КАРАЛІ́НА,

сярэдневяковы звод агульнагерм. крымін. законаў. Складзены ў 1532 пры імператару «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Карле V (адсюль назва). Дзейнічаў да канца 18 ст. Вызначаўся асаблівай жорсткасцю мер пакарання.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛГО́ФА (грэч. Golgotha),

пагорак у наваколлі Іерусаліма, на якім адбываліся пакаранні і дзе, паводле хрысц. падання, быў распяты Ісус Хрыстос. Размяшчэнне Галгофы дакладна не ўстаноўлена. У пераносным сэнсе — месца пакарання, сімвал падзвіжніцтва і маральных пакут («узысці на Галгофу»).

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПРА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

адзіны заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы крымін.-выканаўчага права. Першы кодэкс у галіне гэтага права прыняты ЦВК БССР у 1926. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам БССР 16.7.1971 і ўведзены ў дзеянне з 1.1.1972. Складаецца з 6 раздзелаў, у якіх вызначаны прынцыпы і ўстаноўлены агульныя палажэнні аб пакаранні, парадак і ўмовы выканання розных відаў крымін. пакарання, умоўнага асуджэння і ўмоўнага вызвалення ад адбывання пакарання. Кодэкс таксама рэгулюе парадак дапамогі асобам, вызваленым з месцаў пазбаўлення волі, назірання і нагляду за імі, рэгламентуе формы ўдзелу грамадскасці ў выпраўленні і перавыхаванні асуджаных. Нац. сходам Рэспублікі Беларусь 14.12.1999 прыняты заканад. акт у галіне крымін.-выканаўчага права — крымінальна-выканаўчы кодэкс, які ўводзіцца ў дзеянне з 2001.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЕНЬ,

асоба, якая знаходзіцца ў зняволенні, зняволены. Тэрмін «вязень» паходзіць ад стараж. бел. «везенне» — назвы меры пакарання (пазбаўленне волі, зняволенне) і месца, дзе яно ажыццяўлялася (вежа, астрог, турма і да т.п.). «Вязень сумлення» — чалавек, якога ўзялі пад варту, зняволілі па паліт., рэліг. і інш. матывах.

т. 4, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́Я АНТУАНЕ́ТА (Marie Antoinette; 2.11.1755, Вена — 16.10.1793),

французская каралева, жонка (з 1770) Людовіка XVI. Дачка аўстр. імператара Франца I і Марыі Тэрэзіі. Атрымала добрую адукацыю. Канфліктавала з франц. урадам, выступала супраць бурж. рэформ. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 зняволена ў 1792 разам з мужам, прыгаворана да пакарання смерцю і абезгалоўлена.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІБА́ЛЬЧЫЧ (Мікалай Іванавіч) (31.10.1853, г. Корап Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.4.1881),

расійскі рэвалюцыянер-народнік, вынаходнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін (1871—73) і Медыка-хірург. акадэміі (1873—75). У кастр. 1875 — ліп. 1878 зняволены па абвінавачанні ў рэв. прапагандзе. У канцы 1878 у сувязі з пагрозай новага арышту перайшоў на нелегальнае становішча і ў падп. умовах да вясны 1879 распрацаваў тэхналогію вытв-сці нітрагліцэрыну і дынаміту. Са жн. 1879 агент выканкома «Народнай волі», яе «гал. тэхнік», арганізатар друкарняў і дынамітнай майстэрні. Удзельнік замаху на цара Аляксандра II у Зімнім палацы ў Пецярбургу (люты 1880). Зрабіў бомбу, якой І.Я.Грынявіцкі 13.3.1881 забіў Аляксандра II. 29.3.1881 арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю. У турме за некалькі дзён да пакарання распрацаваў праект рэактыўнага апарата для палёту чалавека. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.

Літ.:

Серпокрыл С.М. Подвиг перед казнью. Л., 1971.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКА́РЫЯ ((Beccaria) Чэзарэ) (15.3.1738, Мілан — 28.11.1794),

італьянскі асветнік, юрыст і публіцыст. Навучаўся ў езуіцкай калегіі. Д-р права. У галіне крымін. права праводзіў ідэі франц. асветнікаў. У працы «Пра злачынствы і пакаранні» (1764) упершыню даў крытычны аналіз сучаснага яму крымін. заканадаўства і яго выкарыстання на практыцы. Вял. значэнне мелі яго ідэі пра адпаведнасць пакарання ўчыненаму злачынству.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎПТВА́ХТА (ням. Haupwache літар. галоўны каравул),

спецыяльнае памяшканне для ўтрымання вайскоўцаў пад арыштам. Ва Узбр. сілах Беларусі бывае гарнізонная і вайсковая. На гаўптвахце ўтрымліваюць вайскоўцаў, арыштаваных у дысцыплінарным парадку, арыштаваных следчымі органамі, тых, што знаходзяцца пад судом, прыгавораных ваен. судом да ўтрымання на гаўптвахце, а таксама асуджаных да інш. мер пакарання да набыцця прыгаворам законнай сілы.

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАГА́НДА ВАЙНЫ́,

распаўсюджанне ў любой форме поглядаў, ідэй, адкрытых заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць другой. П.в. з’яўляецца міжнародным злачынствам. Яна забаронена спец. рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН у 1947 пад пагрозай крымінальнага пакарання. У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць спец. артыкул, у якім прадугледжана таксама адказнасць асоб, што займаюць вышэйшыя дзярж. пасады, за П.в.

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДА́ЧА НА ПАРУ́КІ,

прававы інстытут вызвалення ад крымінальнай адказнасці за злачынства, якое не ўяўляла вял. грамадскай небяспекі, а асоба, якая яго ўчыніла, магла быць выпраўлена без выкарыстання крымін. пакарання. Адной з неабходных умоў магчымасці П.н.п. была наяўнасць хадайніцтва грамадскай арг-цыі або прац. калектыву, якія паручыліся за правапарушальніка. Існавала ў 1961—94. З-за неэфектыўнасці гэты ін-т выключаны з КК Рэспублікі Беларусь.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)