ЖАНГЛІ́РАВАННЕ (ад франц. jongler),

жанр цыркавога мастацтва, заснаваны на ўменні падкідваць і лавіць адначасова некалькі прадметаў. Адрозніваюць Ж.: партрэтнае — на цыркавым дыване з булавамі, кольцамі і інш. прадметамі; на конях, на дроце, матацыклах, драбінах; сілавое; Ж. т.зв. антыпадыстаў (жангліруюць нагамі).

Мастацтва Ж. вядомае са стараж. часоў (у Стараж. Егіпце, ант. Грэцыі і Рыме). У сярэднія вякі з Ж. выступалі вандроўныя нар. акцёры: жанглёры ў Францыі, мімы ў Італіі, шпільманы ў Германіі, хугляры ў Іспаніі, франты ў Польшчы, скамарохі ў Беларусі і Расіі. З 19 ст. Ж. — цыркавы жанр.

т. 6, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБАЕ́ДЫ (Mycetophagidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 20 родаў і 200 відаў. Жывуць у грыбах і гнілой драўніне. Найб. вядомыя грыбаед двухкрапінкавы (Dacne bipustulata), грыбаед чырвонагаловы (Triplax russica). На Беларусі 12 відаў. Найб. пашыраны Litargus connexus і Mycetophagus quadripustulatus.

Даўж. 2—6,5 мм. Цела авальнае, слаба пукатае, укрыта тонкімі валаскамі. Афарбоўка ад светла-бурай да чорнай, надкрылы звычайна са светлым малюнкам. Лапкі ў самкі 4-членістыя, у самца пярэднія 3-членістыя. Лічынкі грыбаедаў прадаўгаватыя, з даволі вял. галавой і кароткімі нагамі; на заднім канцы цела кручкападобныя вырасты, загнутыя ўверх. Жывяцца пераважна грыбніцай (міцэліем).

Грыбаеды: 1 — чырвонагаловы; 2 — двухкрапінкавы.

т. 5, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКІЯ БЕГУНЫ́,

парода качак яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд.-Усх. Азіі і на Малайскім архіпелагу; у Еўропу завезена ў 2-й пал. 19 ст. Па смаку яйцы нагадваюць курыныя. На Беларусі І.б. гадуюць аматары.

Ад інш. парод качак адрозніваюцца пінгвінападобнай пастаноўкай корпуса цела, высокімі аранжава-чырв. нагамі, доўгай тонкай шыяй. Хутка бегаюць (адсюль назва). Знішчаюць вял. колькасць насякомых і чарвей. Апярэнне пераважна белае, зрэдку бурае, чырвона-папялістае, пярэстае і чорнае. Жывая маса дарослых качараў 2 кг, качак 1,8 кг. Самкі адкладваюць за год каля 300 яец (маса яйца 75 г).

М.​Ц.​Гарачка.

Індыйскія бегуны.

т. 7, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́КВЫ (Nycticorax),

род птушак сям. чаплевых атр. буслападобных. 6 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. Жывуць калоніямі ў забалочаных лясах або па берагах вадаёмаў. У залежнасці ад віду актыўныя днём, у прыцемках ці ўначы. Найб. шматлікая кваква звычайная (N. nycticorax). На Беларусі трапляецца як залётны від. Занесена ў Чырв. кнігу.

Невял. птушкі (даўж. кваквы звычайнай да 60 см) з кароткімі шыяй і нагамі. Дзюба прамая, доўгая. Кормяцца рыбай, земнаводнымі, дробнымі беспазваночнымі. Гнёзды на дрэвах ці высокім хмызняку, часам на заломах трыснягу. Нясуць 2—5 (дробныя віды да 8) яец.

Кваква звычайная.

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІКБО́КСІНГ, еўра-амерыканскае каратэ,

сінтэз класічнага англ. бокса і каратэ (бокс з ударамі нагамі). Узнік у сярэдзіне 1970-х г. у ЗША і Зах. Еўропе. Заснавальнікі — Д.​Валера, Б.​Лі, Ч.​Норыс, Б.​Уолес і інш. Тэрмін «К.» з’явіўся ў 1974.

Складаецца з 5 дысцыплін: абмежаваны, лёгкі і поўны кантакты, свабодны стыль і сольныя кампазіцыі, якія складаюцца з 3 відаў: «жорсткі» стыль, «мяккі» і з прадметамі (меч, нож, нунчакі, палка і інш.). Сусв. арг-цыя каратэ ўсіх стыляў, у т. л. К. (ВАКО), заснавана ў 1977. Першы чэмпіянат Еўропы адбыўся ў 1977, свету — у 1978.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНАБО́РСТВЫ ЎСХО́ДНІЯ,

усходнія баявыя ўмельствы, сучасныя аздараўленчыя, спартыўныя і прыкладныя дысцыпліны. Сфарміраваліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове стараж. сістэм ваен. падрыхтоўкі ў краінах Д.​Усходу і Паўд.-Усх. Азіі. Тэхніка адзінаборстваў усходніх засн. на выкананні ўдараў рукамі ці нагамі, кідкоў, абарончых прыёмаў, уздзеянні на слабыя месцы цела і г.д. Некаторыя адзінаборствы ўсходнія (дзюдо, каратэ-до, таэквандо) прызнаны як алімпійскія віды спорту. На Беларусі з адзінаборстваў усходніх пашыраны дзюдо, каратэ-до, таэквандо, ушу. Ёсць асобныя групы айкідо, в’етводао, тайскага бокса і інш. Прадстаўнікі Беларусі ў адзінаборствах усходніх перамагалі на чэмпіянатах свету, Еўропы і інш. міжнар. спаборніцтвах.

А.​Я.​Вількін.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАЛІЗА́ЦЫЯ,

ператварэнне элемента мовы (марфемы, словаформы) ці спалучэння слоў (словазлучэння) у асобную лексічную адзінку. Прыватнымі выпадкамі Л. з’яўляюцца: ператварэнне службовай марфемы (афікса) у слова: «акмеісты, футурысты і іншыя істы»; ператварэнне назоўнікаў у творным склоне ў прыслоўе («зайцам» — «ехаць зайцам»); ператварэнне словазлучэння ў слова: «мабыць» (з «мае быць»); фразеалагізацыя, узнікненне ідыяматычнага словазлучэння з свабоднага: «дагары нагамі», «шыварат навыварат» і інш. Пад Л. разумеюць таксама семантычнае адасабленне адной з форм слова ці часткі форм, напр., форм мн. л. назоўнікаў: «вада» — «воды» (водныя прасторы).

Літ.:

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура пач. бронзавага веку (мяжа 3—2-га тыс. да н.э. — 1200 г. да н.э.) на тэр. Прыбайкалля, Прыангар’я, у вярхоўях Лены і нізоўях Селенгі. Назва ад пахаванняў у б. Глазкоўскім прадмесці г. Іркуцка. Вядома па невял. могільніках (ад 1 да 8 пахаванняў). Пахавальны абрад — у неглыбокіх ямах на спіне ў выцягнутым становішчы, радзей з сагнутымі нагамі; на апошнім этапе ў скурчаным становішчы. Асаблівасць пахаванняў — арыентацыя ўздоўж ракі, часцей галавой уверх па цячэнні. Асн. занятак — рыбалоўства. Насельніцтва карысталася каменнымі і касцянымі прыладамі і зброяй. З’явіліся першыя метал. вырабы: нажы, рыбалоўныя кручкі, іголкі, шылы і інш.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖА́БКА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Бытаваў пераважна на Бел. Палессі і Віцебшчыне. Выконваўся мужчынамі. Асн. змест танца — жартоўнае перайманне рухаў і скокаў жаб, часта з выкарыстаннем трукавых рухаў. «Ж.» выконвалася найчасцей сола, адным ці двума мужчынамі: абапіраючыся на падлогу рукамі, сагнутымі ў локцях, і пальцамі выцягнутых ног, адзін з іх падскокамі рухаўся па падлозе, другі, расставіўшы ногі, скакаў над ім. Сярод шматлікіх рухаў «Ж.» — скокі на руках з выцягнутымі ўперад нагамі, скокі адзін цераз аднаго ў гарыз. становішчы, кулянне праз галаву і інш. Часам танец выконвалі жанчыны, зрэдку з прыпеўкамі ці імітацыяй квакання жаб.

Ю.​М.​Чурко.

т. 6, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫТВО́РШЧЫКІ (Ptinidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у расл. і жывёльных рэштках, сухой драўніне. Актыўныя ноччу. Пры дакрананні здольныя заміраць — прытварацца мёртвымі (адсюль назва). На Беларусі 10 відаў. Найб. трапляецца П.-злодзей (Ptinus fur) — сінантропны від.

Даўж. да 5 мм. Цела акруглае ці прадаўгаватае, жаўтаватае, бурае або чырванаватае, бліскучае, зверху валасістае, з плямістым малюнкам. Вусікі доўгія, піла- або ніткападобныя. Ногі доўгія з 5-членікавымі лапкамі. Лічынкі белыя, чэрвепадобныя, выгнутыя. з выпуклай галавой, развітымі нагамі. Трапляюцца ў зерні, харч. запасах, футравых вырабах, гербарыях і інш.

С.​Л.​Максімава.

Прытворшчыкі: 1 — шаўкавісты; 2 — прытворшчык-злодзей (а — самка; б — самец).

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)