КАЗІНЕ́Ц (Ісай Паўлавіч) (падп. мянушкі Слава Юрыгін, Слаўка Пабядзіт; 1910, г. Батумі — 7.5.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля. Герой Сав. Саюза (1965). Напярэдадні вайны працаваў у Беластоку. У пач. акупацыі Мінска арганізаваў і ўзначаліў падп. групу ў Кастрычніцкім р-не горада. Уваходзіў у Мінскі падп. гарком КП(б)Б, адказваў за сувязь з падпольшчыкамі гета, кіраваў адпраўкай партызанам папаўнення, зброі, медыкаментаў. Адзін з арганізатараў падп. друкарні, дзе выдаваў лістоўкі, падп. лісток «Вестник Родины». 27.3.1942 арыштаваны і пасля катаванняў павешаны. На месцы пакарання смерцю ў Цэнтр. скверы — мемарыяльны знак.

І.П.Казінец.

т. 7, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХО́ЎСКІ (Пётр Рыгоравіч) (1799, Смаленская губ. — 25.7.1826),

расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. Паручнік у адстаўцы (1821). У 1816—19 на дзеючай вайск. службе. Са снеж. 1824 у Пецярбургу. З пач. 1825 чл. Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, выступаў за ліквідацыю самаўладства, знішчэнне царскай сям’і і ўстанаўленне рэсп. ладу ў Расіі, удзельнічаў у падрыхтоўцы планаў паўстання. 14.12.1825 на Сенацкай плошчы заклікаў салдат не прысягаць Мікалаю I, забіў пецярбургскага ген.-губернатара М.​А.​Міларадавіча, параніў 2 афіцэраў. 15.12.1825 арыштаваны, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У пісьмах, напісаных у зняволенні, абгрунтаваў свае паліт. погляды і даў крытычны аналіз тагачаснага дзярж. ладу Расіі. Павешаны паводле прыгавору Вярх. суда.

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІХТ (Генрык Тэадоравіч) (1835 ці 1836, Вільня — 12.6.1863),

удзельнік нац.-вызв. руху 1850—60-х г. на Беларусі, у Польшчы, Літве. Скончыў Віленскую гімназію (1852), служыў паштовым чыноўнікам. Каб пазбегнуць арышту за ўдзел у рэв. гуртках, у 1857 эмігрыраваў у Лондан. Быў актыўным дзеячам польскай Рэвалюцыйнай грамады «Лондан», працаваў у друкарні «Колокола». Вясной 1862 нелегальна прабраўся ў Варшаву. Уваходзіў у лявіцу «чырвоных», быў агентам Цэнтральнага нацыянальнага камітэта. Асн. рухальнай сілай паўстання лічыў народ. У ліст. 1862 арыштаваны, зняволены ў Брэсцкую крэпасць. Павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

Літ.:

Кісялёў Г. Вязень Брэсцкай крэпасці // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЯ́БАЎ (Андрэй Іванавіч) (29.8.1851, с. Султанаўка, Рэспубліка Крым, Украіна — 15.4.1881),

расійскі рэвалюцыянер-народнік. Скончыў Керчанскую гімназію (1869), вучыўся ў Новарасійскім ун-це ў Адэсе. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях (кастр. 1871) выключаны з ун-та і высланы. З 1873 чл. гуртка чайкоўцаў, вёў рэв. прапаганду сярод рабочых і інтэлігенцыі Адэсы. Удзельнік Ліпецкага і Варонежскага з’ездаў (1879), чл. выканаўчага к-та «Народнай волі», сааўтар яе гал. праграмных дакументаў, у т. л. дэкларацыі. Адзін з удзельнікаў замаху на жыццё Аляксандра II; 27.2.1881 арыштаваны, асуджаны. Павешаны, тайна пахаваны на Праабражэнскіх могілках у Пецярбургу.

Літ.:

Ходаковский М.П. Крым в биографии А.​И.​Желябова // История СССР. 1988. № 2.

т. 6, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫ́ШКА (Баляслаў Вікенцьевіч) (7.8.1837, фальварак Карманішкі, Эйшышкскі р-н Літвы — 9.6.1863),

удзельнік рэв. руху 1860-х г. З 1860 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у 1861 вёў рэв. агітацыю ў Лідзе і Лідскім пав., удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях, сутыкненнях з паліцыяй у Маскве. У сак. 1863 сфарміраваў паўстанцкі атрад (Дубіскі полк) у цэнтр. Літве. 5.4.1863 з атрадам далучыўся да З.Серакоўскага, камандаваў адной з калон у паходзе паўстанцаў на Пн Літвы. Пасля разгрому паўстанцаў у Біржайскай бітве (25—27.4.1863) узяты ў палон і паводле прысуду павешаны ў Вільні на плошчы Лукішкі.

Літ.:

Кісялёў Г. Рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст з Лідчыны // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

Генадзь Кісялёў.

Б.В.Калышка.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЧ Іван Андрэевіч (падп. псеўд. Таёжны; 1881; в. Ясьманаўцы Валожынскага р-на Мінскай вобл. — кастр., удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Хаваючыся ад паліцыі, выехаў у Сібір. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Краснаярскага губрэўкома. Для барацьбы з Калчаком у лют. 1919 стварыў у с. Шытка Канскага пав. Енісейскай губ. партыз. атрад, з ім удзельнічаў у паўстанні, якое ахапіла 13 валасцей. Больш за 1000 партызанаў бесперапыннымі дыверсіямі на ўчастку Тайшэт-Тулун Сібірскай чыг. зрывалі забеспячэнне белагвардзейцаў на Усх. фронце, стварылі т.зв. «тайшэцкую затычку». Біч быў камісарам шыткінскіх партызанаў, узначальваў лятучы лыжны атрад. У вер. 1919 трапіў у палон, пасля катаванняў павешаны. У Тайшэце помнік Бічу.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПО́Н (сапр. Гапон-Новых) Георгій Апалонавіч

(17.2.1870, в. Белякі Палтаўскай вобл., Украіна — 10.4.1906),

свяшчэннік, удзельнік падзей 1905 у Расіі. Скончыў Палтаўскую семінарыю (1893), у 1898—1903 вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1902 быў звязаны з нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатавым. У 1903 стварыў арг-цыю «Сход рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга». Ініцыятар петыцыі пецярбургскіх рабочых да імператара Мікалая II і шэсця да Зімняга палаца дзевятага студзеня 1905, якое закончылася расстрэлам дэманстрантаў. Да кастр. 1905 у эміграцыі. Намагаўся пранікнуць у «баявую арг-цыю» эсэраў, але быў выкрыты і паводле прыгавору павешаны ў Азёрках (каля Пецярбурга).

Тв.:

История моей жизни. М., 1990.

Літ.:

Лурье Ф.М. Гапон и Зубатов // Лурье Ф.М. Полицейские и провокаторы. СПб., 1992.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РГЕ (Рыхард) (4.10.1895, Баку — 7.11.1944),

савецкі разведчык. Герой Сав. Саюза (1964). Унук Ф.А.Зорге. Скончыў Берлінскі ун-т. З 1914 у ням. арміі, удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1924 у СССР, з 1929 у разведорганах Чырв. Арміі. У 1930—40-я г. ў якасці ням. журналіста ў Германіі, Кітаі, Японіі. У Токіо стварыў разведвальную групу «Рамзай», якая здабывала важную для СССР інфармацыю. Адзін з першых паведаміў дату (20—22 чэрв.) нападу фаш. Германіі на СССР, колькасць ням. дывізій і агульную схему іх плана ваен. дзеянняў, у кастр. 1941 — аб непадрыхтаванасці Японіі да нападу на СССР. 18.10.1941 арыштаваны яп. паліцыяй, 29.9.1943 прыгавораны да пакарання смерцю. Павешаны, пахаваны ў Токіо.

Р.Зорге.

т. 7, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ЗАБАСТО́ЎКА РАБО́ЧЫХ ЛЕСАРАСПРАЦО́ВАК 1932—33 у Заходняй Беларусі.

Праходзіла з 15.10.1932 да сярэдзіны лют. 1933 пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый КПЗБ. Удзельнічала больш за 7 тыс. бел. і польскіх рабочых лесапільных з-даў, лесарубаў і возчыкаў лесу ў Белавежскай пушчы. Бастуючыя патрабавалі павышэння зарплаты на 50%, захавання 8-гадзіннага рабочага дня, сац. забеспячэння на выпадак хваробы і беспрацоўя, бясплатнай мед. дапамогі. У шэрагу вёсак былі створаны забастовачныя к-ты. Для абароны ад нападу паліцыі, недапушчэння да работы штрэйкбрэхераў арганізоўваліся дружыны самаабароны і забастовачныя пікеты. Паліцыя арыштавала больш за 100 актывістаў, адзін з іх быў павешаны. Забастоўкі салідарнасці з рабочымі Белавежскай пушчы адбыліся ў Белавежы, Беластоку, Брэсце, Вільні, Гайнаўцы і інш. Скончылася частковым задавальненнем патрабаванняў бастуючых.

М.​П.​Клімец, І.​В.​Палуян.

т. 2, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЛЬ ((Riel) Луі) (23.10.1844, г. Сент-Боніфейс, Канада — 16.11.1885),

палітычны дзеяч Канады. Вучыўся ў каталіцкай семінарыі ў Манрэалі (1858—65). У 1869 узначаліў антыбрыт. паўстанне ў даліне р. Рэд-Рывер, стаў сакратаром нац. к-та метысаў, які кіраваў барацьбой фермераў супраць захопу іх зямель федэральнай уладай. Аўтар біля пра самакіраванне і статус правінцыі для тэр., якая належала англ. кампаніі Гудзонава праліва. У снеж. 1869 паўстанцы выбралі Р. прэзідэнтам часовага ўрада. У жн. 1870 карная экспедыцыя задушыла паўстанне, Р. эмігрыраваў у ЗША. У 1873—74 насельніцтва прав. Манітаба тройчы выбірала Р. ў парламент Канады, куды ён не быў дапушчаны. У сак. 1885 Р. узначаліў паўстанне пасяленцаў-метысаў і індзейцаў даліны р. Саскачэван супраць чыг. кампаній і федэральных улад. У 1885 пасля задушэння паўстання паводле прыгавору суда павешаны.

т. 13, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)