ЧАЦВЯРНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, якая спалучае 4 суседнія вершаваныя радкі. Сустракаецца ў фальклоры:

Малады чумак, чаго зажурыўся,
Ці валы прысталі, ці з дарогі збіўся?
Валы не прысталі, з дарогі не збіўся.
Таго зажурыўся — без долі ўрадзіўся.

Найчасцей спалучае радкі катрэнаў (4-радкоўяў);

Сам не знаю, як дамоў
Я з гармонікам дайшоў,
Як ён сцежкай мяне вёў,
Па якой пайшла любоў.
(М.​Танк. «Цёмны месяц»)

Ужываецца ў 5-радковых і 6-радковых строфах. Можа выкарыстоўвацца ва ўсіх строфах паэт. твора.

А.​А.​Майсейчык.

т. 17, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЧАР Фелікс Айзікавіч (н. 10.2.1935, Мінск),

бел. аператар, рэжысёр дакумент. кіно. Сын А.Кучара. Скончыў БДУ (1951), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1971). З 1965 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Аператар дакумент. фільмаў (усе з рэж. С.​Лук’янчыкавым) «Гульня» (1972), «Старт» (1973), «Боль» (1988), «Сорам» (1991) і інш., якія вылучаюцца майстэрствам рэпартажных і псіхал. здымак. Маст. фільмам (усе з рэж. В.​Рыбаравым) «Жывы зрэз» (1977), «Сведка» (1985), «Мяне завуць Арлекіна» (1987) і інш. уласціва стрыманая эмацыянальнасць, рэалістычнасць і духоўнасць. Рэжысёр дакумент. фільма «Развітальнае» (1995).

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬМАН Аляксандр Ісаакавіч (н. 25.10.1933, пас. Дандзюшаны, Малдавія),

расійскі драматург. Вучыўся ў Кішынёўскім ун-це (1960—63). Выступае ў жанры публіцыст. драматургіі. Аўтар сцэнарыя фільма «Прэмія» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1976), п’ес «Пратакол аднаго пасяджэння» (паст. 1975), «Зваротная сувязь» (1976, сцэнарый 1978), «Мы, ніжэйпадпісаныя» (1979), «Сам-насам з усімі» (1981), «Лаўка» (1983), «Чокнутая» («Зінуля», 1984), кінааповесці «Начная змена», кінасцэнарыяў «Ксенія, любімая жонка Фёдара», «Лічыце мяне дарослым» (абодва з Т.​Калецкай). Яго творам уласціва завостранасць жыццёвых праблем, якія вырашаюцца праз сутыкненні супярэчлівых поглядаў і чалавечых характараў.

Тв.:

Пьесы. М., 1985.

І.​С.​Александровіч.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБАРЭ́НКА Віталь Сяргеевіч (н. 13.6.1934, г. Харкаў, Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1993). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1960). У 1961—72 выкладаў у Харкаўскім ін-це мастацтваў. Найб. плённа працуе ў муз.-сцэн. жанры. Сярод твораў: 12 опер, у т. л. «Помні мяне» (1977), «Сват паняволі» («Шальменка-дзяншчык», 1984), «Альпійская балада» паводле В.​Быкава (1985), опера-балет «Вій» (1980), монаоперы «Пісьмы кахання» (1971) і «Адзіноцтва» (1993); балеты, у т. л. «Каменны ўладар» па матывах драмы Л.​Украінкі (1969); 3 сімфоніі (1961—74); 4 камерныя сімфоніі (1967—94), канцэрты для інструментаў з аркестрам; вак. цыклы і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1984.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЬКА́НЦІ (Cavalcanti) Гвіда (каля 1255, г. Фларэнцыя, Італія — 27.8.1300),

італьянскі паэт. Сябар Дантэ Аліг’еры. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў «салодкага новага стылю» ў італьян. паэзіі 13 ст. Апіраючыся на традыцыі сіцылійскай паэт. школы, распрацаваў новую канцэпцыю паэзіі, у якой паглыбіў пачуццёвасць і псіхалагізм лірычнага героя, даў новае асэнсаванне кахання (найб. вядомы твор — канцона «Жанчына просіць мяне...»). Матывы кахання, жанчыны-ззяння, метафізіка паэт. вобраза К. паўплывалі на «Боскую камедыю» Дантэ.

Тв.:

Рус. пер. — Сонеты // Западноевропейский сонет XIII—XVII вв.: Поэтич. антология. Л., 1988.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Предвозрождение и поэзия «Сладостного нового стиля» // История всемирной литературы. М., 1985. Т. 3.

С.​В.​Логіш.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́СЛІ (Presley) Элвіс (8.1.1935, г. Цьюпела, штат Місісіпі, ЗША — 16.8.1977),

амерыканскі эстрадны спявак, гітарыст, кінаакцёр. На сцэне з 1950-х г. Стварыў індывідуальны вакальны стыль, які ўвабраў у сябе паўд.-амер. блюзы, рэліг. песнапенні, музыку кантры. Найб. уплывовы выканаўца рок-н-рола. Экстравагантнасць паводзін, эмацыянальна раскаваны выканальніцкі стыль зрабілі П. кумірам моладзі. Здымаўся ў кіно (больш за 30 фільмаў), у т. л. «Пакахай мяне пяшчотна» (1956), «Каханне да цябе», «Турэмны рок» (абодва 1957), «Двайныя непрыемнасці» (1967). Пра творчасць П. пастаўлены дакумент. фільмы («Элвіс — так гэта адбываецца на самай справе» (1970), «Элвіс у турнэ» (1972), «Гэта Элвіс» (1981), маст. фільм «Элвіс — кіно» (1979).

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫСА́ЛЬ, Рысаль-і-Алонса (Rizal y Alonso) Хасэ (19.6.1861, г. Каламба, Філіпіны — 3.12.1896), філіпінскі грамадска-паліт. дзеяч, урач, этнограф, лінгвіст, гісторык, паэт, празаік (пісаў на ісп. мове), скульптар, мастак. Вучыўся ў Манільскім ун-це, у Іспаніі і Германіі. У 1892 стварыў Філіпінскую лігу, якая выступала за рэформу калан. адміністрацыі. Арыштаваны ісп. ўладамі і сасланы. У 1896 адхіліў прапанову патрыят. арг-цыі Каціпунан узначаліць паўстанне супраць ісп. панавання, тым не менш у час паўстання арыштаваны іспанцамі і пакараны смерцю. Аўтар раманаў «Не дакранайся да мяне» (1887), «Флібусцьеры» (1891), памфлетаў па грамадска-паліт. пытаннях.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1961.

Літ.:

Губер А., Рыковская О. Хосе Рисаль. М., 1937.

т. 13, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́МБЕРГ Лізавета Сцяпанаўна (28.1.1909, с. Вайскорава Тосненскага р-на Ленінградскай вобл. — 1988),

карэльская актрыса. Нар. арт. СССР (1959). З 1932 у Фінскім драм. т-ры ў Ленінградзе, з 1940 у Фінскім драм. т-ры ў Петразаводску. Мастацтва Т. вызначалася ўнутр. сілай і шырокім дыяпазонам. Сярод роляў: Малання («Ці прымеш мяне, зямля карэльская?» А.​Тыманена), Мая («На сплаўной рацэ» Т.​Пакала), фру Бон («Людзі з Дангора» М.​Андэрсена-Нексё), Гурмыжская («Лес» А.​Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Васа Жалязнова, Малання і Варвара («Васа Жалязнова», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Эльза («Вецер з поўдня» паводле А.​Грына) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Расіі 1972.

т. 15, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́САРАЦ (Cesarec) Аўгуст (4.12.1893, Заграб — 17.7.1941),

харвацкі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. У 1919 з М.Крлежам выдаваў час. «Plamen» («Полымя»), супрацоўнічаў у перыяд. друку «левіцы». Друкаваўся з 1909. У кнігах аповесцей і апавяд. «Судзіце Мяне» (1925), «За новай дарогай» (1926), «Навелы» (1939), раманах «Імператарскае каралеўства» (1925), «Залаты юнак і яго ахвяры» (1928), «Уцекачы» (1933) і інш. сац. матывы, падпарадкаваныя духу часу. Аўтар зб. паэзіі «Вершы» (1919), п’есы «Сын айчыны» (1940), кніг публіцыстыкі «Са свету прыгнечаных» (1925), «Іспанскія сустрэчы» (1938), «Падарожжа па Савецкім Саюзе» (1940) і інш. Перакладаў з ням., франц., чэш. і рус. моў.

Тв.:

Рус. лер. — Тонкина любовь: Рассказы. М., 1961.

І.​А.​Чарота.

т. 17, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЁЛАВА Марына Мсціславаўна (н. 8.1.1947, С.-Пецярбург),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1987). Скончыла Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кіно (1969). З 1968 у студыі кінаакцёра кінастудыі «Ленфільм», з 1971 у Т-ры імя Массавета, з 1974 у т-ры «Сучаснік». Творчасці ўласцівы шчырасць і імпульсіўнасць, якія спалучаюцца з майстэрствам дасканалай прапрацоўкі ролі: Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Вераніка («Вечна жывыя» В.​Розава), Люба («Фантазіі Фарацьева» А.​Сакаловай), Вольга («Спяшайцеся рабіць дабро» М.​Рошчына), Анфіса («Анфіса» А.​Андрэева), Яўгенія Сямёнаўна («Круты маршрут» паводле Я.​Гінзбург) і інш. Здымаецца ў кіно: «Слова для абароны», «Асенні марафон», «Ты ў мяне адна», «Турэмны раман», «Сібірскі цырульнік», тэлефільме «Фантазіі Фарацьева» і інш. Дзярж. прэміі Расіі 1981, 1990.

т. 11, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)