РУБРУ́К, Рубруквіс (Rubrouck, Roebroeck, Ruysbroeck, Rubruquis) Вілем (паміж 1215 і 1220—1293), фламандскі падарожнік, манах. У 1253—55 узначальваў дыпламат. місію, накіраваную франц. каралём Людовікам IX у Манголію. З Францыі цераз Палесціну, Канстанцінопаль, Крым, данскія стэпы, нізоўе р. Волга, каля Аральскага м. і воз. Балхаш місія прыбыла ў г. Каракарум у 1254. Зваротны шлях прайшоў уздоўж зах. ўзбярэжжа Каспійскага м., цераз Армянскае нагор’е і Усх. Таўр. У справаздачы Р. пра падарожжа шмат каштоўных звестак па гісторыі, этнаграфіі і геаграфіі гэтых тэрыторый, адзначана, што Каспійскае м. на самай справе з’яўляецца возерам. Гэта было самае значнае да М.​Пола падарожжа еўрапейца ў Цэнтр. Азію.

т. 13, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІВЕКАНА́НДА (Свамі) (сапр. Нарэндранатх Дат; 12.1.1863, г. Калькута, Індыя — 4.1.1902),

індыйскі мысліцель-гуманіст, рэлігійны рэфарматар і грамадскі дзеяч. Вучань Рамакрышны. У 1880—84 вывучаў філасофію ў Калькуцкім ун-це. З мэтаю прапаганды веданты ў 1893 наведаў ЗША, Вялікабрытанію, Японію; у 1897 заснаваў рэліг.-рэфарматарскае т-ва «Місія Рамакрышны».

Вівекананда — буйнейшы прадстаўнік ёгі, ідэолаг інд. Адраджэння, якое выяўляла імкненне Індыі да нац. незалежнасці і сац. росквіту. Прапагандаваў самавыхаванне і самаўдасканаленне чалавека на аснове індуізму і маральна-фізічных прынцыпаў ёгаў. Яго дэмакр. і рэфармісцкія ідэі паўплывалі на нац.-вызв. рух у Індыі.

Тв.:

The complete works. Vol. 1—8. Mayavati, 1947—51.

Літ.:

Роллан Р. Жизнь Вивекананды // Собр. соч.: Пер. с фр. Л., 1936. Т. 19.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́СЦЕНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны каля 1620 (па інш. звестках у 1649) А.​С.​Вінкаю-Ратомскім у в. Замосце (Слуцкі р-н Мінскай вобл.). У 17 ст. пры З.к. была місія езуітаў, у 1865 забраны пад царкву. Мураваны 1-нефавы храм складаецца з квадратнага ў плане асн. аб’ёму, 5-граннай алтарнай апсіды і вежападобнага бабінца. Сцены нефа аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны прафіляваным карнізам. Вокны высокія, з паўцыркульным завяршэннем. Бабінец з трохвугольным франтонам і руставаным арачным уваходам, верагодна, перабудаваны ў 19 ст. Над ніжнім ярусам крыжовае скляпенне, вокны з лучковымі завяршэннямі. Грані апсіды прымыкаюць да нефа пад косым вуглом, па баках — выцягнутыя ўпоперак сакрысціі (рызніцы).

А.​А.​Ярашэвіч.

Замосценскі касцёл.

т. 6, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

установа ордэна езуітаў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 1626—31 місія, у 1631—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Сродкі на стварэнне місіі ахвяравалі Е.​Галаўня і Я.​Машынскі, першы кіраўнік місіі Я.​Разнавольскі. Да сярэдзіны 18 ст. драўляныя збудаванні калегіума некалькі разоў знішчаліся пажарамі. Каля 1754 пабудаваны мураваны 3-нефавы касцёл, у 1752 — навуч. корпус. У 1649 у рэзідэнцыі адкрыты класы граматыкі, у 1653 — паэтыкі і рыторыкі. Пасля пераўтварэння рэзідэнцыі ў калегіум навуч. праграма адпавядала гэтаму тыпу навуч. устаноў. Каля 1680 адкрыта муз. бурса, у 1705 — канвікт (пансіён), у 1721 — аптэка. Была б-ка. Ў 18 ст. колькасць навучэнцаў складала ад 13 да 51 чал. У 1773 калегіум закрыты.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДГРЭЙВ, Рэдгрэў (Redgrave) Ванеса (н. 30.1.1937, Лондан), англійская актрыса.

Дачка М.С.Рэдгрэйва. Скончыла Цэнтр. школу музыкі і танца. У 1957 дэбютавала ў т-ры, з 1958 у кіно. Адна з найб. яркіх інтэлектуальных актрыс у сусв. кіно, з буйным тэмпераментам, моцным характарам. Знялася ў фільмах рэж. М.​Антаніёні [«Фотапавелічэнне» («Блоу-ап»), 1967], англ. рэжысёраў Т.​Рычардсана («Марак з «Гібралтара», 1967; «Атака лёгкай брыгады», 1968), К.​Рэйса («Морган, выпадак, прыдатны для лячэння», 1966; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах; «Айседора», 1968; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), К.​Расела («Д’яблы», 1971), амер. рэжысёраў Ф.​Цынемана («Джулія», 1977; прэмія «Оскар»), С.​Люмета («Забойства ва Усходнім экспрэсе», 1974), Дж.​Шлезінгера («Янкі», 1979) і інш. Сярод фільмаў 1990-х г.: «Хоўардс Энд» («Сядзіба Хоўардс Энд»), «Дом духаў», «Месяц каля возера», «Місія немагчыма», «Дэжа вю», «Нязваны», «Мірка» і інш.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНУА́ ((Lannoy) Жыльбер дэ) (1386—22.4.1462),

бургундскі падарожнік, дыпламат, мемуарыст. Шмат падарожнічаў (Германія, Данія, Іспанія, Сірыя, Св. Зямля). У 1413—14 і 1421 здзейсніў 2 падарожжы па Усх. Еўропе. 1-е адбылося пасля яго ўдзелу ў паходзе крыжакоў на Польшчу і пралягала праз-ВКЛ па маршруце Дынабург—Вільня—Трокі—Коўна—Мемель. Сустракаўся з вял. кн. Вітаўтам. У час 2-га падарожжа праехаў праз Падолле, у Камянцы зноў сустрэўся з Вітаўтам, прысутнічаў пры прыняцці ім пскоўскага і наўгародскага пасольстваў. У дзённіках шмат каштоўных звестак па гісторыі ВКЛ, у т. л. і этнаграфічнага зместу. Адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ «асобнай» мовы і існаванне 12 епархій. Як католік папракаў Вітаўта за сувязь з гусітамі. Місія Л. падвяла рысу пад доўгім перыядам насцярожана-варожага стаўлення да ВКЛ як да дзяржавы «язычнікаў» і садзейнічала пашырэнню ведаў аб ёй у Зах. Еўропе.

А.​В.​Белы.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКЕ́ВІЧ (Ян Праспер) (Іван Віктаравіч; 6.7.1808, мяст. Пашаўша, цяпер у Кельмескім р-не, Літва — 20.5.1839),

падарожнік, дыпламат. У 1823 за стварэнне тайнага т-ва «Чорныя браты» ў мяст. Крожы (цяпер Кражай, Літва) у падтрымку зняволеных філаматаў выключаны з гімназіі і сасланы салдатам на Арэнбургскую лінію. У 1832 атрымаў чын афіцэра. Сябраваў са ссыльнымі кіраўнікамі руху філаматаў Т.Занам і А.​Сузіным. У 1835—36 зрабіў экспедыцыйную паездку праз Казахстан у Бухару, яе навук. апісанне прадыктаваў У.​І.​Далю. У 1837—38 па заданні Мікалая I на чале рас. дыпламат. місіі наведаў Афганістан. Абяцаў кабульскаму эміру Дост-Мухамеду ваен. падтрымку Расіі напярэдадні 1-й англа-афганскай вайны (гл. ў арт. Англа-афганскія войны), аднак царскі ўрад пабаяўся псаваць адносіны з Вялікабрытаніяй. Місія была спынена, Віткевіч адкліканы ў Пецярбург. Скончыў самагубствам.

Літ.:

Грицкевич В.П. От Нёмана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 111—112, 116—122, 128.

В.​П.​Грыцкевіч.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕС ((Heß) Рудольф) (26.4.1894, г. Александрыя, Егіпет — 17.8.1987),

адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. У 1-ю сусв. вайну разам з А.​Гітлерам ваяваў на Зах. фронце. Вучыўся ў Мюнхенскім ун-це, дзе пад уплывам лекцый па геапалітыцы К.​Гаўсгофера сфарміраваўся як нацыст. З 1920 чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі. За ўдзел у путчы Гітлера і Э.Людэндорфа ў Мюнхене (ліст. 1923) асуджаны. У 1925—32 асабісты сакратар Гітлера, з крас. 1933 яго нам. па партыі. З чэрв. 1933 рэйхсміністр без партфеля. Гес адыграў гал. ролю ва ўстанаўленні культу Гітлера, адзін з арганізатараў задушэння герм. дэмакр. сіл і ўкаранення сістэмы «татальнага шпіянажу». У 2-ю сусв. вайну 10.5.1941 здзейсніў адзіночны пералёт у Шатландыю (т.зв. місія Геса), ад імя Гітлера прапанаваў брыт. ўраду заключыць мір і прыняць удзел у вайне супраць СССР; інтэрніраваны. У 1946 на Нюрнбергскім працэсе прыгавораны як адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў да пажыццёвага зняволення, якое адбываў у турме Шпандаў (Зах. Берлін). Скончыў самагубствам.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ ПАСО́ЛЬСТВА,

дыпламатычная місія Расіі ў краіны Зах. Еўропы ў 1697—98. Мела на мэце ўмацаванне і пашырэнне саюзу Расіі з еўрап. дзяржавамі для барацьбы супраць Турцыі за паўн. ўзбярэжжа Чорнага м., запрашэнне на рус. службу спецыялістаў, заказ і закуп ваен. матэрыялаў і ўзбраення. Афіцыйна ўзначальвалася «вялікімі пасламі» Ф.​Я.​Лефортам, Ф.​А.​Галавіным, П.​Б.​Вазніцыным, фактычна — Пятром I (знаходзіўся ў яго складзе пад імем Пятра Міхайлавіча). У Курляндыі Пётр I вёў перагаворы з герцагам, у Кёнігсбергу заключыў саюз з брандэнбургскім курфюрстам, у Галандыі Вялікае пасольства абмежавалася закупкай амуніцыі і наймам спецыялістаў. Пётр I з часткай пасольства на 3 мес. выязджаў у Англію, дзе вёў перагаворы з англ. каралём Вільгельмам III, знаёміўся з суднабудаваннем і артыл. справай. Вялікае пасольства вяло безвыніковыя перагаворы ў Вене, каб папярэдзіць заключэнне сепаратнага міру Аўстрыі з Турцыяй. Па дарозе ў Расію Пётр I правёў з польск. каралём Аўгустам II перагаворы, якія заклалі аснову будучага саюзу супраць Швецыі.

Літ.:

Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990. С. 67—119.

т. 4, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫШКЕ́ВІЧ (Францішак) (Франук; 1904 ці 1906, мяст. Сухаволя Беластоцкага ваяв., Польшча — 1944 ці 1945),

бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), літ. ф-т Карлава ун-та ў Празе. Д-р філасофіі. З 1939 узначальваў бел. школы Віленскай школьнай акругі. У 1941—44 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. У 1944 арыштаваны, у час следства ў Мінску скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1924. Лепшыя вершы пазначаны тонкім лірызмам, філасафічнасцю, у некат. матывы песімізму (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). Пісаў апавяданні («Куцця ў чужыне», «У калядны вечар»), выступаў як крытык, прапагандыст бел. л-ры ў Чэхаславакіі («Беларускае літаратурнае творства ў расейскім перакладзе», 1927; «Кароткі агляд дзеі ўкраінскае літаратуры», «Літаратурныя запіскі», 1928; рэцэнзіі на кн. паэзіі і прозы В.​Адважнага, Н.​Арсенневай, М.​Багдановіча, М.​Зарэцкага, Х.​Ільяшэвіча, Я.​Коласа, Р.​Мурашкі, К.​Чорнага і інш.). Аўтар публіцыстычных арт. «Каталіцкая місія на Беларусі» (1925), «Наш вечны сон» (1926), «Аб паходжанні нашае мовы» (1928), «У лабірынце маладое беларускае думкі» (1931). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.​В.​Гётэ, О.​Жупанчыча, І.​Франко і інш.

І.​У.​Саламевіч.

Ф.Грышкевіч.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)