ДЫВАНАТКА́ЦТВА,

ручное ці машыннае тканне дываноў і дывановых вырабаў (габеленаў, шпалераў, дарожак і інш.). У Д. выкарыстоўваюцца шэрсць, баваўняныя, ільняныя і хім. валокны. Асн. аперацыі: падбор валакністых матэрыялаў, фарбаванне пражы і валакна, тканне і апрацоўка дываноў.

Ручное ткацтва робіцца на верт. або гарыз. варштатах. Выконваецца па нац. узорах або малюнках, зробленых фарбай на спец. паперы ў клетку. Ручныя ворсавыя дываны — шматслойная тканіна палатнянага (міткалёвага) перапляцення трох сістэм нітак — асноўнай, уточнай і ворсавай. Каркаснае палатно тканіны ствараецца перапляценнем асновы і ўтку; вонкавы слой (малюнак дывана) — каляровымі ворсавымі ніткамі, вузлы якіх шчыльна звязваюцца ў гарыз. або верт. парадку на нітках асновы. Бязворсавыя дываны — аднаслойная тканіна, зробленая перапляценнем нітак асновы і рознакаляровых нітак утку. Дываны машыннай вытв-сці падзяляюцца на бязворсавыя (простай і складанай будовы) і ворсавыя. Дываны простай будовы вырабляюцца з адной сістэмы асновы і адной сістэмы ўтку. Узор вытыкаецца на ткацкім станку з Жакарда машынай. Бязворсавыя дываны складанай будовы — гэта двух- або трохслойная тканіна з некалькіх сістэм шарсцяной, баваўнянай ці льняной асновы і шарсцянога ўтку, які стварае ўзор. Найб. вядомыя з такіх дываноў шатландскія і т.зв. «кідэрмінстэрскія» (ням. і англ.). Ворсавыя дываны вырабляюцца звычайна з асноўным, радзей з уточным ворсам. Паводле спосабу ўтварэння асн. ворсу адрозніваюць дываны двухпалотныя з разразным ворсам і т. зв. прутковыя (аднапалотныя). Двухпалотную шматслойную тканіну фармуюць на двухпалотным станку ніткамі карэннай насцільнай і ворсавай асноў і ўтку. Потым ніжняе і верхняе палотны, злучаныя ворсавымі петлямі, разразаюць па ворсавых нітках на 2 дываны. Прутковыя дываны робяць на аднапалотных станках з жакардавымі машынамі (пры набіўных дыванах — без іх). Гатовыя дываны апрацоўваюць, надаюць ім шаўкавісты бляск. змякчаюць фарбавыя тоны ворсавай пражы. ліквідуюць дэфекты ткання і інш.

На Беларусі ворсавыя дываны машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста».

Да арт. Дыванаткацтва: а — вязка вузлоў (двайных і паўтарачных) у ручным дыванаткацтве (1 — гарызантальная, 2 — вертыкальная); б — схема перапляценняў бязворсавых дываноў (1 — палас, 2 — кілім); в — структура двухпалотных дываноў (1, 2, 3 — карэнная, насцільная і ворсавая асновы; 4 — ніткі ўтку; 5 — нож).
Да арт. Дыванаткацтва. Двухпалотны дыванаткацкі станок з машынай Жакарда.

т. 6, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕМЯННА́Я ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЛЯ,

развядзенне на племя чыстапародных і высакакроўных жывёл з мэтай удасканалення наяўных і стварэння новых парод жывёл, павышэння плем. якасцей і прадукцыйнасці с.-г. жывёл. Да мерапрыемстваў П.ж. адносіцца: творчы адбор, захаванне і макс. выкарыстанне найб. каштоўнай жывёлы, выбракоўка горшай, непрыдатнай для плем. выкарыстання, падбор метадаў і тэхнікі развядзення, стварэнне для жывёлы найлепшых умоў кармлення і ўтрымання ва ўсе перыяды яе жыцця з мэтай выяўлення і развіцця каштоўных якасцей, на аснове якіх і праводзіцца адбор. Асн. спосаб развядзення — чыстапароднае, гал. задача якога развядзенне па лініях і матачных сямействах (гл. Селекцыя). У кожнай пародзе для яе ўдасканалення павінна быць не менш як 10—15 ліній. З мэтай атрымання нашчадкаў з высокакарыснай спадчыннасцю і спалучэннем каштоўных якасцей зыходных парод (высокая прадукцыйнасць, канстытуцыйная моцнасць, прыстасаванасць да мясц. умоў) праводзіцца скрыжаванне.

Планамернай П.ж. папярэднічаў працяглы перыяд адбору жывёлы і паступовага назапашвання ў іх карысных гасп. якасцей. Яшчэ да н.э. атрыманы пароды свойскай жывёлы (авечак, коней і інш.). Сусв. пашырэнне атрымалі пароды с.-г. жывёлы, выведзеныя ў 13—18 ст. у краінах Еўропы (Нідэрланды, Вялікабрытанія, Швейцарыя, Францыя); пазней — у Расіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Аргенціне і інш. Першыя дакумент. матэрыялы аб П.ж. зафіксаваны ў плем. кнізе Вялікабрытаніі ў 1793, у Расіі — у 1834.

На Беларусі П.ж. пачала развівацца ў асн. у 20 ст. Паглыбленую работу па паляпшэнні пароднага складу на Беларусі ажыццяўляюць спец. племянныя гаспадаркі, плем. саўгасы, дзярж. станцыі, плем. фермы калгасаў і саўгасаў. Плем. саўгасы і фермы праводзяць работу па паляпшэнні мясц. плем. жывёлы (вырошчваюць племянны маладняк для забеспячэння ім гаспадарак і станцый па плем. рабоце) і штучным асемяненні. На племзаводах займаюцца ўдасканаленнем існуючых і стварэннем новых парод. Разам з плем. саўгасамі і фермамі племзаводы — цэнтры П.ж. Арганізац. і метадычнымі цэнтрамі плем. справы з’яўляюцца дзяржплемаб’яднанні і племпрадпрыемствы. Аб’ём П.ж., яе ўдзельная вага ў жывёлагадоўлі вызначаюцца патрэбамі карыстальнай (таварнай) жывёлагадоўлі ў плем. жывёле, пераважна ў вытворцах. На Беларусі П.ж. вядуць больш за 100 спецыялізаваных племзаводаў, саўгасаў, дзярж. плем. прадпрыемстваў, а таксама раённыя племстанцыі, навук. ін-ты і лабараторыі пры ВНУ, у т. л. 6 дзярж. прадпрыемстваў, 6 племсаўгасаў, 18 племзаводаў, 5 племптушкарэпрадуктараў, племгас, прадпрыемства плем. справы, занальна-доследная станцыя, племстанцыя, селекцыйна-плем. ўчастак. Найб. колькасць такіх прадпрыемстваў у Брэсцкай і Гродзенскай абл. Разводзяць пароды жывёл, найб. прыстасаваныя да мясц. умоў: 8 парод буйн. раг. жывёлы малочнай (чорна-пярэстая, швіцкая, кастрамская, чырвоная беларуская, бурая латвійская, сіментальская, джэрсейская, галштына-фрызская) і 4 пароды мясной (герэфордская, шарале, лімузінская, мен-анжу); 5 парод свіней (буйная белая, бел. чорнарабая, эстонская беконная, ландрас, гемпшырская) і некалькі спецыялізаваных ліній; 3 пароды авечак (прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская); некалькі парод коней (бел. запражная пародная група, руская цяжкавозная, руская рысістая, тарыйская і інш.). Кіруюць П.ж. рэсп. і абл. аб’яднанні па плем. рабоце, раённыя племстанцыі. Навук.-метадычнае кіраўніцтва ажыццяўляе селекцыйны цэнтр Бел. НДІ жывёлагадоўлі. П.ж. добра развіта ў ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Нідэрландах, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Швейцарыі.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Племянная жывёлагадоўля. Статак кароў чорна-пярэстай пароды на пашы.

т. 12, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВА́ННЕ,

спецыфічная функцыя арганізаваных сістэм прыроды, грамадства, вытв.-тэхн. сферы, якая забяспечвае іх жыццядзейнасць, мэтанакіраваную дынаміку развіцця, рэалізацыю канкрэтных праграм і практычных задач. У сац. сферы К. прадугледжвае свядомую дзейнасць грамадскіх інстытутаў і асобных індывідаў, накіраваную на рэгуляванне стыхійных і ўсвядомленых, аб’ектыўных і суб’ектыўных пачаткаў, мэтазгоднае ўладкаванне грамадскіх адносін. Адрозніваюць К. стыхійнае, што выступае як вынік уздзеяння на грамадства разрозненых сіл, масы выпадковых, адзінкавых актаў (напр., рынак), і свядомае, якое ажыццяўляецца грамадскімі інстытутамі і арг-цыямі. Праблемы сац. К. прыцягвалі да сябе ўвагу на ўсіх этапах развіцця чалавецтва, ім адводзілася вядучае месца ў сістэме поглядаў Канфуцыя, Арыстоцеля, Н.​Макіявелі, Г.​Гегеля, К.​Маркса, У.​І.​Леніна і інш. Сучасныя зах. тэарэтыкі (Дж.​Бёрнхем, Д.​Бел, Дж.​Голбрэйт і інш.) бачаць у К. сілу, здольную пазбавіць грамадства ад уласцівых яму сац. заган і павысіць яго жыццяздольнасць, выступаюць за пашырэнне сферы дзярж. планавання, кантролю, прагназавання.

К дзяржаўнае — адна з форм дзярж. дзейнасці, якая забяспечвае рэалізацыю дзярж. улады праз адпаведныя кіраўнічыя органы. У ім прымаюць удзел усе дзярж. органы, якія ажыццяўляюць унутр. і знешнія функцыі дзяржавы. Сістэма гэтых органаў, размеркаванне паміж імі кіраўніцкай кампетэнцыі, устанаўленне ступеняў падначальвання вызначаюцца канстытуцыяй, законамі і інш. прававымі актамі. У штодзённай дзейнасці гэтыя органы (у межах іх кампетэнцыі) забяспечваюць рэалізацыю законаў (выканаўчая дзейнасць), выконваюць уладныя дзеянні, неабходныя для падтрымання грамадскага парадку і дзярж. дысцыпліны (распарадчая дзейнасць). Існуюць дзярж. органы, асн. прызначэнне якіх — паўсядзённае ажыццяўленне К. дзяржаўнага ў агульнадзярж. маштабе або ў пэўным рэгіёне, у эканоміцы, асвеце, ахове здароўя, ахове ўнутр. і знешняй бяспекі і інш. сферах. Дзейнасць такіх выключна кіраўніцкіх органаў па сваім змесце адрозніваецца ад дзейнасці заканадаўчай, судовай, пракурорска-нагляднай і ў цэлым таксама можа разглядацца як К. дзяржаўнае.

Цэнтр. органам К. дзяржаўнага ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, які кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў К. дзяржаўнага і інш. органаў выканаўчай улады. Структура Урада, паводле Канстытуцыі, вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, які таксама прымае рашэнне аб адстаўцы Урада або яго членаў, утварае, ліквідуе і рэарганізуе Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш. органы К. дзяржаўнага, ажыццяўляе іх узаемадзеянне.

К. вытворчасцю — мэтанакіраванае ўздзеянне на калектывы людзей для арганізацыі і каардынацыі іх дзейнасці ў працэсе вытворчасці. Уключае прынцыпы, функцыі і метады, тэорыю кіраўніцкіх рашэнняў, арганізац. структуру, тэхн. сродкі і тэхналогію, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання. Навука аб К. вытв-сцю пачала нараджацца ў перыяд простай кааперацыі працы. Навук. асновы К. як важны элемент грамадскай матэрыяльнай вытв-сці, што вынікае з падзелу і кааперацыі працы, склаліся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Іх распрацавалі прадстаўнікі т. зв. школы навук. менеджменту А.​Фаёль, Г.​Эмерсан, Ф.​Тэйлар, Г.​Форд і інш. Інтэнсіўнае павелічэнне аб’ёмаў прамысл. вытв-сці, машынізацыя працы, канкурэнцыя, унутр. і знешняя інтэграцыя ў межах пэўнай арг-цыі (фірма, завод, фабрыка), неабходнасць эканоміі часу і рэсурсаў прадвызначылі ўзнікненне сучаснага менеджменту з уласцівым яму адзінствам навукі, мастацтва, тэхнікі і тэхналогіі. Мэтанакіраваныя ўздзеянні, што ўплываюць на падбор і расстаноўку, навучанне і ацэнку дзейнасці, рух кадраў прадпрыемства, адносяць да К. працоўнымі рэсурсамі. Яно мае важнае значэнне для ўсіх калектываў (незалежна ад формы ўласнасці) — дзярж і прыватных, прамысл. і с.-г., камерцыйных і некамерцыйных, тых, што дзейнічаюць у сферы паслуг, займаюцца здабычай прадметаў працы або іх апрацоўкай.

Асн. элементам мэтанакіраванага ўздзеяння кіруючай сістэмы на аб’ект К., у якім сфармуляваны мэты дзеяння і праграма яе рэалізацыі, з’яўляецца кіраўніцкае рашэнне. Гэта творчыя і адначасова валявыя дзеянні суб’екта К., яны ажыццяўляюцца на падставе ведаў аб’ектыўных законаў функцыянавання кіруемай сістэмы і аналізу інфармацыі пра яе становішча. Кіраўнік (менеджэр) павінен выбраць найлепшы варыянт дзеянняў з мноства магчымых у дадзеных умовах гаспадарання, каб выканаць абавязкі, абумоўленыя яго пасадай. Рашэнні складаюць аснову працэсу К. (прадпрыемствам, вытв-сцю), прымаюцца на ўсіх узроўнях і групуюцца па розных прыкметах. Спецыфіка кіраўніцкіх рашэнняў у галіне эканомікі заключаецца ў тым, што яны павінны кіраваць дзейнасцю асобных выканаўцаў і прац. калектываў, занятых у вытв-сці і К., і тым самым вызначаць сучаснае і будучае развіццё аб’екта К. (прадпрыемства, цэха і г.д.).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)