ВЁРЭШМАРЦІ ((Vörösmarty) Міхай) (1.12.1800, г. Капальнашньек, Венгрыя — 19.11.1855),

венгерскі паэт, драматург, крытык. Прадстаўнік венг. рамантызму. Зрабіў значны ўклад у стварэнне нац. венг. т-ра. Скончыў філас. і юрыд. ф-ты Будапешцкага ун-та. Яго першая эпічная паэма «Уцёкі Залана» (1825) праз усхваленне гераізму і баявога духу продкаў абуджала нац.-патрыят. пачуцці. У паэмах «Чароўная даліна», «Паўднёвы востраў» (абедзве 1826), «Руіны» (1830) адчувальны адыход у свет чыстай фантазіі, чароўнай казкі. У эпічнай паэме «Два суседскія замкі» (1831) феад. мінуўшчына. Аўтар драм «Крывавае вяселле» (1833), «Цылеі і Хунядзі» (1844), камедыі «Тайны вуалі» (1834). Захапленне фальклорам узбагаціла яго творы (драм. казка «Чонгар і Цюндзе», 1830, балада «Прыгожая Ілонка», 1833). Вершы 1830-х г. прасякнуты грамадз. і патрыят. матывамі, 1840-х г.філас. роздумам. Вітаў венг. рэвалюцыю 1848, яе паражэнне прывяло да душэўных пакут і цяжкай хваробы. Зрабіў уплыў на фарміраванне венг. літ. мовы. Верш «Стары цыган» (1854) пераклаў на бел. мову А.Зарыцкі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1956.

С.Дз.Малюковіч.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛАШ (Milloss; сапр. Мілаш дэ Міхай; Milloss de Micholy) Аўрэл

(12.5.1906, г. Уздзін, Сербія — 21.9.1988),

італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Па нацыянальнасці венгр. Вучыўся ў Р.Лабана, В.Праабражэнскай, Э.Чэкеці і інш. З 1928 першы танцоўшчык Берлінскай дзярж. оперы, танцаваў і ў інш. т-рах Германіі. З 1932 выступаў як балетмайстар. Вывучаў і выкарыстоўваў у сваіх пастаноўках танц. фальклор. З 1936 пераважна ў Італіі. У 1938—45 гал. балетмайстар Т-ра оперы ў Рыме, у 1942—75 — у «Ла Скала» (у 1946—50 маст. кіраўнік). Кіраўнік створанай ім трупы «Балет чатырох стагоддзяў Сан-Паўлу», у 1963—66 і 1971—74 — балетнай трупы Венскай дзярж. оперы, з 1974 — Рымскай оперы. Сярод пастановак балеты І.Стравінскага («Апалон Мусагет», 1941; «Гульня ў карты» і «Арфей», 1948), Б.Бартака («Цудоўны мандарын», 1942; «Драўляны прынц», 1951), С.Пракоф’ева («Блудны сын», 1942) і інш., на музыку сучасных італьян. кампазітараў, у т.л. «Дама з камеліямі» (1945) і «Рычэркар» (1968) Р.Влада, «Народныя забавы» на муз. А.Казелы (1948), «Твар» на муз. Л.Берыо (1973) і інш. Яго пастаноўкі адметныя драм. выразнасцю, дакладнасцю мізансцэн, экспрэсіўнасцю, спалучэннем пластыкі танца мадэрн і класічнага танца. Аўтар даследаванняў па пытаннях харэаграфіі.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХАРЭ́СТ (Bucureşti),

горад, сталіца Румыніі. Размешчаны на Пд краіны ў межах Ніжнедунайскай нізіны на р. Дымбавіца, за 45 км ад р. Дунай. Утварае самаст. адм. адзінку. 2,1 млн. ж., з прыгарадамі каля 2,4 млн. ж. (1993). Буйны трансп. вузел — месца перасячэння транс’еўрапейскіх чыг. і аўтамаб. магістраляў. Міжнар. аэрапорт Атапень. У Бухарэсце сканцэнтравана ​1/6 прамысл. вытв-сці краіны, у т. л. больш як ​1/4 прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, ​1/3 тэкст., ​1/2 паліграфічнай. Займае вядучую ролю ў вытв-сці складаных машын і прылад (электроніка, электра- і радыётэхніка, прыладабудаванне), хім. прадукцыі (вырабы з гумы, пластмасаў, фарбавальнікі, лакі, фармацэўтычныя і парфумерныя тавары). Прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі, станкабудавання, нафтаперапр., с.-г. і трансп. машынабудавання, будматэрыялаў, шклофарфоравай, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Разнастайныя галіны харч. (мясная, мясакансервавая, алейная, тытунёвая і інш.) і лёгкай (тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, футравая і інш.) прам-сці. Метрапалітэн.

Вядомы з 14 ст. як 2-я рэзідэнцыя валашскага феад. княства. З 1459 крэпасць для абароны Валахіі ад тур. набегаў. З 1659 сталіца Валахіі. У 19 ст. цэнтр нац.-вызв. руху. З 1861 сталіца Румыніі. Тут падпісаны Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 і Бухарэсцкі мірны дагавор 1918. У чэрв. 1941 у Бухарэст уведзены ням.-фаш. войскі, вызвалены ў ходзе Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944 супраць фаш. рэжыму І.Антанеску. У 1947 у Бухарэсце абвешчана Рум. Нар. Рэспубліка. Цэнтр Народнага паўстання ў Румыніі 1989—90, якое прывяло да звяржэння таталітарнага рэжыму Н.Чаўшэску.

Старая частка Бухарэста размешчана на берагах р. Дымбавіца, у раёне б. Кветкавага базару (цэрквы Міхай-Водэ, 1589—91, Патрыяршая, 1654—58, Стаўраполіс, 1724—30). У 19—20 ст. склаўся новы цэнтр горада з радыяльнымі і кальцавымі магістралямі, параднымі пабудовамі ў духу эклектызму, нац. рамантыкі, неакласіцызму і функцыяналізму: т.зв. Атэнеум (філармонія; 1886—88), Палац Рэспублікі (1930—37), Прэзідыум Савета Міністраў (1936—38, арх. Д.Марку) і інш. Паводле ген. плана 1952 пабудаваны дом паліграф. к-та «Скынтэя» (1948—53), комплекс ВДНГ (1964), аэрапорт (1970), ансамбль Нац. т-ра імя І.Л.Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» (1970—73, арх. Х.Майку і інш.), жылыя раёны (Флараска, Тытан, Букурэшты-Ной і інш.).

У Бухарэсце АН Румыніі (з 1879). 13 ВНУ, у т. л. ун-т (з 1864), кансерваторыя, політэхн. ін-т. Н.-д. ін-ты (у т. л. Ін-т эндакрыналогіі і геранталогіі). Музеі: Нац., Гісторыі прыроды, мастацтваў Румыніі, Музей вёскі. Тэатры: оперы і балета, Нац. імя І.Л.Караджале і інш. Універсітэцкі бат. сад (з 1860).

Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).

т. 3, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)