упарадкаванасць мікраструктуры рэчыва на міжатамных (блізкі парадак) ці на неабмежавана вял. адлегласцях (далёкі парадак). Бывае каардынацыйны — у размяшчэнні часціц рэчыва (існуе ў крышталях; у вадкасцях і аморфных цвёрдых целах — толькі блізкі парадак); арыентацыйны — у арыентацыі часціц (у вадкіх крышталях; у вадкасцях з несіметрычных малекул — блізкі парадак); магнітны — у арыентацыі магн. момантаў (у ферамагнетыках, ферымагнетыках, антыферамагнетыках); у арыентацыі эл. дыпольных момантаў (у сегнетаэлектрыках). Існаванне Д. і б.п. абумоўлена ўзаемадзеяннем паміж часціцамі; асн. прыкмета — сіметрыя крышталёў. Ступень упарадкавання можна мяняць цеплавой, мех. і інш. апрацоўкамі, пры гэтым мяняюцца фіз. ўласцівасці рэчыва.
Літ.:
Уайт Р., Джебелл Т. Дальний порядок в твердых телах: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЁВАЯ ЁМІСТАСЦЬ ЛЁГКІХ,
максімальны аб’ём паветра, які выдыхаецца пасля самага глыбокага ўдыху. Пры макс. выдыху колькасць газаў у лёгкіх памяншаецца да астаткавага аб’ёму (каля 1,5 л), што разам з Ж.ё.л. складае агульную ёмістасць лёгкіх. У норме Ж.ё.л. раўняецца каля 0,75 агульнай ёмістасці і характарызуе макс. аб’ём, у межах якога чалавек можа мяняць глыбіню свайго дыхання. Пры спакойным дыханні здаровы дарослы чалавек удыхае і выдыхае 0,3—0,5 л паветра (т.зв. дыхальны аб’ём). Велічыня Ж.ё.л. у норме залежыць ад полу, узросту, целаскладу, фіз. развіцця чалавека; пры захворваннях істотна памяншаецца. Вызначаюць з дапамогай спіраграфіі, згодна з табліцамі, намаграмамі і формуламі. У мужчын Ж.ё.л. складае 3,5—4,5 л (у добра трэніраваных да 6), у жанчын — 2,5—3,5 л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬМА́РЫ (Teuthida),
атрад галаваногіх малюскаў. 2 падатр., 25 сям., больш як 85 родаў, больш за 300 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах і морах.
Даўж. ад 2 см да 5 м, гіганцкіх К. (Architeuthis) да 18 м; маса больш за 300 кг (зрэдку да 1 т). Цела падоўжанае, верацёнападобнае. На галаве 8 рук і 2 шчупальцы. Вочы вялікія. Шкілет — вузкая рагавая пласцінка. Ёсць радула і чарнільны мяшок. Мелкаводныя К. здольны мяняць афарбоўку, глыбакаводныя — амаль празрыстыя ці аднатонныя. Многія К. маюць органы свячэння. Адкладваюць яйцы. Кормяцца рыбай і беспазваночнымі. Корм кашалотаў і інш. кітападобных, рыб, птушак, ластаногіх. Многія — аб’екты промыслу, сыравіна для фармацэўтычнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́БЫ, караткахвостыя ракі (Brachyura),
атрад (падатрад) дзесяціногіх ракападобных. Больш за 4000 відаў. Пашыраны ў морах, прэсных водах і на сушы, пераважна ў тропіках.
Шыр. галавагруднага шчыта (карапакса) 2—60 см. Галава маленькая, у паглыбленні пад краем карапакса. Вочы фасетачныя. 1-я пара хадзільных ног мае клюшні. Брушка кароткае, падагнутае пад сківіцагрудзі. Брушныя канечнасці ў самца (1—2 пары) зменены ў капулятыўны орган, у самкі (4 пары) служаць для выношвання ікры. Кормяцца пераважна беспазваночнымі. Усе К., акрамя прэснаводных, размнажаюцца ў моры. Развіццё з метамарфозам. Некат. К. могуць мяняць афарбоўку цела. Здольныя да аўтатаміі і рэгенерацыі канечнасцей. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬНАЗО́РКАСЦЬ, гіперметрапія,
адхіленне ад нармальнай рэфракцыі вока, што перашкаджае выразна бачыць на блізкай адлегласці. Бывае рэфракцыйная (ад слабай пераламляльнай здольнасці аптычнай сістэмы вока) ці восевая (ад занадта кароткай пярэдне-задняй восі вока). Д. — звычайная рэфракцыя вока нованароджаных, пры росце паступова развіваецца суразмерная эметрапічная рэфракцыя вока. У дальназоркім воку прамяні святла, якія ідуць ад далёкіх і блізкіх прадметаў, перасякаюцца і збіраюцца за сятчаткай вока, таму прадметы відаць невыразна.
Адрозніваюць 3 ступені Д.: слабую, сярэднюю і высокую. Пры слабай і сярэдняй хворыя добра бачаць блізкія і далёкія прадметы, бо акамадацыйная здольнасць вока (магчымасць мяняць крывізну і таўшчыню крышталіка) добрая. На высокай ступені Д. хворыя кепска адрозніваюць прадметы здалёку і зблізку, нават з карэкцыяй. Некарэгіраваная Д. у дзяцей можа прывесці да развіцця касавокасці. Выпраўляюць Д. акулярамі з выпуклымі (збіральнымі) шкельцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРО́МЕТР (ад гігра... + ...метр),
прылада для вымярэння вільготнасці паветра. Бывае вагавы (абсалютны), валасяны, плёначны, электралітычны, керамічны, кандэнсацыйны і інш.; выкарыстоўваюць таксама псіхрометр. З дапамогай вагавага гігрометра вызначаюць абс. вільготнасць па павелічэнні вагі гіграскапічнага рэчыва пасля паглынання вадзяной пары з вільготнага паветра. Адносную вільготнасць паветра вымяраюць з дапамогай розных тыпаў гігрометраў, з іх найб. пашыраны валасяны (выкарыстоўваюць абястлушчаны чалавечы волас, даўжыня якога большае пры павелічэнні вільготнасці) і плёначны (у якасці адчувальнага элемента выкарыстоўваюць арган. плёнку, якая расцягваецца ў вільготным і сціскаецца ў сухім паветры). Электралітычны гігрометр заснаваны на ўласцівасці гіграскапічнага слоя электраліту (хлорыстага літыю) мяняцьэл. супраціўленне ў залежнасці ад вільготнасці паветра. У керамічным гігрометры выкарыстана залежнасць эл. супраціўлення керамікі (сумесі гліны, крэменю, кааліну і інш.) ад вільготнасці паветра. Кандэнсацыйным гігрометрам вызначаюць пункт расы па т-ры, пры якой на метал. люстэрку кандэнсуецца вільгаць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯТУ́ХІ, палятухавыя (Pteromyidae),
сямейства млекакормячых атр. грызуноў. Вядомы з міяцэну (каля 20 млн.г. назад). 13 родаў, 36 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на дрэвах, гнёзды ў дуплах. Актыўныя на змярканні і ноччу. На Беларусі 1 від — П. звычайная (Pteromys volans), трапляецца ў Віцебскай вобл. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 60 см, хваста да 63 см, маса да 1,4 кг (у П. звычайнай адпаведна да 21 см, 14 см і 170 г). Поўсць густая, тонкая, шаравата-бураватая. Хвост пушысты. Вочы вялікія. Здольныя да планіравання (адсюль назва) з дрэва на дрэва (на адлегласць да 60 м) з дапамогай пакрытых шэрсцю скурных складак па баках цела паміж пярэднімі і заднімі канечнасцямі. Могуць мяняць напрамак палёту з дапамогай хваста. Кормяцца насеннем, парасткамі, пупышкамі, ягадамі, грыбамі, часам насякомымі. Нараджаюць да 4 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ ПРАЦЭ́НТ,
плата, якую атрымлівае крэдытор (банк) ад пазычальніка за карыстанне пазыкай. У яе можа быць уключана і плата за аказанне паслуг пры выдзяленні крэдыту. Памер і парадак выплаты працэнта па разменных відах пазыковых аперацый ўстанаўліваецца дыферэнцыравана паводле крэдытнага дагавора паміж банкам і пазычальнікам. Працэнтныя стаўкі за пазыку могуць быць фіксаваныя (цвёрдыя), «плаваючыя», базісныя (базавыя). Фінансавы П.п. — плата, папярэдне вызначаная і нязменная на працягу ўсяго тэрміну карыстання пазыкай. Выкарыстоўваецца пры кароткатэрміновых (да 30 дзён) пазыках. Базісныя стаўкі даюць магчымасць мяняць плату за карыстанне пазыкай. У гэтым выпадку П.п. можа пераглядацца банкам на працягу ўсяго тэрміну крэдытавання з абавязковым паведамленнем пазычальніка. На ўзровень П.п. ўплываюць: сярэдні ўзровень платы за прыцягнутыя рэсурсы, дэпазітны працэнт, расходы пазычальніка, аб’ект крэдытавання, плацежаздольнасць кліента, ступень рызыкі праекта, тэрмін пазыкі, узровень інфляцыі і інш. фактары, якія вынікаюць з грашова-крэдытнай палітыкі цэнтр. банка і ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭЛЕКТРАЛІ́ТЫ,
палімеры, макрамалекулы якіх маюць іанагенныя групы. Адрозніваюць полікіслоты, поліасновы і поліамфаліты (маюць кіслотныя і асноўныя групы адначасова). Поліамфалітамі з’яўляюцца бялкі і нуклеінавыя кіслоты. Бываюць лінейныя і прасторава сшытыя (гл.Іонаабменныя смолы).
У растворы макрамалекула П. — полііон, акружаны эквівалентнай колькасцю процііонаў, памеры якіх значна (на некалькі парадкаў) меншыя за памеры полііона. Моцныя П. (напр., полівінілсульфакіслата) у водных растворах цалкам іанізаваныя, зарад слабых П. (напр., поліакрылавай к-ты) залежыць ад pH раствору. Сумарны зарад поліамфалітаў пры змяненні pH раствору можа мяняць знак (значэнне pH, пры якім зарад роўны нулю, наз. ізаэлектрычным пунктам). Наяўнасцю электрастатычных узаемадзеянняў (адштурхоўвання аднайменна зараджаных груп у макрамалекуле і прыцяжэння нізкамалекулярных процііонаў да полііона) абумоўлена адрозненне ўласцівасцей раствораў П. ад уласцівасцей раствораў неіанагенных палімераў і нізкамалекулярных электралітаў. Выкарыстоўваюць П. ў якасці іанітаў, як флакулянты пры абагачэнні мінер. сыравіны, стабілізатары калоідных сістэм у харч. і парфумернай прам-сці, дабаўкі да паверхневаактыўных рэчываў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫ НАГЛЯ́Д,
1) дзейнасць органаў дзярж. кіравання па кантролі за выкананнем арг-цыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі ўстаноўленых дзяржавай правілаў у асобных галінах кіравання.
2) Нагляд за асобамі, вызваленымі з месцаў пазбаўлення волі. Існаваў з 1966 на тэр.СССР і ажыццяўляўся органамі МУС за некаторымі катэгорыямі злачынцаў (напр., за асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі). Наладжваўся (тэрмін ад 6 месяцаў да 1 года) па месцы жыхарства вызваленых і меў на мэце папярэдзіць учыненне новых злачынстваў. Адміністрацыйны нагляд устанаўліваў пэўныя абмежаванні для паднагляднага, парушэнне якіх праследавалася ў адм. ці крымін. парадку. У Рэспубліцы Беларусь адменены ў крас. 1992. У дарэвалюцыйнай Расіі дзейнічаў аналагічны гэтай адм. меры паліцэйскі нагляд, які ажыццяўляўся галосна і тайна, часова і пажыццёва. Выкарыстоўваўся не толькі як мера папярэджання крымін. злачыннасці, але і як сродак барацьбы з вызв. рухам з пач. 19 ст. Заканадаўча зацверджаны ў 1882. Паднаглядны не меў права мяняць месца жыхарства, знаходзіцца на дзярж. і грамадзянскай службе, займацца пед. дзейнасцю і г.д. Адміністрайны нагляд існуе ў многіх сучасных замежных краінах.