геаметрычная фігура, якая атрымліваецца ў плоскасці пры сумяшчэнні пунктаў дадзенай паверхні з гэтай плоскасцю, калі даўжыні ліній застаюцца нязменнымі. Р. крывой лініі наз. эвальвентай (гл.Эвалюта і эвальвента).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЯЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел дыферэнцыяльнай геаметрыі, які вывучае ўласцівасці паверхняў. Лакальная П.т. вывучае паверхні, атрыманыя ў выніку гладкай дэфармацыі простай вобласці (напр., круга), глабальная — паверхні, «склееныя» з простых, лакальна вызначаных частак. П.т. грунтуецца на тапалогіі і агульнай тэорыі мнагастайнасцей.
У П.т. разглядаюцца ўласцівасці паверхняў, нязменныя пры рухах. Адна з асн. яе задач — вымярэнні на паверхні. Сукупнасць фактаў, якія атрымліваюць пры гэтых вымярэннях, складаюць унутраную геаметрыюпаверхні. Да яе паняццяў адносяцца даўжыня лініі, вугал паміж 2 напрамкамі, плошча вобласці, геадэзічная лінія, геад. крывізна лініі і інш. П.т. вылучае і даследуе асобныя класы паверхняў, геам. ўласцівасці ліній на паверхні, прасторавую будову наваколля пункта, выгінанне паверхняў, вызначэнне паверхняў па зададзеных першай і другой квадратычных формах, нармальнай і гаўсавай крывізне, даследаванне паверхні «ў цэлым» па ўласцівасцях наваколля яе пунктаў, тэорыі выпуклых паверхняў, праектыўна-інварыянтныя ўласцівасці паверхняў і інш. У П.т. вызначаюцца ізаметрычнае (пры якім не зменьваюцца даўжыні адпаведных ліній), канформнае (гл.Канформнае адлюстраванне) і інш. адлюстраванні паверхняў адна на адну, будуецца тэорыя сетак на паверхнях. Вывучаюцца паверхні ў мнагамерных эўклідавых і неэўклідавых прасторах, разглядаюцца негаланомныя паверхні (характарызуюць рух цела пад дзеяннем сувязей механічных). Ідэі і метады П.т. шырока выкарыстоўваюцца ў інш. раздзелах матэматыкі, у механіцы і фізіцы. Асновы П.т. закладзены ў працах Л.Эйлера, К.Ф.Гаўса, Т.Монжа.
Літ.:
Норден А.П. Теория поверхностей. М., 1956;
Погорелов А.В. Дифференциальная геометрия. 5 изд. М., 1969;
Дубровин Б.А., Новиков С.П., Фоменко А.Т. Современная геометрия: Методы и приложения. 2 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СНАЯ ВЫШЫНЯ́,
адлегласць па вертыкалі ад пункта на паверхні зямлі да якога-н. адвольна прынятага за нуль узроўню. Паказвае, наколькі адзін пункт зямной паверхні перавышае другі (напр., выш. горнай вяршыні над яе падэшвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫЛІЗА́ЦЫЯ,
тэхналагічны працэс насычэння паверхні сталі ці сплаваў (пераважна гарачатрывалых) берыліем. Надае паверхні больш высокую цвёрдасць, гарачатрываласць пры т-рах 800—1000 °C, каразійную ўстойлівасць. Праводзяць у парашкападобных сумесях ці ў газавым асяроддзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ТА ВЫ́ХАДУ,
энергія, неабходная для выдалення электрона з цвёрдага цела ці вадкасці ў вакуум. Вызначае меру сувязі электрона з кандэнсаваным асяроддзем і з’яўляецца асн. характарыстыкай паверхні правадніка ці паўправадніка. Для цвёрдага цела залежыць ад яго матэрыялу, будовы паверхні, наяўнасці на ёй чужародных атамаў, напружанасці знешняга эл. поля (гл.Шоткі эфект) і вызначае заканамернасці электроннай эмісіі з гэтай паверхні. Рознасць Р.в. для двух праваднікоў ці паўправаднікоў вызначае кантактную рознасць патэнцыялаў паміж імі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́НСКАЕ ПАЎША́Р’Е,
умоўная палавіна сферычнай паверхні Зямлі, у межах якой Сусветны ак. (гл.Акіян) найб. пакрывае зямны абшар (пад сушай 9% паверхні). Цэнтр паўшар’я знаходзіцца на У ад Новай Зеландыі. Гл. таксама Мацерыковае паўшар’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́ЛІНА,
прадукт акіслення паверхні металаў, сплаваў пры ўзаемадзеянні з вонкавым асяроддзем. Звычайна акалінай наз. прадукт акіслення жалеза і яго сплаваў. У шырокім сэнсе акаліна — хім. злучэнні, утвораныя на паверхні любога металу пры яго рэакцыі з акісляльнікамі (кіслародам, серай, азотам і інш.). Пагаршае якасць паверхні і прыводзіць да страты металу (каля 6%); у некаторых выпадках выкарыстоўваюць яе ахоўныя ўласцівасці (гл.Аксідаванне). Акаліна, што ўтвараецца на паверхні металу ў час пракаткі, коўкі, штампавання, выкарыстоўваецца ў канвертарнай, доменнай ці мартэнаўскай вытв-сці. З акаліны кіпячых сталяў атрымліваюць жалезны парашок, які выкарыстоўваюць у магн. дэфектаскапіі, парашковай металургіі. Спец. апрацоўкай з акаліны легіраваных сталяў і сплаваў вылучаюць каштоўныя металы. Акаліны здымаюць мех. спосабам, траўленнем ці электрагідраўлічнай апрацоўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́ПЛЯ,
невялікі аб’ём вадкасці, абмежаваны ў стане раўнавагі паверхняй вярчэння. Утвараецца пры павольным выцяканні вадкасці з невял. адтуліны, пры сцяканні яе з краю паверхні, пры распыленні і эмульгаванні вадкасці, а таксама пры кандэнсацыі пары на цвёрдай нязмочвальнай паверхні ці ў газавым асяроддзі на цэнтрах кандэнсацыі.
Форма К. вызначаецца ўздзеяннем паверхневага нацяжэння і знешніх сіл, напр., сілы цяжару; у стане бязважкасці К. мае форму шара. На змочвальнай паверхні К. прымае форму шаравога сегмента з вострым краявым вуглом, на нязмочвальнай — з тупым. Ціск пары каля паверхні К. залежыць ад яе радыуса і вызначаецца Кельвіна ўраўненнем. Гл. таксама Змочванне.
Выцяканне вады з капілярнай трубкі з утварэннем кропель (павялічана ў 3 разы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБІЦЦЁ СВЯТЛА́,
частковае ці поўнае вяртанне ў першае асяроддзе светлавога патоку, які падае на мяжу двух асяроддзяў з рознымі паказчыкамі пераламлення. Адбівальная здольнасць цела залежыць ад аптычных уласцівасцяў сумежных рэчываў, даўж. хвалі λ святла, якое падае, і якасці адбівальнай паверхні.
Калі няроўнасці паверхні падзелу меншыя за λ, наглядаецца люстраное адбіццё святла. Пры гэтым выконваюцца 2 законы адбіцця святла: адбіты прамень S′ ляжыць у адной плоскасці з праменем S, што падае, і перпендыкулярам ON да адбівальнай паверхні ў пункце падзення; вугал адбіцця Z′ роўны вуглу падзення α (рыс. 1). Калі няроўнасці адбівальнай паверхні большыя за λ, святло адбіваецца па ўсіх напрамках у межах паўсферы — дыфузнае адбіццё (рыс. 2). У 1954 Ф.І.Фёдаравым адкрыта з’ява перпендыкулярнага да плоскасці падзення зруху адбітага пучка святла (гл.Фёдарава зрух). Асобны выпадак адбіцця святла — поўнае ўнутранае адбіццё. Памяншэнне адбіцця святла дасягаецца прасвятленнем оптыкі; для павелічэння адбіцця на люстраныя паверхні наносяць метал. дыэлектрычныя пакрыцці. Гл. таксама Пераламленне святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́СА ЗАКО́Н,
залежнасць капілярнага ціску ад міжфазнага паверхневага нацяжэння і сярэдняй крывізны паверхні ў дадзеным пункце; адзін з асн. законаў капілярных з’яў. Устаноўлены П.С.Лапласам у 1806.
Паводле Л.з., перапад гідрастатычнага ціску σρ (капілярны ціск) на паверхні падзелу дзвюх фаз (вадкасць — вадкасць, вадкасць — пара ці газ) σρ=σ(l/R1+l/R2), дзе σ — каэфіцыент паверхневага нацяжэння; R1 і R2 — радыусы крывізны 2 узаемна перпендыкулярных нармальных сячэнняў паверхні ў дадзеным пункце (Δρ > 0, калі меніск выпуклы, Δρ < 0, калі меніск увагнуты).