КАРЭ́ДЖА [Correggio; сапр.Алегры (Allegri) Антоніо; каля 1489 ці 1494, Карэджа, каля г. Мадэна, Італія — каля 15.3.1534],
італьянскі жывапісец Высокага Адраджэння. Працаваў у Карэджы і Парме. Зазнаў уплывы А.Мантэньі, Леанарда да Вінчы, Рафаэля, Мікеланджэла. Работы ранняга перыяду блізкія да маньерызму («Юдзіф і служанка», «Раство», каля 1513—14). Пазней ствараў выдатныя па каларыце дынамічныя кампазіцыі са свабодным размяшчэннем фігур, поўных пачуццёвасці і грацыі. Творы К. адлюстроўваюць паступовы адыход ад гераізаваных рэнесансавых ідэалаў і пераход да новых маст. прынцыпаў. Паклаў пачатак тыпу плафоннай размалёўкі з фігурамі ў аблоках, пададзенымі ў эфектных ракурсах, што стварала ілюзію прарыву купала і папярэднічала манум. жывапісу барока 17—18 ст. Аўтар размалёвак манастыра Сан-Паала (паміж 1517—20), царквы Сан-Джавані Эванджэліста (1520—23) і сабора (1526—30) у Парме, алтарных карцін «Мадонна са святым Іеранімам» (т. зв. «Дзень», 1527—28), «Пакланенне пастухоў» («Ноч», каля 1530) і інш., твораў на міфалагічныя тэмы («Даная», каля 1526).
Карэджа. Мадонна са святым Іеранімам («Дзень»). Фрагмент. 1527—28.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНУІ́ЗМ,
адна з 2 галоўных (поруч з шываізмам) плыней у індуізме; бхактысцкая форма рэлігіі, якая ідзе ад эмац. спасціжэння бога праз любоў і адданасць. Пашыраны ў Паўн. Індыі. Пакланяюцца пераважна богу-ахоўніку Вішну, дапускаецца таксама пакланенне ведыйскім і мясц. дамашнім багам. Святыя кнігі вішнуізму «Бхагавадгіта» і «Бхаватапурана» даюць уяўленне пра найвышэйшую мэту душы — вызваленне, магчымае ў выніку пазнання чысціні душы, боскасці яе і ідэнтычнасці з усяленскім вышэйшым духам і пра шляхі дасягнення гэтай мэты: ёгу, што прыводзіць да змены свядомасці, да атаясамлівання душы адэпта з бажаством; джняну-марге — накірунку думкі на бажаство для пазнання яго безаблічнай сутнасці і самаатаясамленага з ім адэпта; карму-марге, якая мае на ўвазе бескарыслівае дзеянне і служэнне людзям, што раўназначна шанаванню бога; бхакці-марге — адданасці і эмацыянальнай любові да бога. Развіццё вішнуізму ўзмацнілася на пач.н.э. як рэакцыя на замацаванне і ўскладненне каставай сістэмы. 4 вішнуісцкія секты, заснаваныя Рамануджам (11 ст.), Німбаркам (12 ст.), Мадхвам (13 ст.), Чайтаньям (16 ст.), нягледзячы на розніцу ў догмах, абвяргаюць канцэпцыю ілюзорнасці свету і прызнаюць рэальнасць і індывідуальнасць душы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАРДЖО́НЕ [Gioigione; сапр.Барбарэлі да Кастэльфранка (Barbarelli da Castelfranco) Джорджа; 1476 або 1477, г. Кастэльфранка-Венета, Італія — вер. або кастр. 1510],
італьянскі жывапісец венецыянскай школы жывапісу, адзін з пачынальнікаў мастацтва Высокага Адраджэння. Вучыўся, верагодна, у Дж.Беліні, быў блізкі да венецыянскіх гуманістаў, вядомы таксама як спявак і музыкант. Побач з кампазіцыямі на рэліг. тэмы («Пакланенне пастухоў», каля 1504) пісаў карціны на свецкія, у асн. міфал., сюжэты, якія ў яго творчасці сталі пераважнымі. У творах «Юдзіф» (каля 1502), «Тры філосафы», «Навальніца» (абедзве 1506—07), «Спячая Венера» (1507—08) паэт. ўяўленні мастака пра багацце скрытых у свеце і чалавеку жыццёвых сіл раскрываюцца не ў дзеянні, а ў перадачы стану агульнай маўклівай адухоўленасці. Захоўваючы ўласцівыя мастацтву Ранняга Адраджэння яснасць аб’ёмаў і меладычную выразнасць контураў, ён з дапамогай празрыстага святлаценю дасягаў зрокавага зліцця чалавечых фігур з пейзажам. Выкананыя ім партрэты вызначылі інтымна-лірычную танальнасць (партрэт юнака, 1502, жаночы партрэт, т. зв. «Лаура», 1506). Творчая канцэпцыя Дж. зрабіла значны ўплыў на венецыянскі жывапіс і атрымала развіццё ў яго вучня Тыцыяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́РДАНС ((Jordaens) Якаб) (19.5.1593, г. Антверпен, Бельгія — 18.10.1678),
фламандскі жывапісец. Прадстаўнік барока. З 1607 вучыўся ў Антверпене ў А. ван Норта. У творчасці захоўваў сувязі з традыцыямі нідэрл. мастацтва 16 ст., выкарыстоўваў дасягненні М.Караваджа і П.П.Рубенса, з якім супрацоўнічаў у 1620—40. Раннім работам уласцівы выразна простанародны характар вобразаў, шчыльна згрупаваных на пярэднім плане, буйныя выпуклыя формы, асвятленне, якое падкрэслівае яркія колеры («Святая сям’я», каля 1615; «Пакланенне пастухоў», каля 1617; «Алегорыя Плоднасці» («Услаўленне Памоны»), каля 1622]. У 1620—30-х г. адлюстроўваў сялянскія і бюргерскія тыпажы, якія вылучаліся цяжкаважкасцю фігур, сакавітасцю дэталей, рысамі грубаватага жыццярадаснага гумару: «Сатыр у гасцях у селяніна», пач. 1620-х г.; «Псяр і яго зграя», 1635; «Выхаванне Юпітэра», 1635—40; «Бабовы кароль», 1638—40). Познія творы на рэліг. сюжэты — у рамках рэліг. эстэтыкі барока з рысамі бурлівай патэтыкі і маст. перагрувашчанасці («Шэсце на Галгофу» і інш.). Рабіў малюнкі і кардоны для шпалераў («Гісторыя Аляксандра», «Серыя фламандскіх прымавак»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАНЕ́ЗЕ (Veronese; сапр.Кальяры; Caliari) Паала
(1528, г. Верона, Італія — 19.4.1588),
італьянскі жывапісец позняга Адраджэння. З 1553 працаваў пераважна ў Венецыі. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа, Тыцыяна. Аўтар шматфігурных кампазіцый у час святочных баляў, шэсцяў і аўдыенцый, дзе чалавек выступае ва ўзаемасувязі з наваколлем («Шлюб у Кане Галілейскай», 1563, «Пакланенне вешчуноў», «Баль у доме Левія», абедзве 1573, і інш.). У сваім стылі спалучаў лёгкі вытанчаны малюнак і пластыку форм з каларыстычнай гамай, заснаванай на складаных сугуччах чыстых колераў, аб’яднаных серабрыстым тонам. Яго манум.-дэкар. жывапісу ўласцівыя святочнасць, выразнасць ракурсаў і руху, багацце колераў, сінтэз жывапісу і архітэктуры («Старасць і Юнацтва», 1553, «Трыумф Венецыі», 1578—85, «Знаходжанне Майсея», каля 1580, фрэскі для загарадных венецыянскіх віл). Стварыў мноства разнастайных па кампазіцыі алтароў («Мадонна з дзіцем і святымі», каля 1562). Нешматлікія партрэты вылучаюцца мяккай лірычнасцю, часам маюць адценне жанравасці («Граф да Порта з сынам Адрыяна», каля 1556). У 1570—80-я г. ў творчасці Веранезе прыкметны крызіс рэнесансавага светапогляду: у парадных палотнах назіраецца халодная афіцыйнасць, меланхолія, смутак («Мадонна з сям’ёй Кучына», 1571, «Аплакванне Хрыста», паміж 1576 і 1582, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫЧЭ́ЛІ (Botticelli; сапр.Алесандра ды Марыяна Філіпепі; Alessandro di Mariano Filipepi) Сандра
(каля 1445, Фларэнцыя — 17.5.1510),
італьянскі жывапісец, прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Філіпа Ліпі. Раннія работы вызначаліся яснай прасторавай пабудовай, дакладным малюнкам, увагай да бытавых дэталяў. З канца 1470-х г. быў набліжаны да двара Медычы і гуманістычных колаў Фларэнцыі. Творчасць Батычэлі мае рысы адухоўленасці, арыстакратычнай вытанчанасці. У карцінах «Вясна» (каля 1477—78), «Нараджэнне Венеры» (каля 1483—84) і інш. стварыў паэтычна абагульненыя, гарманічныя вобразы, поўныя светлага летуцення. Далікатнасць фігур, лёгкія трапяткія лінейныя рытмы, празрыстасць фарбаў ствараюць атмасферу элегічнага смутку. У партрэтах з выключнай тонкасцю і вастрынёй раскрыў складаныя нюансы ўнутр. стану чалавека. На яго творчасць значна паўплывалі сац. перамены ў Фларэнцыі ў 1490-я г., што выявілася ў павышаным драматызме і экспрэсіі вобразаў, маралізатарстве і рэліг. экзальтацыі («Святы Себасцьян», 1474; «Пакланенне вешчуноў», 1477; «Паклёп», пасля 1495; «Сцэны з жыцця св. Зіновія», каля 1505; фрэскі «Святы Аўгусцін», 1480; серыя фрэсак з жыцця Майсея і Хрыста ў Сіксцінскай капэле Ватыкана, 1481 — 82; малюнкі да «Боскай камедыі» Дантэ, 1492—97).
Літ.:
Боттичелли: Сб. материалов о творчестве: Пер. с фр., англ., итал. М., 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАНАБО́РСТВА,
рэлігійны рух у сярэднія вякі, накіраваны супраць хрысц. культу абразоў.
Яшчэ ў 7 ст. ў М. Азіі (некат. даследчыкі лічаць, што пад уплывам ісламу, які забараняў выявы чалавека) пачаліся выступленні супраць выкарыстання культу абразоў, крыжа і інш. як ідалапаклонства. І. найб. пашырылася ў 8—1-й пал. 9 ст. ў Візантыі, дзе яго ўзначалілі першыя імператары Ісаўрыйскай дынастыі. Леў III, які імкнуўся ўмацаваць дзярж. ўладу і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства, у 726 забараніў пакланенне абразам, канфіскоўваў царк. землі і маёмасць; яго пераемнікі патрабавалі поўнай забароны святых выяў у цэрквах Супраць І. выступілі візантыйскі багаслоў Іаан Дамаскін, сталічная знаць і манаства, падтрыманыя папствам. Барацьба цягнулася больш за стагоддзе, суправаджалася муштрамі, катаваннямі, выгнаннямі, знішчэннем абразоў, разбурэннем манастыроў. У час І. загінулі тысячы помнікаў рэліг. мастацтва. Але гал. мэта візант. імператараў была дасягнута — канфіскацыя царк. і асабліва манастырскіх зямель і раздача іх ваен.-служыламу саслоўю; візант. імператар стаў на чале правасл. царквы. Канчаткова культ абразоў у Візантыі адноўлены ў 843, але большасць секулярызаваных зямель царкве не вернута. Іканаборскі рух узмацніў супярэчнасці паміж усх. і зах. галінамі тады яшчэ адзінай хрысц. царквы.
І. было характэрнай рысай радыкальных кірункаў пратэстантызму (перш за ўсё кальвінізму) у шэрагу краін Зах. Еўропы ў эпоху Рэфармацыі (Нідэрланды, Германія, Францыя). Знішчэннем абразоў і інш. святынь суправаджалася Іканаборскае паўстанне 1566 у Нідэрландах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛА́СКЕС ((Velázquez; Velásquez) Дыега Радрыгес дэ Сільва і) (6.6.1599, г. Севілья, Іспанія — 6.8.1660),
іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Севільі ў Ф. дэ Эрэры Старэйшага і Ф.Пачэкі (1610—16). З 1623 прыдворны жывапісец Філіпа IV. Яго творчасць — вяршыня «залатога веку» ісп. жывапісу. Дэмакратызм і рэалізм творчасці Веласкеса праявіўся ўжо ў ранніх палотнах: «Снеданне» (1617), «Ваданос» (каля 1620). Нават афіцыйныя заказныя партрэты Веласкеса вылучаліся бязлітаснай праўдзівасцю характарыстык і псіхал. глыбінёй: «Філіп IV» (каля 1629 ці 1644), «Герцаг Аліварэс» (каля 1638), «Папа Інакенцій Х» (1650). Гуманістычны характар яго творчасці яскрава выявіўся ў партрэтах дзіцячых («Інфант Бальтасар Карлас», 1634—35, «Інфанта Маргарыта», 1659), прыдворных блазнаў («Себасцьян дэ Мора», «Эль Прыма», «Эль Боба з Карыі», 1631—48), рэалістычных («Хуан Матэас», канец 1632, «Дама з веерам», канец 1648, «Хуан Парэха», 1650). У творах на рэліг. і міфалаг. тэмы («Пакланенне вешчуноў», 1617, «Хрыстос у доме Марфы і Марыі», 1622, «Кузня Вулкана», «Вакх», 1630, «Венера перад люстэркам», 1648—49) вобразы святых і міфалаг. багоў Веласкес аб’ядноўваў з грубаватымі зямнымі вобразамі людзей. Яго творы «Здача Брэды», «Меніны» («Фрэйліны», 1656), «Папрадухі» («Міф аб Арахане», 1657) вызначылі ў еўрап. мастацтве 17 ст. новы тып шматпланавай карціны з кампазіцыйнымі і святлоценявымі эфектамі, паглыбленым псіхалагізмам. Каларыстыка яго твораў вылучаецца вытанчанымі валёрнымі гармоніямі, святлонасычанасцю. Творы Веласкеса былі прадметам вывучэння і крыніцай натхнення для Ф.Гоі, Э.Манэ, П.Пікаса.
Літ.:
Знамеровская Т.П. Веласкес. М., 1978;
Justi C. Diego Velazquez und siene Jahrhundert. Leipzig, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБКЛА́Д,
дэкаратыўная аздоба абраза ці кніжнага пераплёту. Найчасцей абклад рабілі з пазалочанай медзі або серабра, арнаментавалі чаканкай, філігранню, чарненнем, эмалямі, упрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Існавалі абклады таксама з дрэва, маст. тканін, якія закрывалі адзенне, галаўныя ўборы (такія абклады наз. «шата»), радзей — фон на абразах. Узнікненне кніжных абкладаў са слановай косці адносяць да 7—8 ст., металічных — да 9—10 ст. На Беларусі вядомы сярэбраны абклад Лаўрышаўскага евангелля (14 ст.). Найб. пашырэнне тут атрымаў у 17—19 ст. У 17 ст. найчасцей абкладамі аздаблялі шанаваныя ці цудатворныя абразы (Брэст, Гродна, Мінск, Жыровічы, Лагішын і інш.). Значнымі маст. цэнтрамі, дзе ствараліся абклады, былі Вільня, Магілёў, Мінск, Пінск, Слуцк і інш. Іх рабілі бел. майстры Максім Сямёнаў (Куцень), Фёдар Мікулаеў і інш., якія працавалі ў Залатой і Сярэбранай палатах Маскоўскага Крамля (гл. ў арт.Аружэйная палата). Найб. вядомыя сярэбраныя пазалочаныя абклады да абразоў: «Маці Божая Бялыніцкая» (Нясвіжскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая з езуіцкімі святымі» (Ляхавіцкі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская» (Міёрскі р-н, 1774), медныя пасярэбраныя да абразоў «Пакланенне вешчуноў» (Браслаўскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Апека» (Пінскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Замілаванне» (Пінскі р-н, 1803), разны драўляны да абраза «Маці Божая Адзігітрыя» (Драгічынскі р-н, 2-я пал. 17 ст.) і інш.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў / Скл. Н.Ф.Высоцкая. Мн., 1984. А.А.Ярашэвіч.
Абклад абраза Антонія Падуанскага. Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. 18 ст.Абклад Евангелля з г.Ляхавічы. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬТ АСОБЫ,
празмернае ўзвелічэнне якога-н. дзеяча. Гнасеалагічныя карані К.а. ў культавай рэліг. сферы. Шанаванне нябожчыкаў і пакланенне ім было пашырана ў Стараж. Грэцыі, Рыме, Індыі, Кітаі, у слав. народаў, у т. л. ў беларусаў (гл.Культ продкаў). К.а. Буды, Хрыста, Магамета, надзвычайны ўплыў іх вучэнняў на людзей садзейнічалі ўзнікненню і развіццю культаў рэлігійных, адпаведных тром найбуйнейшым сусв. рэлігіям. Абагаўленне і фетышызацыя правадыроў, цароў, каралёў, імператараў былі ўласцівы гіст. перыядам рабаўладання і феадалізму. Напр., усе рымскія цэзары валодалі неабмежаванай і бескантрольнай уладай. Тэарэт. абгрунтаванне і абсалютызацыя ролі выдатных асоб у гісторыі як непадуладных аб’ектыўным законам і звычайным нормам маралі ўтрымліваецца ў навук. працах прадстаўнікоў розных школ ідэалізму (гл.Валюнтарызм, Гегельянства, Народніцтва). У аўтарытарнай асобы канцэпцыі К.а. звязваецца з масавай свядомасцю, калі чалавек па сутнасці адмаўляецца ад асабістай свабоды, незалежнасці, атаясамлівае сябе з аўтарытэтам «моцнага», харызматычнага лідэра. У СССРнайб. поўна праявіўся К.а. І.В.Сталіна. На XX з’ездзе КПСС (1956), у пастанове ЦККПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў» адзначалася, што К.а. Сталіна, які ўзнік у складаных умовах міжнар. і ўнутр. жыцця сав. грамадства, суправаджаўся валюнтарызмам у кіраванні эканомікай і культурай, грубымі парушэннямі сацыяліст. законнасці, масавымі рэпрэсіямі. У розных гіст. умовах і ў розных формах існавалі К.а. Цэзара, Чынгісхана, Людовіка XIV, Напалеона, Мао Цзэдуна і інш. Гарантыяй недапушчэння любога К.а. і звязаных з ім негатыўных вынікаў з’яўляецца пабудова прававой дзяржавы, у якой забяспечваюцца роўныя правы і свабоды ўсіх грамадзян.