1) канец горнай вырабаткі, які паступова прасоўваецца ў выніку горных работ і з’яўляецца рабочым месцам гарняка. У шахтах і рудніках З. бываюць: гарызантальныя, вертыкальныя і нахіленыя; ачышчальныя, дзе непасрэдна здабываюць карысныя выкапні, і падрыхтоўчыя, або праходчыя. У кар’ерах (пры адкрытай распрацоўцы радовішча) З. — участак заходкі (рабочага ўступа і інш.), які непасрэдна распрацоўваецца экскаватарам. Паводле размяшчэння адрозніваюць З. бакавыя (тарцовыя) і франтальныя.
2) Тарцовая паверхня буравой свідравіны, якая пры праходцы разбураецца буравым інструментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСАНАНТЫ́ЗМ [ад лац. consonans (consonantis) зычны гук],
сістэма зычных гукаў мовы або дыялекту на пэўным этапе развіцця. У розных мовах адрозніваецца колькасцю зычных фанем, іх прыкметамі, адносінамі паміж сабой. У сучаснай бел.літ. мове сістэму К. ўтвараюць 39 зычных фанем. У аснову іх класіфікацыі пакладзены дыферэнцыяльныя прыкметы, якія вызначаюцца ўдзелам голасу і шуму, спосабам і месцам утварэння перашкоды ў ротавай поласці, дадатковай артыкуляцыяй (у бел. мове палаталізацыяй). К. процілеглы вакалізму — сістэме галосных гукаў мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭСПА́Н,
вялізная пячора на ПдЗ Францыі, у перадгор’ях Пірэнеяў (дэпартамент Верхняя Гарона) з рэшткамі культуры позняга палеаліту. Адкрыта ў 1923 франц. археолагам Н.Кастэрэ. Ва ўнутр. частках пячоры выяўлены выгравіраваныя на сценах выявы бізонаў і коней, а таксама вылепленая з гліны фігура мядзведзя без галавы (замест яе да фігуры мацаваўся мядзведжы чэрап). На глінянай падлозе пячоры захаваліся сляды ног старых людзей і падлеткаў. М. была месцам культавых і магічных абрадаў (магчыма, і абрадаў ініцыяцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСУ́М,
горад на Пн Эфіопіі. Мяркуюць, што засн. каля сярэдзіны 1-га тыс. да н.э.паўд.-араб. плямёнамі. У 1 ст.н.э. цэнтр Аксумскага царства. У выніку заняпаду дзяржавы страціў паліт. і культ. значэнне, але застаўся асяродкам копцкай царквы («святы горад» коптаў) і месцам каранацыі негусаў. З 1906 вядуцца раскопкі. Выяўлены рэшткі пабудоў палацавага комплексу, каменныя троны, некропаль з надмагільнымі стэламі-абеліскамі выш. да 33 м з барэльефамі і шматлікімі надпісамі на стараж. эфіопскай і грэч. мовах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́СЫ ВЫТВО́РЧЫЯ,
матэрыяльныя рэсурсы, прылады працы для забеспячэння непарыўнасці вытв. працэсу. Па характары прызначэння З.в. падзяляюць на бягучыя, страхавыя, падрыхтоўчыя (тэхналагічныя) і сезонныя.
Бягучы запас ствараецца на перыяд паміж 2 пастаўкамі рэсурсаў. Страхавы запас патрэбен на выпадак перабою ў забеспячэнні, яго памер абумоўлены велічынёй бягучага запасу, месцам знаходжання пастаўшчыкоў, метадамі транспарціроўкі і інш.Падрыхтоўчы запас ствараюць на час, які патрэбен для прыёмкі, праверкі якасці, падрыхтоўкі да вытв-сці (выкарыстання) і дастаўкі на рабочыя месцы. Сезонны запас вызначаецца па рэсурсах. Гл. таксама Запасы таварныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭН (Baden),
Бадэн-бай-Він, горад у Аўстрыі, у перадгор’ях Венскага Лесу, зямля Ніжняя Аўстрыя. Засн.Стараж. рымлянамі. Каля 24 тыс.ж. (1991). Вінаробства. Бальнеалагічны курорт. Міжнар. вядомасць набыў у канцы 18—19 ст., калі стаў месцам адпачынку і летняй рэзідэнцыяй аўстр. двара. 15 крыніц тэрмальных (да 36 °C) серных мінер. водаў для лячэння захворванняў сардэчна-сасудзістай, перыферычнай нерв., апорна-рухальнай і інш.сістэм. Санаторыі, гасцініцы, пансіянаты, НДІ рэўматалогіі і бальнеалогіі. Буйнейшы ў Ніжняй Аўстрыі цэнтр турызму. Музеі. Гатычныя касцёлы. Замкі 12 і 13 ст. (перабудаваныя). Старадаўнія камяніцы, у т. л. «Дом Моцарта».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЫ́,
бел.нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́Н,
старажытны горад, які ўпершыню згадваецца пад 1138 у Статуце Смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, потым пад 1173 у Іпацьеўскім летапісе як месца нараджэння ў кн. Рамана Расціславіча сына, у гонар якога ў Л. быў пабудаваны храм св. Міхаіла, у грамаце «Аб пагароддзі і пачэсці» пад 1211—18 згадваецца ў ліку гарадоў, што плацілі даніну смаленскаму епіскапу. Месцазнаходжанне горада дакладна не вызначана. Адзіным месцам магчымай лакалізацыі летапіснага Л., дзе тапанімічныя і археал. звесткі супадаюць з пісьмовым сведчаннем Іпацьеўскага летапісу, з’яўляецца гарадзішча каля в.Лучын ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСО́Н (ад грэч. axōn вось),
нейрыт, восевы цыліндр, адростак нейрона, які праводзіць нерв. імпульсы ад цела нерв. клеткі да мышачных і залозістых клетак органаў, якія інервуюцца, або да інш. нейронаў. Ад кожнай нерв. клеткі адыходзіць адзін аксон дыяметрам у некалькі мікронаў, даўж. да 1 м і больш (у некаторых жывёл трапляюцца гіганцкія аксоны таўшчынёй да дзесятых доляў міліметра). Пачатковы сегмент аксон (бугарок) найбольш узбудлівы і з’яўляецца месцам генерацыі нерв. імпульсаў. Канцавыя разгалінаванні (тэрміналі) утвараюць сінаптычныя кантакты з інш. нейронамі, мышцамі або залозістымі клеткамі. Хуткасць перадачы ўзбуджэння залежыць ад структуры і дыяметра аксона, ступені пакрыцця іх міэлінавай абалонкай. Пучкі аксона і дэндрытаў утвараюць нервы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКУРЫЁНЫ [лац. decurio (decurionis)],
1) у Стараж. Рыме начальнік атрада (дэкурыі), які складаўся з 10 коннікаў.
2) Чл.гар. саветаў (сенатаў ці курый), якія спачатку існавалі ў залежных ад Рыма гар. абшчынах, пазней у час імперыі — ва ўсіх гарадах рым. правінцый. Камплектаваліся з былых гар. магістратараў. Пасада была пачэснай і пажыццёвай.
3) У 4 ст. да н.э. прывілеяванае саслоўе сярэдніх землеўладальнікаў. Д. займаліся размеркаваннем і зборам падаткаў, здачай у арэнду гар. зямель, распараджаліся гандл. упраўленнем, арганізоўвалі гульні і святкаванні. Дзейнасць Д. кантралявалі спец. куратары і намеснікі правінцый. Эдыктамі імператара Канстанціна 316 і 325 да н.э. былі навечна замацаваны за месцам жыхарства з забаронай пакідаць гарады.