ПЕРЫЭ́КІ, перыойкі (грэч. perioikoi літар. суседзі),
непаўнапраўная частка насельніцтва ў стараж.-грэч. дзяржавах (Спарце, Аргасе, Элідзе, Фесаліі). Спартанскія П. — нашчадкі карэннага насельніцтва, якое падпарадкавалі дарыйцы і адцяснілі на ўскраіны Лаконіі. Не мелі паліт. правоў, але ў адрозненне ад ілотаў былі асабіста свабоднымі. Жылі ў пасёлках з абмежаваным самакіраваннем, маглі мець невял. зямельныя ўчасткі, займаліся рамёствамі і гандлем, плацілі спартанцам даніну. У войску павінны былі служыць у цяжкаўзброенай пяхоце.
т. 12, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ВЕРЦЫ,
група ўсх.-слав. плямён, якія ў канцы 1-га тыс. н.э. насялялі тэр. паміж Днястром, Прутам і Дунаем. Упамінаюцца ў «Аповесці мінулых часоў». З 1-й пал. 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, у 944 удзельнічалі ў паходзе Ігара на Візантыю. Займаліся земляробствам, у 10—11 ст. у Ц. развіваліся феад. адносіны. У 12—13 ст. землі Ц. належалі Галіцка-Валынскаму княству. Пазней нашчадкі Ц. увайшлі ў склад насельніцтва Малдавіі.
т. 17, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПТЫ,
этнаканфесіянальная група егіп. арабаў, якія вызнаюць хрысціянства (пераважна манафісіты, ёсць уніяты і пратэстанты). Нашчадкі даараб. насельніцтва Егіпта. Жывуць пераважна ў гарадах Верх. Егіпта (2 млн. чал.), а таксама ў інш. краінах Б.Усходу. Агульная колькасць — больш за 4 млн. чал. (1992). Гавораць на араб. мове; копцкая мова захавалася як царкоўная. У 4—7 ст., да заваявання арабамі, стварылі своеасаблівае мастацтва, якое ўвабрала ў сябе культ. спадчыну Стараж. Егіпта і антычнасці (гл. Копцкае мастацтва).
т. 8, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЮБІ́ДЫ, Эйюбіды,
дынастыя султанаў, якая правіла на Б. Усходзе пасля падзення Фатымідаў халіфата. Засн. ў 1171 у Егіпце военачальнікам Салах-ад-дзінам (Саладзінам). Назву атрымала ад імя яго бацькі палкаводца Айюба. Айюбіды паспяхова змагаліся з крыжакамі. Пасля смерці Салах-ад-дзіна (1193) яго нашчадкі павялі барацьбу за султанат, у які ўваходзілі Егіпет, Сірыя, Хіджаз з Меккай і Медынай, ч. Месапатаміі. Міжусобіцы ўзмацнілі ролю гвардыі мамлюкаў, у выніку змовы якіх у 1250 быў скінуты апошні з Айюбінаў.
т. 1, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЧУА, кічуа, кешуа,
сучасны індзейскі народ у Паўд. Амерыцы. Складае значную ч. насельніцтва Перу (7,7 млн. чал.), Эквадора (4,3 млн. чал.), Балівіі (2,47 млн. чал.). К. жывуць таксама на ПнЗ Аргенціны, Пн Чылі, Пд Калумбіі; агульная колькасць 10—13 млн. чал. (1990-я г.). Нашчадкі стараж. інкаў. Мова — кечуа (у Перу з 1975 афіц. мова разам з іспанскай). Паводле веравызнання пераважна католікі. Займаюцца земляробствам, рамяством.
Літ.:
Зубрицкий Ю.А. Инки-кечуа: Основные этапы истории народа. М., 1975.
т. 8, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРДЫМА́Н,
старажытнае княства на тэр. Албаніі Каўказскай, паміж рэкамі Аракс і Кура ў 4—8 ст. Спрыяльнае геагр. становішча на месцы перасячэння гандл. шляхоў адыгрывала важную ролю ў развіцці Гірдымана. У 5—6 ст. Гірдыман залежаў ад Сасанідаў. У канцы 6 — пач. 7 ст. пры кіраўніках з дынастыі Мехранідаў адбылося ўзвышэнне Гірдымана: пабудавана крэпасць Гірдыман, якая стала сталіцай княства, потым далучаны г. Барда і туды перанесена сталіца. Значны след у гісторыі Гірдымана пакінуў кн. Джаваншыр (638—670). Яго нашчадкі насілі тытул араншахаў. У пач. 8 ст. Гідыман заваяваны араб. халіфатам.
т. 5, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСКРЫ́ПЦЫІ (лац. proscriptio аб’ява),
у Старажытным Рыме спіс асоб, публічна аб’яўленых па-за законам. За выдачу ці за забойства ўнесенага ў П. назначалася ўзнагарода, у т. л. рабам, за ўкрывальніцтва — пакаранне смерцю; маёмасць ахвяр П. канфіскоўвалася, нашчадкі пазбаўляліся пачэсных правоў і маёмасці. П. вынайдзены правадыром аптыматаў Л.К.Сулай для расправы з прыхільнікамі Г.Марыя (82—81 да н.э.), выкарыстоўваліся ім і яго набліжанымі для ўласнага ўзбагачэння і каб паквітацца з паліт. праціўнікамі. У яшчэ большых памерах, чым пры Суле, П. былі аб’яўлены ў 43 да н.э. ў час 2-га трыумвірату.
т. 13, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛІ́ЙЦЫ,
1) карэннае насельніцтва (абарыгены) Аўстраліі. У канцы 18 ст. былі расселены па ўсім мацерыку (250—300 тыс. чал.); больш за 500 плямёнаў. У аснове рэлігіі татэмізм і розныя формы магіі, мова — аўстралійская. Еўрап. каланізацыя з канца 18 ст. суправаджалася масавым вынішчэннем і выцясненнем аўстралійцаў у неўрадлівыя раёны ўнутр. Аўстраліі. У 1966 іх захавалася каля 40 тыс. чал. 2) Нацыя (англа-аўстралійцы), асн. насельніцтва Аўстраліі (12,15 млн. чал., 1987). Амаль выключна нашчадкі перасяленцаў з Англіі, Шатландыі і Ірландыі. Гавораць на аўстрал. варыянце англійскай мовы. Паводле рэлігіі хрысціяне (англікане, католікі, прэсвітэрыяне, метадысты, баптысты і інш.).
т. 2, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНЫ-ЯСЯНЕ́ЦКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Гакі». Паходзяць ад віцебскіх баяр Рамейкавічаў. Сын аднаго з іх, Война Богушавіч Рамейка, у сярэдзіне 16 ст. валодаў маёнткам Ясянец на р. Сэрвач у Новагародскім (Навагрудскім) пав. Яго нашчадкі — павятовая шляхта ў Віцебскім, Новагародскім і Мазырскім пав. — карысталіся прозвішчам Войны-Ясянецкія (зрэдку з дадаткам старога прозвішча Рамейка). З іх Ян (Іван) у канцы 16 ст. быў намеснікам віцебскага ваяводы, Фёдар Мацвеевіч у 1634 валодаў маёнткам Ласосіна, Канстанцін у 1633—35 быў пісарам земскім віцебскім, Аляксандр (?—1698) быў войскім віцебскім, кашталянам новагародскім (1684).
В.Л.Насевіч.
т. 4, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМНІ́НЫ (Komnēnoi),
дынастыя імператараў Візантыі ў 11—12 ст. Паходзілі фактычна ад военачальніка Ісаака I Камніна, імператара ў 1057—59, але заснавальнікам дынастыі лічыцца Аляксей I Камнін [1081—1118). Інш. прадстаўнікі: Іаан II Камнін [1118—43], Мануіл I [1143—80], Аляксей II [1180—83], Андронік I [1183—85]. Апіраліся на ваенна-феад. знаць і правінцыяльныя гарады. Умацавалі землеўладанне, ліквідавалі рухі багамілаў і інш., уладу ў правінцыях перадалі военачальнікам (дукам), апалчэнне замянілі наёмным войскам, падпарадкавалі правасл. царкву; атрымалі шэраг перамог над сельджукамі, аднак пасля захопу г. Фесалонікі нарманамі вымушана саступілі ўладу дынастыі Ангелаў. Нашчадкі Андроніка I у 1204—1461 правілі ў Трапезундскай імперыі пад імем «Вялікіх Камнінаў».
т. 7, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)