І́НЕЙ,
тонкі слой ледзяных крышталёў, якія ўтвараюцца на глебе, траве і наземных прадметах у халодныя, ясныя і ціхія ночы. Узнікае пры ахаладжэнні зямной паверхні ў выніку цеплавога выпрамянення ніжэй за 0 °C і сублімацыі вадзяной пары на паверхні прадметаў. І. адрозніваюць ад шэрані, якая ўтвараецца пры тумане, у мароз. На тэр. Беларусі І. назіраецца з вер. да мая, ад 50 да 80 сутак.
т. 7, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КТА, Нікс,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня ночы, якая супрацьстаіць багіні дзённага святла Гемеры. Лічылася дачкой Хаоса, сястрой Эрэба (Змроку), Эфіра (верхняга паветра) і Гемеры. З’яўляецца адной з пярвічных сусветастваральных патэнцый. Нарадзіла Танатаса (Смерць), Гіпноса (Сон), Гесперыд, Эрыду (багіню разладу), мойраў, Немесіду і Мома (бога зласлоўя). Жыллё Н. знаходзіцца ў бездані тартара; там сустракаюцца Н. (Ноч) і Гемера (Дзень), якія змяняюць адна адну і па чарзе абыходзяць зямлю.
т. 11, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЫ́РАЎ (Пірымкул) (н. 24.9.1928, кішлак Кенгкол Ура-Цюбінскага р-на Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),
узбекскі пісьменнік. Скончыў Ташкенцкі ун-т (1951). Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў апавяданняў «Студэнты» (1957), «Сонца ў крыві» (1963), аповесцей «Вольнасць» (1970), «Легенда» (1981), раманаў «Тры карані» (1958), «Чорныя вочы» (1966), «Алмазны пояс» (1977), «Зорныя ночы» (1979), у якіх узнімае надзённыя праблемы сучаснасці, раскрывае духоўны свет інтэлігенцыі, працаўнікоў вёскі. Аўтар кнігі нарысаў і публіцыст. артыкулаў «Роздум» (1971).
т. 7, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РБАЛА,
гарадзішча 12—14 ст. у Эстоніі, у Рапласкім р-не, за 60 км на Пд ад Таліна. Пл. каля 2 га, умацавана валам выш. да 10 м. Даследавана ў 1938—41 і 1953.
У 1212 Варбала было абложана наўгародцамі і пскавічамі і прымушана плаціць даніну. У пач. 13 ст. апорны пункт эстаў у барацьбе з ням. і дацкімі захопнікамі. Разбурана, верагодна, у сярэдзіне 14 ст. пасля паўстання Юр’евай ночы 1343—45.
т. 4, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮСЫ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ,
пункт перасячэння восі вярчэння Зямлі з зямной паверхняй. Адрозніваюць Паўночны полюс і Паўднёвы полюс. У полюсах зыходзяцца ўсе мерыдыяны зямныя (геаграфічныя). На П.г. няма звычайных кірункаў свету, няма падзелу на дні і ночы, таму што каля паўгода Сонца не апускаецца за гарызонт і каля паўгода не ўзыходзіць (гл. Палярны дзень, Палярная ноч). Яны перамяшчаюцца па зямной паверхні па складанай траекторыі, якая то закручваецца, то раскручваецца, не выходзячы з квадрата са стараной 26 м.
т. 12, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́ДЗЕ (Карло Раждзенавіч) (29.3.1904, г. Кутаісі, Грузія — 11.12.1988),
грузінскі паэт, драматург. У зб-ках вершаў «Хертвіскія досвіткі» (1937), «У родным краі» (1949), «На беразе Чорнага мора» (1962), «Думы» (1970) тэмы станаўлення сацыяліст. рэчаіснасці, нараджэння новай псіхалогіі, маляўнічыя карціны груз. прыроды. Аўтар п’ес «Як гэта было» (1929), «Дом на беразе Куры» (паст. 1931), «Хатыджэ» (паст. 1929), «Камедыя адной ночы» (паст. 1945) і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі У Карызна, В.Лукша, К.Цвірка, В.Шымук.
т. 7, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБО́Н,
старажытная назва р. Заходняя Дзвіна. Пад такой назвай вядома паводле карт александрыйскага грэка К.Пталамея і рымскіх аўтараў 2 ст. н.э. Паходзіць ад лац. rubeus — чырвоны (з-за наяўнасці ў вадзе чырванаватых вокіслаў жалеза). Гамер, магчыма, згадвае Зах. Дзвіну пад назвай Эрыдан (Эрыда — багіня ночы і лёсу ў стараж. грэкаў), а Герадот называе ракой бурштынавай. Стараж. германцы называлі раку — Дзюна. Назва «Р.» сустракаецца на карце Мікалая Кузанскага (1507) і карце, выдадзенай М.К.Радзівілам Сіроткай (1613).
У.Ф.Ісаенка.
т. 13, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНЫ АНТЫЦЫКЛО́Н,
вобласць павышанага атм. ціску над Арктыкай. У цэнтры арктычнага антыцыклону ціск перавышае 1020 мб. Больш выразны зімой, калі ў час палярнай ночы халоднае паветра ўшчыльняецца над укрытай лёдам і снегам паверхняй. Пераважае ўстойлівае бязвоблачнае сухое надвор’е. Пад уплывам цыкланічнай дзейнасці ў Атлантычным сектары Арктыкі арктычны антыцыклон перамяшчаецца ў бок Аляскі. Летнія ўмовы аслабляюць антыцыклон. На выш. 3—4 км саступае месца каляпалярнай дэпрэсіі (вобласці нізкага ціску). Вятры з Арктычнага антыцыклону накіраваны ў нізкія шыроты, дзе пад уплывам вярчэння Зямлі набываюць ПнЗ напрамак.
т. 1, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧЭ́ННЕ ЗЯМЛІ́,
вярчальны рух Зямлі вакол сваёй восі з З на У, ці супраць гадзіннікавай стрэлкі, калі глядзець з Паўн. полюса свету; адзін з рухаў Зямлі. Вярчэнне Зямлі выклікае змену дня і ночы, вызначае працягласць сутак. Адбываецца нераўнамерна: пад уплывам месяцавых і сонечных прыліваў працягласць сутак павялічваецца на 1—2 мс за стагоддзе, а з-за сезонных змен (выпаданне ападкаў і да т.п.), тэктанічных працэсаў і інш. на працягу года вагаецца ў межах 1—2 мс. Становішча восі вярчэння Зямлі (і зямных геагр. полюсаў) мяняецца з-за прэцэсіі і нутацыі.
т. 4, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́НКА (Вячаслаў Андрэевіч) (н. 17.12.1941, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Чарнавіцкі тэхнікум чыг. транспарту (1961). Працаваў на будоўлі, фотакарэспандэнтам. З 1981 у час. «Беларусь». Аўтар фотанарысаў, апавяданняў, публіцыст. артыкулаў, эсэ, фотаальбомаў «Бабруйск» (1968), «Нясвіж» (1968), «Магілёў» (1971), «Брэст» (2 выд., 1979), кніг прозы і публіцыстыкі «Паплач ля роднае крынічкі» (1981), «Не плач, душа мая» і «Ой, зялёны дубочак...» (1983), «Браты святой ночы» (1986), «Развітальная песня» (1989), «Сіндыкат Мані Дулі» (1992). Зрабіў літ. запіс дакумент. аповесці П.Ратайкі «На жыццёвых кручах» (1985). Майстар выцінанак.
т. 6, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)