МАЛЫ́ГІН (Сцяпан Гаўрылавіч) (? — 1764),

расійскі даследчык Арктыкі, капітан-камандор (1762). У 1711—17 вучыўся ў Маскоўскай школе матэм. і навігацыйных навук. У 1733 склаў першы дапаможнік па навігацыі на рус. мове «Скарочаная навігацыя па карце дэ-Рэдукцыён». У 1736—37 кіраўнік аднаго з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі. У 1737 разам з А.​Скуратавым абагнуў морам п-аў Ямал, прайшоў пралівам паміж ім і в-вам Белы (Малыгіна праліў) і дасягнуў вусця р. Об. У выніку падарожжаў атрада М. апісана гэта частка ўзбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. і складзена карта ўзбярэжжа паміж рэкамі Пячора і Об.

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІГАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

сетка наземных радыёстанцый, навігацыйных ШСЗ з камандна-вымяральным комплексам і падводных гідраакустычных станцый, па сігналах якіх з дапамогай бартавых сродкаў навігацыі вызначаюць каардынаты месцазнаходжання караблёў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў. Кожная Н.с. ўключае таксама бартавыя навігацыйныя комплексы, а пры іх адсутнасці — навігацыйныя прылады, якія дазваляюць з высокай дакладнасцю і надзейнасцю вызначаць папраўкі да злічоных каардынат месца і курсу. Існуюць астранавігацыйныя сістэмы (гл. Астранамічная навігацыя), інерцыяльныя (засн. на вызначэнні паскарэнняў аб’екта з дапамогай акселерометраў і па гэтых даных — месцазнаходжання, курсу, скорасці і інш. параметраў), касмічныя (гл. Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы), радыёнавігацыйныя сістэмы.

С.​А.​Гаршкоў, П.​М.​Шумскі.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁНАВІГА́ЦЫЯ (ад радыё... + навігацыя),

сукупнасць радыётэхнічных метадаў і сродкаў для забеспячэння ваджэння суднаў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў; раздзел навігацыі. Садзейнічае бяспечнасці і рэгулярнасці палётаў лятальных апаратаў, плавання суднаў у складаных метэаралагічных умовах. Задачы Р. — выбар дакладнага курсу, вызначэнне геагр. каардынат і навігацыйных велічынь (напр., скорасці перамяшчэння) аб’екта — вырашаюцца з дапамогай радыёнавігацыйных прылад (радыёкомпасы, радыёмаякі, радыёдальнамеры і інш.) і радыёнавігацыйных сістэм.

У залежнасці ад навігацыйных велічынь і становішча рухомага аб’екта адрозніваюць: вугламерныя (ці азімутальныя, гл. Азімут), дальнамерныя (кругавыя), рознасна-дальнамерныя радыётэхн. сродкі, а таксама сродкі для вымярэння вуглавых, лінейных скарасцей і камбінаваныя. У залежнасці ад параметра радыёсігналаў, што выкарыстоўваецца пры Вымярэнні навігацыйных велічынь, радыётэхн. сродкі бываюць амплітудныя, фазавыя, частотныя, часавыя і камбінаваныя.

В.​Р.​Усціменка.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,

крэпасць у С.-Пецярбургу на Заечым в-ве. Засн. 27.5.1703 (дата заснавання С.-Пецярбурга) як ваен. крэпасць, але ў 1-й чвэрці 18 ст. амаль страціла баявое значэнне. З часоў Пятра I памяшканні П.к. выкарыстоўваліся для зняволення дзярж. злачынцаў, для якіх пазней існавалі спец. пабудаваныя турмы ўнутры Аляксееўскага равеліна (1797—1884) і Трубяцкога бастыёна (1872—1917). Сярод вязняў крэпасці былі царэвіч Аляксей Пятровіч, эканаміст і публіцыст І.Ц.Пасашкоў, ахвяры дварцовых пераваротаў 18 ст., А.М.Радзішчаў, Т.Касцюшка, дзекабрысты, члены Патрыятычнага таварыства, петрашэўцы, народнікі, рэвалюцыянеры-марксісты, удзельнікі рэвалюцыі 1905—07. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 у П.к. знаходзіўся штаб узбр. паўстання. З 1924 гіст.-рэв. музей, з 1993 гіст.-культ. запаведнік «П.к. — Дзярж. музей гісторыі С.-Пецярбурга».

Арх. помнікі: вароты Пятроўскія (1717—18, арх. Д.​Трэзіні; драўляны рэльеф «Звяржэнне Сімона Волхва», скульпт. К.​Оснер) і Неўскія (1784—87, арх. М.​Львоў, класіцызм), кронверк (1752; перабудаваны ў 1850, арх. П.​Таманскі; з 1872 Артыл. гіст. музей). Унутры П.к. — Петрапаўлаўскі сабор (1712—33, арх. Трэзіні, барока, 3-нефавая базіліка са званіцай, завершанай залачоным шпілем; разны драўляны іканастас, 1722—27, паводле малюнка І.​Заруднага, майстры Т.​Іваноў і І.​Цялега) з пахавальняй рас. імператараў; домік для боціка Пятра I — Ботны домік (1761—62, арх. А.​Віст; тэракотавая фігура «Навігацыя», 1891, скульпт. Д.​Іенсен); комплекс манетнага двара (1798—1806, прыпісваецца арх. А.​Порта) і інш. Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Бастарева Л.И., Сидорова В.И. Петропавловская крепость: Путеводитель. 7 изд. Л., 1989;

Щеголев П. Алексеевский равелин: Кн. о падении и величии человека. М., 1989.

Петрапаўлаўская крэпасць.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКАЕ МО́РАстараж. славян Варажскае мора),

унутрымацерыковае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. і Сярэдняй Еўропы. Абмывае берагі Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі. Злучана з Паўночным м. Дацкімі пралівамі (Эрэсун, Вял. і Малы Бельт, Катэгат, Скагерак), Кільскім каналам. Пл. 419 тыс. км². Размешчана на мацерыковай водмелі. Рэльеф дна значна расчлянёны. Найб. глыб. 470 м, пераважаюць глыб. 40—100 м. Паўн. берагі моцна парэзаны, шхерныя і фіёрдавыя; паўд. — нізінныя, пясчаныя, з водмелямі і дзюнамі. Найбольшыя залівы: Батнічны, Фінскі, Рыжскі. Шмат астравоў: Борнхальм, Готланд, Эланд, Саарэмаа, Хійумаа, Руген, Аландскія і інш.

У Балтыйскае мора ўпадаюць: Нява, Зах. Дзвіна (Даўгава), Нёман, Вісла, Одра і інш. рэкі. Клімат пераходны ад акіянскага да мацерыковага. Сярэдняя т-ра вады зімой на паверхні 1—3 °C, каля берагоў — ніжэй за 0 °C, летам — да 18—20 °C. Салёнасць вады нізкая: на З 11‰, у цэнтр. частцы 6—8‰. Узбярэжная частка, залівы і бухты замярзаюць на 16—45 дзён, на Пн Батнічнага зал. да 210 дзён. У адкрытым моры лёд утвараецца толькі на Пн. Навігацыя магчыма 3—5 мес за год. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі, слабыя. Пад уплывам ветру і рэзкай розніцы ціску ўзнікаюць згонна-нагонныя цячэнні, узровень вады можа падымацца да 1,5—3 м у вяршынях заліваў, выклікаючы паводкі (напр., у Неўскай губе). Прылівы паўсутачныя і сутачныя (0,04—0,1 м). Фауна бедная відамі, але багатая колькасцю. Рыбалоўства: пераважна балт. кілька, салака, балт. траска. Волга-Балтыйскім водным шляхам Балтыйскае мора злучана з Волгай, праз Беламорск-Балтыйскі канал — з Белым м. Гал. парты: Санкт-Пецярбург, Калінінград (Расія), Талін (Эстонія), Рыга (Латвія), Гданьск, Гдыня, Шчэцін (Польшча), Ростак, Варнемюндэ, Любек, Кіль (Германія), Капенгаген (Данія), Мальмё, Стакгольм, Лулео (Швецыя), Турку, Хельсінкі, Котка (Фінляндыя). На ўзбярэжжы курорты: Юрмала, Ліепая (Латвія), Калобжэг, Устка (Польшча), Герынгсдорф (Германія) і інш.

т. 2, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)