўнасці дастатковых суд. доказаў, якія адносяцца да справы і дапускаюцца заканадаўствам. Абавязак даказвання ўскладаецца на органы абвінавачання.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭ́Й,

у грэчаскай міфалогіі волат, уладар Лівіі, сын Пасейдона і Геі. Быў непераможны, пакуль дакранаўся да зямлі, якая давала яму новыя сілы. Загінуў у паядынку з Гераклам, які адарваў Антэя ад зямлі і задушыў. Гэты сюжэт адлюстраваны на франтоне храма Геракла ў Фівах, у шматлікіх жывапісных творах Л.​Кранаха Старэйшага, Г.​Бальдунга (Грына), Я.​Тынтарэта, Дж.​Цьепала і інш.

Геракл і Антэй. Скульптурная група А.​Палаёла. Каля 1475.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НА-ФРАНЦУ́ЗСКІ ДАГАВО́Р 1778.

Падпісаны 6 лют. ў Парыжы Б.Франклінам і франц. міністрам замежных спраў Ш.​Вержэнам. Прадугледжваў уступленне ў вайну з Англіяй Францыі, якая абавязалася абараняць «свабоду, суверэнітэт і незалежнасць» 13 паўн.-амер. калоній і не складаць зброі да таго часу, пакуль Англія не прызнае іх незалежнасць. Дагавор перастаў дзейнічаць у 1794, калі ЗША абвясцілі пра свой нейтралітэт у вайне Францыі супраць кааліцыі еўрап. дзяржаў на чале з Англіяй.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎТВАРЭ́ННЕ,

пераход рэчыва з вадкага або цвёрдага стану ў газападобны; адзін з фазавых пераходаў 1 роду. П. са свабоднай паверхні вадкасці наз. выпарэннем, з паверхні цвёрдага цела — сублімацыяй. У замкнутым аб’ёме П. ідзе да таго часу, пакуль прастора над вадкасцю (цвёрдай фазай) не запоўніцца парай, ціск якой роўны раўнаважнаму пры дадзенай т-ры (ціск насычэння). П. у аб’ёме (кіпенне) абумоўлена ўзнікненнем бурбалак насычанай пары на сценках пасудзіны і іх ростам у аб’ёме вадкасці.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТА-ФРА́НКА, порт-франка (ад італьян. porto franco свабодны порт),

порт, горад або прыморская вобласць, у межах якіх дазваляецца свабодны, бязмытны ўвоз і вываз замежных тавараў. Прыкладам такой зоны ў 19 ст. служыла Адэса, якая на працягу 40 гадоў разам з прылеглай да яе тэрыторыяй была вылучана з агульнай мытнай тэр. Рас. імперыі. У гэтай зоне дазвалялася выгружаць, захоўваць, перапакоўваць і перапрацоўваць тавары без пошлін і абмежаванняў, пакуль іх не вывозілі ў глыб Расіі.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́РСІЯ ГЕАМАГНІ́ТНАГА ПО́ЛЯ,

змена напрамку (палярнасці) магнітнага поля Зямлі на адваротны пры адным і тым жа напрамку геамагнітнай восі. Назіраецца праз інтэрвалы часу ад 500 тыс. гадоў да 50 млн. гадоў. У эпоху нармальнай палярнасці (нашу эпоху) паўд. магнітны полюс знаходзіцца каля паўн. геагр. полюса, а ў эпоху адваротнай палярнасці — каля паўд. геагр. полюса. На падставе палеамагнітных даных зроблены вывад, што ў тоўшчах асадкавых і эфузіўных парод назіраецца паслойная змена знака вектара прыроднай астаткавай намагнічанасці. Прычыны І.г.п. пакуль не высветлены.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЧЫ́ЛА (Васіль Мацвеевіч) (1690, в. Лобжа Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 28.8.1744),

кіраўнік сял. руху і антыфеад. Крычаўскага паўстання 1743—44. Быў войтам в. Селішчы Крычаўскага староства Радзівілаў. У маі 1740 узначаліў узбр. атрад з некалькіх сотняў сялян, да якога пазней далучыліся сяляне з інш. шляхецкіх уладанняў і з-за мяжы. Пасля задушэння паўстання Вашчылу ўдалося ўцячы на рас. мяжу, дзе ён выдаў сябе за рас. падданага. Г.​Радзівіл патрабаваў яго выдаць. Пакуль ішло следства, Вашчыла сядзеў у Кіева-Пячэрскай крэпасці, захварэў на дызентэрыю і неўзабаве памёр.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫРЭ́ЧЫВА,

рэчыва, якое складаецца з антычасціц. Ядры атамаў антырэчыва складаюцца з антыпратонаў і антынейтронаў, абалонкі атамаў — з пазітронаў. Сутыкненне аб’ектаў з рэчыва і антырэчыва павінна прыводзіць да анігіляцыі, у выніку якой утвараецца жорсткае γ-выпрамяненне з энергіяй ≥ 70 МэВ. У 1965 амер. вучоныя пад кіраўніцтвам Л.​Ледэрмана зарэгістравалі ўтварэнне ядраў антыдэйтэрыю, у 1970 сав. вучоныя пад кіраўніцтвам Ю.​Д.​Пракошкіна — ядры антыгелію-3. Значных назапашванняў антырэчыва ў Сусвеце пакуль не выяўлена, але касмалагічныя мадэлі Сусвету і яго ўтварэння не здымаюць пытання аб існаванні антырэчыва.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)