нітка з параўнальна кароткіх натуральных ці хім. валокнаў, злучаных пераважна скручваннем; асн. від тэкстыльных нітак. Характарызуецца таўшчынёй, відам кручэння, трываласцю на разрыў, роўнасцю.
Бывае аднародная (з валокнаў аднаго віду) і мяшаная (з валокнаў некалькіх відаў). Паводле спосабаў прадзення адрозніваюць П. грабенную (з доўгіх і тонкіх валокнаў), кардавую (з валокнаў сярэдняй даўжыні і таўшчыні) і апаратную (з кароткіх і больш тоўстых валокнаў, валакністых адходаў); паводле прызначэння — П. для ткацтва (асноўная і ўточная), трыкатажна-вязальнай, гардзінна-цюлевай і карункавай вытв-сці, для вырабу швейных нітак, тэхн. тканін, канатаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАСТЫЛІ́Я (ад гома... + грэч. stylos слуп),
роўнаслупковасць, аднолькавая даўжыня слупкоў і тычынкавых нітак у кветках усіх асобін раслін дадзенага віду. Уласціва большай ч. кветкавых раслін. Гл. таксама Гетэрастылія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Вядомы з канца 18 ст. Даўжыня М.р. 210—240 см, шыр. 30—33 см. Ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты, снуюць у 8—10 пасмаў. Традыц. колер узораў — чырвоны з чорным, пазней з сінім, зялёным. Кампазіцыя ручнікоў 2 відаў: у адным па аснове праходзяць 2—3-каляровыя, пазней 4-каляровыя палоскі-коскі, у другіх — па ўтку шмат каляровых арнаментальных палосак («затканыя беражкамі»), што перасякаюцца з каляровымі палоскамі асновы. Даўней іх аснова і ўток былі з ільняных нітак, а ўзор натыкалі горынню; у наш час ткуць з ільняных, баваўняных нітак, а ўзор натыкаюць мулінэ, ірысам. Па канцах ручнікоў арнаментальны малюнак («у зборы», «у кветкі», «у лісты», «у жучкі») займае 7—8 см. Заканчваюцца традыц. ручнікі карункамі, якія плялі з нітак асновы ўручную (цяпер вяжуць кручком). У 1977 у в. Моталь створаны ткацкі цэх Пінскай ф-кі маст. вырабаў.
М.П.Жабінская.
Да арт.Мотальскія ручнікі. В.Лукашэвіч. Ручнік. 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́Н (франц. galon),
тоўстая стужка або тасьма шырынёй 5—60 мм з баваўнянай пражы, хім.нітак, шоўку, часта з залатой, сярэбранай ніткай ці мішурой. Выкарыстоўваецца пры вырабе знакаў узнагароды і для аздаблення форменнага адзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКА-ІВАЦЭ́ВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,
тып бел.традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюць нар. майстры вёсак Бярозаўскага, Ганцавіцкага, Драгічынскага, Іванаўскага, Івацэвіцкага, Пінскага р-наў Брэсцкай вобл. Вядомы з 19 ст.Даўж. 180—250, шыр. 23—30 см. Па колеравай гаме, стылістыцы арнаменту, якасці палатна блізкія да мотальскіх ручнікоў. Ткуць з ільняных і баваўняных нітак, па краях аздабляюць шматколерным вышытым гладдзю арнаментам (выявы букстаў, ваз, гірляндаў кветак і інш.). Бываюць звычайныя і з прышытымі па канцах вузейшымі кавалкамі палатна. Звычайныя ткуць у 3 ніты арнаментам «у коскі», канцы аздабляюць мохрыкамі ці паскамі карункаў (плеценыя з нітак асновы або вязаныя з белых баваўняных). У арнаментыцы пашыраны палоскі: вузкія папярочныя, адзінкавыя ці згрупаваныя па некалькі (чырвоныя, чырвона-блакітныя, шэра-белыя), а таксама падоўжныя і папярочныя, якія ўтвараюць буйнарапортную клетку. Ручнікі з прышытымі канцамі ткуць у 2 ніты, асн. (шырэйшую) частку аздабляюць гладкімі ці ўзорыстымі палосамі геам. арнаменту, канцы — дробна-ажурнымі вузельчыкавымі карункамі, плеценымі з суканых нітак асновы, вышытым крыжыкам арнаментам антрапаморфнага, зааморфнага, расліннага характару, выкананым чырвонымі і чорнымі ніткамі бавоўны-горынь. Шырока выкарыстоўваюцца ў афармленні інтэр’ераў хат, традыц. абрадах, служаць узорамі пры распрацоўцы сувенірных вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РСАВАЯ ТКАНІ́НА,
тканіна з ворсам з аднаго боку. Ворс утвараюць густа размешчаныя вертыкальныя канцы паразразаных дадатковых нітак ворсавай асновы (асноваворсавыя тканіны) ці ворсавага ўтку (уточнаворсавыя тканіны). Ворсавая тканіна з асн. ворсам — плюш, аксаміт, штучнае футра, дываны, уточнаворсавыя — паўаксаміт, пліс, вельвет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЦІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для вырабу кручаных ніцей (у т. л. пражы), нітак, корду, шпагату і інш.Асн. рабочы орган — верацяно, з дапамогай якога скручваюцца ніці. Перад работай на К. м. ніці перамотваюць на матальнай машыне (для павелічэння аб’ёму пакоўкі) і трасцяць. Выкарыстоўваецца ў тэкст. вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЖАЛЬ,
ільняное валакно вышэйшай якасці, атрыманае пасля часання кудзелі на грэбені. К., што прызначаўся для вырабу тонкіх наміткавых тканін, дадаткова часалі шчоткай са свіной шчаціны. Гатовы К. скручвалі ў трубку і захоўвалі да прадзіва. К. называлі таксама ніткі з такога валакна і палатно з такіх нітак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПАГО́Н (ад грэч. karpos плод + gonos семя),
жаночы палавы орган чырв. водарасцей. Мае бутэлькападобную форму; складаецца з ніжняй (брушной) ч. і вузкай верхняй (трыхагіны). Пасля апладнення яйцаклеткі трыхагіна адмірае, а ў брушной ч. ўтвараюцца карпаспоры, якія могуць размяшчацца на канцах клетачных нітак, што вырастаюць з яйцаклеткі.