МЕТАСТА́З (ад грэч. metastasis перамяшчэнне),

ачаг пухліннага ці запаленчага працэсу, які развіваецца ад пераносу па крыві ці лімфе паталагічнага матэрыялу (пухлінных клетак, мікраарганізмаў і інш.) з месцаў такога ж паталагічнага працэсу. Бывае адзіночны і множны. Лячэнне хірург., прамянёвае, хіміятэрапія.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСКВА́»,

кінатэатр у Мінску. Пабудаваны ў 1980 (арх. В.​Крамарэнка, У.​Шчарбіна, М.​Вінаградаў), уваходзіць у склад адм.-культ. і гандл. комплексу на Машэрава праспекце. Будынак вырашаны кампактным сім. аб’ёмам. У кампазіцыі гал. фасада дамінуе тарцовая ч. вял. глядзельнай залы (да 1000 месцаў, сістэма аб’ёмнага гучання «Dolby»), якая кансольна навісае над суцэльна зашклёнымі фае і вестыбюлем. Пластыку фасада ўзбагачаюць аддзелачныя матэрыялы (белы мармур, чырвоны граніт, светлы туф, анадзіраваны алюміній) і ўстаўкі з медзі. Процілеглы дваровы фасад сфарміраваны лаканічным па архітэктуры аб’ёмам малой залы (на 260 месцаў, дзе працуе Тэатр-студыя кінаакцёра), фае якой упрыгожана вітражом (мастакі Г. і М.​Вашчанкі). Вакол вял. глядзельнай залы размешчаны фае — выставачная зала, лекцыйная зала і інш.

А.​А.​Воінаў.

Кінатэатр «Масква» ў Мінску.

т. 10, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЖЫНЕ́РНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ будынкаў і населеных месцаў,

тэхнічныя ўстройствы, з дапамогай якіх ствараюцца спрыяльныя ўмовы быту і працоўнай дзейнасці чалавека.

Да І.а. будынкаў адносяцца тэхн. сродкі сістэм ацяплення, вентыляцыі, водазабеспячэння, газазабеспячэння, каналізацыі, кандыцыяніравання, штучнага асвятлення, унутранага транспарту (пасажырскія і грузавыя ліфты), смеццевыдалення, пажаратушэння, радыёвяшчання, тэлебачання, тэлеф. сувязі і інш. Да І.а. населеных месцаў адносяцца збудаванні, устаноўкі, агрэгаты і камунікацыі, якія забяспечваюць вытворчасць і размеркаванне эл. энергіі (эл. станцыі, ЦЭЦ, трансфарматарныя падстанцыі, паветраныя і кабельныя ЛЭП), вадзяной пары і гарачай вады (кацельныя, цеплавыя сеткі), пітной вады (станцыі па апрацоўцы і падачы вады, ачышчальныя водаправодныя і каналізацыйныя станцыі), газу (газагенератары, газаразмеркавальныя і газанапаўняльныя станцыі, газарэгулятарныя пункты, газавая сетка), а таксама смеццеперапрацоўчыя, халадзільныя, радыё- і тэлеф. станцыі, інж. збудаванні гар транспарту (скарасныя дарогі, пуцеправоды, падземныя пераходы, трансп. перасячэнні) і інш. Усе шматлікія і разнастайныя гар. камунікацыі пракладваюцца ў асобных тунэлях або сумешчаных калектарах, прыдатных да комплекснай эксплуатацыі. Развіццё і ўдасканаленне І.а. — найважнейшы фактар павышэння ўзроўню добраўпарадкавання населеных месцаў.

Літ.:

Федоров Н.Ф., Гусев В.М. Санитарно-техническое оборудование зданий и сооружений. Л., 1969;

Федоров Н.Ф., Веселов С.Ф. Городские подземные сети и коллекторы. М., 1972.

А.​Я.​Вакар.

Інжынернае абсталяванне (камунікацыі) у падземным калектары: 1 — трубаправоды цеплавой сеткі; 2—4 — кабелі сувязі, унутранага абслугоўвання і сілавыя; 5 — каналізацыя; 6 — водаправод; 7 — жалезабетонныя блокі; 8 — дрэнажная труба.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСТ (перс.),

у звычаёвым праве Ірана права недатыкальнасці прыстанішча на тэр. свяшчэнных месцаў. Пашыраны ў мусульм. краінах Усходу звычай даваць прыстанішча ў мячэцях, грабніцах, дамах вышэйшых духоўных асоб. З 19 ст. права бест часам мелі памяшканні замежных пасольстваў, місій і інш. устаноў, якія карысталіся экстэрытарыяльнасцю.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІНЕ́Ц,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін на тарфяным балоце вярховага тыпу Парослішча і прылеглай тэрыторыі. Пл. 850 га. Асн. ч. балотнага масіву ўкрыта хваёва-сфагнавымі і хваёва-кусцікава-сфагнавымі фітацэнозамі.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭСТА́ЦЫЯ,

1) службовая — вызначаны заканадаўствам парадак праверкі кваліфікацыі і дзелавых якасцяў работнікаў праз перыядычную ацэнку іх ведаў, вопыту, навыкаў і здольнасцяў да выканання канкрэтных абавязкаў па дадзенай спецыяльнасці ці пасадзе. Праводзіцца не радзей як 1 раз у 3—5 гадоў атэстацыйнай камісіяй, прызначанай вышэйстаячымі органамі ці адміністрацыяй, узгодненай з прафсаюзамі. Па выніках атэстацыі камісія можа прапанаваць адміністрацыі заахвоціць работніка, змяніць службовы аклад, уключыць у рэзерв на больш высокую пасаду, панізіць на пасадзе ці звольніць. Канчатковае рашэнне прымае кіраўнік адміністрацыі не пазней як праз 2 месяцы пасля атэстацыі.

2) атэстацыя рабочых месцаў — праверка рабочых месцаў на адпаведнасць нарматыўным параметрам.

3) атэстацыя прадукцыі — афіцыйнае вызначэнне якасці прадукцыі з выдачай спец. дакумента.

4) У бухгалтэрыі — аўдытарскае заключэнне, якое пацвярджае дакладнасць фін. справаздач (гл. Аўдыт).

Н.​А.​Карповіч.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЦЯРОГА АД ЗБРОІ МА́САВАГА ЗНІШЧЭННЯ,

комплекс мерапрыемстваў для зберажэння войск, насельніцтва і аб’ектаў нар. гаспадаркі ад уздзеяння ядз., хім., біял. (бактэрыяльнай) зброі.

Засцярога насельніцтва ўключае падрыхтоўку ахоўных збудаванняў, забеспячэнне людзей сродкамі індывід. засцярогі, вываз насельніцтва з буйных гарадоў у загарадную зону, папярэджанне аб пагрозе праціўніка выкарыстання зброі масавага знішчэння (ЗМЗ), біял. назіранне і кантроль заражэння навакольнага асяроддзя, запасаў харчавання і вады, сан.-гігіенічныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы і інш. У войсках арганізуецца і праводзяцца ва ўсіх відах баявой дзейнасці, уключае: радыяцыйную, хім. і біял. разведку, выяўленне падрыхтоўкі і папярэджанне войск аб пагрозе выкарыстання праціўнікам ЗМЗ, разгрупаванне войск (сіл) і перыядычную змену месцаў іх дыслакацыі; выкарыстанне ахоўных уласцівасцей мясцовасці, інж. абсталяванне месцаў дыслакацыі і інш. Гл. таксама Грамадзянская абарона, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.

П.​В.​Сычоў.

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ДЫЗА́ЙНУ,

навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1966 у Мінску як Бел. філіял Усесаюзнага НДІ тэхн. эстэтыкі, з 1992 сучасная назва. Даследуе і распрацоўвае дызайн-праекты машын, прылад, тэхнал. абсталявання, вырабаў быт. і гасп. прызначэння, інтэр’ераў, абсталявання рабочых месцаў; рэкламна-кірмашовыя экспазіцыі, фірменны графічны стыль (з паліграфічным выкананнем).

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАГЕНЕРА́ТАРНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

аўтамабіль, газавы рухавік якога працуе на газе ад убудаванага газагенератара. У якасці паліва выкарыстоўваюцца драўляныя цуркі, буры і драўняны вугаль, паўкокс і інш. Прызначаны для эксплуатацыі ў раёнах, аддаленых ад месцаў вытв-сці вадкага паліва. У СССР распрацаваны ў 1923, серыйны выпуск (ЗІС-13) асвоены ў 1938.

т. 4, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРАТЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + франц. rat пацук),

комплекс мерапрыемстваў па знішчэнні шкодных грызуноў (пацукоў, мышэй, суслікаў, суркоў і інш.). Прафілактычная Д. накіравана на пазбаўленне грызуноў корму і піцця, а таксама месцаў для наладжвання нораў і гнёздаў. Знішчальную Д. праводзяць механічнымі (пасткі, петлі), біял. (бактэрыяльныя культуры, драпежнікі) і хім. метадамі.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)