СМІРНО́Ў Юрый Васілевіч (2.9.1925, в. Дзешукова Макар’еўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 25.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Стралок мал. сяржант С. вызначыўся 24.6.1944 у баі каля в. Шалашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл., дзе цяжка паранены трапіў у палон да гітлераўцаў і, нягледзячы на катаванні, не выдаў ваен. тайну, быў распяты на сцяне бліндажа. У вёсках Бераснёва Аршанскага, Буда і Шалашына Дубровенскага р-наў, у г. Орша і г.п. Арэхаўск Віцебскай вобл. яму пастаўлены помнікі.

Ю.В.Смірноў.

т. 15, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАМА́РЫНСКАЯ»,

«Камарынскі», імправізацыйны танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Можа быць сольны, парны, масавы. Выконваць могуць мужчыны, жанчыны і дзеці. Яго адметнасць і прыгажосць у спалучэнні нац. асаблівасцей харэаграфіі розных народаў — бел., рус., укр., цыганоў, татар, армян, таджыкаў, малдаван і інш. Выканаўцы вар’іруюць і камбінуюць каленцы ў залежнасці ад уласных густу і фантазіі. Нягледзячы на разнастайнасць харэаграфічных малюнкаў, цэласны выгляд танца і мелодыя не мяняюцца. На Беларусі пашыраны ўсюды, асабліва ў раёнах, сумежных з Расіяй. Бел. варыянт танца вызначаецца найб. ярка выяўленай нац. харэаграфічнай лексікай.

А.​Л.​Варламаў.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЕ́ЛЬ Апанас, бел. пісьменнік сярэдзіны 19 ст. Паводле некаторых звестак, пісаў вершы і апавяданні на магілёўскіх гаворках. Яму прыпісваюць аўтарства твора-брашуры «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» (выдадзена ананімна ў 1861). У форме гутаркі з урадавых пазіцый тонам сял. добразычліўца аўтар імкнуўся растлумачыць значэнне царскай рэформы як сродку вызвалення ад прыгону, заклікаў сялян прыхільна ставіцца да яе. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць, у творы адлюстраваны рэальныя рысы той гіст. эпохі, незадаволенасць сялян грабежніцкай рэформай. У творы шмат прыкладаў са стараж. гісторыі, мова жывая, насычаная фразеалагізмамі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУДЗІ́ТЫ (англ. Luddites),

удзельнікі стыхійных рабочых выступленняў у Англіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. супраць укаранення ў прамысловасць машын, якія яны лічылі прычынай свайго гаротнага становішча. Назва ад імя легендарнага рабочага Н.​Луда, які нібыта першы зламаў свой станок. Рух Л. пачаўся каля 1760 у гарадах Шэфілдзе і Нотынгеме і ў пач. 19 ст. ахапіў амаль усю Англію. Яны нападалі на фабрыкі і знішчалі машыны, асабліва ткацкія. Нягледзячы на ўвядзенне ўрадам у 1769 і ў 1812 смяротнага пакарання для Л., іх рух працягваўся да 1830-х г.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНДО́РА (грэч. Pandōra усім адораная),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчына, створаная Гефестам па волі Зеўса з зямлі і вады ў якасці пакарання людзям за ўчынак Праметэя, які ўкраў для іх агонь з неба. Паводле міфаў, Афрадыта адарыла П. незвычайнай прыгажосцю, Гермес — спрытным розумам, хітрасцю і каварствам, Афіна — прыгожым адзеннем. Зеўс аддаў П. замуж за брата Праметэя, якому падараваў скрыню з чалавечымі заганамі. Нягледзячы на забарону, цікаўная П. адчыніла скрыню і выпусціла на волю ўсе заганы, ад якіх з таго часу пакутуе чалавецтва. Адсюль выраз «адчыніць скрыню Пандоры» — неабачлівым учынкам выклікаць шматлікія бедствы.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЫГО́ЛЬНІКІ паслядоўнікі рэлігійнага ератычнага руху ў наўгародска-пскоўскіх землях у 2-й пал. 14 ст., на чале якога стаяў дыякан Карп па прозвішчу Стрыгольнік (адсюль назва). Адмаўлялі ўвесь інстытут тагачаснай царквы: святароў, канстанцінопальскага патрыярха, царк. таінствы, догмат аб уваскрэсенні мёртвых. Ідэалам С. лічылі апостальскую царкву, і ў рамках першапач. хрысціянства ўстанаўлівалі годнасць чалавека, яго права быць настаўнікам веры ў жыцці. Духоўныя і свецкія ўлады ў 1375 утапілі лідэраў С. у р. Волхаў. Нягледзячы на смяротныя пакаранні, С. працягвалі дзейнасць і ў 1-й чвэрці 15 ст.

т. 15, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НСІЯ РАДРЫ́ГЕС (Francia Rodriguez) Хасэ Гаспар (6.1.1766, Асунсьён — 20.9.1840),

дзяржаўны дзеяч Парагвая. Скончыў Кардоўскі ун-т (1785). Адзін з арганізатараў перавароту, у выніку якога ў маі 1811 скінута ісп. ўлада ў Парагваі. З 1811 сакратар кіруючай хунты, з 1813 адзін з 2 консулаў-суправіцеляў, з 1814 аднаасобны пажыццёвы вярх. правіцель Парагвая. Праводзіў палітыку ізаляцыі краіны. Нягледзячы на дэспатычныя метады кіравання, карыстаўся нар. падтрымкай з-за палітыкі радыкальных агр. пераўтварэнняў: канфіскаваў большасць зямель у латыфундыстаў, частку яе перадаў дробным гаспадарам, на астатняй стварыў буйныя дзярж. гаспадаркі — т.зв. «эстансіі радзімы».

т. 16, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́РЫ ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА З МАЛДО́ЎСКІМ КНЯ́СТВАМ 15—16 ст. Заключаліся паміж вял. князямі ВКЛ і малд. гаспадарамі, вызначалі асновы ўзаемаадносін паміж дзвюма дзяржавамі. Вядомы дагаворы 1415, 1431 (з удзелам Тэўтонскага ордэна), 1435, 1437, 1442, 1447, 1496, 1499, 1518, 1551, 1554. Паводле гэтых дагавораў ВКЛ нязменна захоўвала з Малдовай мір, нягледзячы на тое, што звязаная з ёй уніяй Польшча часта ваявала з Малдовай і імкнулася ўцягнуць у баявыя дзеянні войска ВКЛ (напр., у 1509 і 1532). Заключэнне дагавораў дэманстравала таксама незалежнасць ВКЛ ад Польшчы.

А.​В.​Белы.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТА́ДЭН (Staden) Генрых фон (каля 1542, г. Ален, Германія — ?),

нямецкі авантурыст. Хаваючыся ад крымін. праследавання на радзіме, уцёк у Лівонію, потым у Расію, дзе стаў апрычнікам (гл. Апрычніна), атрымаў маёнткі, вёў гандаль віном і футрам. Пасля вяртання ў Зах. Еўропу распрацоўваў планы інтэрвенцыі ў Расію для герм. імператара Рудольфа II (1578) і швед. караля Юхана III (1581). Аўтар «Нататак пра Маскоўскую дзяржаву», якія, нягледзячы на шэраг недакладнасцей і перабольшанняў, з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па эканам., паліт. гісторыі і геаграфіі Расіі 16 ст.

Тв.:

Рус. пер. — О Москве Ивана Грозного: Зап. немца-опричника. [М.; Л.], 1925.

т. 17, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ ВІ́ЛЕНСКАЙ КАМІ́СІІ (АВК), Акты Віленскай археаграфічнай камісіі (АВАК),

шматтомны збор дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 14—19 ст. (т. 1—39. Вільня, 1865—1915). Сабраны дакументы на старабел., рус., польскай і лац. мовах па паліт., сац.-эканам., царк. гісторыі, этнаграфіі, пра развіццё прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, становішчы яўрэяў і татараў ВКЛ, вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, вайну 1812. Выданне мела на мэце сцвердзіць справядлівасць далучэння Беларусі і Літвы да Рас. імперыі, прапагандаваць ідэю пра «спрадвечна рускі» характар ВКЛ. Нягледзячы на недахопы (тэндэнцыйнасць падбору матэрыялаў, недакладнасці перадачы тэкстаў, друкарскія памылкі) мае вял. каштоўнасць як крыніца па гісторыі Беларусі.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)