«КАЗАЧО́К»,
«Казак», бел. нар. сольны мужчынскі танец імправізацыйнага характару. Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі.
Танцоры па чарзе дэманструюць сваю фантазію, спрыт, вынаходлівасць. Асн. элементы «К.» — вяровачка, па-дэ-баск, прысядка. Часам у выкананне ўключаюцца і жанчыны. У некат. рэгіёнах «К.» выконваецца парамі (асн. элемент — полька-вальсавы паварот па крузе). Суправаджаецца прыпеўкамі. У 19 ст. ў мностве варыянтаў бытаваў на Беларусі. Сцэнічны варыянт «К.» створаны ў 1928 К.Алексютовічам. Падобны танец пашыраны ў Расіі і на Украіне.
т. 7, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ РУ́СКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў з жн. 1940 да чэрв. 1941 у Брэсце. Створаны з выпускнікоў Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (маст. кіраўнік курса М.Тарханаў). Адкрыўся ў снежні спектаклем «Любоў Яравая» К.Транёва. Маст. кіраўнік т-ра Б.Кульнёў, рэж. В.Старасціна. Спектаклі вызначаліся высокапрафесійнай рэжысурай, акцёрскім ансамблем, глыбокай псіхал. распрацоўкай характараў: «Мяшчане» М.Горкага, «Небяспечны паварот» Дж.Б.Прыстлі. У 1941 пастаўлены «Слава» В.Гусева, «Самадуры» К.Гальдоні, працавалі над гіст. драмай «Мсціслаў Удалы» І.Прута.
Р.Б.Смольскі.
т. 3, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРФАТРАПІ́Я (ад морфа... + грэч. tropos паварот),
змена крышт. структуры, якая адбываецца ў шэрагу аднатыпных хім. злучэнняў пры замене ў малекуле аднаго з атамаў на суседні па групе ў перыяд. сістэме элементаў; з’ява процілеглая ізамарфізму (гл. Ізамарфізм у геалогіі). Назіраецца ў шэрагу карбанатаў металу II групы: MgCO3, CaCO3, SrCO3, BaCO3, у якім крышт. структура мяняецца ад структуры араганіту, уласцівай карбанату магнію MgCO3, да структуры кальцыту, характэрнай для карбанатаў стронцыю SrCO3 і барыю BaCO3. Для карбанатаў кальцыю вядомы 2 паліморфныя мадыфікацыі — араганіт і кальцыт.
т. 10, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КТАРАЎ (Рычард Мікалаевіч) (7.11.1929, г. Туапсэ, Расія — 8.9.1983),
рускі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Львоўскі ун-т (1952) і Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1959). Працаваў на кінастудыях «Беларусьфільм» (1959—64) і імя М.Горкага (з 1965). Яго фільмы адметныя жыццёвай верагоднасцю, вострапсіхал. распрацоўкай сюжэтаў: «Наперадзе круты паварот» (1960). «Трэцяя ракета» (1963) і «Абеліск» (1977; абодва паводле В.Быкава), «Каханая» (1965), «Масква—Касіяпея» і «Падлеткі ў сусвеце» (1974—75, Дзярж. прэмія Расіі 1977), «Праз церні да зорак» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1982) і інш.
т. 4, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗНАЧЭ́ННЕ ў граматыцы,
даданы член сказа, які паясняе словы з прадметнымі значэннямі, называючы прыкмету прадмета (яго якасць, форму, памер, матэрыял, адносіны да інш. прадметаў і г.д.). У бел. мове азначэнні падзяляюцца на дапасаваныя (сінтаксічная сувязь — дапасаванне, сродкі выражэння — прыметнік, дзеепрыметнік, займеннік, лічэбнік: «зялёная ялінка», «бацькава парада», «неадасланае пісьмо», «нашы сябры», «трэці год») і недапасаваныя (сінтаксічная сувязь — прымыканне, сродкі выражэння — назоўнік ва ўскосных склонах часам з прыназоўнікам, займеннік, інфінітыў, прыслоўе, а таксама словазлучэнні розных тыпаў: «дом восем», «дарога бацькоў», «дзяўчынка з бантам», «яе клопат», «імкненне вучыцца», «паварот налева», «стары высокага росту»). Асобная форма азначэнняў — прыдатак.
А.Я.Міхневіч.
т. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПА́ЛЫ (Змітро) (Дзмітрый Аляксандравіч; н. 28.8.1934, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Працаваў у час. «Вожык», час. «Родная прырода», з 1994 у «Беларускай лясной газеце». Першая кніга — анімалістычныя абразкі «Лясныя хітруны» (1969, 2-е выд. 1986). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў, казак і замалёвак аб прыродзе Беларусі (зб-кі «У лясной каморы», 1972; «Дзіўны птах», 1981; «Казкі Сіняга лесу», 1983; серыя кніг «Звяры Белавежскай пушчы», 1987; «Птушкі Белавежскай пушчы», 1988). Складальнік зб-ка «Беларускія народныя жарты» (1970). Гумарыстычныя творы ў зб-ках «Сякера пад лаваю» (1970), «Ад варот паварот» (1977).
т. 3, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБЯДЗІ́НСКІ (Юрый Мікалаевіч) (10.12.1898, г. Адэса, Украіна — 24.11.1959),
расійскі пісьменнік. Адзін з кіраўнікоў Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Аповесці «Тыдзень» (1922), «Камісары» (1925) пра грамадз. вайну. Жыццю і побыту народаў Каўказа, іх мінуламу прысвяціў раман «Баташ і Батай» (1940—41), трылогію «Горы і людзі» (1947), «Зарава» (1952) і «Раніца Саветаў» (1957). Аўтар раманаў «Заўтра» (1923), «Паварот» (1927), «Нараджэнне героя» (1930), аповесцей «Паездка ў Крым» (1957), «Справы сямейныя» (апубл. 1962), мемуараў «Сучаснікі» (1958), «Сувязь часоў», «Выхаванне душы» (абедзве апубл. 1962), п’ес, нарысаў і інш.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1980.
Літ.:
Либединская Л. Зеленая лампа: Воспоминания. М., 1966.
т. 9, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́Ж (франц. passage літар. праход, пераход),
1)у музыцы — паслядоўнасць гукаў у хуткім тэмпе (з 16 ст.), характэрная для віртуознай музыкі і цяжкая для выканання. Бываюць гамападобныя, акордавыя і мяшаныя. У віртуозных творах буйнейшых кампазітараў напоўнены значным меладычным зместам (фп. эцюды Ф.Ліста, Ф.Шапэна).
2) У архітэктуры — тып гандл. ці дзелавога будынка, у якім магазіны, канторскія памяшканні размешчаны ярусамі па баках шырокага праходу з зашклёным пакрыццем. Будавалі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Еўропе.
3) Адзін з відаў верхавой язды — высокая рытмічная рысь.
4) У пераносным сэнсе — нечаканае здарэнне, дзіўны паварот справы.
т. 12, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЬЗА́ЦКІ (Юрый Давыдавіч) (31.12.1909, Варшава — 31.8.1963),
бел. кампазітар, дырыжор, піяніст. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю па класах кампазіцыі і дырыжыравання (1934). На Беларусі з 1939. У 1940—47 у Дзярж. джаз-аркестры БССР, з 1949 канцэртмайстар Белдзяржэстрады, у 1958—61 маст. кіраўнік і гал. дырыжор канцэртна-эстраднага аркестра Бел. радыё. Сярод твораў муз. камедыя «Даліна шчасця» (паст. 1957); араторыя «Маёй Радзіме» (1963); Сюіта на тэмы польскіх нар. танцаў і Балетная сюіта для сімф. арк.; Канцэрт для скрыпкі з арк. (1955), «Ваенная фантазія», Фантазія на тэмы песень У.Алоўнікава (для эстр. арк.), музыка да кінафільмаў «Паўлінка», «Зялёныя агні», «Міколка-паравоз», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Каханнем трэба даражыць» (усе ў сааўт.), «Наперадзе круты паварот» і інш.
Дз.М.Жураўлёў.
т. 3, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ колавых машын,
элемент хадавой часткі, які ўспрымае і перадае на раму (ці кузаў) намаганні, што дзейнічаюць на колы машыны. У залежнасці ад функцыі колаў адрозніваюць М вядучыя (перадаюць вярчальны момант колам), кіроўныя (забяспечваюць паварот машыны), камбінаваныя (вядучыя і кіроўныя адначасова; могуць уключацца ў работу, напр., пры павелічэнні нагрузкі) і апорныя напр., у прычэпах); у залежнасці ад тыпу падвескі бываюць разразныя (пры незалежнай падвесцы колаў) і неразразныя (пры залежнай падвесцы). Вядучы М. — пустацелая бэлька (найб. пашырана), па канцах якой устаноўлены вядучыя колы, а ўнутры — элементы трансмісіі (галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі). Кіроўны М. складаецца з бэлькі, што злучае колы, і дэталяў паваротнага механізма. Гл. таксама Задні мост, Пярэдні мост.
т. 10, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)