КАНДАМІ́Н ((Condamine) Шарль Мары дэ ла) (28.1.1701, Парыж — 4.2.1774),

французскі астраном, геадэзіст і падарожнік. Чл. Парыжскай АН (1760). Ганаровы чл. Пецярбургскай, Берлінскай і інш. акадэмій. У 1733—43 прымаў удзел у Перуанскай экспедыцыі па вымярэнні дугі мерыдыяна даўж. больш як 3° у Андах. Гэта вымярэнне разам з вынікамі работ Лапландскай экспедыцыі (1735—44) паслужыла асновай для дакладнага вызначэння сплюшчанасці Зямлі. Склаў параўнальна дакладную карту р. Амазонка.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРБ ((Korb) Іаган Георг) (каля 1670, г. Ноймаркт, Германія — каля 1742),

дыпламат, падарожнік. Сакратар пасольства аўстр. імператара Леапольда I у Расію (1698—99). У 1700 выдаў у Вене на лац. мове «Дзённік падарожжа ў Масковію», у якім ёсць звесткі пра Вільню, Ашмяны, Баруны, Мінск, Барысаў, Друцк, Шклоў і інш. бел. гарады і вёскі, побыт іх жыхароў, пра касцёлы, кляштары, шляхі зносін і інш.

В.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́НХГАЎЗЕН (Münchhausen) Карл Фрыдрых Іеранім, барон фон (11.5.1720, г. Бодэнвердэр, Германія — 22.2.1797), нямецкі падарожнік, пісьменнік, з імем якога звязаны цыкл твораў прыгодніцкай літаратуры, т.зв. Мюнхгаўзіяда. З ніжнесаксонскага стараж.-дваранскага роду. З 14 гадоў паж пры двары герцага Браўншвайга. У канцы 1737 разам з прынцам А.​У.​Браўншвайгскім прыбыў у Расію. У 1739—50 (фармальна да 1754—55) служыў у Кірасірскім яго імператарскай высокасці гасудара вял. кн. Пятра Фёдаравіча палку. Удзельнік 2 рус.-тур. кампаній, ротмістр (1750). Вярнуўшыся на радзіму, атрымаў вядомасць як апавядальнік анекдотаў, ваен., вандроўных і паляўнічых прыгод; за свае фантаст. гісторыі празваны баронам-манюкам. У 1781—83 ананімна апублікаваў свае падарожныя і інш. гісторыі ў час. «Vademecum für lustige Leute» («Падарожнік для вясёлых людзей»). У 1786 ням. пісьменнік Р.​Э.​Распэ выдаў у Оксфардзе англамоўную версію прыгод М., тады ж яе пераклаў на ням. мову і дапоўніў Г.А.Бюргер. Персанаж шэрагу драм, раманаў, кінафільмаў. У 1994 у Бодэнвердэры ўстаноўлены помнік-фантан М. (скульпт. Б.​Штырнберг). На бел. мову «Прыгоды Мюнхгаўзена» (паводле Распэ) пераклаў В.​Вольскі (1955).

Літ.:

Капитонов А. Незабвенный барон // Родина. 1992. № 10.

т. 11, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РАЎ ((Barrow) Джон) (19.6.1764, Дралейбек, графства Ланкашыр, Вялікабрытанія — 23.11.1848),

англійскі падарожнік. Даследаваў Кітай (1792) і Паўд. Афрыку (1795—1802, дасягнуў р. Аранжавая). Заклаў асновы геагр. ведаў аб Паўд. Афрыцы («Падарожжа ўнутр Паўднёвай Афрыкі», т. 1—2, 1801—03). Найб. значны яго твор «Храналагічная гісторыя падарожжаў у Арктычныя рэгіёны» (1818) садзейнічаў аднаўленню вывучэння Арктыкі і пошукаў Паўн.-Зах. праходу. Імем Бараў названы праліў у Канадскім Арктычным архіпелагу і мыс на Алясцы.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБЕРЫ́НІ (Barberini) Рафаэль, італьянскі падарожнік 16 ст. У 1564 як прыватная асоба наведаў Маскву з рэкамендацыйным лістом ад англ. каралевы Лізаветы I да Івана IV Грознага. Вынікі паездкі выклаў у кнізе «Паведамленне аб Масковіі» (1565) у форме ліста да бацькі, дзе даў каштоўныя гіст. звесткі аб рас. гандлі, цэнах, гарадах, царскім і нар. побыце.

Тв.:

Рус. пер. — У кн: Сказания иностранцев о России в XVI и XVII в. СПб., 1843.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПІ́НІ ((Carpini) Джавані дэ Плана) (1182, г. Перуджа, Італія — 1252),

італьянскі падарожнік, манах-францысканец. У 1245 па даручэнні папы Інакенція IV здзейсніў падарожжа з г. Ліён (Францыя) у Манголію з мэтай устанаўлення з ёй дыпламат. зносін. Яго шлях прайшоў праз Чэхію, Кракаўскае ваяв., Кіеў, нізоўі Волгі, узбярэжжа Аральскага м., Сямірэчча, пустыні і горы Цэнтр. Азіі. У творы «Гісторыя манголаў» апісаў прыроду, гаспадарку, гісторыю і дзярж. лад краін, якія наведаў.

т. 8, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІМО́ВІЧ (Карл Іванавіч) (23.11.1827, г. Тула, Расія — 16.2.1891),

расійскі батанік і падарожнік, адзін з першых даследчыкаў флоры Д. Усходу. Акад. Пецярб. АН (1868). Скончыў Дэрпцкі ун-т (1850). У 1853—57 здзейсніў кругасветнае падарожжа, у 1859—64 даследаваў Сібір, Д. Усход і Японію. З 1870 дырэктар Бат. музея АН. Навук. працы па сістэматыцы і геаграфіі кветкавых раслін.

Літ.:

Липшиц С.Ю. К.​И.​Максимович // Отечественные физико-географы и путешественники. М., 1959.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЙТС ((Bates) Генры Уолтэр) (8.2.1825, г. Лестэр, Вялікабрытанія — 16.2.1892),

англійскі прыродазнавец і падарожнік. У 1848—58 разам з А.Р.Уолесам у Бразіліі сабраў калекцыю насякомых — больш за 14,7 тыс. відаў, у т. л. 800 раней невядомых навуцы. Адкрыў і растлумачыў з’яву мімікрыі ў матылёў даліны р. Амазонка (1862). Выпадак падабенства ядомага насякомага да неядомага наз. бейцаўскай мімікрыяй. Чл. Каралеўскага геагр. т-ва (з 1881).

Тв.:

Рус. пер. — Натуралист на реке Амазонке. М., 1958.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВІЛЬЯ́Н (Covihã, Covilhão, Covilham) Педра дэ, партуг. падарожнік канца 15 ст. Правёў разведку марскіх шляхоў у Індыю з партоў Усх. Афрыкі і Аравіі. У 1487 праз гарады Неапаль, Родас і Александрыя дабраўся да Адэна, потым дасягнуў Паўд.-Зах. Індыі, наведаў г. Калікут, в-аў Мадагаскар, усх.-афр. ўзбярэжжа і ў 1488 вярнуўся ў Егіпет, адкуль паслаў справаздачу на радзіму. 30 гадоў пражыў у Эфіопіі. Матэрыялы К. пакладзены ў аснову інструкцый для Васка да Гамы.

т. 7, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КСМАН (Эрык) (Кірыл) Густавіч (7.8.1737, г. Саванліна, Фінляндыя — 16.1.1796),

натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1770). Вучыўся ва ун-це г. Турку (Аба) у Фінляндыі. З 1762 у Расіі. Праводзіў даследаванні ў галіне мінералогіі, біялогіі, хіміі. Падарожнічаў па Алтаі і Усх. Сібіры. Прапанаваў новую тэхналогію шкларобства, спосаб атрымання кухоннай соды, апублікаваў даследаванні па тэхналогіі салетры, соды, галыну. Адкрыў новыя мінералы (байкаліт, вілюіт), знайшоў радовішчы лазурыту, цыркону і інш., сабраў багатыя калекцыі мінералаў, насякомых, гербарыі.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)