ПРА́ЖА,

нітка з параўнальна кароткіх натуральных ці хім. валокнаў, злучаных пераважна скручваннем; асн. від тэкстыльных нітак. Характарызуецца таўшчынёй, відам кручэння, трываласцю на разрыў, роўнасцю.

Бывае аднародная (з валокнаў аднаго віду) і мяшаная (з валокнаў некалькіх відаў). Паводле спосабаў прадзення адрозніваюць П. грабенную (з доўгіх і тонкіх валокнаў), кардавую (з валокнаў сярэдняй даўжыні і таўшчыні) і апаратную (з кароткіх і больш тоўстых валокнаў, валакністых адходаў); паводле прызначэння — П. для ткацтва (асноўная і ўточная), трыкатажна-вязальнай, гардзінна-цюлевай і карункавай вытв-сці, для вырабу швейных нітак, тэхн. тканін, канатаў і інш.

т. 12, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)