Мае двухстворкавую трохвугольную ракавіну з шыпам на брушным баку кожнай створкі, моцны мускул-замыкальнік, чуллівыя шчацінкі (у пучках) і доўгую ніць, якую выдзяляе асаблівая залоза. Глахідый развіваецца з яец (некалькі соцень тысяч) у мантыйнай поласці мацярынскай асобіны восенню і зімой. Вясной глахідый выкідваецца ў ваду і прымацоўваецца да скуры, шчэлепаў і плаўнікоў рыб, абрастае эпітэліем гаспадара. Корміцца асматычна. Праз некалькі тыдняў малады малюск пакідае гаспадара і падае на дно. Прыкметнай шкоды рыбам глахідый не прыносіць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЧКА,
1) вегетатыўны орган у шматгадовых вышэйшых раслін (зімуючая ці часова спыненая ў развіцці відазмененая пупышка або комплекснае марфалагічнае ўтварэнне, якое аб’ядноўвае некалькі пупышак); у садоўніцтве — пупышка з прышчэпкай, што служыць для прышчэплівання на прышчэпу; у агародніцтве — ямка на клубнях бульбы з 3 (адной цэнтральнай і дзвюма бакавымі) укрытымі лускавінкамі пупышкамі (пасадачным матэрыялам могуць быць клубні, парэзаныя на часткі, якія маюць хоць адно вочка).
2) Орган зроку (адзін або некалькі) у мечахвостаў і членістаногіх.
3) Стыгма, або чырвоная плямка, — святлоадчувальная арганела жгуцікавых прасцейшых, аднаклетачных рухомых водарасцей і зааспор шматклетачных водарасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАРО́БАЧКА»,
гарадскі бытавы танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. Выконваецца пад мелодыю рус.нар. песні «Карабейнікі». Выканаўцы, узяўшыся рукамі накрыж, прыстаўным крокам рухаюцца па крузе, потым кожны выконвае некалькі вальсавых паваротаў.
Працягваючы рух, танцоры робяць прыстаўныя крокі ў бакі і павароты пад рукой. У канцы фігуры хлопец і дзяўчына робяць до-за-до. Рухі паўтараюцца некалькі разоў запар у тым жа парадку. Другая фігура выконваецца як полька або вальс. Танец мае невял. рэгіянальныя адрозненні. З канца 19 ст. пашыраны па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГО́НКІН (Algonquin),
правінцыяльны парк у Канадзе, на правабярэжжы р. Атава, правінцыя Антарыо. Засн. ў 1893. Пл. 765,3 тыс.га. Размешчаны на невысокім узвышшы — Лаўрэнційскім крышталічным шчыце. Захоўваюцца ландшафты драбналістых і мяшаных лясоў з азёрамі і балотамі. Сярод прадстаўнікоў 15 асн. парод раслін некалькі відаў клёнаў, веймутава сасна, тсуга канадская, асінападобная таполя, вяз, ясень, жоўтая бяроза, шызая елка і інш. У фауне воўк, бабёр, чорны мядзведзь, лось, белахвосты (віргінскі) алень; з птушак звычайныя лысуха, каўнерыкавы рабчык, аўсянка-юнка, белабрывая аўсянка, некалькі відаў амер. валасянак і інш. Развіты турызм, працуюць інфармацыйны цэнтр і музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГА́НДЫ (ад лац. ligo звязваю),
малекулы ці іоны, непасрэдна злучаныя з цэнтр. атамам у комплексных злучэннях.
Звычайна Л. з’яўляюцца аніёны (напр., гідраксіл OH−, астачы азотнай NO3−, салянай Cl, сінільнай CN− кіслот) ці нейтральныя малекулы, якія маюць атамы кіслароду, азоту, фосфару, крэмнію, мыш’яку або кратныя сувязі (напр., неарган. малекулы — аксід вугляроду CO у карбанілах металаў, аміяк NH3; арган. злучэнні — аміны, спірты, алефіны). У каардынацыйнай сферы комплексаўтваральніка Л. можа займаць адно (т.зв. монадэнтатныя Л.) ці некалькі месцаў (полідэнтатныя Л., якія злучаны з цэнтр. атамам праз некалькі атамаў Л.). Комплексы з полідэнтатнымі Л. наз. хелатнымі (гл.Хелатныя злучэнні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЬБАНАРАЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
шматлязовы металарэзны інструмент для ўтварэння вонкавай (на шрубах, шпільках, балтах і інш.) і ўнутр. (у адтулінах гаек, утулак і інш.) разьбы. Да Р.і. адносяцца разьбовыя разцы, метчыкі, плашкі, фрэзы, шліфавальныя кругі, грабяні, рэзьбанаразныя галоўкі. Разьбовыя грабяні (некалькі аб’яднаных у адзінай канструкцыі разьбовых разцоў) бываюць плоскія (стрыжнёвыя, прызматычныя) і круглыя. У корпусе рэзьбанаразных галовак уманціравана некалькі разьбовых грабянёў. Устанаўліваюць на рэзьбаапрацоўчых станках і станках інш. тыпаў, некаторыя інструменты выкарыстоўваюць для ручнога наразання разьбы.
Да арт.Рэзьбанаразны інструмент. Рэзьбанаразныя галоўкі: 1 — з радыяльна пастаўленымі плоскімі грабянямі; 2 — з тангенцыяльна пастаўленымі плоскімі грабянямі; 3 — з круглымі грабянямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́НКА,
гіганцкі электрычны іскравы разрад у атмасферы, які праяўляецца звычайна яркай успышкай святла і суправаджаецца громам; асн. прыкмета навальніцы. Найб. часта ўзнікае ў кучава-дажджавых воблаках, пры гэтым М. могуць праходзіць у саміх воблаках або паміж імі і зямлёй. Найб. тыповая лінейная М. — множны іскравы разрад з разгалінаваннямі, даўж. 1—10 км, дыям. некалькі сантыметраў, існуе ад 0,1 с да 1 с, т-ра 25000 °C і больш. Звычайна М. мае некалькі паўторных разрадаў, зрэдку некалькі дзесяткаў (зацяжная М.). Шаравая М. сфероіднай формы, каля паверхні зямлі, дыям. да 10—50 см, рухаецца павольна, падпарадкоўваецца плыням паветра, існуе да 1—2 мін, знікае з выбухам або без яго. Плоская М. — эл. разрад на паверхні воблака, не мае лінейнага характару. Пацеркападобная М. — разрад у выглядзе ланцуга з кропак, якія свецяцца. Лінейная і шаравая М. могуць быць прычынай пажару, пашкоджанняў ліній сувязі і электраперадач, гібелі людзей і хатняй жывёлы. Пабудовы ад удару М. засцерагаюць маланкаадводамі. На Беларусі ў мінулым блізкі ўдар М. ў зямлю, наземныя прадметы, жывёлу або чалавека называўся перуном.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЦМАН (галанд. bootsman),
званне малодшага (старшынскага) каманднага саставу на караблі, непасрэдны начальнік палубнай каманды. На вял. ваенных караблях некалькі боцманаў, адзін з іх галоўны.