РЭЙД (ад англ. raid налёт, набег, нападзенне),

форма тактычных (аператыўна-тактычных) дзеянняў вайск. і партыз. фарміраванняў; імклівы рух і вядзенне баёў (аперацый) у тыле праціўніка. У 2-ю сусв. вайну Р. праводзіліся з мэтай знішчэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка, дэзарганізацыі кіравання войскамі і работы тылу, парушэння камунікацый і інш. (напр., рэйд кав. корпуса Л.​М.​Даватара па тылах ням. войск у жн. — вер. 1941). З канца 1942 па май 1945 звыш 100 буйных сав. партыз. фарміраванняў зрабілі больш за 40 Р., у т. л. бел. партызаны з усх. у зах. Беларусь, а таксама ў Літву, Польшчу і інш. У сучасных умовах Р. выкарыстоўваюцца ў ходзе лакальных войнаў і інш. узбр. канфліктаў; іх асаблівасць — масіраваная падтрымка дзеянняў наземных войск авіяцыяй.

С.​М.​Абрамаў.

т. 13, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАФІ́ТЫ [ад гала... + ...фіт(ы)],

расліны, якія растуць на моцна засоленых глебах: па берагах мораў, на саланцах, саланчаках і інш. Марфалагічна часта падобныя да сукулентаў, але адрозніваюцца ад іх высокім асматычным ціскам (да 100 і больш атмасфер). Падзяляюцца на 3 групы. Эўгалафіты, або сапраўдныя галафіты (т.зв. салянкі), маюць пераважна мясістае лісце і сцёблы; цытаплазма ў іх клетках вельмі ўстойлівая да высокіх канцэнтрацый солей, якія назапашваюцца ў іх у вял. колькасці (салярос, сведа і шэраг пустынных паўкустоў). Крынагалафіты выдзяляюць назапашаныя ў іх солі пры дапамозе асаблівых залозак, якія ўкрываюць лісце і сцёблы. У сухое надвор’е на іх утвараецца налёт солей (напр., кермек, тамарыкс). Углікагалафітаў каранёвая сістэма мала пранікальная для солей, таму ў тканках яны не назапашваюцца ў вял. колькасці (некаторыя віды палыну і інш.). Сярод культ. раслін сапраўдныя галафіты адсутнічаюць. Гл. таксама Солевынослівасць раслін.

Л.​В.​Кірыпенка.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),

вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЗАКТАНІЁЗ,

хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рызактонія. Пашыраны ва ўсіх зонах бульбаводства. Пашкоджвае пераважна клубні, парасткі, сталоны і сцёблы, выклікае загніванне і заўчасную гібель раслін. На Р. хварэюць буракі, морква, агуркі, капуста, дыні, гарбузы, бавоўнік. На Беларусі найб. шкодны Р. бульбы.

Асн. крыніца інфекцыі — заражаныя клубні, на якіх утвараецца мноства дробных цёмна-бурых ці чорных нарасцей (склероцыі грыба). Пасля пасадкі са склероцыяў развіваецца грыбніца ўзбуджальніка, якая пашкоджвае парасткі: на іх паяўляюцца цёмна-бурыя плямы і язвы; парасткі надломліваюцца і гінуць. На прыкаранёвай ч. сцёблаў паяўляецца белы лямцавы налёт — споранашэнне грыба («белая ножка»). Верхавіннае лісце скручваецца, каля паверхні глебы ўтвараюцца пачварныя клубні, на сцёблах у пазухах лісця — дробныя «сядзячыя» клубні. Сярэднеўстойлівыя да Р. сарты бульбы — Рытм, Тэмп, Агеньчык, Лошыцкі.

Л.​М.​Прыступук.

Рызактаніёз бульбы: 1 — ніжняя частка расліны з белым лямцавым налётам; 2 — пашкоджаная верхавінка расліны; 3 — клубень са склероцыямі грыба; 4 — клубень з хворымі парасткамі; 5 — «сядзячыя» дробныя клубні; 6 — пачварны клубень.

т. 13, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСУХАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ раслін,

эвалюцыйна замацаваная здольнасць раслін пераносіць абязводжванне і перагрэў тканак, што выклікаецца глебавай або паветранай засухай; генетычна абумоўленая прыкмета. Можа ўзмацняцца ў працэсе адаптацыі. Расліны падзяляюць на пайкілагідрыдныя, якія не здольны рэгуляваць свой водны рэжым (напр., імхі, сіне-зялёныя водарасці, лішайнікі, некат. віды папарацей), і гамеагідрыдныя, што могуць падтрымліваць сваю вільготнасць (б.ч. кветкавых раслін і с.-г. культуры). Найб. высокай З. валодаюць ксерафіты, да якіх належаць усе дзікарослыя расліны стэпаў, пустынь і паўпустынь. Некат. з іх, напр. сукуленты, вызначаюцца гарачаўстойлівасцю і здольны пераносіць т-ру да 60 °C і вышэй (большасць культурных раслін — мезафітаў — гінуць пры т-ры каля 45—48 °C). Устойлівасць раслін да засухі павышаюць спец. прыстасаванні, якія абмяжоўваюць выпарэнне вады з тканак (магутная каранёвая сістэма, драбнаклетачнасць, тоўстая кутыкула, апушэнне, васковы налёт і інш.). З. павялічваецца па меры развіцця раслін і змяншаецца на генератыўнай яго фазе. Сярод культ. форм найб. засухаўстойлівыя шафран пасяўны, гарбуз, проса, ячмень, сланечнік; менш вынослівыя пшаніца, авёс. Павышэнне З. с.-г. культур дасягаецца агратэхн. прыёмамі, накіраванымі на барацьбу з засухай, селекцыяй на высокую З., правільным севазваротам, угнаеннем глебы і інш.

т. 7, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)