СІНАДЫЧНЫ МЕ́СЯЦ (ад грэч synodos збліжэнне, злучэнне),

прамежак часу паміж двума паслядоўнымі аднолькавымі фазамі Месяца (напр., маладзікамі). Працягласць С.м. непастаянная. сярэдняе значэнне складае 29,530583 сярэдніх сонечных сутак, адхіленне — у межах 13 гадз. З’яўляецца асновай месяцавых календароў.

т. 14, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Люты (месяц) 4/587; 6/467

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

чэрвень,

шосты месяц календара.

т. 17, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Спадарожнік Зямлі (натуральны) 5/495, гл. Месяц

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙ (лац. Majus, магчыма, ад імя багіні зямлі Маі),

пяты месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вясны. Бел. нар. назва месяца, як і ўкр., травень. 15 М. працягласць дня ў Мінску 15 гадз 58 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 54,8°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 567 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны (295 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ў М. 13 °C. Ападкаў за месяц 50—60 мм. Для М. характэрна найменшая адносная вільготнасць (68—72%), часта ствараецца неспрыяльны рэжым увільгатнення, часам назіраецца высушванне ворнага і больш глыбокага слоя глебы. У М. цвітуць сады. Пачынаюць каласіцца жыта, азімая пшаніца, узыходзяць яравыя, вядзецца сяўба позніх яравых культур, лёну-даўгунцу, пасадка бульбы, агуркоў. Вырастаюць першыя веснавыя грыбы — смаржкі і страчкі. Заканчваецца веснавая лінька звяроў. Паяўляецца прыплод у аленяў, ласёў, казуль, тхароў, баброў, вожыкаў; другі прыплод у зайцоў. Нерастуе рыба ў рэках і азёрах, паяўляюцца маляўкі.

т. 9, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСМЕНАРЭ́Я (ад дыс... + грэч. mēn месяц + rheō цяку),

агульная назва расстройстваў менструальнага цыкла. Гл. таксама Альгадысменарэя.

т. 6, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ МІЖПЛАНЕ́ТНАЯ СТА́НЦЫЯ,

непілатуемы касмічны апарат для дастаўкі навук. апаратуры да нябесных целаў і вывучэння міжпланетнай касмічнай прасторы. На іх борце размяшчаецца апаратура для навук. даследаванняў, тэлеметрычная для перадачы інфармацыі, тэлевізійная для атрымання відарысаў. Аснашчаецца ракетнымі рухавікамі для карэкцыі траекторыі палёту, сістэмамі астраарыентацыі, мяккай пасадкі, парашутнымі сістэмамі і інш. Энергасілкаванне бартавой апаратуры забяспечваецца сонечнымі батарэямі. Некаторыя аўтаматычныя міжпланетныя станцыі маюць апараты для спуску на інш. планеты; кіраванне спускам ажыццяўляецца бартавой навігацыйнай выліч. машынай. У шэрагу выпадкаў навук. даследаванні праводзяць пры дапамозе штучных спадарожнікаў планет. Да аўтаматычных міжпланетных станцый адносяцца: сав. станцыі серый «Месяц», «Венера», «Марс», «Зонд» і інш.; амер. «Марынер», «Рэйнджэр», «Сервеер», «Піянер», «Вояджэр» і інш.; заходнееўрапейская «Джота»; японская «Планета-А». Першыя ў свеце аўтаматычныя міжпланетныя станцыі: «Піянер» (1958, ЗША), «Месяц» (запуск 2.1.1959, СССР).

Аўтаматычная міжпланетная станцыя: 1 — агульны выгляд АМС «Венера-8»; 2 — схема палёту АМС «Месяц-3».

т. 2, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРЫ́ЧНІК (назва ад кастрыцы — адраўнелай часткі лёну),

10-ы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вегетацыі большасці раслін. 15 К. працягласць дня ў Мінску 10 гадз 38 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 27,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 154 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны 45 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 5,3—7,7 °C. У 1-й пал. К. амаль штогод назіраецца прыток цёплага паветра з Пд — «бабіна лета». Частыя замаразкі. У К. адносная вільготнасць складае 82—86%, ападкаў 42—54 мм. Колькасць дзён з ападкамі 12—16. На рэках бываюць паводкі. У К. заканчваецца ўборка садавіны і позніх гатункаў капусты, падрыхтоўка саду да зімы. З дрэў і кустоў ападае лісце. Адбываецца пералёт і адлёт птушак, канчаецца лінька пушных звяроў, у рэках і азёрах у глыбокія месцы збіраецца рыба.

т. 8, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕНЬ (ад слова ліпа),

сёмы месяц каляндарнага года (31 дзень), сярэдзіна лета. 15 Л. працягласць дня ў Мінску 16 гадз 39 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 57,7°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 590 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны (317 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя месячная т-ра паветра 17,8 °C (17,4 °C на ПнУ, 18,5 °C на ПдУ). Л. — самы дажджлівы месяц года (14—15 дзён з дажджамі), ападкаў ад 77 мм ПдЗ да 95 мм на ПнУ. Характэрным для Л. з’яўляецца цвіценне ліпы драбналістай. На паверхні непраточных вадаёмаў паяўляецца мноства водарасцей і маленькіх плывучых раслін — расак, жабніку звычайнага. У пач. Л. цвіце бульба, грэчка, лён-даўгунец, агародніна. Даспяваюць суніцы, маліны, чарніцы, чырвоная і чорная парэчкі, наліваецца і спее яравая збажына. У канцы месяца пачынаецца жніво. Ліняюць дзікія прамысл. птушкі. Пачынаецца грыбны сезон.

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЦЬМЕ́ННІ,

астранамічныя з’явы, пры якіх нябесныя свяцілы часткова або поўнасцю робяцца нябачнымі. Адбываюцца з-за таго, што больш далёкае ад Зямлі нябеснае цела закрываецца больш блізкім, ці таму, што на адно нябеснае цела падае цень другога. Да З. адносяць сонечныя і месяцовыя З., а таксама закрыцці зорак і планет (Месяц пры руху закрывае зорку ці планету), праходжанні планет па дыску Сонца (назіраюцца ў Меркурыя і Венеры), З. спадарожнікаў іншых планет, праходжанні ценю спадарожніка па дыску планеты і інш. Звесткі аб момантах З. і ўмовах іх бачнасці прыводзяцца ў астр. штогодніках.

Сонечныя З. адбываюцца, калі Месяц (у фазе маладзіка), праходзячы паміж Зямлёю і Сонцам, поўнасцю ці часткова засланяе Сонца. Поўнае З. Сонца назіраецца там, дзе на Зямлю падае цень Месяца. Дыяметр ценю звычайна не перавышае 250—270 км. Месяц рухаецца, і яго цень перамяшчаецца і вычэрчвае паслядоўна вузкую паласу поўнага З. Фаза поўнага З. доўжыцца да 7 мін 30 с, найчасцей 2—3 мін. Па-за паласой, куды падае паўцень Месяца, назіраецца частковае З.

Сонца Калі бачны вуглавы дыяметр Месяца меншы за сонечны, назіральнік бачыць кольцападобнае З. У час сонечнага З. даследуюць дынаміку і спектральны састаў атмасферы Сонца, сонечную карону, праводзяць эксперыменты для праверкі эфектаў тэорыі адноснасці па адхіленні прамянёў святла, што ідуць ад далёкіх зорак паблізу Сонца ў полі яго прыцягнення. Месяцовыя З. адбываюцца, калі Месяц (у поўню) і Сонца знаходзяцца з процілеглых бакоў ад Зямлі і Месяц часткова ці поўнасцю трапляе ў цень Зямлі. Назіраюцца адначасова на ўсім паўшар’і Зямлі, павернутым да Месяца. Працягласць поўнага З. Месяца 1 гадз 4 мін, а ўсяго З. ад пачатку да канца — больш за 3 гадз. Месяц поўнасцю не знікае ў час З., а слаба бачны з прычыны сонечнага святла, што пераламляецца ў зямной атмасферы.

Літ.:

Дагаев М.М. Солнечные и лунные затмения. М., 1978.

Н.​А.​Ушакова.

Схема сонечнага зацьмення: 1 — зона поўнага зацьмення; 2 — зона частковага зацьмення; а, б, в — поўнае, частковае, кольцападобнае зацьменні.
Схема зацьмення Месяца.
Да арт. Зацьменні. Сонечная карона, сфатаграфаваная ў час сонечнага зацьмення.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)