ЛАГУНО́ВІЧ-ЧАРЭ́ПКА Сяргей Аляксандравіч (н. 27.12.1952, Мінск),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). З 1979 выкладае ў Бел.АМ. Творам характэрны выразная кампазіцыйная пабудова твора, дакладны малюнак, тонкі каларыт і рэалістычная форма выяўлення: трыпціхі «Батлейка» (1971) і «Мядзведжая забава» (1977), карціна «Натхненне. Прысвячэнне Ефрасінні Полацкай» (1993), партрэты фізіка-тэарэтыка А.Вялічкі (1979), рэстаўратара А.Ліпскага (1983), сына Піліпа (1994). Аўтар нацюрмортаў «Нацюрморт з ружовым гарбузом» (1981), «Начная госця» (1987), «Касачы» (1990), «Нацюрморт з вазай-гідрыяй» (1992), «Лілеі» (1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НБЕР Вера Міхайлаўна (10.7.1890, г. Адэса, Украіна — 11.11.1972),
руская пісьменніца. Аўтар паэт. зб-каў «Мэта і шлях» (1925), «Сыну, якога няма» (1927), «Напаўголаса» (1932), «Анкета часу» (1971), аповесці «Месца пад сонцам» (1928), нарысаў. Подзвігу блакаднага Ленінграда прысвяціла зб. вершаў «Душа Ленінграда» (1942), «Амаль тры гады (Ленінградскі дзённік)» (1946) і паэму «Пулкаўскі мерыдыян» (1941—43; Дзярж. прэмія СССР 1946). Выдала кн. «Натхненне і майстэрства» (1957), зб. вершаў «Красавік» (1960), успаміны «Старонкі дзён перабіраючы...» (1967). На бел. мову асобныя вершы І. пераклала Э.Агняцвет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧ Уладзімір Міхайлавіч (н. 27.5.1956, Мінск),
бел. баяніст, кампазітар, аранжыроўшчык. Засл. арт. Беларусі (2001). Скончыў Бел. кансерваторыю (1982). З 1980 саліст Дзярж.акад.нар. аркестра імя І.Жыновіча, адначасова з 1984 у складзе трыо баяністаў пры аркестры. Сярод твораў: вальс-мазурка (1976), муз. карцінка «Ясь і Яніна» (1992), для дуэта гармонікаў у суправаджэнні аркестра «Гармонік-частушка» (2000), для нар.арк. «Серэнада», рапсодыя «Вочы чорныя» з арк. (абодва 2001), уверцюра «Святочны рэверанс», п’еса-экспромт «Натхненне» (абедзве 2002) і інш., а таксама аранжыроўкі і канцэртныя апрацоўкі нар. мелодый для трыо баянаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГАДА (сапр.Лагадзінскі Валянцін Канстанцінавіч; 27.5.1913, с. Сцяпаны Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 10.1.1991),
украінскі паэт. Вучыўся ў Днепрапятроўскім ун-це (1938—41). Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Красавік» (1953), «Натхненне» (1960), «Бурлівая плынь» (1963), «Кліча зямля» (1983), сатырыка-гумарыстычных твораў «Што пасееш, тое і пажнеш» (1955), «Гарачая завіўка» (1968), «Вымушаная пасадка» (1982), камедыі «Заечая пазіцыя» (1959) і інш. Пераклаў на ўкр. мову шэраг твораў Н.Гілевіча, У.Корбана. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Э.Валасевіч, Р.Няхай, Я.Тачыла, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРЫ́ШЫНА Валянціна Іванаўна (н. 4.7.1942, г.п. Лясны Кіраўскай вобл., Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел.тэатр.-маст.Ін-т (1968). Сярод работ у кераміцы — кампазіцыі «Восеньскі букет» (1983), «Старое люстэрка» (1991); цыкл аб’ёмнай пластыкі з фаянсу «Ноч нараджэння», «Пейзаж з птушкай», «Дрэва, якое спявае» і інш. (1989); серыя дэкар. пластоў «І ўпала на зямлю зорка» (1996) і інш. Аўтар габеленаў «Залаты сад» (1979, з Г.Гаркуновым) у пасольстве Беларусі ў Індыі, габелены-заслоны «Натхненне» (1982, з Гаркуновым) для Барысаўскага Палаца культуры, «Шчодрасць зямлі бацькоў» (1984). Творчая манера вылучаецца дакладнасцю трактоўкі вобразна-пластычнай ідэі, тонкім адчуваннем колеру.
В.Грыгарышына. Серыя дэкаратыўных пластоў «І ўпала на зямлю зорка...». 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯРЭ́ШЧАНКА Мікола (Мікалай Іванавіч; 13.9.1898, с. Шчарбінаўка Залатаношскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 30.5.1966),
украінскі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Кіеўскім політэхн. ін-це (1917—22). Друкаваўся з 1918. У зб-ках вершаў «Лабараторыя» (1924), «Краіна працы» (1928), «Натхненне» (1932), «Паэмы» (1935) і інш. тэмы тагачаснай рэчаіснасці. Гераізму народа ў барацьбе супраць фашызму прысвечаны зб-кі «Дзяўчына з Украіны» (1942), «Зоркі» (1944). Мірная праца людзей — тэма паэт. зб-каў «Жніво» (1946), «Шчодрая зямля» (1956), «Сэрца людское» (1962) і інш. Пераклаў на ўкр. мову паэмы Я.Купалы «Курган», «Нікому», «Над ракою Арэсай», «Тарасова доля», вершы і інш. На ўкр. мове пад яго рэд. выйшла кн. Я.Купалы «Выбранае» (1947).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ Юрый Канстанцінавіч (н. 22.1.1937, г. Барнаул, Расія),
бел. мастак. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.прамысл. вучылішча (1962). Творам уласціва шматпланавасць, экспрэсія, эмацыянальная насычанасць, багацце тэхн. і светлаколеравых вырашэнняў (жывапісныя творы «Спакуса», 1995, «Памяць», «Настальгія», «Натхненне», усе 1996, і інш.). Працуе ў станковай графіцы: «Хатынь» (1970; спец. прэмія на міжнар. выстаўцы «Супраць вайны» 1979 у г. Люблін, Польшча), «Трыумф касманаўтыкі» (1979), серыя «Вяртанне» (1982), «Партрэт В.Быкава» (1983), «Чарнобыльскі рэквіем» (1993); акварэлі: «Партрэт актрысы З.Белахвосцік» (1984), «Вясна на Беразіне» (1987), «Возера Свіцязь» (1991) і інш. Аформіў кнігі «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі (1977), «Выбранае» Я.Купалы (на рус. мове, 1981; дыплом імя Ф.Скарыны на Рэсп. і дыплом 2-й ступені на Усесаюзным конкурсах кнігі, абодва 1982), «Асеннія гнёзды» С.Грахоўскага і «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра (абедзве 1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ФАС (ад грэч. pathos пакута, пачуццё, страсць),
натхненне, захапленне, уздым; ідэйна-эмацыянальнае асэнсаванне і ацэнка, «пануючы строй пачуццяў» (Ф.Шылер) у маст. творы, ці ўсёй творчасці аўтара. Звычайна П. супрацьпастаўляўся этасу. У ант. эстэтыцы з П. звязвалі змены ў стане героя пад уплывам трагічных абставін, напружаную і бурную рэакцыю на іх, разбурэнне ўнутранай раўнавагі. Арыстоцель разглядаў П. як неабходны элемент трагедыі, характарызаваў яго як пакуты, страх. У развіцці тэорыі П. існуюць 2 тэндэнцыі: адна звязана з распрацоўкай паэт. і аратарскага стылю (рыторыка), выразных сродкаў стварэння эмацыянальна насычанай патэт. мовы (у жанрах оды, трагедыі, гімна, гл.Патэтычнае), другая — з разуменнем П. як элемента ўласна маст. стылю, ідэйна-эмацыянальных адносін мастака да адлюстраванага ім свету. У гэтым сэнсе П. выступае ў творах у адзінстве з тэмай і ідэяй. У мастацтвазнаўстве і эстэтыцы адрозніваюць П. трагічны, драм., гераічны, сентыментальны, рамант., лірычны, сатыр., гумарыстычны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУНО́Ў Генадзь Рыгоравіч (н. 27.5.1939, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). Працуе ў галіне пластычнай дэкар. керамікі, манум. габелена, афармлення інтэр’ераў. Арганізатар і кіраўнік габеленавага цэха (1971—73, 1976—77), гал. Мастак (1973—76) Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Зрабіў наборы дэкар. ваз (1968). Работы ў манум. мастацтве: сграфіта «Маяк» у кінатэатры «Кіеў» (1969, з А.Кішчанкам), габелены «Чалавек пазнае свет» у інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970, з А.Бельцюковай, Кішчанкам), «Музыка» ў муз. вучылішчы (1975, з Бельцюковай, Кішчанкам), «Напярэдадні» (1996) — усе ў Мінску, «Залаты сад» (1979, з В.Грыгарышынай; у пасольстве СССР у Індыі), «Песня» ў кавярні «Бярозка» (1974) і габелен-заслона «Натхненне» ў гар. Палацы культуры (1982, з Грыгарышынай) у Барысаве. Аформіў экспазіцыі музеяў К.Заслонава ў Оршы (1964) і Мінскага абл. краязнаўчага (Маладзечна, 1966), інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970), рэстарана «Юбілейны» (1980; абодва ў Мінску) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНУШКЕ́ВІЧ Фелікс Язэпавіч (н. 30.5.1954, в Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Брат В.Я.Янушкевіча і Я.Я.Янушкевіча. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1978), творчыя майстэрні АМСССР у Мінску (1984). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод твораў: «Роздум. А.Пашкевіч (Цётка)», «У вырай» (абодва 1976), «Натхненне. Максім Багдановіч» (1981), «Я.Купала і Б.Тарашкевіч. Лазенкі. Варшава, 1927 год» (1982), «А.Свентарэцкі, В.Дунін-Марцінкевіч і М.Грушвіцкі на месцы збору інсургентаў Мінскага павета» (1983), «Сталь» (1984), «Паўстанне» (1992), «Тата, я запаліў святло», «Гэй славяне, гэй Улане (Партрэт бацькі)» (абодва 1993). Аўтар трыпціхаў «Кастусь Каліноўскі» (1978), «Лёс Рагнеды, або Сцяна Памяці» (1986); паліпціха «Слава Мікалаю Гусоўскаму» (1980); серый «Гульні дзяцей Беларусі» (1980), «Камунары Беларусі» (1983), «У партызанскім краі» (1984), «Дзе мой край?» (1985—86). Творы вызначаюцца глыбокім пранікненнем у сутнасць гіст. падзей, метафарычнасцю вобразнага ладу, эмацыянальнасцю колеравага вырашэння, кампазіцыйнай ураўнаважанасцю.
Л.Ф.Салавей.
Ф.Янушкевіч. Лёс Рагнеды, або Сцяна Памяці. Трыпціх. 1986.