паступовае згасанне псіхічнай дзейнасці чалавека з агульным знясіленнем і атрафіяй органаў і тканак. Абумоўлена атрафіяй кары галаўнога мозга. Бывае пры старэчай прыдуркаватасці, канчатковай стадыі прагрэсіўнага паралічу і інш. хваробах мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРКІНСАНІ́ЗМ,
сіндром, які характарызуецца спалучэннем гіпакінезіі (парушэнне рухаў), рыгіднасці і дрыжання ў спакоі. Назва ад імя англ. ўрача Дж.Паркінсана. Абумоўлены пашкоджаннем падкоркавых вузлоў галаўнога мозга (базальных ядраў, чорнага рэчыва). Асн. праява самаст. захворвання — Паркінсона хваробы. Бывае вынікам атэрасклерозу сасудаў галаўнога мозга, эпідэмічнага энцэфаліту, пухлін ц. н. с.; зрэдку ад таксічных пашкоджанняў галаўнога мозга (напр., атручэнне ртуццю, марганцам). Пры П. назіраецца зніжэнне агульнай рухальнай актыўнасці, твар хворага маскападобны, дрыжанне пераважна ў спакоі, трафічныя змены скуры, павышанае сліна- і потавыдзяленне. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЦЭФА́ЛІЯ (ад гідра... + грэч. kephalē галава),
вадзянка галаўнога мозга, празмернае назапашванне спінна-мазгавой вадкасці (ліквору) у поласці чэрапа. Бывае прыроджаная, набытая (хваробы ці траўмы галаўнога мозга і яго абалонкі), знешняя (пры атрафіі мозга), унутр. (назапашванне ліквору ў жалудачках мозга), агульная (назапашванне ліквору ў шляхах, якія яго ўтрымліваюць), адкрытая (свабодная праходнасць лікворных шляхоў) і закрытая (закупорка на ўзроўні жалудачкавай сістэмы). Назіраюцца змешаныя ці спалучаныя формы гідрацэфаліі. Прыкметы прыроджанай гідрацэфаліі: павелічэнне акружнасці чэрапа, расшырэнне чарапных швоў і цемечка. Пры развіцці хваробы і пры закрытай гідрацэфаліі ўзнікаюць неўралгічныя (галаўны боль, ірвота, зніжэнне зроку, пашкоджанне чарапных нерваў, эпілептычныя прыпадкі, парэзы, паралічы) і псіхічныя расстройствы (затрымка ў разумовым развіцці да алігафрэніі з разумовай адсталасцю). Пры гідрацэфаліі дзяцей старэйшага ўзросту і ў дарослых бываюць агульнамазгавыя парушэнні: галаўны боль, моташнасць, ірвота і інш. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯШКЕ́ВІЧ (Фёдар Васілевіч) (н. 5.5.1936, в. Балотца Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. нейрахірург. Чл.-кар.АН Беларусі (1994). Д-рмед.н. (1973), праф. (1980). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1959). З 1961 у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. З 1973 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па сасудзістай паталогіі галаўнога і спіннога мозга, эпілепсіі, гідрацэфаліі, радыкуліце, пухлінах галаўнога мозга. Распрацаваў мікранейрахірургічную тэхніку для лячэння чэрапна-мазгавых і сасудзістых пашкоджанняў мозга, укараніў методыку скарыстання антыгіпаксантаў.
Тв.:
Травматические субдуральные гематомы. Мн., 1980 (разам з Н.І.Рожанцам);
Нейрохирургия: Операции на головном мозге. Мн., 1993 (разам з А.Ф.Аляшкевічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ХЦЕРАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (1.2.1857, в. Бехцерава Кіраўскай вобл., Расія — 24.12.1927),
расійскі неўрапатолаг, псіхіятр, псіхолаг і нейрафізіёлаг; заснавальнік навук. школы па рэфлексалогіі. Праф. (1893). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1878). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1881. У 1884 працаваў за мяжой у Э.Дзюбуа-Рэймона. З 1885 у Казанскім ун-це, з 1893 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1897 у Жаночым мед. ін-це ў Пецярбургу. З 1908 заснавальнік і дырэктар Псіханеўралагічнага ін-та, з 1918 — Ін-та мозга і псіхічнай дзейнасці (цяпер Ін-тмозга імя У.М.Бехцерава). Фундаментальныя працы па анатоміі, фізіялогіі і паталогіі нерв. сістэмы. Залажыў асновы вучэння пра рэтыкулярную фармацыю галаўнога і спіннога мозга, стварыў вучэнне пра кампенсаторныя ўласцівасці мозга, упершыню вылучыў шэраг характэрных рэфлексаў, важных для дыягностыкі нерв. хвароб, апісаў шэраг хвароб і метады іх лячэння. Даследаваў лячэбнае выкарыстанне гіпнозу, у т. л. пры алкагалізме.
Літ.:
Мясищев В.Н. В.М.Бехтерев — замечательный ученый, врач, педагог, общественный деятель. Киров, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗГАВЫ́Я АБАЛО́НКІ,
злучальнатканкавыя плевачныя мембраны, якія пакрываюць галаўны мозг і спінны мозг у пазваночных жывёл і чалавека. Аднаслойную першасную М.а. маюць рыбы. У наземных пазваночных М.а. дыферэнцыруецца на цвёрдую (вонкавую) і мяккую (унутр.); мяккая падзяляецца на павуцінную і сасудзістую. Цвёрдая М.а. высцілае ўнутр. паверхню чэрапа і пазваночнага канала, утварае вянозныя сінусы, якія служаць для адцёку вянознай крыві ад галаўнога мозга. Павуцінная М.а. ў поласці чэрапа прылягае да паверхні звілін кары вял. паўшар’яў. Сасудзістая М.а. непасрэдна пакрывае паверхню галаўнога і спіннога мозга, шчыльна злучана з ёю, багатая крывяноснымі сасудамі, якія забяспечваюць мозг і служаць для ўсмоктвання спіннамазгавой вадкасці (ліквара). Разам з павуціннай абалонкай утварае сасудзістыя спляценні жалудачкаў мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЕКА́ЦЫЯ (ад лац. defaecatio ачышчэнне),
выдаленне незасвоеных рэшткаў ежы са стрававальнага тракту; у млекакормячых жывёл і чалавека — апаражненне тоўстых кішак ад калавых мас. Пры Д. рэфлекторна расслабляюцца сфінктары, якія закрываюць прамую кішку, і кал выкідваецца перыстальтычнымі рухамі тоўстай і прамой кішак. Цэнтр рэфлексу Д. знаходзіцца ў паяснічнай ч. спіннога мозга. Адвольны ўплыў, што стымулюе ці затрымлівае Д., ідзе ад кары галаўнога мозга.